Ці рэальна знайсці мецэната для РДК?

№ 17 (988) 23.04.2011 - 29.04.2011 г

Як эканамічнаму механізму акумуляваць кадры?

/i/content/pi/cult/319/5652/1-4.jpg Тэрміны "дзяржаўна-прыватнае супрацоўніцтва" і "апякунскі савет" усё часцей гучаць на пасяджэннях калегіі Міністэрства культуры краіны і разнастайных нарадах. Ёсць ужо і пераканаўчыя прыклады ўкаранення гэтых з'яў у жыццё (пра іх мы пісалі неаднойчы). Каторы раз паўторымся і пра выкананне мерапрыемстваў ў рамках рэалізацыі Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №4 "Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь"... Але ў вочы адразу кідаецца адна акалічнасць: ці ўсе яны лакалізаваны ў межах Мінскай кальцавой дарогі або, у крайнім выпадку, абсягах іншых буйных гарадоў? Хаця і ў выступленнях кіраўнікоў Міністэрства, і ў нарматыўных актах, якія ствараюць заканадаўчую базу для "новай эканамічнай палітыкі" ў сферы культуры нічога не гаворыцца пра тыя або іншыя абмежаванні арэала распаўсюджання гэтых з'яў. Там вядзецца гаворка пра культуру Беларусі ў цэлым. Зрэшты, менавіта агульнанацыянальны характар мае і Год прадпрымальнасці.

Толькі адзінкавыя прыклады

 - Прыцягненнем спонсарскіх сродкаў работнікі культуры з рэгіёнаў займаліся заўсёды, - кажа начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Шавялёў. - Аднак раней такая дзейнасць была даволі спантаннай, яна нават не мела адпаведнага аналітычнага забеспячэння. Цяпер жа гэты вектар уяўляецца нам прыярытэтна важным. Адпаведна, і нашы захады будуць куды больш мэтанакіраванымі.

 "Палявыя даследаванні" карэспандэнтаў "К" пад час іхніх шматлікіх камандзіровак толькі пацвярджаюць падобную выснову. Сапраўды, адзінкавыя прыклады ўдалага фандрайзінгу рупліўцы прадэманстравалі ўжо даўно. Прыкладам, начальнік аддзела культуры Стаўбцоўскага райвыканкама Анатоль Грэкаў здолеў знайсці сродкі на выданне цэлай серыі кніг, прысвечанай постацям землякоў. Руплівец працягвае плённа працаваць у гэтым кірунку і па сыходзе на пенсію: сёння ён з'яўляецца старшынёй апякунскага савета Дзяржаўнага музея Якуба Коласа.

Але гэта - менавіта адзінкавыя прыклады. З адсутнасцю пэўнай зладжанай сістэмы не пагадзіцца немагчыма.

- Нам удавалася знаходзіць /i/content/pi/cult/319/5652/pic_22.jpgпаразуменне са спонсарамі, прыцягваць іх да правядзення нашых мерапрыемстваў. Але... Апошнім разам гэта было гады тры таму,- прызналася дырэктар аднаго з раённых дамоў культуры.

Зрэшты, тыя яе калегі з іншых мясцін, да якіх звярнуўся карэспандэнт "К" пры падрыхтоўцы гэтага матэрыялу, нават і падобных прэцэдэнтаў не змаглі прыгадаць. Цалкам прадказальна, што для такіх устаноў культуры, як бібліятэкі, гэты стан рэчаў характэрны яшчэ ў большай ступені.

- На жаль, прыклады дзяржаўнапрыватнага супрацоўніцтва ў гэтай сферы мне не вядомы, - паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры краіны Уладзімір Шышкін, які курыруе бібліятэчную дзейнасць.

