Яны загінулі на вайне

№ 19 (990) 07.05.2011 - 13.05.2011 г

Усё далей і далей ад нас вайна. Ужо 66 гадоў мінула пасля яе заканчэння. Але вось з часам яна як бы зноў пачынае набліжацца да нас, успамінаецца ўсё часцей і пранізлівей менавіта ў першыя майскія дні кожнага года. Можа, таму, што ўдзельнікаў вялікай вайны становіцца ўсё менш. Вось і ў нас, у Беларускім саюзе мастакоў, іх сёння засталося зусім мала: усяго 16 чалавек, а ваявала на франтах, у партызанскіх атрадах і падполлі больш за 150 прафесійных мастакоў і тых, хто пасля Перамогі на ўсё жыццё абраў сабе прафесію жывапісца, графіка ці скульптара, упісаўшы сваё імя ў выяўленчы летапіс савецкай эпохі. Для некаторых ветэранаў вайна і стала галоўнай Памяццю іх жыцця, якая потым увасаблялася ў жывапісныя карціны, скульптуры, гравюры, плакаты, малюнкі... І тут не адняць, не дадаць. Той чысты парыў любові да сваёй Бацькаўшчыны, той ахвярны напал і гатоўнасць аддаць жыццё за яе - незабыўныя, такога больш не было ніколі.

/i/content/pi/cult/321/5729/pic_2.jpgЯ добра ведаў многіх ветэранаў, сябраваў з імі і цяпер сябрую. Так, яны казалі, што многае забываецца: імёны, твары, галасы, адчуванні, перажытыя там, на палях баёў. Знамянальна, усе яны памятаюць той дзень - 22 чэрвеня - да найдрабнейшых дэталей, як і 9 мая. Існуе, відаць, нейкая "адваротная" ўласцівасць памяці чалавека, якая потым, праз шмат гадоў, здольная аднавіць дні, вызначальныя для яго лёсу. Але, калі казаць у цэлым, ніколі не забываецца адно невымоўнае, невыказнае пачуццё - "пачуццё" вайны. І я іх разумею. Тым, хто не зведаў, што гэта такое - вайна, хто яе ўяўляе толькі па кніжках, фільмах, палотнах і скульптурах, мабыць, цяжка разумець тую вельмі складаную "ўнутраную памяць", якая прысутнічала ў душах былых франтавікоў і партызанаў, і якую нельга візуальна адлюстраваць ні фарбамі, ні гукам, ні словам, ні гульнёй акцёраў. І тым не менш, яны, былыя воіны, пераможцы, сваім мастакоўскім талентам усё зрабілі для таго, каб іхнія дзеці і ўнукі хаця б трошкі "ўвайшлі" ў тую гераічную і трагічную прастору, у якой іх бацькі і дзяды, тады зусім юныя, маладыя, бязвусыя, апынуліся ў гадах "сороковых, роковых". Самымі малодшымі з іх былі Віталь Букаты і Васіль Капыценка. Таленавіты рысавальшчык-самавук, 17-гадовы Букаты спачатку працаваў у плакат-газеце "Раздавім фашысцкую гадзіну!". Захавалася ягоная кампазіцыя-заклік "Партызаны! У бой за родную Беларусь!", дзе з дакладным мастакоўскім чуццём знойдзены і вобраз савецкага партызана, які ў свяшчэнным гневе паўстаў ва ўвесь рост, і брыдкая фігура фашыста-злачынца, які паквапіўся на нашу зямлю. Фон - танкі з чорнымі крыжамі, што паўзуць далёка ззаду, дым пажарышчаў, абпаленыя палі і лясы... Тым не менш, Віталь Букаты, працуючы ў рэдакцыі плаката, увесь час ірваўся на фронт, і, хутка атрымаўшы прафесію мінёра, трапіў у партызанскі атрад на Віцебшчыне. У адным з баёў з карнікамі па-геройску загінуў... 1

9-гадовы Васіль Капыценка - учарашні студэнт Віцебскага мастацкага вучылішча, з першых дзён вайны разам са сваім любімым настаўнікам Аляксандрам Мазалёвым стаў падпольшчыкам-антыфашыстам у г. Рудня. Усё ж фашысты высачылі Васіля, і пасля доўгіх катаванняў расстралялі... У Смаленскім гістарычным музеі захоўваюцца некалькі работ мастака, у тым ліку "Аўтапартрэт", створаны незадоўга да яго арышту, і накід пажылой жанчыны, пад якім - аўтарскі подпіс: "...42. Рудня. Турма"...

