Жыццё і дзіўныя прыгоды Міхала Андрыёлі

№ 13 (985) 26.03.2011 - 01.04.2011 г

Метамарфозы мастакоўскага лёсу, ад якіх кругам галава

/i/content/pi/cult/315/5524/pic_13.jpgІмя гэтага выдатнага мастака, графіка, ілюстратара, жывапісца-манументаліста, нястомнага падарожніка, актыўнага ўдзельніка нацыянальна-вызваленчага руху сярэдзіны ХІХ стагоддзя ў Беларусі і Літве, на жаль, у нас, акрамя вузкага кола спецыялістаў-мастацтвазнаўцаў, амаль што невядомае. Між тым, творчая спадчына гэтай легендарнай асобы ўяўляе вялікую мастацкую і гістарычную цікавасць не толькі для беларусаў, але і для палякаў, літоўцаў, расіян, з якімі ў розныя перыяды свайго жыцця мастак быў цесна звязаны ў многіх адносінах. А "Малы энцыклапедычны слоўнік Бракгаўза і Эфрона" наогул прылічвае яго да французскіх мастакоў.

Між тым, ягоныя ілюстрацыі да твораў Адама Міцкевіча і Фенімора Купера і сёння лічацца лепшымі і непераўзыдзенымі ў свеце. Па ягонай дакументальна выверанай станковай графіцы можна вывучаць некаторыя старонкі гісторыі ВКЛ і паўстання 1863 - 1864 гг. Прыцягваюць увагу і блізкія стасункі з сынам Адама Міцкевіча - Уладзіславам, сяброўства з баявымі таварышамі па зброі Францішкам Багушэвічам і Людвікам Нарбутам - адным з галоўных "рухавікоў" паўстання 1863 г. Урэшце, без ягонага непасрэднага ўплыву Апалінарый Васняцоў, малодшы брат знакамітага Віктара Васняцова, наўрад ці стаў бы тым выдатным гістарычным жывапісцам, якім увайшоў у гісторыю рускага мастацтва, і г. д.

Словам, лёс гэтага чалавека - па-сапраўднаму цудоўная аснова для прыгодніцкага сцэнарыя біяграфічнага мастацкага фільма, не кажучы пра тое, што ён па праве даўно мог бы стаць і героем кнігі з серыі "Жыццё знакамітых людзей"...

Не буду доўга інтрыгаваць чытача. Імя гэтага чалавека - Міхал Эльвіра Андрыёлі. Рускія яго называлі проста: Міхаіл Францавіч Андрыёлі. Чаму такое нязвычнае для нашага вуха прозвішча? Усё проста: па бацьку ён быў італьянцам. Франчэска Андрыёлі (памёр у маі 1861 г.) паходзіў з цірольскай Брэтонікі, што непадалёк ад горада Равэрэта, на поўначы Італіі. У 1812 г. у чыне капітана 19-гадовы юнак у складзе 4-га (італьянскага) корпуса дывізійнага генерала Яўгенія (Эжэна) Багарнэ ўдзельнічаў у паходзе Напалеона ў Расію, дзе і трапіў у палон. Хутчэй за ўсё, менавіта тут ён сур'ёзна захапіўся рысаваннем і разьбой, бо, асеўшы пасля вызвалення з палону ў Вільні (да радзімы ён так і не даехаў), ужо ў 1818-м быў прызнаным мастаком, здольным працаваць "як з дрэвам, так і з каменем". У 1827 г. прыняў расійскае падданства, ажаніўся, і пасля навучання ў Віленскім універсітэце атрымаў спецыяльнасць рэзчыка па дрэве і скульптара. Нейкі час выкладаў малюнак у Шаўляйскім дваранскім вучылішчы. Забягаючы наперад, скажу, што Франчэска Андрыёлі афармляў скульптурным дэкорам францысканскі касцёл Узнясення Святой Дзевы Марыі ў Вільні, інтэр'ер і вялікі алтар касцёла ў Раўданварысе, касцёл Святога Іаана Хрысціцеля ў Біржах, рэстаўраваў скульптуры і фрэскі ў Віленскім кафедральным саборы.../i/content/pi/cult/315/5524/pic_14.jpg

