Гасцей Нясвіжа ў ліпені чакае цуд!

№ 22 (993) 28.05.2011 - 28.05.2011 г

Эксплуатацыя не шкодзіць рэстаўрацыі

/i/content/pi/cult/324/5824/pic_29.jpgУ мінулым нумары мы праанансавалі наш сённяшні аповед пра тыя вышыні, якія паэтапна "бяруць" спецыялісты, што ўдзельнічаюць у праекце адраджэння колішняй рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы. Гэтымі днямі там ужо завяршаюцца будаўнічыя работы. З пачатку ліпеня наведвальнікі-турысты ўпершыню з "санаторскіх" часоў у біяграфіі гістарычнага помніка здолеюць агледзець палацавы комплекс амаль цалкам - і, натуральна, яго не пазнаюць! Да таго ж, там можна будзе падсілкавацца, выпіць кавы і нават "загасцяваць". Пра другую чаргу глабальнага рэстаўрацыйнага праекта распавёў намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар КУРАШ, якога карэспандэнт "К" заспеў адразу па вяртанні з чарговай рабочай паездкі ў Нясвіж. 

- Агульнабудаўнічыя работы на гэтым аб'екце ўжо, бадай, скончаны. Цяпер ідзе выпраўленне розных дробных недаробак: штосьці трэба падфарбаваць, дзесьці атрымаўся скол... А вось у рэстаўратараў спраў яшчэ вельмі шмат, і працуюць яны ў дзве змены. Агулам у аднаўленні інтэр'ераў рэзідэнцыі задзейнічана каля 60 высакакласных спецыялістаў, а дапамагаюць ім студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Мы разумеем, што высокамастацкая праца з ляпнінай, пазалотай, роспісамі- вельмі складаная, яна патрабуе шмат часу і скрупулёзнай увагі. "Штурмаўшчына" і аўрал тут катэгарычна немэтазгодныя. Таму рэстаўратары прадоўжаць сваю працу ў капліцы, Залатой зале, на параднай лесвіцы ды іншых памяшканнях комплексу, а турыстам, спадзяюся, будзе цікава ўвачавідкі паназіраць за адраджэннем даўніны.

- Ці не перашкодзіць такое суседства абодвум бакам?

- Ні ў якім выпадку! Як сведчыць сусветная практыка, эксплуатацыя не шкодзіць рэстаўрацыі. Скажам, у Кёльнскім саборы ўвесь час нешта рэстаўруюць, і турыстаў гэта зусім не бянтэжыць. Важна толькі адгарадзіць тэрыторыю работ стужкай.

- Аднаўленне Нясвіжскага замка - добрая нагода для своеасаблівай "дыягностыкі" стану нашай рэстаўрацыі. Якія высновы можна зрабіць на гэты конт?

- Работы ў Нясвіжы засведчылі, што ў нас захавалася рэстаўрацыйная школа, і, адзначу, яна сябе зарэкамендавала. Дарэчы, такую ацэнку зрабілі і высокакваліфікаваныя эксперты UNESCO, якія прыязджалі ў Нясвіж летась. Яны ўважліва азнаёміліся не толькі з ходам выканання работ, але і з праектнай дакументацыяй, абышлі, мусіць, усе сутарэнні ды гарышчы. І, у выніку, мы атрымалі станоўчую ацэнку. Дарэчы, напрыканцы мінулага года канчаткова вырашылася і спрэчнае пытанне з мостам, што ў свой час узнімалася ў друку. Эксперты з Польшчы, якія спецыялізуюцца менавіта па гэтай тэматыцы, высока ацанілі зробленую працу, нават адзначыўшы, што мы трохі "перастараліся", умацаваўшы мост жалезабетоннай плітой. Але гэтыя захады - непазбежныя. Ад пачатку мост быў разлічаны на карэты, а паводле сучасных нарматываў, ён павінен вытрымаць аўтамабіль грузапад'ёмнасцю ў 11 тон. Прычым гэтыя патрабаванні цалкам матываваныя: прыкладна столькі важыць пажарная машына, загружаная вадой. Зрэшты, ніхто з турыстаў тую пліту на свае вочы не ўбачыць: знешні выгляд моста абсалютна такі самы, як і быў раней.

- Самым спрэчным аспектам рэстаўрацыі стала завяршэнне адной з вежаў...

- У свой час архітэктар, які яе праектаваў, памылкова інтэрпрэтаваў гравюру Макоўскага, і тая памылка была выяўлена ўжо пасля таго, як будаўнікі ўвасобілі праект у жыццё. Навукова-метадычная рада зрабіла выснову, што завяршэнне вежы не адпавядае гістарычнаму абліччу помніка і рэкамендавала змяніць яго пад час наступнай рэканструкцыі. Плануем, што так яно і будзе зроблена ўжо неўзабаве. Самае складанае ў дадзеным выпадку - гэта тое, што завяршэнне вежаў з'яўляецца маналітнай канструкцыяй, і работы там могуць змяніць яе нясучыя здольнасці. Таму канструктары сёння распрацоўваюць тэхнічныя варыянты ажыццяўлення рашэння Рады. Паколькі было вырашана не выкарыстоўваць для фінансавання гэтых работ бюджэтныя сродкі, мы плануем звярнуцца да патэнцыйных мецэнатаў. Грошай трэба - каля 250 мільёнаў рублёў, і я думаю, што патрэбную суму нам удасца сабраць.

- Апрача адметнасцей, у нясвіжскай рэзідэнцыі з'явяцца таксама і аб'екты інфраструктуры. Наколькі ўдала яны ўпішуцца ў гістарычны ландшафт?

- Гатэль на 29 нумароў размесціцца ў былой радзівілаўскай стайні. Але, у той самы час, кліентам забяспечаны поўны камфорт. Не на "пяць зорак", як у Мірскім замку, але затое з больш даступнымі для шараговых турыстаў коштамі. У ліпені запрацуе і рэстаран. Конкурс сярод патэнцыйных інвестараў ужо праведзены, і яго выйграў той прадпрымальнік, які стварыў кавярню ля муроў Мірскага замка.

- Турыстычныя фірмы ды ўсе ахвотныя, напэўна, з нецярплівасцю чакаюць анонса: што новага змогуць убачыць у Нясвіжы іх кліенты ў ліпені?

- Паўднёвую галерэю, Гетманаўскую залу, капліцу... Усяго не пералічыць! Прычым у інтэр'ерах палаца ўжо адноўлены печы, каміны, ляпніна на столі... Мясцовыя ўлады добраўпарадкоўваюць парк. Так, для аднаўлення ўсёй яго велічы Радзівілаўскіх часоў нам яшчэ трэба працаваць ды працаваць, але, дзякуючы высілкам Нясвіжскага райвыканкама, шпацыры ў летнюю спёку стануць куды больш прыемнымі. Я бываю ў Нясвіжскім палацы па некалькі разоў на тыдзень і бачу нараджэнне гэтага хараства ў працэсе, таму ўжо да яго прызвычаіўся. А вось для тых наведвальнікаў, якія трапяць туды ўпершыню, убачанае, напэўна, стане сапраўдным цудам.

Фота Юрыя ІВАНОВА