Формула стылёвасці “імпрэсіянісцкага рэаліста”

№ 18 (989) 30.04.2011 - 06.05.2011 г

Віцебск, Луўр і Сарэнта Рыгора Баброўскага

/i/content/pi/cult/320/5707/pic_39.jpgРыгор Баброўскі - беларус, народжаны ў Віцебску.... Таленавіты жывапісец і графік, вучань Рэпіна, акадэмік, бліскучы педагог, у якога ў Рысавальнай школе Таварыства падтрымкі мастацтваў атрымаў першыя прафесійныя азы Марк Шагал...

Яшчэ адно імя, невядомае ў Беларусі. Нават у Расіі, дзе Баброўскі пражыў большую частку свайго жыцця і дзе скончыў свае дні ў блакадным Ленінградзе, яго ведаюць зусім мала, у асноўным - вузкае кола тамтэйшых мастацтвазнаўцаў. Альбомаў і манаграфій пра ягоную творчасць выдадзена не было, а дзве персанальныя выстаўкі прайшлі ўжо пасля смерці майстра: у 1947 годзе - у Ленінградзе, і ў 2001м- у Пярмі. Вось і ўсё. Праўда, у дарэвалюцыйны час, ды і ў 1930-я гады, ягонае імя пастаянна мільгала ў перыядычным друку побач з такімі імёнамі, як М.Горкі і Ф.Шаляпін, Б.Кустодзіеў і А.Рылоў, М.Рэрых і М.Фэшын, І.Білібін і П.Філонаў.

З вялікім авангардыстам Паўлам Філонавым лёс звязаў "імпрэсіянісцкага рэаліста" Баброўскага вельмі містычна: Філонаў пасля 1903 г. вучыўся ў класе натурнага рысунка пецярбургскай Рысавальнай школы таварыства падтрымкі мастацтваў менавіта ў Баброўскага. І абодва амаль адначасова (Філонаў - прыкладна на два месяцы раней) загінулі ў блакаду ад голаду і холаду ў сваіх ленінградскіх майстэрнях... Філонаву "пашанцавала" больш: добрыя людзі знайшлі мёртвае цела на дзявяты дзень пасля яго сыходу - яно ляжала на лаўцы пад аўтарскай карцінай "Пір каралёў" у пакойчыку на Карпаўцы, - і змаглі ўсё ж па-людску пахаваць мастака на Серафімаўскіх могілках. Як паміраў Баброўскі, і дзе ён знайшоў апошні свой прытулак - невядома.

...Рыгор Баброўскі нарадзіўся ў Віцебску 29 лютага (па іншай версіі- 29 лістапада) 1873 года ў сям'і святара Міхаіла Баброўскага. Калі хлопец падрос, бацька аддаў яго ў Віцебскую духоўную семінарыю, дзе будучы мастак правучыўся акурат шэсць гадоў - да 1893-га. Гісторыя ж гэтай сярэдняй рэлігійнай навучальнай установы даволі цікавая. Яна была заснавана яшчэ ў снежні 1807 г. уніяцкім святаром Лісоўскім у маёнтку Струнь, каля Полацка, па загадзе Аляксандра I, і афіцыйна называлася "Беларуская грэка-ўніяцкая духоўная семінарыя". Спачатку там вучыліся дзеці белага ўніяцкага духавенства. Хутка семінарыя перамясцілася ў будынак Сафійскага сабора ў Полацку. А тут прыйшлі салдаты Напалеона і разрабавалі сабор. Праца семінарыі аднавілася толькі праз год, у 1813-м, у вёсцы Судзіловічы. У 1821 годзе семінарысты вярнуліся ў Полацк. Потым, пасля ліквідацыі ўніяцкай царквы, семінарыя стала праваслаўнай Полацкай духоўнай семінарыяй. У 1856 г. яе перавялі ў Віцебск. Так на беразе жывапіснай Дзвіны з'явілася знакамітая Віцебская духоўная семінарыя. У час вучобы Баброўскага яна размяшчалася ў Барунавым садзе, на скрыжаванні вуліц Афіцэрскай і Ветранай (цяпер - Суворава і Чэхава, дзе працуе адзін з факультэтаў Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта). Пры семінарыі існавалі дамавая царква ў гонар свяціцеля Дзімітрыя Растоўскага, інтэрнат на 80 чалавек і кватэры для настаўнікаў. Рыгор Баброўскі бліскуча скончыў вучобу з цудоўнымі ведамі не толькі Закону Божага і старадаўніх моў - грэчаскай, лацінскай, царкоўнаславянскай, - але і рысавання, арыфметыкі, геаграфіі, літаратуры. А яшчэ ён добра спяваў.