 Гутаркі з работнікамі культуры запэўніваюць: праблема мае, у тым ліку, і чыста псіхалагічны характар. У свядомасці многіх словы "спонсарства" і "мецэнацтва" пакуль не складаюцца ў адзіны асацыятыўны шэраг з РДК, Раённым музеем або той жа бібліятэкай. Маўляў, Нацыянальная бібліятэка ці Нацыянальны мастацкі музей - гэта ж зусім іншая справа...

 І сапраўды, заахвоціць да супрацоўніцтва прадстаўніцтва міжнароднай карпарацыі або буйны банк у раённых устаноў культуры наўрад ці атрымаецца. Але чаму б не паспрабаваць дамовіцца, скажам, з індывідуальным прадпрымальнікам, які арандуе ў тым самым РДК плошчы пад салон пракату вечаровых сукенак, каб той выступіў спонсарам канцэрта мясцовых "зорачак"? У выніку самадзейныя артысты атрымалі б эфектныя сцэнічныя касцюмы, а прыватнік - някепскую рэкламу. Здавалася б, дробязь, але калі зрабіць такі падыход сістэмным...

Справаздача за танцы

19 сакавіка ў Лідскім раённым палацы культуры ўпершыню прайшоў адкрыты турнір па спартыўных бальных танцах "Лідская феерыя", удзел у якім прынялі каля 160 пар з усёй Беларусі. Па водгуках наведвальнікаў, імпрэза адпавядала сваёй назве. Як адзначыла дырэктар установы Ірына Тур, увасобіць у жыццё даўнюю мару ўдалося менавіта дзякуючы спонсарскай дапамозе. І гэта не адзіны прыклад, бо ў Лідскім палацы культуры фандрайзінг мае не спарадычны, а менавіта сістэмны характар.

- Мы ўвогуле стараемся не браць грошы з бюджэту на правядзенне сваіх мерапрыемстваў,- кажа Ірына Тур.- Разлічваем і на ўласнаручна заробленыя сродкі, і, вядома, на падтрымку спонсараў...

Без сумневу, знайсці апошніх у сур'ёзным прамысловым цэнтры куды прасцей, чым у невялікім мястэчку. Ды, як адзначыў начальнік Лідскага райаддзела культуры Уладзімір Самсонаў, дабрадзеі досыць рэдка праяўляюць ініцыятыву самі. Адсюль і выснова: калі гара не ідзе да Магамета...

 - Мы дбайна аналізуем, якія з лідскіх прадпрыемстваў можа зацікавіць тая або іншая наша імпрэза, якія рэкламныя магчымасці мы можам прапанаваць спонсарам, і ўлічваем гэта яшчэ на стадыі стварэння сцэнарыя,- распавядае Ірына Тур. - Прыкладам, ладзячы нейкае дзіцячае свята, зусім не складана ўплесці ў яго канву ненавязлівую рэкламу марожанага. Потым выкладаем свае прапановы на паперы, і ўжо тады звяртаемся да патэнцыйных спонсараў...

 Калі іх удаецца зацікавіць - гэта значыць, што супрацоўніцтва пачынаецца. Так, менавіта толькі пачынаецца.

Наступная стадыя - своеасаблівая "абарона" праекта перад усё яшчэ патэнцыйным спонсарам. Прадстаўнік Палаца культуры мусіць пераканаўча патлумачыць не толькі значнасць будучай імпрэзы для лідчан, але і тую канкрэтную выгаду, якую займее яе фундатар. А потым адказаць на ўсе яго прыдзірлівыя пытанні.

І сапраўды, у наш час няма ахвотнікаў даваць грошы проста так. Нават паспяховыя бізнесмены схільныя лічыць кожны рубель.

 - Таму вельмі важна знайсці да іх індывідуальны падыход, умець улічыць інтарэсы і пажаданні спонсара, - кажа Ірына Тур.

Варта дадаць, што гэтае супрацоўніцтва не заканчваецца нават пасля правядзення імпрэзы. Зазвычай спонсары патрабуюць дбайную справаздачу за выдаткаваныя імі сродкі.

