“Беларусь назаўжды засталася ў маім сэрцы як родная маці…”

№ 21 (992) 21.05.2011 - 27.05.2011 г

Ад двух пудоў гіпсу да “вечнага дрэва”

(Заканчэнне. Пачатак у № 20.)

...Словам, час быў такі, што мастакам Беларусі трэба было аб'яднацца ў адзіны творчы калектыў, і, зыходзячы з аўтарытэту гэтай буйной выстаўкі, вырашылі склікаць сход з удзелам творцаў з Мінска, Магілёва, Гомеля і Віцебска, а таксама некаторых студэнтаў-беларусаў, якія вучыліся ў Маскве і Ленінградзе. Такім чынам, у 1927 г. з'явілася Усебеларускае аб'яднанне мастакоў. Ягоным старшынёй аднагалосна быў абраны Аляксандр Грубэ, сакратаром - Міхаіл Станюта...

А.Грубэ: "Па-сапраўднаму захапляцца скульптурай з дрэва я пачаў менавіта тады. Відаць, даўняя дзіцячая любоў да дрэва была прычынай гэтага новага захаплення. Неяк раніцай, праходзячы праз тэатральны сквер, я ўбачыў, як рабочыя спілавалі старую тоўстую таполю. Камель гэтай таполі яны мне абмянялі на пару пляшак гарэлкі. З яго я выразаў дзве скульптуры: спачатку "Лірніка", а праз некаторы час - скурчанага, звязанага "Раба"... Правобразам Лірніка быў рэальны чалавек - жабрак, самародак. Мне хацелася ўвасобіць народнага музыку, Баяна, які спявае пра лёс і пакуты свайго народа. Ён - з закрытымі вачыма, але не сляпы. Ён - думае. Ён у гордым, эпічным спакоі апавядае нам гісторыю народа..."

 Трэба адзначыць, што, акрамя скульптуры, А.Грубэ вельмі любіў тэатр. Ён не прапускаў ніводнай пастаноўкі БДТ-1. І тут упершыню ўбачыў п'есу Е.Міровіча "Кастусь Каліноўскі" з Крыловічам у галоўнай ролі. Безумоўна, вобраз беларускага бунтара зрабіў на скульптара вялікае ўражанне. І на наступны дзень ён адшукаў у бібліятэцы дагератып Каліноўскага, паводле якога і стварыў партрэт гэтага чалавека - першы ў беларускім мастацтве! А вось гісторыя з'яўлення партрэта Максіма Багдановіча. І зноў жа - першага ў нашай скульптуры. Аляксандр Васільевіч часта наведваў Саюз пісьменнікаў, бо браты ягонай жонкі Настассі Антонаўны Шашалевіч былі пісьменнікамі, адзін з якіх - Андрэй - пісаў пад псеўданімам "Мрый". Менавіта ад іх мастак упершыню даведаўся пра трагічны лёс аўтара "Вянка" і пазнаёміўся з ягонай паэзіяй. Так з'явіўся гэты партрэт. Аднак у гады Вялікай Айчыннай немцы вывезлі яго ў Германію, і там сляды работы згубіліся... А.Грубэ: "Захапленне дрэвам мяне не пакідала ніколі. Я хадзіў на базар, любаваўся драўлянымі вырабамі сялян-саматужнікаў. Аднойчы ўбачыў вялізныя начоўкі, выразаныя з асіны. Дзядзька, які іх прадаваў, сказаў, што ў іхнім краі пастаянна трапляюцца асіны, прыдатныя нават для вырабу чоўнаў. Я папрасіў прывезці мне гэткі камель. Так з'явілася скульптура з асіны "Тачачнік" ("Праца")..."

Што яшчэ рабіў Грубэ ў 30-я гады? Шмат чаго: барэльефы "Кастрычнік" для польскага тэатра (у будынку Чырвонага касцёла), спраектаваў помнік Ф.Дзяржынскаму для горада Койданава і Леніну - для Барысава (абодва помнікі былі знішчаны пад час вайны), дэкаратыўныя рэльефы "Авіямадэліст" і "Фанфарыстка" для Палаца піянераў у Мінску. Паралельна займаўся грамадскай працай. Напрыканцы 1920-х са складу Усебеларускага аб'яднання мастакоў вылучылася група, якая назвала сябе "РАМБ" (Рэвалюцыйная арганізацыя мастакоў Беларусі). Гэта былі, па словах Грубэ, праціўнікі "пасіўнага натуралізму", "змагары за новыя рэвалюцыйныя формы, якія адлюстроўвалі б рэчаіснасць Савецкай Беларусі", паслядоўнікі Сезана, вучні Фалька, Мацвеева, Фаворскага. Разам з Бразерам, Руцаем і Тычынам Грубэ ўвайшоў у склад бюро і працаваў тут да яго ліквідацыі ў 1932 годзе. У той час у Маскве быў ужо зацверджаны Аргкамітэт па падрыхтоўцы Усесаюзнага з'езда мастакоў, членамі якога ад Беларусі сталі А.Грубэ і М.Керзін.