Узнікае пытанне: чаму ўсё ж Баброўскі не стаў святаром? Справа ў тым, што да рэвалюцыі ўсе духоўныя семінарыі Беларусі давалі цудоўную адукацыю, якая дазваляла іхнім выпускнікам праяўляць сябе не толькі ў царкоўным служэнні, але і ў свецкіх навуках, культуры, мастацтвах, ваеннай дзейнасці. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што свой народ праславілі такія былыя семінарысты, як мастак І.Хруцкі, "бацька беларускай лексікаграфіі" І.Насовіч, заснавальнік нашай філалогіі, славяніст, этнограф Я.Карскі, пісьменнік, журналіст, даследчык культуры і гісторыі Беларусі П.Шпілеўскі, першы расійскі консул у Японіі і аўтар першага "Расійска-японскага слоўніка" І.Гашкевіч, археолаг і выдавец К.Гаворскі, военачальнікі М.Трыкоўскі, У.Лазарэвіч, І.Архангельскі... Выхаванцамі Віцебскай семінарыі таксама з'яўляюцца выдатныя краязнаўцы, этнографы і фалькларысты, ураджэнцы Віцебшчыны М.Нікіфаровіч і С.Сахараў.

 У 1893 г. Баброўскі, нягледзячы на супраціўленне бацькоў, з'язджае ў Пецярбург і паступае ў Вышэйшае мастацкае вучылішча пры Імператарскай Акадэміі мастацтваў у майстэрню самога Іллі Рэпіна. Тады прэзідэнтам Акадэміі быў вялікі князь Уладзімір Аляксандравіч. У часы вучобы Баброўскі вельмі блізка пасябраваў з Б.Кустодзіевым - былым вучнем Астраханскай духоўнай семінарыі. Сярод іншых сяброў-равеснікаў- будучы народны мастак Мардоўскай АССР Фядот Сычкоў, жывапісец Павел Шмараў. Праз два гады ў Маскве на французскай мастацка-прамысловай выстаўцы Баброўскі ўпершыню пабачыў творы імпрэсіяністаў. "Стагі" Манэ так уразілі яго сваёй свежасцю, што ён вырашыў абавязкова наведаць Парыж і ў выпадку магчымасці нават там павучыцца. У 1900 годзе ён скончыў Акадэмію, атрымаўшы за карціну "Вечар" званне класнага мастака. Увосень гэта ж года праводзіў свайго малодшага сябра, яшчэ студэнта Акадэміі, Барыса Кустодзіева на эцюды ў Кастрамскую губерню. А праз некалькі месяцаў Рыгор Міхайлавіч стаў адным з заснавальнікаў Арцелі мастакоў Санкт-Пецярбурга і актыўным удзельнікам шматлікіх выставак, якія праходзілі тады ў розных гарадах Расіі. З гэтага ўсё і пачалося.

У 1904 - 1905 гг. ажыццявілася яго даўняя мара: ён трапіў у Парыж і нават нейкі час прапрацаваў у прыватнай майстэрні Р.Жульена, у якой традыцыйна навучаліся многія мастакі Расійскай імперыі. Дасканала вывучыў багацце Луўра, галерэю Fayer з калекцыямі карцін Сезана, Ван Гога, Гагена. А потым рэгулярна, аж да 1915 года, стаў наведваць сонечную Італію, асабліва- востраў Капры, дзе тады жыў Горкі і дзе збіраліся многія прадстаўнікі еўрапейскай культурнай эліты. Але гэта было трошкі пазней.