...Усё ж штосьці вельмі важнае мы забываем, губляем, асабліва калі нашы душы з розных прычын чарсцвеюць у мітусні будняў. І толькі ў "круглыя даты" святкавання Дня Перамогі мы можам узгадаць якогасьці вядомага нам чалавека і мастака, выцягнуць з музейнага фонду напаўзабыты твор яго пэндзля альбо разца ды сціпла так паказаць на выстаўцы. Мяне хвалюе і тое, што мы ўсё ж зусім мала зрабілі для таго, каб гэтыя "творцы Перамогі" - інваліды і ветэраны Вялікай Айчыннай, якія аддалі столькі сіл і крыві для ўратавання Радзімы і якіх засталося зусім мала, - апошнія свае гады дажылі з найвялікшым нашым клопатам і павагай да іх.

А што ж тыя мастакі, народжаныя на зямлі Беларусі, якія наогул не вярнуліся з вайны? Хто іх сёння ведае? Ды практычна ніхто! Некаторыя імёны загінулых, праўда, высечаны на мемарыяльнай мармуровай дошцы нашага Саюза мастакоў, але пра іхні лёс, пра іх жыццё і творчасць, зноў жа, што вядома? А далёка ж не ўсе мастакі, прытым вельмі таленавітыя, тады, перад вайной, знаходзіліся ў творчым Саюзе. А як жылі ў мастацтве гэтыя людзі, унесеныя вайн о й , спадчына якіх амаль што не ацалела, а то і зусім не захавалася? Не было дзе і не было каму захоўваць іхнія творы. Засталіся толькі імёны і сціплыя даныя анкет у архівах... І не заўсёды ёсць нават фотаздымкі. Кожны новы факт як вынік доўгага карпатлівага пошуку - бясцэнны. Але даўно ўжо няма ў жывых большасці сяброў, равеснікаў, блізкіх сваякоў тых, хто загінуў у баях або сканаў у канцлагерах. На шчасце, жыве ў Магілёве дачка таленавітага скульптара Абрама Жорава - Святлана, якая трошкі памятае свайго тату і шмат чаго робіць для ўвекавечання яго памяці. А яшчэ кагосьці з прамых нашчадкаў загінулых мастакоў сёння, мабыць, знайсці і не выпадае. Карацей кажучы, цяпер кожнае запісанае слова, кожны радок успамінаў - часта адзіная магчымасць, што ўзнаўляе вобраз тых цудоўных людзей, якія назаўсёды засталіся маладымі...

У гэтыя майскія дні Вялікай Перамогі хачу нагадаць імёны, якія я здолеў, пачынаючы з 70-х гадоў, пазнаходзіць не толькі ў беларускіх і маскоўскіх архівах, але штосьці паспеў пачарпнуць з жывых, хаця і даўніх, успамінаў - А.Бембеля, З.Азгура, А.Глебава, Я.Красоўскага, А.Мазалёва ды іншых прадстаўнікоў старэйшага пакалення мастакоў, якія асабіста, у даваенны час сумеснай вучобы і работы, ведалі сваіх загінулых сяброў і равеснікаў, а таксама - з расказаў сваякоў А.Астаповіча і І.Фенюка. Вось гэтыя імёны: А.Арлоў, М.Малевіч, А.Пашута, У.Бярвенскі, Ш.Пікус, А.Бразер, І.Эйдэльман, Г.Ізмайлаў, І.Мільчын, З.Мірынгоф, Я.Саматыя, Х.Гутэрман, М.Калішэвіч, Б.Каплан, С.Аншалевіч, С.Даўжанскі, Л.Сонкін, Р.Баброўскі, Л.Юдзін. Пра чацвярых іншых загінулых мастакоў раскажу трошкі падрабязней.