Зразумела, пасля шлюбу нарадзіліся дзеці. Міхал, які з'явіўся на свет 2 лістапада 1836 года, быў ужо чацвёртым дзіцем у сям'і Франчэска. Праз тры тыдні яго ахрысцілі ў віленскім саборы Святых Станіслава і Уладзіслава ("малая базіліка") ля падножжа Замкавай гары, які быў пабудаваны яшчэ вялікім князем ВКЛ Вітаўтам. Так пачалося ўваходжанне ў жыццё будучага выдатнага мастака Міхала Эльвіра Андрыёлі.

Але, як ні дзіўна, бацька не хацеў, каб сын, які ўжо з ранняга ўзросту цягнуўся да рысавання, абраў ягоны шлях, і, калі прыйшоў час, угаварыў Міхала паступаць у Маскоўскі ўніверсітэт на медыцынскі факультэт: лічыў, што прафесія ўрача больш надзейная. Такім чынам у 1855 годзе Міхал, паспяхова здаўшы экзамены, стаў студэнтам. Але доўга не вытрымаў нуднай для сябе вучобы ў ролі будучага эскулапа: душа яго нястрымна імкнулася да свету прыгожага. І, насуперак волі бацькі, Андрыёлі праз паўгода кідае ўніверсітэт, каб паступіць у Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства, што на Мясніцкай, у клас знакамітага прафесара Сяргея Заранкі, ураджэнца Беларусі. У той час аднакласнікамі Міхала па вучылішчы былі такія пазней вядомыя "зоркі" рускага жывапісу, як Васіль Пяроў, Канстанцін Макоўскі, Леанід Саламаткін.

Яшчэ праз год нястомны Андрыёлі прадоўжыў адукацыю ў пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, дзе за "Партрэт студэнта Кандакова" паспеў атрымаць званне някласнага мастака. Хутка вяртаецца ў Вільню, дзе на мастацкай выстаўцы дэманструе свой першы сур'ёзны твор - "Бітва ліцвінаў з крыжакамі", а потым нейкі час супрацоўнічае ў Варшаве з Людвікам Еніке - першым рэдактарам "Ілюстраванага штотыднёвіка". Відаць, такая работа мала адпавядала яго жаданням, і ён раптоўна ў 1859 г. апынуўся... на студэнцкай лаўцы Акадэміі мастацтваў Святога Лукі ў Рыме! Якраз тут пазнаёміўся са сваімі равеснікамі: архітэктарам і скульптарам Леанардам Марконі і сынам Адама Міцкевіча - публіцыстам, першым біёграфам паэта Уладзіславам (з ім яны сталі сябрамі на шмат гадоў). Паводле сведчанняў сучаснікаў, Андрыёлі здзяйсняў пешыя вандроўкі па ўсёй Італіі, часам паралельна з абозамі Гарыбальдзі.

/i/content/pi/cult/315/5524/pic_15.jpgУ 1861 г. мастак праз Парыж вяртаецца на радзіму. У Вільні ўключаецца ў працу так званых патаемных курсаў навучання польскай гісторыі і культуры, якімі кіраваў пісьменнік і журналіст Аляксандр Здановіч. Там Станіслаў Манюшка выкладаў музыку, паэт, мастак, крытык, сябра Уладзіслава Сыракомлі Адам Шэмеш вёў малюнак, а Андрыёлі вучыў моладзь мастацтву жывапісу. Словам, ад гэтых жыццёвых метамарфоз і пераездаў Міхала галава можа пайсці кругам. Але гэта быў толькі пачатак трывожнага, турботнага жыцця...

Вяртанне Міхала ў Вільню супала з чарговым уздымам вызваленчай барацьбы ў пачатку 1860-х. І, утрапёны, палкі, ён доўга не раздумвае: збірае пад сваім камандаваннем групу з 70 чалавек, і праз нейкі час уліваецца ў атрад інсургентаў пад кіраўніцтвам начальніка паўстанцкіх узброеных сіл Лідскага павета Віленскай губерні, былога падпаручніка, удзельніка Каўказскай вайны, храбрага і мужнага Людвіка Остын-Нарбута. У ягоным атрадзе быў і штаб у складзе кадравых афіцэраў, і свой капелан-ксёндз Ю.Гарбачэўскі, і лекары. Тут жа плячо ў плячо змагаліся Андрыёлі і Францішак Багушэвіч.

