Рухавік для Навагрудскага

№ 14 (985) 02.04.2011 - 08.04.2011 г

Марафонская дыстанцыя ў напрамку замка

/i/content/pi/cult/316/5565/pic_20.jpg25 сакавіка міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка наведаў з рабочым візітам Навагрудскі раён. Натуральна, што гутарка ў гэты дзень вялася пра кансервацыю знакамітага замка. Пытанне - папраўдзе надзённае: як сцвярджаюць спецыялісты, стан старадаўніх руін выклікае пэўную занепакоенасць. 

Ужо ў наступны рабочы дзень у кабінеце намесніка міністра культуры краіны Віктара Кураша адбылася нарада, мэтай якой была распрацоўка механізма, здольнага надаць збору сродкаў на кансервацыю навагрудскіх муроў характар шырокай агульнаграмадскай акцыі. Яна ўжо мае свой дэвіз: "Захаваем Навагрудскі замак разам!", а дызайнеры з Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў распрацавалі "чарнавы" варыянт лагатыпа- пазнавальныя ці не для кожнага беларуса абрысы вежаў, якія трэба зберагчы непарушнымі для наступных пакаленняў.

Гутарка праходзіла ў прагматычным рэчышчы і тычылася найперш канкрэтнага плана дзеянняў, падмацаванага адпаведным эканамічным разлікам. Але скразной думкай, якая гучала пад час нарады неаднаразова, была ўпэўненасць у тым, што акцыя мае зусім не толькі эканамічныя, але і сацыяльна-выхаваўчыя мэты.

Немалаважны штрых - актыўны ўдзел у нарадзе прадстаўнікоў Навагрудскага райвыканкама. Намеснік яго старшыні Алена Ермакова запэўніла ў тым, што захаванне замка з'яўляецца адной з найпрыярытэтных задач раёна, аднак справіцца з ёю выключна сваімі сіламі ён, вядома, не ў стане.

 

ККД эмоцый /i/content/pi/cult/316/5565/pic_21.jpg

Тэма аховы гісторыка-культурнай спадчыны ў апошнія гады не знікае са старонак і эфіру СМІ, заўсёды выклікаючы бурлівы розгалас у грамадстве. І ўсе ў адзін голас сцвярджаюць: "Спадчыну неабходна адраджаць!" Але... Гэта, пераважна, эмоцыі, а старым мурам ад іх не цёпла і не халодна. Адсюль і вынікае патрэба вынайсці нейкі механізм трансфармацыі добрай волі ў канкрэтныя пачыны з максімальным каэфіцыентам карыснага дзеяння. На думку начальніка ўпраўлення гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігара Чарняўскага, гэтаму бадай алхімічнаму працэсу павінны спрыяць шырокія грамадскія ініцыятывы, якія канцэнтравалі б увагу на канкрэтных аб'ектах. Натуральна, што легендарны Навагрудскі замак у гэтым спісе - на першым месцы. Як адзначыў суразмоўца "К", гэты знакавы помнік спадчыны мае праблемы, вырашэнне якіх нельга адкладаць "на перспектыву":

- Галоўная з іх тычыцца рэшткаў Касцёльнай вежы: з-пад яе вымываецца грунт, і каб захаваць тыя руіны ў цяперашнім іх абліччы, якое ўжо стала звыклым для многіх пакаленняў беларусаў, трэба стварыць пад імі сур'ёзныя інжынерныя ўмацаванні...

У нагадванні чытачам пра латарэю "Скарбніца", даходы ад рэалізацыі якой скіроўваюцца на кансервацыю першай рэзідэнцыі князёў ВКЛ, думаецца, усё яшчэ ёсць патрэба. Сумы прыбыткаў пакуль што не ўражваюць, ды і грошай на такія справы ўвогуле многа не бывае. Але, у той самы час, гэтых сродкаў - разам з ахвяраваннямі і невялікім фінансаваннем з бюджэту - было дастаткова, каб наноў распачаць даволі затратныя работы па стварэнні праектнай дакументацыі, якія ўжо вяліся дзесяцігоддзе таму, але ж потым прыпыніліся.

Адпаведна, латарэі "Скарбніца" ўдалося зрушыць "воз" з месца, але... Каб дасягнуць яго фінішу, аднаго гэтага "рухавіка", вядома, будзе замала. Натуральна, у захаванні Навагрудскага замка не абысціся без дзяржаўнага фінансавання. Па словах Ігара Чарняўскага, першы сур'ёзны "транш" з бюджэту памерам у паўмільярда рублёў ужо напагатове.