Аркадзь Астаповіч - графік, педагог. /i/content/pi/cult/321/5729/pic_3.jpgНарадзіўся ў 1896 г. у Мінску, у сям'і настаўніка. Вучыўся ў Гродзенскай мужчынскай гімназіі, Політэхнічным інстытуце і Рысавальнай школе Таварыства падтрымкі мастацтваў у Петраградзе (у І.Білібіна), а таксама ў Харкаўскім мастацкім вучылішчы. Працаваў пераважна ў галіне станковай графікі. Выкладаў чарчэнне, малюнак і матэматыку ў школах Мінска і вёскі Навасёлкі, дзе жыў у 1920-я гады. Улюбёная тэхніка - чорная акварэль у спалучэнні з жывапіснай штрыхоўкай чорнай тушшу, а таксама тэхніка лінарыта. Сярод вядомых твораў - "Зімовы дзень", "Сакавік", "Ранняя вясна", "Дуб. Вулей", "Дождж", "У гады разрухі", "Палёт", "Першыя трактары", "Апрацоўка лёну", "Заводскія карпусы", "Дворык", "Зіма". А.Астаповіч - ці не адзіны майстар лірычнага пейзажа ў даваеннай беларускай графіцы. Зрабіў значны ўклад у развіццё нацыянальнага графічнага пейзажа. Яго творы дэманстраваліся на ўсіх даваенных Усебеларускіх выстаўках, а таксама ў 1940 г. у экспазіцыі "Выяўленчае мастацтва Беларусі" ў Маскве. Загінуў увосень 1941 г. у баі пад г. Арлом. Са спадчынай творцы "пашанцавала" больш, у параўнанні з лёсам твораў іншых загінулых мастакоў: у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі захоўваецца некалькі дзясяткаў яго работ.

Абрам Жораў - скульптар. Нарадзіўся ў 1907 г. у Магілёве. Вучыўся ў М.Керзіна ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме. Яшчэ студэнтам браў удзел у выстаўках, будучы ўжо членам Віцебскага аб'яднання моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі. У 30-я гады прымаў актыўны ўдзел у скульптурным афармленні Дома ўрада БССР і Беларускага павільёна на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы ў Маскве. Сярод станковых кампазіцый - "Сярго Арджанікідзэ ў разведцы пад Барысавам", "Лён", "Плытагоны", "Качагар". Калі пачалася Вялікая Айчынная, мастак пайшоў на фронт. Адтуль, па меры магчымасці, пісаў лісты жонцы і маленькай дачцэ Святлане. Але ўдалося захаваць толькі тры паштоўкі, дзе замест маркі - пячатка палявой пошты і адбітак "Праверана ваеннай цэнзурай". (Я бачыў гэтыя гістарычныя "артэфакты".) У канцы лістапада 1942 г. Жорава адклікалі з фронту ў Маскву і як мастаку прапанавалі бронь. Ён адмовіўся і вярнуўся ў свой полк. Вось фрагмент з ягонага ліста да таварышаў-мастакоў: "Мы грамім немцаў скрозь і ўсюды. Каб вы маглі бачыць маіх таварышаў! Гэта - героі, вартыя лепшага твора мастацтва. Якія выдатныя вобразы! Калі застануся жывы, колькі будзе работы! Я раблю замалёўкі, галоўным чынам партрэты..." Перапіска з роднымі і сябрамі абарвалася ў канцы 1943-га. За тыдзень да новага, 1944 года прыйшоў апошні ліст, дзе мастак віншаваў сям'ю са святам, паведамляў, што жывы і здаровы, марыць як мага хутчэй вярнуцца ў сваю любімую мінскую майстэрню... Але хутка прыйшло паведамленне: камандзір узвода аэраздымкі Абрам Жораў прапаў без вестак у баях на Украіне...