Захаваўся загад віленскага генерал-губернатара Назімава ад 12 красавіка, у якім былі такія словы: "Усё скончана. У Літве - парадак. Застаўся адзін Нарбут..." Праз чатыры дні пасля гэтага Рашэннем Віленскага паўстанцкага камітэта Нарбут быў прызначаны галоўнакамандуючым усімі баявымі сіламі інсургентаў Беларусі і Літвы, але ў выніку здрады 5 мая 1863 года загінуў у баі паміж вёскамі Дубічы і Ракі. Андрыёлі, стаўшы сведкам смерці Людвіка Нарбута, цудам ацалеў. Праз некалькі гадоў ён адлюструе гэтую падзею ў кампазіцыі "Смерць Людвіка Нарбута пад Дубічамі". Для даведкі: Людвік Нарбут разам з дванаццаццю сваімі сябрамі быў пахаваны ля Дубіцкага касцёла (цяпер - Варэнскі раён Літвы). Памяць аб тых гераічных часах нацыянальна-вызваленчага руху на нашай зямлі засталася таксама ў таленавітых, вельмі экспрэсіўных, дынамічных творах Міхала Андрыёлі "Атака паўстанцаў" і "Вылазка паўстанцаў".

Так, пасля таго трагічнага бою мастак уратаваўся. Аднак пасля паражэння паўстання Андрыёлі нейкі час давялося хавацца пад прозвішчамі то Маліноўскі, то Бжазоўскі. Ды ў кастрычніку 1863-га яго ўсё ж арыштавалі. Але 1 лютага 1864 г., "апоўдні, пад час агульнай прагулкі пад вокам варты", Андрыёлі бяжыць з турмы! Праз Вільню, Рыгу, Капенгаген дабіраецца да Лондана, а адтуль, у чэрвені 1864-га, пераязджае ў Парыж і жыве на кватэры Уладзіслава Міцкевіча. Але доўга на адным месцы яму не сядзіцца. Летам 1866-га выязджае з Парыжа і, як некалькі гадоў таму Адам Міцкевіч, праз Афіны ды Балканскае ўзбярэжжа дабіраецца да турэцкага Канстанцінопаля, дзе сустрэўся з польскім дыпламатам, доктарам Тадэвушам Окша-Ажэхоўскім, які, як аказалася, быў адначасова і агентам турэцкай разведкі.

Не вядома, да чаго яны там дагаварыліся, але Андрыёлі вяртаўся назад, у Парыж, праз Адэсу і Малдавію. На Падоллі яго выдаў паліцыі нейкі кантрабандыст, які перавозіў падазронага чужаземца да Хоціма. Натуральна, Андрыёлі схапілі і пасадзілі ў Хоцімскую крэпасць. Гэтым разам спроба ўцячы не ўдалася. Міхала злавілі, збілі і перавезлі ў Вільню, дзе яго чакаў прысуд як "шпіёну". А гэта пагражала вельмі жорсткай карай. Якраз тым часам выйшаў царскі маніфест, які прадугледжваў палягчэнне пакарання ўдзельнікам паўстання 1863 - 64 гг. Андрыёлі, што чакаў суда ў турме, вырашыў назваць уладам сваё сапраўднае прозвішча. У ліпені 1868-га яму быў вынесены прысуд: "За ўзброены ўдзел у паўстанні, выкананне абавязкаў камісара рэвалюцыйных улад у Ковенскай губерні пазбавіць ўсіх правоў і выслаць на катаржныя работы цягам 15 гадоў"... Але праз два месяцы жорсцкі прысуд ваеннага трыбунала быў заменены на высылку ў расійскі горад Вятку (цяпер - горад Кіраў)...

(Заканчэнне будзе.)

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"