/i/content/pi/cult/320/5707/pic_40.jpgА пакуль, з 1905-га, Рыгор Міхайлавіч пачаў настаўнічаць у Рысавальнай школе Таварыства падтрымкі мастацтваў, дзе сярод яго вучняў аказаўся і віцебскі зямляк Марк Шагал. Аб двухгадовым навучанні ў Баброўскага Шагал узгадвае ў лісце (чэрвень 1908 г.) да Мікалая Рэрыха, у той час дырэктара школы. Можна меркаваць, што палатно "Чырвоная натуршчыца, якая сядзіць" Шагал выканаў (яшчэ да навучання ў Льва Бакста) менавіта ў рысавальным класе Баброўскага. І хаця ў сваёй кнізе "Маё жыццё" Шагал не вельмі цёпла адгукаецца пра гэтую школу наогул (і пра Рэрыха ў прыватнасці), дзе "...смярдзела сырасцю, ганчарнай глінай, фарбамі, ды яшчэ кіслай капустай і затхлай вадой з Мойкі", усё ж ён, будучы стыпендыятам, за два гады нечаму навучыўся. Інакш раней кінуў бы школу, дзе, між іншым, "шагалаўскую" тэхніку ставілі за прыклад" і дзе сам Рэрых яму "сыпаў добразычлівыя кампліменты". На жаль, свае ўспаміны пра Баброўскага не пакінулі іншыя яго вучні эцюднага і агульнарысавальнага натурнага класа эстонцы А.Уурытс і Л.Трыйк, рускі У.Турбасаў... Таму мы маем вельмі сціплыя факты з біяграфіі Баброўскага гэтага перыяду.

У 1909 г. на Міжнароднай мастацкай выстаўцы ў Мюнхене Баброўскі атрымаў ад аўтарытэтнага журы залаты медаль 2-й ступені разам з В.БялыніцкімБірулем, С.Жукоўскім і Г.Гарэлавым, бацькам нашай вядомай пейзажысткі Галіны Азгур. А праз чатыры гады быў узнагароджаны і Вялікім залатым медалём. Усе перадрэвалюцыйныя гады былі звязаны, у асноўным, з творчай дзейнасцю Баброўскага як члена аб'яднання "Саюз рускіх мастакоў", што наглядна адбілася і на яго вобразна-пластычнай палітры. Нагадаю, сюды ўваходзілі такія яркія імёны масквічоў і пецярбуржцаў, як К.Юон, А.Архіпаў, І.Грабар, А.Рылоў, А.Васняцоў, М.Урубель, М.Несцераў, Л.Бакст, В.Барысаў-Мусатаў, К.Каровін, Ф.Малявін, М.Рэрых, К.Сомаў. Стыль некаторых мастакоў гэтага кола, да якіх належыў і Баброўскі, спалучаў рэалістычныя традыцыі перасоўнікаў і вопыт французскіх імпрэсіяністаў у перадачы святла і паветра. Гэта было цікава, і Баброўскі ў сваёй творчасці ў поўнай меры імкнуўся выкарыстоўваць усе магчымасці новага рускага мадэрна.

З матэрыялаў наш зямляк асабліва любіў алей, а таксама сангіну і пастэльную крэйду. Не прызнаючы працяглую работу ў майстэрні, часта выязджаў на пленэр. Вось толькі некаторыя немудрагелістыя назвы яго дарэвалюцыйных твораў: "Вясёлка", "Снег растае", "Восень", "Над ракой", "Ноч у гарах. Крым", "У наваколлі Петраграда", "Пачатак вясны", "Зіма. Снег ідзе".

