“Шыфр” і “Маленне…” Яна Дамеля

№ 16 (987) 16.04.2011 - 22.04.2011 г

Мінскія таямніцы са … штучным святлом

/i/content/pi/cult/318/5628/pic_20.jpgІсціна амаль паўтараста гадоў хавалася ў адным дакуменце Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, дзе прыводзілася аўтабіяграфія мастака, напісаная яго ўласнай рукой. Дамель павядамляе пра сябе наступнае: "Я нарадзіўся ў Курляндыі. Бацька мой быў купцом, жыў у Курляндыі, у маёнтку Беркен. Потым ён пераехаў на Жмудзь і жыў у Жагорах. Навучаўся я ў Мітаве. З Мітавы выехаў у 1797-м на Жмудзь. Цягам года працаваў гувернёрам у гродскага пісара Бурневіча. Адтуль прыбыў у Вільню. У 1799-м пачаў хадзіць ва ўніверсітэт..."

 

(Заканчэнне. Пачатак у № 15.)

Горад Мітаву, сталіцу Курляндскага герцагства (з 1917 г. - горад Елгава, за 40 кіламетраў ад Рыгі), можна лічыць малой радзімай Дамеля, і ў тым, што ён яшчэ ў дзяцінстве атрымаў грунтоўныя веды ў галінах гісторыі і духоўнай культуры, няма нічога дзіўнага. Менавіта ў XVIII ст. тут адбываліся значныя гістарычныя і культурныя падзеі, звязаныя і з заснаваннем гімназіі паводле ўзору вышэйшай вучэбнай установы і абсерваторыі пры ёй. Хаця дакладных звестак няма, юны Дамель, зусім магчыма, мог наведваць і тую самую дваранскую гімназію, калі, як ён сам піша, "навучаўся ў Мітаве". А дзе яшчэ можна было атрымліваць адукацыю? Бо каб паступіць у Галоўную Віленскую школу, трэба было штосьці мець у галаве...

Дык вось, віленскі перыяд. Як адзначана ў "Кнізе рэгістрацыі студэнтаў Віленскага ўніверсітэта", Дамель быў запісаны ў Імператарскі ўніверсітэт 24 мая 1799 года як "сваякошнік". Так званыя сваякошнікі падзяляліся на дзве катэгорыі: на панічаў і шляхцічаў. Першыя навучаліся за кошт бацькоў і багатых сваякоў, другія - за ўласны. Дамель адносіўся да шляхты, і яму ў гады студэнцтва даводзілася цяжкавата: трэба было здабываць грошы і на вучобу, і на адзенне, і на пражытак, і на жыллё, якое было тады вельмі дарагое. Вядома, у 1806-м ён жыў па вуліцы Дамініканскай у пансіёне, які ўтрымлівалі піяры - прадстаўнікі каталіцкага ордэна манахаў, што быў заснаваны яшчэ ў XVII cт. з мэтай бясплатнага навучання і выхавання моладзі. Пазней у такім жа пансіёне жыў будучы доктар медыцыны, мемуарыст і філарэт Станіслаў Мараўскі. Вось што ён пісаў: "Гэта былі дзве манаскія келлі. У пэўным сэнсе - цудоўнае жыллё: ні паркетаў, ні гуашаў, ні карцін у залочаных рамах, якія сустракаліся паўсюдна". Можна меркаваць, што менавіта ў гэты перыяд Дамель блізка пасябраваў з аднакурснікам, родам з Гродна, Ігнатам Цэйзікам, які сыграў пазней, у 1815 годзе, сваю ролю ў лёсе мастака...