Там жа, на Украіне, пад Харкавам, у 1943-м загінуў у баі яшчэ адзін беларускі мастак - Іосіф Фянюк. Захаваліся некаторыя яго франтавыя лісты да жонкі. Вось што ён пісаў за год да апошняга свайго бою: "Зрэдку трапляюцца кніжкі, якія чытаць - асалода. Сабраў я некалькі дробных ілюстрацый і праглядаю іх у вольны час. Гэта замяняе мне музей. Канешне, нельга сказаць, што гэта паўнацэнная замена, аднак і яна прыносіць мне вялікае задавальненне. У думках займаюся жывапісам, і нельга сказаць, што гэта не дае ніякай карысці. Наадварот, мне думаецца, я - развіваюся, і як прыйдзе час, калі ў маіх руках будуць пэндзлі, фарбы і палатно, дык ты ўбачыш, што гэты час дарэмна не прапаў, убачыш мой рост і мае поспехі. Вымушаная цяперашняя творчая бяздзейнасць накоплівае ўва мне запас нерэалізаванай энергіі, якая з яшчэ большай сілай выявіцца пасля. Чым як найтужэй сціснеш спружыну - тым больш у ёй сілы..." З апошняга ліста да жонкі за паўгода да гібелі: "Вось табе некалькі чарнавых накідаў да серыі... У кожнай кампазіцыі - не натуралістычна падрабязны выпадак, а кампазіцыйна абагульненае мастацкае выяўленне сваіх пачуццяў і перажыванняў. Да гэтага трэба імкнуцца..." Вось я і думаю, як вызначыць тую меру, якой аплачана наша з вамі сучаснасць, што для іх, воінаў-мастакоў там, на франтах Вялікай Айчыннай, было будучыняй?..

Леў Зевін- жывапісец і графік. Нарадзіўся ў Віцебску, дзе ў 1917 г. вучыўся ў школе-майстэрні Ю.Пэна разам з З.Азгурам, Я.Мініным і С.Юдовіным. Потым- у Народнай мастацкай школе ў М.Шагала, К.Малевіча, В.Ермалаевай, Р.Фалька. Да 1925 г. прадоўжыў адукацыю ў маскоўскім ВХУТЕМАСе ў таго ж Р.Фалька. Жыў у Маскве, быў актыўным членам розных мастацкіх аб'яднанняў, шмат выстаўляўся, у тым ліку на першых трох Усебеларускіх выстаўках і выстаўках савецкай графікі і кнігі ў Лондане, Оксфардзе, Манчэстэры і Ліверпулі. Аўтар жывапісных твораў "Рабочая сям'я", "Аблокі над возерам", "Мацярынства", "Квартэт", "Чытаюць газету", "Палявыя работы", "Купанне сына", " З а н я п а д " . Апошняя карціна - "Швейная фабрыка ў Віцебску", пра якую віцебскі мастацтвазнаўца і педагог А.Ром потым так напісаў: "Са шчымлівым пачуццём разглядаеш яе... Што з новым, светлым, прасторным будынкам, дзе, мабыць, лёгка і добра працавалася? Што з гэтымі цудоўнымі, крыху заўзята-кплівымі, але разважлівымі дзяўчынамі? Тут прайшла жалезная крывавая пята гітлерызму. Руіны і засмучаныя цені, якія заклікаюць да помсты... Які лёс ні спасцігнуў бы аўтара гэтай карціны, што ўстаў у шэраг мсціўцаў, хай недаказаў ён многае і занадта рана перарваўся ягоны творчы шлях, вынікі гэтага нядоўгага жыцця- прыгожыя..." У першыя дні Вялікай Айчыннай 38-гадовы мастак пайшоў дабраахвотнікам на фронт. Увосень 41-га ўдзельнічаў у баях пад Масквой. Далей сляды яго губляюцца. Магчыма, ён у 1942-м загінуў у баі; магчыма, апынуўся, як і дзясяткі тысяч іншых, у палоне і дзесьці згінуў па дарозе ў пекла або ў фашысцкім канцлагеры...

 

 ■ ■ ■

Ці многа тых таварышаў, што прымалі ўдзел у баях 1941 года, дайшлі да пераможнай вясны 45-га? Не, канешне. Але без іх, загінулых тады і пасля, не было б зрынутага Берліна. Ды, на шчасце, нямала мастакоў - колішніх байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі, партызанаў, што прайшлі па той вайне, - выжылі, каб у пасляваенны час пакінуць свае каштоўныя ўспаміны ў творах выяўленчага мастацтва, у якіх яны імкнуліся адлюстроўваць праўду і толькі праўду - якую ведалі, якую перажылі, здабылі цягам многіх гадоў роздумаў і душэўных пакут... Усіх іх мы ведаем. Але не будзем забываць і тых, каму вайна так і не дазволіла вярнуцца ў свае майстэрні... 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"