Там жа, у Маскве, Аляксандр Васільевіч паспеў вылепіць статую М.Горкага для адной са школ, а для выстаўкі "Індустрыя сацыялізму" пачаў рыхтаваць "Трактарыстку", эскіз якой зацвердзіла сама Вера Мухіна. А.Грубэ: "Вырашыў рабіць гэтую скульптуру з дрэва. Якраз на мінскай сельгасвыстаўцы экспанаваўся 500-гадовы дуб-волат. Мне яго прадалі за 500 рублёў. Дзівоснае стварэнне прыроды! Ведаеце, такі матэрыял, нібыта паэзія, вельмі натхняе ў час маёй працы. Камель быў вышынёй у тры метры пятнаццаць сантыметраў, а дыяметр- 109 сантыметраў, вага - больш за тону. Цэлы год, як дзяцел, дзяўбу гэтую махіну. Першыя тыдні галава балела ад грукату і напружання. Майстэрня, у якой я працаваў проста на сельгасвыстаўцы, была вельмі халодная, бо месцілася ў павільёне з фанеры. Холад прыспешваў працу. Так з'явілася на свет "Трактарыстка". Статуя карысталася поспехам, я атрымаў за яе ганаровую грамату-дыплом, хаця, па вялікім рахунку, яна асабіста мне не зусім падабаецца..."

Што цікава, у Беларусі гэты твор выклікаў не такое добразычлівае стаўленне, як у Маскве. Першым выказаўся на старонках "ЛіМа" жывапісец і педагог Валянцін Волкаў: "У "Трактарысткі" ўтрыраваныя ногі, якія ля самай ступні - найбольш тонкім месцы кожнай нагі - маюць аднолькавую таўшчыню з шыяй, што выклікае непрыемную асацыяцыю з так званай слановай хваробай". Іншыя крытыкі пайшлі яшчэ далей, абвясціўшы: маўляў, Грубэ - проста "сапраўдны фармаліст, лявак"! Аднак гэта не перашкодзіла мастаку паўдзельнічаць ва Усесаюзным конкурсе па праектаванні помніка Леніну перад тагачаснай новабудоўляй - Домам урада БССР. Праект не толькі ўключаў комплекснае рашэнне інтэр'ераў Дома, але і ўсёй сумежнай плошчы, уключаючы помнік правадыру. Хутка была створана спецыяльная камісія па збудаванні гэтага манумента. Конкурсныя матэрыялы выставілі для шырокага абмеркавання ў зале Дома палітычнай асветы, які тады знаходзіўся на рагу вуліц Энгельса і Маркса. Прадстаўлены былі тры праекты маскоўскіх скульптараў, адзін- ленінградскіх і два - беларускіх. Аднак станоўчыя водгукі атрымалі толькі два праекты - А.Грубэ і М.Манізера.

А.Грубэ раскрыў галоўную ідэю помніка праз шматфігурную кампазіцыю, якая ўключала пяць груп: цэнтральную з фігурай Леніна, дзве бакавыя, на якіх адлюстроўваліся працоўныя масы Краіны Саветаў і прыгнечаныя ў капіталістычных і каланіяльных краінах, у чацвёртай групе аўтар прадставіў людзей працы розных кантынентаў, якія імкнуцца да сацыяльных пераўтварэнняў. Заканчвалася кампазіцыя вобразамі рэвалюцыянераў. Карацей кажучы, Грубэ ўлічыў у сваёй рабоце ўмовы конкурсу, здолеў вобразна выявіць асноўную мэту праекта. Разам з тым, сёння даволі цяжка ўявіць у натуры манументальны твор скульптара: аўтар меркаваў размясціць усю гэтую шматфігурную кампазіцыю без п'едэстала перад Домам урада.