 А пакуль прывяду некалькі цікавых фрагментаў з перапіскі Яна Дамеля з Цэйзікам (з фонду Нацыянальнага архіва Беларусі, упершыню апублікавана ў "Паведамленнях Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь", вып. 6, 2005 г.). У лісце ад 2 снежня Цэйзік піша Дамелю: "Мой пане Дамелю... Памятаеш, ты абяцаў гэтай вясной закончыць "Агрыпіну", "Лукрэцыю" і "Ганімеда"? Пішу да цябе і жадаю, каб ты неадкладна адказаў, якая з гэтых работ ужо скончана. Калі ты мне яшчэ "Псіхею і Амура" намалюеш?" Праз дзесяць дзён Дамель адказвае Цэйзіку: "Паколькі ад цябе ніякіх звестак не паступала, з прычыны вострай патрэбы ў грошах я вымушаны быў прадаць "Лукрэцыю" і "Ганімеда". "Агрыпіну" пакуль скончыць не магу, бо арыгінал знаходзіцца ў лабараторыі Смуглевіча. Але табе, калі б ты пажадаў мець што-небудзь, сардэчна раю ўзяць "Ахілеса" з арыгінала слаўнага (Далей почырк неразборлівы.- Б.К.) <...> у дзвюх фігурах, блізкіх да натуральнай велічыні. Гэтая штука ўжо зусім скончана і пад твой густ. Працаваў я над ёй тры месяцы і ўпэўнены, што нічога лепшага з-пад майго пэндзля не выйшла. Я прадаў бы яе табе за трыццаць чырвонцаў, хаця запрошваў за пяцьдзясят..."

У гэты віленскі перыяд Дамель шмат працуе над антычнымі і біблейскімі сюжэтамі, выконвае заказы для касцёлаў і прыватных асоб. Так, у канцы 1808-га ксёндз Каханоўскі замаўляе яму абраз Святой Тройцы за 60 рублёў срэбрам. А ўжо ў маі наступнага года паведамляе, што атрымаў ікону, "зробленую са слаўнага мастака Давіда". Пазней Дамель намаляваў для таго ж Каханоўскага "Распяцце" і зноў атрымаў значную матэрыяльную падзяку. Заказаў у Дамеля было шмат, галоўным чынам - для касцёлаў. Так, да Першай сусветнай вайны ў касцёле ў Вішневе знаходзіўся абраз "Апостал Фадзей" пэндзля Дамеля; іншыя творы проста кудысьці зніклі ("Узнясенне", "Пакаранне Гасподняе" і "Каранаванне Хрыста" - па словах мастака, "рэч, заўсёды неабходная ў доме"). А вось рахунак, які Дамінік Радзівіл выдаў Дамелю: "Аплаціць з маёй Віленскай купы яснавяльможнаму пану Яну Дамелю, мастаку з Віленскага ўніверсітэта, сто чырвоных злотых асігнацыямі". Ніжэй выведзена: "Паводле гэтай апеляцыі, атрымаў сто чырвоных злотых асігнацыямі. Ян Дамель". Што гэта быў за заказ, дакладна сказаць цяжка. Хутчэй за ўсё, гаворка - пра "Святую Канстанцыю", якую я згадваў вышэй. Пра яе піша і У.Сыракомля ў нарысе "Вандроўкі па маіх былых ваколіцах": "Справа бачым алтар тонкай работы - першых гадоў нашага стагоддзя; у ім- карціна Дамеля з выявай святой Канстанцыі, або Гелены, з крыжам, у старадаўніх строях... Касцельнае кіраўніцтва, ці то палічыўшы ўборы святой Гелены занадта сучаснымі, ці то таму, што, як кажа паданне, рысы святой на ёй узяты з твару князёўны <...>, не дазволіла яе асвяціць". Дакладна вядома, што гэты твор да Другой сусветнай вайны знаходзіўся ў калекцыі Радзівілаў у Нясвіжы...

Другой, не менш значнай, творчай накіраванасцю/i/content/pi/cult/318/5628/pic_21.jpg Дамеля ў віленскі перыяд была работа над партрэтам. І тут ён меў шырокае прызнанне. Сярод яго заказчыкаў былі самыя вядомыя фаміліі. Напрыклад, Адам Храптовіч - уладальнік маёнтка Шчорсы, знакаміты бібліяфіл, мецэнат, калекцыянер. У 1809 годзе Дамель зрабіў для яго копію з партрэта Іяхіма Храптовіча пэндзля Іосіфа Грасі. Апроч таго, для галерэі "Знакамітыя людзі Рэчы Паспалітай", якую ў сваім доме па вуліцы Замкавай адкрыў былы настаўнік універсітэта, тэолаг Іосіф Казімір Багуслаўскі, мастак выканаў некалькі партрэтаў вядомых педагогаў Ф.Галянскага, Ё.Франка, Ш. і І. Касакоўскіх. Непасрэдны настаўнік Дамеля Ян Рустэм намаляваў для галерэі партрэты А. і Я. Снядзецкіх, М.Ромера, Я.Галавацкага.