- Як правіла, спонсара цікавяць дзве рэчы: на што канкрэтна былі патрачаны іх грошы і наколькі яркай, запатрабаванай, цікавай была наша імпрэза, - кажа дырэктар Палаца культуры. - Каб не быць галаслоўнымі, абавязкова прыкладаем да сваіх справаздач фотаі відэадакументацыю...

Зрэшты, як адзначыла Ірына Тур, не ўсімі камерсантамі, з якімі супрацоўнічае ўстанова, рухае выключна прагматызм. Некаторыя нават лічаць за лепшае не афішаваць свае справы публічна. Прыкладам, такія дабрадзеі не так даўно забяспечылі новымі касцюмамі народны хор ветэранаў.

Адпаведна, нават у такім параўнальна невялікім горадзе, як Ліда, можна знайсці не толькі спонсараў, але і мецэнатаў. Але далёка не заўсёды яны знаходзяцца самі.

 Апякунскі савет для помніка спадчыны

Як адзначыў начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец, праблемы са стварэннем апякунскіх саветаў у рэгіёне не прадбачыцца: з той простай прычыны, што на Магілёўшчыне зусім не бракуе тых ва ўсіх сэнсах слова грамадзян, якія маюць і магчымасці, і прагу дапамагчы культуры. Больш за тое, па сутнасці, некаторыя такія саветы функцыянуюць ужо не першы год: у прыватнасці, своеасаблівае "кола сяброў" сфарміравалася вакол Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці "Залатая пчолка" ў Клімавічах або Фестывалю сямейнай творчасці ў Глуску.

 - І цяпер, пасля прыняцця адпаведнага нарматыўнага акта, апякунскія саветы будуць набываць юрыдычны статус праз рашэнні абласных і раённых выканкамаў,- дадаў Анатоль Сінкавец.

Ці прыжывецца такая ініцыятыва "на месцах"? Начальнік упраўлення культуры мае на гэты конт аптымістычныя погляды. Бо неабыякавыя людзі ёсць у кожным райцэнтры - у іх лік уваходзяць і дырэктары дзяржпрадпрыемстваў, і прыватныя прадпрымальнікі. І таму важна стварыць канкрэтныя механізмы, якія акумулявалі б іхнія высілкі і ўвасаблялі ў канкрэтныя праекты.

 Паводле назіранняў Анатоля Сінкаўца, сапраўдныя дабрадзеі зазвычай не патрабуюць ні славы, ні якіх-кольвечы іншых дывідэндаў. Але, у той самы час, афіцыйны статус члена апякунскага савета - дадатковы стымул для бізнесмена або дырэктара прадпрыемства ўкладаць сродкі ў культуру. Бо гэты прэстыжны статус - добры штрых да дзелавога рэнамэ.

Анатоль Сінкавец агучыў і папраўдзе цікавую прапанову: чаму б не ствараць апякунскія саветы не толькі для ўстаноў культуры, але і для канкрэтных помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны?

- Такое "кола неабыякавых" ужо паўстала вакол знакамітага манастыра ў Пустынках, і плён яго дзейнасці - відавочны, - адзначыў начальнік упраўлення культуры. - Плануем распаўсюдзіць гэтую практыку і на іншыя знакавыя гістарычныя каштоўнасці - такія, як Бабруйская крэпасць або Палац Булгакаў у Жылічах.

І сапраўды, праблемны стан многіх помнікаў спадчыны сёння вынікае не з прычыны абыякавасці жыхароў тых мясцін, на якой яны знаходзяцца, а менавіта праз адсутнасць рэальных механізмаў, здатных акумуляваць усе добрыя намеры і пераўтварыць гэтую станоўчую энергію ў канкрэтныя дзеянні.

