Бацька і сын: зрабіць крок “на амбразуру”

№ 19 (990) 07.05.2011 - 13.05.2011 г

Звяртаючыся да тэмы Вялікай Айчыннай вайны, сучасныя пісьменнікі і сцэнарысты шукаюць нестандартны да яе падыход: складаныя сюжэтныя калізіі, драматычныя перыпетыі лёсаў, небанальныя супадзенні розных фактараў.... Каб задаволіць гэтае патрабаванне, часам даводзіцца выдумляць нават тое, чаго насамрэч не было. Але... Падаецца, гэта папросту залішне. Прынамсі, пакуль ёсць нямала тых рэальных падзей і рэальных лёсаў нашых суайчыннікаў, якія без усялякай "аўтарскай рэдакцыі" могуць стаць выдатнымі прататыпамі для фільмаў і кніг, але ж сёння яны, бадай, падзабыты... Праваслаўны святар Міхаіл Навіцкі быў названы царквой свяшчэннапакутнікам. Праз лічаныя гады пасля яго пакутніцкай смерці сын протаіерэя Мікалай стаў Героем Савецкага Саюза - пасмяротна. Напэўна, больш пакручасты сюжэт - драматычны і гераічны адначасова - не прыдумае ніводзін аўтар.

/i/content/pi/cult/321/5730/pic_4.jpgУ мястэчку Узда ўжо ў наш час з'явілася адметная традыцыя: ладзіць хрэсны ход на трэці дзень пасля Вялікадня, у Светлую сераду. Яго маршрут нібы паўтарае апошні шлях протаіерэя Міхаіла Навіцкага: ад Петрапаўлаўскай царквы, дзе ён служыў цягам пятнаццаці гадоў, і да мясцовых могілак, дзе святар пахаваны.

Магіла збераглася ў добрым стане, хаця колькі ўжо гадоў і падзей прамінула... Гэта сведчыць, што і памяць пра святара захоўвалася сярод мясцовага люду ў тыя дзесяцігоддзі, калі ягонае імя было фактычна пад забаронай.

Яшчэ адна памятка пра айца Міхаіла Навіцкага - кнігі з яго бібліятэкі ва Уздзенскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Як адзначыла яго дырэктар Тамара Лухверчык, у фонды яны трапілі літаральна цудам.

Яшчэ за савецкім часам, калі музейшчыкі былі ў чарговай экспедыцыі непадалёк ад Узды, жыхар адной з вёсак прапанаваў ім забраць нейкія старыя царкоўныя кнігі на гарышчы вясковай хаты: маўляў, усё адно выкідаць збіраўся... Кнігі адвезлі ў музейнае фондасховішча, дзе яны праляжалі не адзін год, не прыцягваючы асаблівай увагі, бо самі па сабе вялікай каштоўнасці не ўяўлялі.

Да іх атрыбуцыі справа дайшла ўжо ў сярэдзіне 1990-х, калі імя Міхаіла Навіцкага было вернута з нябыту. Убачыўшы гэтае прозвішча на тытульных аркушах (святар меў звычку ставіць на кнігах свой подпіс), супрацоўнікі музея адразу зразумелі, якая вялікая каштоўнасць трапіла ў іх рукі. Тым больш, іншыя артэфакты, датычныя жыцця святога, наўрад ці захаваліся на Беларусі.

Падборка кніг, сярод якіх ёсць і філасофскія працы, сведчыць аб шырокім кругаглядзе Міхаіла Навіцкага. І сапраўды: сын вясковага бацюшкі з Тураўшчыны здолеў атрымаць выдатную адукацыю. Дыплом гісторыка-філасофскага факультэта Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта быў пропускам у кар'еру выкладчыка і навукоўца. Тым не менш, у 1920 годзе Міхаіл Навіцкі прыняў канчатковае рашэнне стаць святаром. Па атрыманні сана быў накіраваны ва Узду, дзе хутка заслужыў любоў і аўтарытэт сярод простага люду.

Але жыццё ў ціхім мястэчку, зразумела, было падуладнае глабальным грамадска-палітычным працэсам. У 30-я гады канчатковая "перамога над рэлігіяй" здавалася справай найбліжэйшых пяцігодак. З дапамогай шэрагу юрыдычных хітрыкаў клір быў пераўтвораны ў ці не самую бяспраўную частку грамадства, што знаходзілася літаральна на мяжы фізічнага выжывання. Сям'я айца Міхаіла не зведала голаду толькі дзякуючы добразычлівым прыхаджанам. Навіцкія туліліся ва Уздзе па розных катушках. Дзяцей айца Міхаіла ў школу не прымалі, і святару даводзілася вучыць іх дома. Выраз "папоўскі сын" гучаў бы таўро.

Мясцовыя партыйцы неаднаразова прапаноўвалі протаіерэю адрачыся ад веры. Спакушалі прыстойнай працай з добрым заробкам, службовай кватэрай, грамадскім статусам... Але айцец Міхаіл рашуча адкідаў усе спакусы. І сям'я была на ягоным баку.