Пісаў Дамель і сваіх блізкіх сяброў - ужо не па заказе. Пра такую "мадэль" - Станіслава Балінскага - ён паведамляе Цэйзіку: "Наш літвін Стась - добры чалавек. Гэта чалавек, якога я вельмі люблю. Хай яму спадарожнічае шчасце". Канешне, дзеля заробку даводзілася маляваць і партрэты людзей, якіх Ян не вельмі паважаў. У адным з лістоў ён піша: "Атрымаў пісьмы ад сваіх трох даўжнікоў. Пякельна быў усхваляваны. Мусіў бы лепш іхнія твары замазаць г..., чым пісаць іх партрэты". Але што зробіш? Есці ж трэба...

Дамель шмат працаваў у галіне графікі. Вядомыя яго знакамітыя "шкіцоўнікі" - альбомы для рысавання, якія сёння захоўваюцца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве і ў Мастацкім музеі імя М.Чурлёніса ў Каўнасе, а таксама акварэль "Паранены пад Маціевічамі Касцюшка", што знаходзіцца таксама ў сталіцы Польшчы. Ян любіў рысаваць карыкатуры, пейзажныя накіды ("Замак Гедыміна ў Вільні", "Эскіз дуба", "Італьянскі пейзаж з вадаспадам"), ствараў і гравіраваныя кампазіцыі ды партрэты. ...

Студэнт Дамель нядоўга прабавіўся ў бядоце ў манаскай келі, хаця і імкнуўся жыць, як той казаў, на ўсю шпулю: "Нягледзячы на тое, што жыву ў айцоў-піяраў, гэта не перашкаджае мне іншым разам выпіць і закахацца". Калі з'явіліся грошы за заказы, атрымаўшы ступень магістра свабодных навук, Дамель перабраўся ў асобную кватэру "за віленскай брамай", пасля - у другую, у дом нейкага Войніча, затым яшчэ кудысь... У лісце Цэйзіку ад 29 лістапада 1813 года ён піша: "Я жыву на здымных кватэрах. Універсітэт не мае ні кватэр, ні грошай на кватэру... Я раблюся дзень за днём усё горшым, баюся сухотаў. Раіўся наконт гэтага выпадку з доктарам, і ён мяне "супакоіў": сказаў, што сухоты мне не пагражаюць, а памру я ад вадзянкі або апаплексіі..."

Заўважу, што ўжо прайшло амаль пяць гадоў, як Дамель скончыў універсітэт, і, калі пісаў гэты ліст, у якасці магістра свабодных навук настаўнічаў на кафедры рысунка і жывапісу, а потым працаваў на пасадзе віцэ-прафесара (ад'юнкта). Акрамя таго, скончыўшы настаўніцкую семінарыю пры ўніверсітэце, меў яшчэ дыплом гімназічнага педагога. У сваіх грамадскіх поглядах, як і ягоныя сябры Цэйзік, Нямчэўскі, Лібошыц, Быхавец, Петрусевіч, быў вельмі незалежным чалавекам. Па словах А.Анжыеўскага, "...іхнія размовы былі такія ж свабодныя, як і норавы, а філасофія такая, што ўспомніць зараз вусцішна: усе, хто пісаў супраць рэлігійнай маралі і рэлігійных прынцыпаў, былі іхнімі любімымі аўтарамі..." Заўважу, што таварышам Дамеля па ўніверсітэце быў і знакаміты ў будучыні рэвалюцыянер, натхніцель філаматаў і філарэтаў Іяхім Лелявель.