Асобная серыя- італьянскія жывапісныя эцюды з відамі Капры, зробленыя на пленэры, а таксама пейзажы, маляваныя не на палатне, а на зеленаватай італьянскай паперы. Менавіта на Капры Баброўскі блізка пасябраваў з Горкім і яго акружэннем. Невыпадкова ягонае імя неаднойчы сустракаецца ў лістах пісьменніка. Баброўскі маляваў з натуры Ф.Шаляпіна, але галоўным чынам ствараў капрыйскія пейзажы: скалісты мыс Сарэнта з горкаўскай вілай "Іль Сарыта", жывапісныя вуліцы, лодкі, баржы, заліў... Тры малюнкі з відам Капры сёння знаходзяцца ў маскоўскім Музеі А.М. Горкага на Малой Нікіцкай, 6, а карціна "На востраве Капры" экспанавалася ў 1913 г. на выстаўцы Саюза рускіх мастакоў. Разам з І.Рэпіным, К.Каровіным, М.Несцеравым, В.Сяровым, В.Сурыкавым, А.Васняцовым, І.Грабаром, С.Канёнкавым Баброўскі ўдзельнічаў у буйных міжнародных выстаўках, у тым ліку ў Рыме, Нью-Ёрку і Мюнхене. У 1916 г. разам з бліскучым мастаком М.Фешыным Акадэмія мастацтваў абрала Рыгора Міхайлавіча сваім акадэмікам. Гэта было апошняе вялікае прызнанне заслуг мастака напярэдадні дзвюх рэвалюцый... Асобны цыкл палотнаў і графічных аркушаў творца прысвяціў жаночаму вобразу ў розных іпастасях, якія можна аб'яднаць пад сімвалічна-паэтычным знакам легендарнага Сярэбранага стагоддзя: "Чароўная Дама", "Вечная Жаноцкасць" (згадайма Аляксандра Блока!). Такія работы Баброўскага цяжка назваць партрэтамі ў поўным сэнсе слова: у іх няма звычнай псіхалагічнай распрацоўкі вобраза і традыцыйнага класічнага павароту мадэлі анфас. Затое яны зачароўваюць выразным асвятленнем, элегантным малюнкам, пастознай фактурай пісьма, незвычайным, наўмысна выпадковым ракурсам, і ўсё гэта збліжае жывапіс Баброўскага і з карцінамі-мроямі В.Барысава-Мусатава, і з палотнамі А.Рэнуара і К.Каровіна ўпярэмешку з Л.Бакстам, і нават з некаторымі познімі "мадэрновымі" партрэтамі В.Сярова. Такая вось своеасаблівая прыцягальная эклектыка...

Але ўсё ж, на маю думку, Баброўскі больш поўна выявіў сябе ў пейзажы. І калі раннія палотны мастака, паслухмянага вучня Рэпіна, імкнуліся да рускай класічнай традыцыі XIX ст. у духу А.Куінджы, а потым М.Рэрыха і М.Несцерава, то 1910-я гады некаторым чынам змянілі ягоны погляд на прыроду як такую бліжэй да стылістыкі рускага сімвалізму. І ў яго пейзажах з'явіліся светлы, галоўным чынам пленэрны, зеленавата-вохрысты строй, вельмі мяккая пластычная манера, пільная ўвага да архітэктурных ды прыродных дэталей і, канешне ж, прысутнасць паветра.

Аднак Баброўскі ўсё ж не стаў наватарам і адкрывальнікам новых жывапісных ісцін у мастацтве, як яго вялікія сучаснікі эпохі Сярэбранага стагоддзя; ён толькі развіваў традыцыі сваіх настаўнікаў і папярэднікаў, але ўласнай "стылёвасці", аўтаномнага мыслення, сваёй мастацкай формулы як неад'емнай часткі буйнога творцы так і не набыў. Магчыма, узабрацца на мастацкі Алімп яму перашкодзіла актыўная педагагічная дзейнасць у вышэйшых навучальных установах Пецярбурга-Петраграда-Ленінграда, якой мастак аддаў амаль палову жыцця. У савецкія часы працягваў маляваць лірычныя пейзажы і нацюрморты, а таксама спрабаваў свае сілы ў распрацоўцы фігуратыўнай карціны - у духу сацрэалізму: "У.І. Ленін на мітынгу", "С.М. Кіраў на будаўніцтве парку культуры і адпачынку ў Ленінградзе", "Акадэмік А.Ф. Ёфе ў сваёй лабараторыі", "Будуюць". Сёння гэтыя палотны мала хто ўзгадае...

Ці наведваў мастак сваю малую радзіму - Віцебск - пасля ад'езду ў 1893 годзе ў Пецярбург? Зрэшты, тое было б невыпадковым: усё ягонае радаслоўнае дрэва і ён сам - адтуль, з берагоў Заходняй Дзвіны! Але дакладных фактаў на гэты конт я пакуль не знайшоў. Гэта адна з "белых плям" у біяграфіі нашага зямляка, Рыгора Міхайлавіча Баброўскага...

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"