Святар і прыхаджане зрабілі ўсё, што было ў іхніх сілах, каб выратаваць храм ад закрыцця. Але ў 1933 годзе Петрапаўлаўская царква ўсё ж была канфіскавана. Мясцоваму збожжасховішчу спатрэбіліся новыя плошчы, і такога аргумента ў тыя гады было дастаткова. Святар чарговы раз адмовіўся адрачыся ад сана і працягваў служыць у маленькай хатцы вартаўніка, што стаяла на царкоўным падворку. Вернікі ўнутры не змяшчаліся і слухалі літургію праз адчыненыя вокны.

Надвячоркам Вялікай Пятніцы 1935 года да святара прыйшоў невядомы мужчына. Ён запатрабаваў, каб айцец Міхаіл сказаў яму, дзе схаваны царкоўныя скарбы (падобна на тое, што цалкам міфічныя). І, не атрымаўшы свайго, жорстка збіў айца Міхаіла...

Служыць Велікодную Літургію яму давялося, не ўстаючы з ложка. Праз колькі дзён святар памёр - пад воклічы "Хрыстос уваскрос!"...

 

"Прабач ім, Ойча, бо не ведаюць, што робяць!" /i/content/pi/cult/321/5730/pic_5.jpg

У гісторыі забойства айца Міхаіла паранейшаму застаецца дэтэктыўны падтэкст: асоба забойцы і яго сапраўдныя матывацыі дакладна не вядомыя. У розных крыніцах можна знайсці, прынамсі, тры версіі на гэты конт, прычым, што характэрна, кожная з іх падаецца як факт.

Першая версія - ідэалагічнае супрацьстаянне і барацьба з "папоўскім цемрашальствам" у новым фармаце. Забойца, нібыта, прыйшоў да сваёй ахвяры з чырвоным бантам на грудзях. Гэтая дэталь, якую смакуюць у некаторых публікацыях, выклікае ў Тамары Лухверчык цалкам лагічны недавер. Цяжка паверыць, што злачынца, скіроўваючыся на цёмную справу, сам паклапаціўся пра такую заўважную прыкмету, як чырвоны бант.

Дырэктар музея рашуча аспрэчвае і другую версію- нібыта забойцам быў мясцовы жыхар іншага веравызнання. Яе апалагеты падводзяць да думкі: матывам злачынства магла быць рэлігійная і нацыянальная варожасць. Як падкрэсліла Тамара Лухверчык, супраць гэтай версіі сведчыць сама гісторыя Узды:

- Яшчэ з даўніх часоў тут побач стаялі касцёл, царква, сінагога, мячэць, і людзі розных канфесій, рэлігій, народнасцей спрадвеку прызвычаіліся мірна суіснаваць ды паважаць іншых. Таму я абсалютна пераканана, што забойца святара - гэта звычайны бандыт, які кіраваўся памкненнем нажыцца, а зусім не ідэйнымі перакананнямі. А ў бандытаў няма ні нацыянальнасці, ні палітычных поглядаў, ці, дакладней, яны не маюць ніякага значэння...

Урэшце, трэцяя версія магла б дадаць у гэты, і без таго драматычны, сюжэт яшчэ большай вастрыні: ёсць меркаванні, што айца Міхаіла забіў не хто іншы, як царкоўны служка, прычым абраўшы для гэтага менавіта дзень пакут выдадзенага Іудам Хрыста. Сапраўды, супадзенні- сімвалічныя. Але... Як адзначыла Тамара Лухверчык, праблема толькі - у дакументальных пацвярджэннях такой версіі: іх папросту няма.

Існуе і чацвёртая версія, пра якую ведаюць толькі ва Уздзе. Па словах дырэктара музея, мясцовыя жыхары ўжо некалькіх пакаленняў з вуснаў у вусны перадаюць адно прозвішча - свайго земляка. Маўляў, гэта ён "паўтарыў подзвіг" Іуды.

 - Але называць гэтае прозвішча мы не маем маральнага права, - тут жа дадае яна. - Віна таго чалавека не даказана, і навошта кідаць цень на рэпутацыю тых ягоных нашчадкаў, якія жывуць у мястэчку і сёння?.. Урэшце, версій тут можа быць мноства, а вось факт - толькі адзін. Сведкаў злачынства не было (ці, прынамсі, да сёння яны не выяўлены). Таму з высновамі трэба быць асцярожным.

У той самы час, без адказу застаецца і яшчэ адно пытанне: чаму на гэтую загадку не праліў святло сам святар? Чаму ён знёс таямніцу ў магілу, не раскрыўшы яе нават самым блізкім людзям? Тым больш, цалкам верагодна, што злачынца і сапраўды быў "з мясцовых", а ў маленькай Уздзе ці не ўсе ведалі адно аднаго, прынамсі, у твар.

Магчыма, прычыну яго маўчання трэба шукаць перадусім у богаслужбовых тэкстах Вялікага тыдня, дня крыжовай пакуты Госпада? "Прабач ім, Ойча, бо не ведаюць, што робяць!" - такой была рэакцыя Хрыста на жудасныя здзекі рымскіх легіянераў.