Дамель пачынае адчуваць цяжар свайго становішча ва ўніверсітэце, асабістую незапатрабаванасць у віленскім мастакоўскім жыцці. У жніўні 1813 г. ён піша Цэйзіку: "Калі далей заставацца ў гэтым горадзе, дзе няма ніякай "amulacji", якая ёсць агонь і напаўняе душу кожнага, хто прысвячае сябе прыгожым мастацтвам, то наступіла б абыякавасць і раўнадушша да таго, што з'яўляецца адзіным сэнсам жыцця. Ехаць у Пецярбург- адзінае для мяне выйсце..." І ў іншым месцы: "У нашым горадзе колькасць мастакоў усё памяншаецца: Янушэўскі з'ехаў да Ваньковіча ў Мінскі павет, Бароўскі - настаўнікам малюнка ў Беласток, Аляшкевіч таксама жадае знайсці сабе месца на свабодзе"...

І тут здарылася непрадбачанае. Слуцкі павятовы суд узбудзіў крымінальную справу супраць пасэсара фальварка "Старадаўні" Слуцкага павета Ігната Цэйзіка, абвінаваціўшы яго ў вырабе фальшывых асігнацый з мэтай "падрыву крэдыту расійскага правіцельства". Менавіта ў свой павет Цэйзік часта прыязджаў з Вільні і падоўгу жыў тут са сваёй маладой жонкай Марыянай Качынскай. З Дамелем ён актыўна перапісваўся, іншым разам сустракаўся, атрымліваў ад сябра розныя кнігі, газеты, часопісы, а таксама англійскую паперу для рысавання і... не толькі. Калі ў доме Цэйзіка быў зроблены паліцэйскі вобыск, там знайшлі і ўсю карэспандэнцыю "віцэ-прафесара" Дамеля". Прамых доказаў, што тычыліся непасрэднага ўдзелу мастака ў вырабе фальшывых грошай, не было, але ў лістах ускосных довадаў на гэты конт пры жаданні можна было знайсці дастаткова, каб кінуць Дамеля за краты, што і было зроблена Галоўным судом 1-га дэпартамента г. Мінска. 7 лютага 1815 г. гарадскі губернатар Павел Дабрынскі паведамляе: "...Асэсар Гаркуша, губернскі страпчы Сулкоўскі і паліцмайстар Нарбут" па загадзе віленскага губернатара даставілі да яго Івана Дамеля (яшчэ з адным абвінавачаным "саўдзельнікам" І.Кажухоўскім) разам з ягонай перапіскай з Цэйзікам і прад'яўленымі следчымі справамі. Такім чынам, Дамель да ліпеня 1816 г. аказаўся ў Мінскай турме, адкуль яго вывозілі ў Слуцк на допыты. Канешне, сябры спрабуюць дапамагчы мастаку, пішуць прашэнні ў розныя судовыя інстанцыі, а граф Адам Гюнтэр у маі 1816-га нават звяртаецца да самога імператара Аляксандра I: "Находящегося под стражей в городе Слуцке по секретному делу Виленского университета Ивана Дамеля желаю взять до окончания дела на поручительство". Праз тыдзень прыйшоў адказ: "Прошение оставить вплоть до возвращения решения департамента".

Карацей кажучы, канчатковы прысуд Дамелю абвяшчаў: "...Виленской академии рисовального учителя Иоанна Дамеля, жившего с Цейзиком в тесной дружбе и имевшего с ним переписку в весьма темных выражениях, дававшего Игнатию Цейзику свой паспорт на выезд за границу и доставлявшего ему в разное время веленевую бумагу, из которой сделаны были ассигнации, оставя в сильном подозрении к предупреждению на будущее время могущих произойти от него вредных последствий, сослать в Сибирь на поселение..."

Можна меркаваць, што віна Дамеля ў непасрэдным удзеле ў друкаванні фальшывых асігнацый даказана не была, бо інакш ён атрымаў бы катаргу на шмат гадоў. Пакаранне за падробку грошай было ва ўсе часы вельмі суровае. Пры цараванні Аляксея Міхайлавіча, да прыкладу, за такія справы злачынцу нават залівалі ў горла расплаўлены метал... Словам, пасля маруднага судовага працэсу Дамель у 1820 годзе атрымаў сібірскае "пасяленне". А гэтым часам ягоны сябра Ігнат Юліян Цэйзік, атрымаўшы ў 1815-м пажыццёвую катаргу, грымеў кайданамі ў сібірскіх астрогах... Нядаўна я знайшоў некаторыя звесткі пра яго далейшы лёс, пра які ў Беларусі сёння мала хто ведае. Думаю, для чытачоў гэта будзе цікава.

