“Сонцам поўна галава...”

№ 16 (987) 16.04.2011 - 22.04.2011 г

Сёння ў экспазіцыі — імпрэсія

/i/content/pi/cult/318/5623/pic_13.jpgЦі памятаеце гэткі яскравы вобраз з мемуараў Іва Мантана? Прыгадаў яго, калі ўзгадаў, што на календары жыцця Уладзіміра Шнарэвіча зазіхацела лічба "65"... У біяграфіі мастака - тэрмін нежартоўны. Асабліва, калі гаворка ідзе пра творцу, які зрабіў у жыцці нямала, але хоча зрабіць яшчэ больш, бо гэтага патрабуе назапашаны вопыт, сталасць, майстэрства, глыбокі погляд на навакольны свет, на спадчыну беларускай зямлі... 

Уладзімір Шнарэвіч... Жывапісец, чысты, добры, па-імпрэсіяністычнаму шчыры. Такі ён і чалавек: добры, камунікабельны, сардэчны, які ўжо некалькі гадоў марыць стварыць у г. п. Плешчаніцы Лагойскага раёна грамадскую мастацкую галерэю - своеасаблівы культурны цэнтр на тэрыторыі родавага маёнтка мастака.

Выхаванец Мінскага мастацкага вучылішча і Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, вучань А.Малішэўскага і П.Крахалёва, У.Шнарэвіч цягам вось ужо амаль сарака гадоў прымае ўдзел у выстаўках. Да сённяшняй - юбілейнай - экспазіцыі, якая працуе ў "Галерэі мастацтва" Беларускага саюза мастакоў, ён паспеў яскрава паказаць сябе не толькі ў Беларусі, але і ў Германіі, Швейцарыі, Францыі, Польшчы, Бельгіі, і нават супрацоўнічаў з парыжскім "Syros Alternatives". Палітра яго творчых інтарэсаў - даволі шматгранная: акварэль, жывапіс, эстамп, ілюстрацыя, малюнак. А яшчэ творца некалькі гадоў працаваў мастаком кіно на "Беларусьфільме"...

Я добра памятаю яго "старыя" творы, напоўненыя /i/content/pi/cult/318/5623/pic_14.jpgімпрэсіяністычнай свежасцю пачуццяў і подыхам празрыстага чыстага паветра: "Арлесхайм. Восень", "Бэз", "Вясновы букет з лялькай", "Мірскі замак", "Мост будуецца", "Эрмітаж", ілюстрацыі да кніг "Памяць" Г.Папова, "Шлях на Эльбу" Р.Няхая, "Арцельныя мужыкі" К.Паўстоўскага. А яшчэ аўтарскі альбом "Я - крэпасць, вяду бой!" - цудоўны праект, які і сёння працягваецца ў серыі лістоў на тэму Вялікай Айчыннай.

Але ў экспазіцыі сёння - сонца, святло, радасць, жаданне жыць! Мне асабліва блізкія яго пейзажы і нацюрморты, нібы жывыя істоты, - частка адзінага светаўспрымання мастака, яго погляду на навакольны свет і ўглыб сябе...

"И если кого впущу я в душу, то сначала поярче ее освещу..." - нібы кажа Валодзя словамі паэта, і вылівае свае фарбы на чароўныя сланечнікі, ружы, бэз... Чыстымі, светлымі думкамі жыве мастак, заняты пошукамі свайго зямнога раю, сваёй краіны вясновай квецені садоў, блакітных азёр, бэзавых туманоў - краіны шчаслівай, цудоўнай, што прываблівае шчодрасцю жывых імпрэсіяністычных фарбаў, ліній, гармоній.

Завітайце ў галерэю, паглядзіце жывапіс Уладзіміра Шнарэвіча - і душа ваша напоўніцца чыстым святлом і чалавечай цеплынёй.

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"