Дызайн для “genius loci”

№ 20 (991) 14.05.2011 - 20.05.2011 г

Як захавацьдух гісторыіі і не парушыць літару закону?

/i/content/pi/cult/322/5757/4-1.jpgПад час нядаўняга "круглага стала" ў рэдакцыі "К", прысвечанага тэме аховы гісторыка-культурнай спадчыны, асаблівая ўвага была нададзена пытанню зберажэння гістарычных ландшафтаў. І гэта заканамерна: менавіта яны ствараюць той непадробны "водар даўніны", без якога нават самыя выбітныя архітэктурныя помнікі падаюцца вырванымі з кантэксту "аскепкамі мінуўшчыны". Своеасаблівым працягам тэмы стаў ліст, дасланы на электронны адрас "К" супрацоўнікамі Гісторыкакультурнага музея-запаведніка "Заслаўе". Аўтары звяртаюць ўвагу на канкрэтную праблему: у цэнтры аднаго з найстаражытнейшых беларускіх гарадоў пачалося несанкцыянаванае будаўніцтва гандлёвых аб'ектаў, якія, на думку дырэкцыі ўстановы, не ўпісваюцца ў гістарычны ландшафт Заслаўя.

 

 "А ты хто такі?"

Як патлумачыў Генадзь Сівохін, гэтае месца (безыменная плошча па вуліцы Савецкай) знаходзіцца ў той зоне музея-запаведніка, якая мае першую ступень аховы. Гэта значыць, што ніякія будаўнічыя работы там не магчымыя без узгаднення з дырэкцыяй установы. А любое "паглыбленне ў зямлю" - непазбежнае пад час такіх работ - павінна адбывацца пры наяўнасці археалагічнага нагляду.

- Адным восеньскім днём я ішоў на працу акурат паўз тую плошчу, і ўбачыў там рабочых, якія зварвалі нейкія металічныя канструкцыі, - распавядае дырэктар установы Мікалай Паграноўскі. - Карціна стала для мяне поўнай неспадзяванкай. Я запытаў іх: хто вы такія і што тут робіце? Ім, падобна на тое, карцела задаць мне тое ж самае пытанне. Я працягнуў ім сваю візітоўку ды папрасіў перадаць заказчыку гэтых работ з прапановай неадкладна са мной звязацца...

Дырэктар музея-запаведніка быў паслядоўны ў выкананні ўскладзеных на яго службовых абавязкаў. Ён звярнуўся і ў Мінскі райвыканкам, і ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Уласнік аб'екта прадэманстраваў юрыдычную дысцыплінаванасць і, зразумеўшы ўласныя памылкі, па сваёй волі прыпыніў работы.

- Іначай гэта адбылося б пасля адпаведнага прадпісання Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, - удакладніла намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства Аксана Сматрэнка.

Цяпер плошчу "ўпрыгожвае" металічны "шкілет", які спакваля ржавее пад майскімі дажджамі. Лёс яго пакуль што няпэўны.

 

Металадахоўка "ў напрамку старога горада"

 Далей заказчык будаўнічых работ зрабіў цалкам лагічны (хаця і відавочна запознены) крок: ён прадставіў праектную дакументацыю для ўзгаднення ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Як вядома, распрацоўка праектнай дакументацыі мае тры стадыі: эскізную, архітэктурную і будаўнічую. Чацвёртая стадыя - выкананне. Рэалізацыя праекта гандлёвых радоў была прыпынена ўжо менавіта на гэтым этапе.

 - Калі мы сустрэліся з тым прадпрымальнікам, я настойліва запатрабаваў ад яго праект новых пабудоў,- распавядае Мікалай Паграноўскі. - І тое, што мне давялося ўбачыць, я нават малюнкам не назваў бы, - хутчэй, гэта проста эскіз.

Азнаёміцца з ім на ўласныя вочы ўдалося ў кабінеце Аксаны Сматрэнка. На тытульным аркушы - надпіс: "Праектная прапанова". Пад ім - шэрагі аднатыпных павільёнаў (агулам - 51), якія, па шчырасці, трохі нагадваюць баракі. І, думаецца, аўтар праекта не пакрыўдзіцца праз такое параўнанне. Бо галоўная канцэпцыя такой архітэктуры відавочная: эканоміка павінна быць эканомнай. Затое эксплікацыя архітэктурнай задумы забівае напавал: "Стыль аздаблення ўпісаны ў існыя будынкі і пабудовы гарадскога ансамбля. Аб'ект змадэляваны ў напрамку гістарычнага комплексу старога горада з дадаткам элементаў сучаснага дызайну".

 - Такія гандлёвыя рады з профнасцілу і металадахоўкі дарэчы выглядалі б у нейкім мікрараёне, але толькі не ў гістарычным цэнтры актуальнага для туріндустрыі горада, - выказвае сваё меркаванне Аксана Сматрэнка.