У Табольску Цэйзік жыў з 1829 па 1846 год, і тут ён праславіўся як таленавіты майстра, які вырабляў керамічныя плакеты з барэльефнымі партрэтамі, лампады, кашпо, люлькі, фігуркі святых. Творы карысталіся вялізным попытам не толькі ў Сібіры, але ў Маскве і Пецярбургу! Сёння гэтыя вырабы можна паглядзець у музеях Цюмені, Іркуцка, Чыты і Варшавы. Дарэчы, у 1837 г., у час прыезду у Цюмень цэсарэвіча Аляксандра (будучага Аляксандра II), гарадскі галава, купец 3-й гільдыі Іван Іконнікаў ад імя грамадзян горада паднёс яму падарунак- глінянае блюда работы Цэйзіка (дакладная копія знаходзіцца цяпер у музеі Цюмені). У біяграфічным слоўніку Польскай Акадэміі навук памылкова гаворыцца, што гэтае блюда атрымаў у падарунак Мікалай I, але ў Цюмені гэты цар ніколі не быў... Невядома, як склаўся б далейшы лёс арыштанта Цэйзіка, але і тут праявіўся яго авантурны характар: ён працягваў падробліваць асігнацыі! Гэтым разам ён быў сасланы да канца жыцця на Нерчынскія руднікі. У яго застаўся сын Міхаіл, які стаў правізарам і старастам Рымскакаталіцкай царквы. Потым працаваў у г. Арэнбургу. Сябраваў з ссыльным Тарасам Шаўчэнкам, вёў з ім перапіску, калі ўкраінскі Кабзар знаходзіўся ў Новапятроўскай крэпасці...

Я не буду апісваць двухгадовае прабыванне Дамеля ў Табольску. Скажу толькі, што ён тут пасябраваў з генерал-губернатарам Сібіры Міхаілам Сперанскім, якога называлі "рэфарматарам Сібірскага краю", "вяльможам добрым і моцным", "таленавітым заканадаўцам", "заснавальнікам расійскай юрыдычнай навукі". А Напалеон яшчэ ў 1808 г. назваў яго "адзінай светлай галавой у Расіі". І Леў Талстой бачыў у ім "разумнага, строгага мысліцеля, вялікага розуму чалавека". Дзякуючы Міхаілу Міхайлавічу Дамель у ссылцы меў магчымасць не толькі маляваць, рысаваць тое, што жадаў, у тым ліку пейзажы і партрэты, выконваць па заказах манументальныя фрэскі ў сібірскіх храмах, але і свабодна выязджаць у іншыя гарады рэгіёна - Томск, Іркуцк, Енісейск- для азнаямлення з жыццём, норавамі і побытам простага люду, а таксама з мясцовымі помнікамі гісторыі і культуры. Унікальны "Дзённік падарожжа ў Сібір" Дамеля і сёння ўяўляе вялікую гісторыка-культурную і мастацкую цікавасць. Міхаіл Сперанскі, хаця і трошкі раней пакінуў Сібір для далейшай службы ў Пецярбургу, зрабіў усё, каб 42-гадовы мастак хутчэй вярнуўся дадому. Так і здарылася. У 1822-м Ян (Іван) Дамель, не заязджаючы ні ў Мітаву, ні ў Вільню, прыехаў у Мінск, дзе і асталяваўся да канца свайго жыцця. Праўда, толькі адзін раз - у 1836 г.- на кароткі тэрмін здзейсніў паездку ў Пецярбург, дзе, магчыма, сустрэўся там з яго былым сібірскім дабрадзеем Міхаілам Сперанскім, які гэтым часам пераехаў з дома на Неўскім праспекце ў даходны дом Лыткіна на набярэжную Фантанкі, 53, дзе праз тры гады і памёр ад прастуды. А праз год не стала і Яна Дамеля...__

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"