 

"І гэта - толькі пачатак"

У хуткім часе на мінскіх вуліцах з'явяцца афішы дабрачыннага канцэрта "на карысць" Навагрудскага замка. Усе сродкі ад продажу білетаў, за выключэннем хіба такіх непасрэдных затрат, як камунальныя плацяжы, пойдуць у фонд рэстаўрацыі. Калектыў, які першым праявіў ініцыятыву ўзяць удзел у акцыі, ведае, без перабольшання, кожны суайчыннік.

- На першым пасяджэнні Рэспубліканскага грамадскага савета пра справах культуры і мастацтва я быў моцна ўражаны выступленнем Анатоля Бутэвіча, яго занепакоенасцю станам нашай спадчыны,- кажа кіраўнік легендарных "Сяброў", народны артыст Рэспублікі Беларусь Анатоль Ярмоленка. - І тады адразу саспела памкненне зрабіць свой канкрэтны ўнёсак у вырашэнне гэтых праблем. Якім чынам? Натуральна - праз дабрачынныя канцэрты. Адно такое выступленне дамо абавязкова, можа, іх будзе нават і некалькі. На маю думку, кожны грамадзянін краіны здатны прыкласці свае намаганні да захавання нашай мінуўшчыны. І тады мы разам зробім вельмі важную справу, за якую нам скажуць "Дзякуй!" нашчадкі...

Як адзначыў намеснік старшыні згаданага Савета, старшыня Грамадскай назіральнай камісіі па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Бутэвіч, прынцыповую згоду прыняць удзел у акцыі ўжо выказалі такія мэтры айчыннага музычнага мастацтва, як Міхаіл Фінберг і Міхась Дрынеўскі. Калектывы, якія яны ўзначальваюць, таксама рыхтуюць адмысловыя канцэртныя праграмы.

- І гэта - толькі пачатак, - зазначыў Анатоль Бутэвіч. - Я гатовы прадоўжыць перамовы з іншымі музычнымі калектывамі, а таксама з тэатрамі, каб як мага больш творчай інтэлігенцыі было далучана да нашай акцыі. Але галоўнае - каб карысны эфект быў максімальны, каб грошы не "з'ела" тая ж арэнда пляцовак...

Падобная пагроза сапраўды існуе. Таму намеснік міністра культуры Віктар Кураш даручыў начальніку ўпраўлення мастацтваў Міхаілу Казловічу распрацаваць такі механізм правядзення дабрачынных канцэртаў, які меў бы адчувальны эканамічны эфект. Зрэшты, паводле папярэдніх ацэнак Міхаіла Казловіча, апошні не прымусіць сябе чакаць: той жа канцэрт "Сяброў" мае папоўніць банкаўскі рахунак замка, прынамсі, на 6 мільёнаў рублёў, і гэта яшчэ паводле самых сціплых падлікаў... Разам з тым, дабрачынныя канцэрты - гэта толькі адзін з магчымых спосабаў збору сродкаў і прыцягнення ўвагі да тэмы аховы спадчыны. Пад час нарады абмяркоўваліся і многія іншыя, часам трохі нязвыклыя для нашай краіны.

Некаторыя з інавацый - з шэрагу "добра забытага старога". Яшчэ ў савецкія часы сапраўднай завядзёнкай стала правядзенне дабрачынных тэлемарафонаў, пад час якіх збіраліся сродкі для вырашэння той або іншай значнай для грамадства праблемы. Цяпер такую практыку плануецца адрадзіць- балазе папярэдняя дамоўленасць з Белтэлерадыёкампаніяй ужо ёсць. А радыёмарафон на канале "Культура" ўжо і цяпер актыўна рыхтуецца.

- Я накіраваў лісты і наведаў рэдактараў многіх рэспубліканскіх СМІ, - распавёў Анатоль Бутэвіч. - І паўсюль прапанова прыняць удзел у акцыі атрымлівае станоўчы адказ і сустрэчныя ідэі...

Уласна, СМІ здолеюць забяспечыць рэкламна-інфармацыйны аспект кампаніі па зборы сродкаў. Прычым, на думку Ігара Чарняўскага, тое ж тэлебачанне можа спрычыніцца да акцыі не толькі праз рэкламныя ролікі з заклікам пералічваць грошы, але і праз пазнаваўчыя сюжэты, датычныя як гісторыі Навагрудскага замка, так і нюансаў яго сённяшніх даследаванняў і кансервацыі. І дадзены аспект - таксама немалаважны. Спецыялісту нават не трэба тлумачыць, чаму гэтыя руіны зведаюць менавіта кансервацыю, а не паўнавартасную рэстаўрацыю (ці, іншымі словамі, адбудову), а вось простыя грамадзяне такое пытанне задаюць нярэдка.