Пад час прыняцця вельмі важнага для заказчыка рашэння супрацоўнікі Міністэрства культуры краіны кіраваліся таксама і Генеральным планам Заслаўя, распрацаваным БелНДІ горадабудаўніцтва. У дакуменце, які вызначае магістральную лінію архітэктурнага развіцця горада на многія гады наперад, абумоўлена адна з найважнейшых функцый Заслаўя- турыстычна-рэкрэацыйная зона. На сёння ўвасабленне ў жыццё гэтага падыходу ўсё яшчэ ў перспектыве. Але ж перспектыва тая - сапраўды відавочная.

Адпаведна, вердыкт спецыялістаў наўрад ці ўзрадуе ўласніка аб'екта, які ўжо паспеў укласці ў яго стварэнне нямала сродкаў ды часу.

З пункта гледжання "літары закону", сітуацыя - зразумелая. Але, натуральна, можна зірнуць на яе і ў іншым, "чыста чалавечым" ракурсе. Знайшоўся прадпрымальнік, які ўклаў сродкі ў карысны для мястэчка аб'ект інфраструктуры - і атрымаў такія праблемы!

Як падкрэсліў Генадзь Сівохін, дырэкцыя музея-запаведніка толькі вітае ідэю стварэння на гэтым лапіку зямлі рынку (балазе ён і сапраўды там існаваў з паваенных і да зусім нядаўніх часоў). Але- толькі з адной умовай: усе новыя пабудовы павінны эстэтычна адпавядаць самому духу мястэчка з даўняй гісторыяй.

- У гэтым выпадку той кірмаш можна было б нават без асаблівай падрыхтоўкі "ўключаць" у сцэнарыі тэатралізаваных святаў, якія ладзяцца ў гарадку,- падзяліўся задумамі Генадзь Сівохін.- Ён быў бы здатны рабіць свой унёсак у стварэнне прывабнай для турыстаў атмасферы.

- Калі б праект тых павільёнаў быў выкананы густоўна, яны сталі б сапраўднай "разыначкай" Заслаўя - і зручнай для жыхароў, і прывабнай для турыстаў,- амаль ва ўнісон, адзначыла Аксана Сматрэнка.

Што да густоўнасці (бо гаворка ў дадзеным выпадку вядзецца менавіта пра стылізацыю, а не пра захаванне рэальных помнікаў)... Натуральна, тут можна задацца пытаннем: "А суддзі хто?". Але адказ на яго - відавочны. Той жа Мікалай Паграноўскі - аўтарытэтны мастацтвазнаўца з атрыманым у Ленінградзе дыпломам. Як падказвае элементарная логіка, да ягоных парад папраўдзе нялішне прыслухацца, бо гэта - парады спецыяліста.

І менавіта спецыялісты павінны мець вырашальны голас у такой складанай і карпатлівай справе, як захаванне і рэгенерацыя гістарычнага ландшафту старажытных гарадоў ды мястэчак.

- Супрацоўнікі Заслаўскага музеязапаведніка здатныя падказаць, пракансультаваць, даць накірунак, - адзначыў начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі. - І таму, без сумневу, яны павінны мець магчымасці выканаць сваю функцыю ў фарміраванні аблічча гістарычнага цэнтра горада. Прычым гэта тычыцца не толькі Заслаўя, але і любой мясціны, дзе ёсць гісторыка-культурныя каштоўнасці: горада, вёскі ды і нават лесу або поля... Усе рашэнні, датычныя лёсу тых тэрыторый, павінны прымацца з улікам меркавання спецыялістаў па ахове спадчыны рэгіянальных упраўленняў або аддзелаў культуры...

Архітэктурныя дамінанты Заслаўя- два старадаўнія храмы, прызнаныя выбітнымі ўзорамі беларускага дойлідства, - сёння атачаюць камяніцы ўжо паваеннай пары. Ніводную з іх шэдэўрам не назавеш. Але пры гэтым варта аддаць належнае архітэктарам мінулых дзесяцігоддзяў: агулам яны здолелі захаваць дух старадаўняга мястэчка, які мае такія істотныя складнікі, як ландшафт, паверхавасць забудовы, трасіроўка вуліц... Як сведчаць навуковыя даследаванні, у Заслаўі апошняя не змянялася з той самай "сівой даўніны". Менавіта таму гістарычны цэнтр горада ўнесены ў Дзяржаўны спіс як комплексная гісторыка-культурная каштоўнасць. І менавіта таму ў Заслаўе сёння прыемна прыязджаць, каб адпачыць ад сталічнага тлуму.

Genius loci мае мноства складнікаў. Атмасфера даўніны выбудоўваецца па драбніцах, і працэс гэты патрабуе карпатлівай дбайнасці. А вось яе руйнаванне куды прасцейшае за рэгенерацыю. Адна асобна ўзятая дэталь - такая, як дызайн павільёнаў,- можа і не мець вызначальнай ролі, але ў сукупнасці...