 

/i/content/pi/cult/321/5730/pic_6.jpg"Такім было іх выхаванне"

Пасля трагічнай смерці мужа матушка Зіновія з дзецьмі перабралася ў Магілёў. Раней туды ўжо выправіліся старэйшыя сыны Георгій і Мікалай. Ва Уздзе з іх "сацыяльным паходжаннем" не было ніякіх шанцаў атрымаць нармальную працу.

- Сям'я святара жыла ў нейкіх бараках на ўскраіне горада, адчуваючы вялікую нэндзу, але ні матушка, ні яе дзеці не наракалі на лёс, - распавядае Тамара Лухверчык.- Такім было іх выхаванне...

Ужо ў Магілёве маці напаткала яшчэ адна жахлівая вестка: яе першынец Георгій памёр у палявым шпіталі пад час савецка-фінскай вайны... Мікалай застаўся за старэйшага і мусіў узяць на сябе клопаты аб утрыманні сям'і. Працаваў ён з пятнаццаці гадоў: спярша - на электрастанцыі, потым - у чыгуначным дэпо... Адпаведна, бесклапотнага юнацтва ў яго, лічы, і не было.

...Пачалася вайна. Напрыканцы 1941 года Мікалай быў камісаваны пасля цяжкага ранення. Але хлопец настойліва патрабаваў, каб яго зноў накіравалі на фронт... І ягонае пажаданне было выканана.

У кастрычніку 1942-га 82-і гвардзейскі стралковы полк, дзе служыў Мікалай Навіцкі, трапіў у акружэнне ля Туапсэ. Байцы рынуліся на прарыў. Але ва ўрочышчы "Грязная балка" шлях ім перагарадзіў кулямётны агонь з нямецкага дзота. Хтосьці з салдат павінен быў прымусіць яго замаўчаць...

Камандзір не мог наважыцца паслаць сваіх байцоў на пэўную смерць. Ён спытаў: ці ёсць добраахвотнікі? Старшы сяржант Мікалай Навіцкі першым зрабіў крок наперад. Выкарыстоўваючы "мёртвыя зоны", ён здолеў амаль усутыч наблізіцца да агнявой кропкі. Шпульнуў некалькі гранат, намагаючыся патрапіць у амбразуру. Кулямёт, нібыта, сціх, і рота паднялася ў атаку.

Але ў гэты момант дзот раптоўна ажыў, пачаўшы выкошваць сваім агнём шэрагі байцоў. І тады Мікалай рынуўся на амбразуру, закрыўшы яе сваім целам...

Прадстаўленне аб пасмяротным уганараванні Мікалая Навіцкага зоркай Героя Савецкага Саюза было складзена яшчэ ў тым самым кастрычніку 1942-га. Але несумненны подзвіг быў узнагароджаны толькі 31 сакавіка наступнага года. Пра подзвіг Аляксандра Матросава, здзейснены ў лютым 1943-га, ведаў кожны савецкі школьнік. Мікалай Навіцкі не быў "прызначаны" ў якасці ўзору для савецкай моладзі. Мяркуючы па ўсім, графа "паходжанне" ўсё ж давалася ў знакі...

Яго магіла з'явілася толькі ў сярэдзіне 60-х, калі на месцы бою быў знойдзены салдацкі медальён. Малодшы брат героя Васіль наогул не быў пахаваны: ён згарэў у самалёце і да сёння лічыцца зніклым без вестак. Дарэчы, іх сястра Наталля таксама ваявала на фронце...

 

■ ■ ■

Вуліца Мікалая Навіцкага з'явілася ва Уздзе ўжо ў наш час. Твора манументальнага мастацтва, які ўвасабляў бы подзвіг бацькі і сына, няма пакуль нават у задумах. Дарэчы, пра беларускае паходжанне героя мала дзе згадваецца. Хаця ў горадзе Веліж, які сёння знаходзіцца на тэрыторыі Расіі, ён нарадзіўся толькі праз збег абставін: Мінск, куды бацькі вярталіся з эвакуацыі, у 1919 годзе быў заняты палякамі. Протаіерэй Міхаіл Навіцкі быў далучаны да ліку святых у 1999-м. Тамара Лухверчык распавядае, што калі адзін з даследчыкаў гэтай постаці рабіў фотакопію старога здымка, ён убачыў німб над галавой святара... Сёння пра яго ведаюць, не раўнуючы, усе жыхары мястэчка, а вось імёны тагачасных барацьбітоў з рэлігіяй наўрад ці камусьці цікавыя. Без сумневу, інтарэс да лёсу сям'і Навіцкіх можа быць куды большым. Але... Флегматычны інтэрнэт-пошукавік рэагуе на гэтыя постаці хіба лічанымі спасылкамі. І тут згадваецца гісторыя пра таго ж Аляксандра Матросава. Усеагульным прыкладам, які натхняў на самаахвярнасць не адно пакаленне моладзі, ён стаў толькі дзякуючы актыўнай пазіцыі СМІ і людзей культуры.

На здымках: протаіерэй Міхаіл Навіцкі з сям'ёй; кнігі з бібліятэкі святара; партрэт Героя Савецкага Саюза Мікалая Навіцкага з фондаў Уздзенскага гісторыка-краязнаўчага музея.