Інфармацыйны рэзананс, у сваю чаргу, павінен спарадзіць эфект снежнага камяка, далучыўшы да акцыі самы шырокі спектр і арганізацый, і грамадзян. Прычым інтарэс да яе існуе ўжо сёння. Як паведаміў Анатоль Бутэвіч, у адказ на яго зварот да кіраўніцтва "Беларусбанка" быў атрыманы адказ за подпісам старшыні Праўлення Надзеі Ермаковай, дзе не толькі выказвалася агульная падтрымка акцыі, але і прапаноўваліся канкрэтныя захады: размяшчэнне інфармацыі пра яе ва ўсіх аддзяленнях найбуйнейшага банка краіны, на яго карпаратыўным сайце, а таксама арганізацыя збору сродкаў сярод супрацоўнікаў.

 

Спонсарам можа стаць...

Як адзначыў начальнік аддзела культуры Навагрудскага райвыканкама Аляксандр Карачан, тыя сродкі, што ахвяруюць на захаванне замка дабрадзеі, сёння кваліфікуюцца як "спонсарская дапамога": больш прыдатнага тэрміна ў юрыдычным лексіконе пакуль няма. З аднаго боку, гэта дадатковая прынада для ахвярадаўцаў: кожны студэнт, які адшкадуе са стыпендыі 10 - 20 тысяч рублёў, можа называць сябе самавітым словам "спонсар". Але з іншага... Узнікае мноства фармальнасцей - такіх, як заключэнне персанальнай дамовы з кожным ахвярадаўцам.

Яшчэ адзін праблемны момант- збор ахвяраванняў наяўнымі сродкамі. Той самы студэнт можа папросту паленавацца пайсці ў банк і выстаяць там чаргу, каб зрабіць свой сціплы ўнёсак у вялікую справу. Іншая справа - выняць грошы з кішэні і кінуць іх у шчыліну скарбонкі.

Як адзначыў Анатоль Бутэвіч, з'яўленне такіх "скрыначак" на ключавых аб'ектах папулярных турмаршрутаў - скажам, ля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і, зразумела, ля самога замка - здатнае забіць двух зайцоў адразу. Бо скарбонкі - гэта не толькі эфектыўны спосаб збору сродкаў, але і рэкламны аб'ект, які прыцягвае ўвагу да акцыі. Але... Заканадаўчай базы для такіх ініцыятыў пакуль што бракуе. Як адзначыў Віктар Кураш, гэтае пытанне патрабуе рацыянальнага вырашэння.

Нямала перашкод сёння ўзнікае ў тым выпадку, калі сродкі на добрую мэту ахвяруюць замежныя грамадзяне - скажам, шматлікія выхадцы з Навагрудчыны, якіх лёс раскідаў па свеце. Апрача добрай волі, ад іх сёння патрабуецца і выкананне шэрагу фармальнасцей (тое ж заключэнне дамовы), на якія пагодзяцца далёка не ўсе замежнікі.

Зрэшты, тут варта адзначыць і яшчэ адну акалічнасць. Маштабнай ініцыятыве па зборы сродкаў для захавання Навагрудскага замка наканавана важная і пачэсная, але не такая і простая, роля першапраходца: непасрэдных аналагаў у сучаснай гісторыі Беларусі яна не мае. Таму гэтая акцыя здолее выкрышталізаваць тыя праблемы, якія паўстаюць перад падобнымі дабрачыннымі мерапрыемствамі, і, такім чынам, паспрыяць іх вырашэнню ў будучым.

Але і сёння, пакуль для падобных дабрачынных акцый не будзе створаны адпаведны ім юрыдычны апарат, кожны можа адчуць сябе ў пачэснай ролі спонсара.

Марафон па зборы грошай на кансервацыю Навагрудскага замка будзе доўжыцца цягам усяго часу правядзення гэтых складаных работ, якія запатрабуюць не адзін год. Але, як адзначыў Ігар Чарняўскі, у тым выпадку, калі і акумуляванне сродкаў, і іх асваенне даследчыкамі ды архітэктарамі пойдзе ў належным тэмпе, ёсць шанц распачаць работы па "ўмацаванні глебы" пад Касцёльнай вежай ужо сёлета.