Таму асаблівая "прыдзірлівасць" спецыялістаў у сферы аховы спадчыны ў дадзеным выпадку цалкам вытлумачальная. Урэшце, яна зусім не супярэчыць прагматычным інтарэсам прадпрымальніка: напэўна, ён спадзяецца прапрацаваць на гэтым месцы не адзін год...

 

 "Шкілет" добрых намераў

Адпаведна, у "ідэальным" варыянце вырашэння праблемы былі б зацікаўлены ўсе. Але ў рэальнасці сітуацыя склалася папраўдзе драматычная. Са скрухай у голасе гэта падкрэсліла і Аксана Сматрэнка: чалавек абсалютна шчыра хацеў зрабіць добрую справу, уклаў сродкі, і вось - атрымаў на сваю галаву мноства праблем...

 Узнікае непазбежнае пытанне: ці можна было перадухіліць гэты прыкры варыянт развіцця падзей? Паспрабуем знайсці на яго адказ.

Своеасаблівую "пуцёўку ў жыццё" будаўніцтва "рыначка" атрымала дзякуючы рашэнню Мінгарвыканкама ад 30 верасня 2010 года аб прадастаўленні прыватнай фірме зямельнага ўчастка. Дэманструючы копію дакумента, Аксана Сматрэнка звяртае ўвагу на адну акалічнасць: у тэксце няма ніводнага слова пра тое, што работы маюць праходзіць на тэрыторыі, якая сама па сабе мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і ўваходзіць у межы музея-запаведніка. І гэта прытым, што дакумент уключае нямала пунктаў. Пра тое, што павільёны трапляюць у водаахоўную зону, яго складальнікі не забылі, а вось выраз "гісторыка-культурная каштоўнасць" не згадваецца ўвогуле!

Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Ігар Чарняўскі нагадвае і пра іншы пункт заканадаўства, аб якім таксама "забылі", - распрацоўка праектаў зон аховы для гісторыка-культурных каштоўнасцей. Як перакананы спецыяліст, менавіта гэтыя захады здатныя стаць універсальнай "панацэяй" ад усіх падобных да вышэйапісанай прыкрасцяў.

- Праект зон аховы дакладна акрэслівае функцыянальныя прызначэнні гістарычных тэрыторый: на якіх з іх можа развівацца гандаль, на якіх - жыллё, - распавядае Ігар Чарняўскі. - Адпаведна, інвестар - з'яўленне якога мы павінны толькі вітаць, - можа ад самага пачатку ведаць, якім параметрам павінна адпавядаць новае будаўніцтва ў ахоўных зонах. І гэта дазволіць унікнуць тых сітуацый, калі сродкі ўжо ўкладзены і планы сфарміраваны...

У Заслаўі - адным з найстаражытнейшых беларускіх гарадоў - гэтыя важныя захады дагэтуль не зроблены. Адсюль і непаразуменні.

- Хаця часу ўжо шмат прамінула, - працягвае наш суразмоўца. - Паняцце праекта зоны аховы з'явілася ў заканадаўстве яшчэ БССР ажно ў 1977-м. У апошнія гады мы надаём гэтаму пытанню асаблівую ўвагу, пра што сведчаць і рашэнні калегій Міністэрства культуры, прысвечаных тэме аховы спадчыны. Дык чаму ж яны не выконваюцца? У якасці контраргумента, пастаянна чуем адно і тое ж: занадта дорага. Але ж і гэты фактар таксама быў улічаны ў рашэнні леташняй калегіі. Мы прапанавалі наступны падыход: стварыць графік распрацоўкі праектаў зон аховы, звярнуўшы ўвагу на тыя тэрыторыі, дзе ў бліжэйшай перспектыве плануюцца будаўнічыя або земляныя работы. Здаецца, усе прадстаўнікі ўпраўленняў культуры, якія прысутнічалі на тым пасяджэнні, з гэтым рашэннем пагадзіліся.

Дык, пытаюся яшчэ раз, чаму яно не выконваецца?..

Як падкрэсліла Аксана Сматрэнка, канкрэтнае рашэнне аб лёсе гандлёвых радоў у Заслаўі можа быць прынята толькі пасля распрацоўкі праекта зоны аховы гэтай тэрыторыі, бо такой паслядоўнасці дзеянняў патрабуе заканадаўства. У сваю чаргу, спецыяліст адзначыла, што гэтыя клопаты і фінансавыя затраты павінны ўзяць на сябе мясцовыя ўлады, а не інвестар. Дызайн павільёнаў - гэта ўжо наступнае пытанне.

Заслаўе - месца вельмі адметнае, але ж распаведзеная вышэй гісторыя, на жаль, тыповая. Якой павінна быць "работа над памылкамі", каб яна не паўтаралася? Каб "шкілеты" добрых намераў не ржавелі, а абрасталі плоццю ўвасаблення.

- Калі б усе ўдзельнікі гэтай гісторыі кіраваліся беларускім заканадаўствам, ніякіх праблем не ўзнікла б, - рэзюмаваў Ігар Чарняўскі. - Іншай парады на гэты конт я даць не магу.