 Кадры для фандрайзінгу

 Натуральна, формы дзяржаўнапрыватнага супрацоўніцтва не абмяжоўваюцца адно пошукам дадатковых сродкаў. Насамрэч, поле дзейнасці куды шырэйшае. Дарэчы тут будзе згадаць, прыкладам, фестываль "Гальшанскі замак" - плён трывалых партнёрскіх стасункаў паміж аддзелам культуры Ашмянскага райвыканкама і турыстычнай фірмай з Мінска.

Але такія прыклады, паўтаруся,- таксама адзінкавыя...

Казаць пра пасіўнасць або інертнасць саміх работнікаў культуры ў дадзеным выпадку я паасцярогся б. Бо часам і душа гарыць, і розум працуе няблага, а вось тых навыкаў, якія патрэбны, каб рэалізаваць свой імпэт, на жаль, бракуе. І сітуацыя тут, падаецца,- аб'ектыўная.

- Я атрымала адукацыю яшчэ ў 1970-я гады - у той час, калі пра прыцягненне спонсараў ніхто нават думаць не думаў,- прызналася начальнік аддзела культуры ў невялічкім раёне. - Тое ж самае тычыцца і маіх найбліжэйшых калег: дырэктараў метадычнага цэнтра, РДК, музея, ЦБС... Мы - людзі, узгадаваныя ў зусім іншых эканамічных умовах, і прызвычайвацца да "новых павеваў" нам вельмі складана. Дык ці не было б мэтазгодным сабраць такіх, як я (а іх у краіне, паверце, нямала), на адмысловыя курсы, дзе спрактыкаваныя спецыялісты маглі б патлумачыць нам, з якога боку да гэтых спонсараў падыходзіць?..

І ў Міністэрстве культуры краіны, і ў Магілёўскім абласным упраўленні мне пацвердзілі, што цэнтралізаванага метадалагічнага забеспячэння фандрайзінгу пакуль не існуе - як і збору ды аналізу таго досведу, які назапашваюць канкрэтныя арганізацыі. Як падкрэсліў Уладзімір Шавялёў, тэма гэтая пакуль яшчэ новая, і таму яна патрабуе вельмі грунтоўнай прапрацоўкі.

 У Лідскім палацы культуры перамовы з патэнцыйнымі спонсарамі - кампетэнцыя спецыяліста, які працуе на пасадзе культуролага (ён жа адказвае таксама і за рэкламна-інфармацыйнае забеспячэнне імпрэз). Хтосьці, магчыма, адзначыць, што функцыя для гэтай спецыяльнасці - "няпрофільная", а хтосьці - парадуецца за калег з Ліды з той прычыны, што ў іх ёсць пасада для чалавека, які бярэ на сябе гэтыя адказныя паўнамоцтвы, і пасада, аднак, не вакантная.

Зрэшты, як адзначыла тая ж Ірына Тур, праца ў сферы культуры патрабуе пэўнай універсальнасці. З гэтым цяжка не пагадзіцца - як і з тым, што адной з неабходных здольнасцей тут з'яўляецца менавіта прадпрымальнасць.

■ ■ ■

Урэшце, важна ўсвядоміць правільны адказ на пытанне: каму гэта трэба? І адказ гэты, як падаецца, - відавочны.

Каму трэба, каб жыццё ў роднай установе культуры было больш насычаным і цікавым, каб смелыя праекты ўвасабляліся ў жыццё, а не чэзлі "ў шуфлядзе"? Натуральна, самім работнікам культуры і, у першую чаргу, іх аўдыторыі.

Міністр культуры краіны Павел Латушка неаднойчы падкрэсліваў, што галоўная мэта прыцягнення пазабюджэтных сродкаў - паляпшэнне якасці таго "прадукту", які прапануюць наведвальнікам установы культуры. Як няма межаў творчай дасканаласці, так неабмежаваныя і фінансавыя выдаткі, без якіх немагчыма рэалізаваць крэатыўныя задумы. А дзяржбюджэт, на жаль, не гумовы...