Як вядома, у выніку конкурсу перамог праект архітэктара І.Лангбарда і скульптара М.Манізера. Іхняя работа была ўдастоена Першай прэміі і адобрана Урадавай камісіяй. 7 лістапада 1933 г. адбылося святочнае адкрыццё помніка, які, пасля доўгіх метамарфоз ваеннага перыяду, і сёння знаходзіцца на сучаснай плошчы Незалежнасці.

Напрыканцы 1938-га ў Мінску адбыўся І З'езд мастакоў БССР. Старшынёй Саюза быў абраны І.Рубінштэйн, якому былі даручаны ўсе арганізацыйныя пытанні, звязаныя з прыёмам мастакоў у члены новага творчага аб'яднання пад брэндам "самага перадавога ў свеце" метаду сацыялістычнага рэалізму. Такі прыём адбыўся ў 1940 годзе. Першымі членамі Саюза сталі скульптары А.Грубэ (за год да таго ён атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР), З.Азгур, А.Бембель, А.Арлоў, А.Жораў, А.Глебаў... А ў 1941-м, калі на беларускай зямлі ўжо палала вайна, Аляксандр Васільевіч пачаў выконваць абавязкі старшыні Саюза мастакоў, але - знаходзячыся ў Маскве...

Вайна заспела яго ў Мінску. "Праз палаючы Мінск, пад бамбёжкамі, прабраўся да сваёй майстэрні, - пазней узгадваў мастак. - Пераначаваў тут, на падлозе. Раніцай накіраваўся на ўсход, у лясы, як мага далей ад палаючага горада. Я замкнуў майстэрню на ключ з надзеяй вярнуцца і зноў працаваць. Але надзеі былі марныя. Калі скончылася вайна, я прыйшоў на тое месца, дзе была майстэрня, і ўбачыў высокі бур'ян..." З ліста да аўтара гэтых радкоў: "У час вайны Урад БССР, знаходзячыся ў Маскве, прапанаваў мне ўзначаліць беларускі Саюз мастакоў, што я добрасумленна і рабіў да 1944 года: у асноўным, арганізоўваў выстаўкі беларускіх творцаў у маскоўскім Гістарычным музеі і Трацякоўцы, прымаў удзел у падрыхтоўцы Усесаюзнай выстаўкі "Вялікая Айчынная вайна" ў лістападзе 1942 года, дзе экспанаваліся творы і беларускіх мастакоў - тых, якія змагаліся на франтах і ў партызанскіх атрадах, і тых, хто знаходзіўся ў эвакуацыі. Ды і сам я ўжо на другі год вайны стварыў бюст загінулага ў канцы 1941-га Героя Савецкага С а ю з а Льва Даватара ў папасе і бурцы (Лічу, адзін з найлепшых вобразаў нашага земляка ў мастацтве Беларусі. - Б.К.), а ў 44-м здзейсніў праект помніка "Ахвяра фашысцкіх зверстваў". Калі вызвалілі Мінск і беларускі Урад туды пераехаў, я звярнуўся да сакратара ЦК КПБ Цімафея Гарбунова з просьбай пакінуць мяне ў Маскве на штатнай рабоце ў Аргкамітэце Саюза мастакоў СССР, членам прэзідыума якога я быў. Просьба была задаволена, і з таго часу я працую ў Маскве. Перад ад'ездам беларускіх мастакоў з Масквы ў вызвалены Мінск я правёў агульны сход і склаў свае абавязкі старшыні Саюза. Старшынёй тады замест мяне быў абраны мой сябра, жывапісец Іван Ахрэмчык..."

Аляксандр Васільевіч толькі аднойчы пасля вайны наведаў Мінск. Толькі аднойчы... Але: "Беларусь назаўжды засталася ў маім сэрцы як родная маці,- казаў ён. - Тут я зрабіўся мастаком. Тут я стварыў свае лепшыя рэчы... Тут мая душа... Тут мая духоўная зямля..." І гэта сапраўды так. Скажу шчыра: пасляваенныя, у асноўным, гіпсавыя творы, якія А.Грубэ выканаў у Маскве, і тыя, што я бачыў у маскоўскай майстэрні на Маслаўцы ("Будаўнік", "Першая баразна", "На будоўлі камунізму", "Сталявар", "Доменшчыкі", "Майстар Зайцаў"), не ідуць ні ў якое параўнанне з работамі беларускага перыяду 1920 - 30-х гадоў, акрамя мо партрэта Рыхарда Зорге канца 1950-х...

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"