Навошта “Made in...” у сувенірнай палатцы?

№ 13 (985) 26.03.2011 - 01.04.2011 г

Чаму музеі застаюцца па-за турыстычнай інфраструктурай?

/i/content/pi/cult/315/5504/4-1.jpg

Турызм - з'ява комплексная, якая ўключае ў сябе нямала складнікаў, спалучаных у адзіны непарыўны ланцужок. Адно з такіх звёнаў - гэта музеі, а другое - суб'екты турбізнесу. Узаемазалежнасць - відавочная: турыстычны маршрут патрабуе аб'ектаў паказу, а музеі - наведвальнікаў (і, адзначым у дужках, платных паслуг).

18 сакавіка кіраўнікі найбуйнейшых беларускіх музеяў і дырэктары найбуйнейшых турфірм, якія спецыялізуюцца на гісторыка-культурных маршрутах, сустрэліся на рабочай нарадзе, арганізаванай Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам спорту і турызму краіны. Непасрэдны дыялог паміж гэтымі двума суб'ектамі ў такім фармаце адбыўся, бадай, упершыню.

Месца правядзення нарады было абрана невыпадкова: адрэстаўраваны і музеефікаваны Мірскі замак разам з яго ваколіцамі сам па сабе здатны забяспечыць цэлым шэрагам актуальных тэм для абмеркавання. Невыпадковым быў і час - акурат напярэдадні новага турыстычнага сезона. Таму можна спадзявацца, што пэўныя вынікі пасяджэння ўвасобяцца на практыцы ўжо ў найбліжэйшай будучыні.

Сучасная канферэнц-зала ў старажытным замку прадугледжвае самыя розныя канфігурацыі размяшчэння крэслаў. Гэтым разам яны былі расстаўлены вакол круглага стала, што цалкам адпавядала фармату і характару мерапрыемства.

 - Усе тут сабраныя зацікаўлены ў тым, каб у нашу краіну прыязджала як мага больш турыстаў і каб яе жыхары праяўлялі больш цікавасці да сваёй культуры, - адзначыў у сваёй прамове намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэуш Стружэцкі. - А значыць, мы павінны працаваць разам, выконваючы агульную задачу: выхаванне ў грамадстве павагі да сваёй мінуўшчыны і фарміраванне пазітыўнага іміджа нашай дзяржавы ў свеце.

Як адзначыў у сваёй прамове намеснік міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Чэслаў Шульга, аб'яднанне высілкаў і вырашэнне ўсіх спрэчных пытанняў паміж музеямі і турарганізацыямі будзе на карысць абодвум бакам. Тым больш, сёння ўжо не існуе бар'ера, які яшчэ нядаўна падзяляў сферы турызму і культуры, - размеркавання "заліку" платных паслуг.

Падзел паўнамоцтваў

Адно з самых спрэчных пытанняў ва ўзаемастасунках паміж музеямі і турфірмамі - падзел функцый і сфер дзейнасці. Стандартны варыянт іх размежавання прадугледжвае наступную схему: аператар прывозіць турыстаў да дзвярэй установы і перадае эстафету музейнаму экскурсаводу. Але і адзін, і другі бок імкнуцца ўнесці ў гэтую схему пэўныя ўдакладненні.

Прыкладам, Гомельскі палацавапаркавы ансамбль і сам актыўна выступае ў ролі тураператара. Гасцей сустракае ўласны мікрааўтобус музея, які гатовы павезці іх на экскурсію ў любы пункт Гомельшчыны. А калі аўтобус не задавальняе, могуць і на самалёт пасадзіць - такі турпрадукт таксама ўжо існуе. Але, як запэўніў дырэктар установы Алег Рыжкоў, яна ні ў якім выпадку не адмаўляецца ад супрацоўніцтва з турфірмамі, наадварот - прагне яго актывізаваць, бо адно другому не перашкаджае.

 - Калі турфірмы кажуць: "Дайце нам толькі аб'ект, а мы зоймемся ўсім астатнім", - гэта няправільна, - перакананы дырэктар установы Алег Рыжкоў. - Мы павінны працаваць поруч, ствараючы ўзаемавыгадныя мадэлі супрацоўніцтва...

Некаторыя тураператары імкнуцца атрымаць права правядзення экскурсій і на тэрыторыі музейных комплексаў, тлумачачы гэта не столькі меркантыльнымі выгодамі, колькі нястачай музейных экскурсаводаў: здараецца так, што групе, якая прыехала ў Мір або Нясвіж, даводзіцца чакаць сваёй чаргі і рызыкаваць "выйсці з графіка". На думку дырэктара адной з турфірм Галіны Патаевай, выйсцем з сітуацыі можа стаць атэстацыя экскурсаводаў турфірм на канкрэтных музейных аб'ектах.

Прадстаўнікі аператараў прапанавалі таксама ўвесці практыку выплаты ім камісійных працэнтаў за прададзеныя "оптам" білеты: гэты крок павялічыць прагматычны інтарэс гэтых бізнес-структур "пастаўляць" музеям турыстаў. Як адзначыў Тадэуш Стружэцкі, такія патрабаванні матываваныя: пасярэднік варты ўзнагароджання. Тым больш, падобная практыка існуе і ў іншых краінах.

Увогуле, размеркаванне даходаў у тургаліне - традыцыйны камень спатыкнення паміж турфірмамі і музеямі. Прэтэнзіі адносна яго несправядлівасці выказваюцца з абодвух бакоў. Часам даводзілася чуць нараканні з боку музейшчыкаў: маўляў, стварыць экспазіцыю і арыгінальную праграму куды складаней, чым набраць аўтобус, а прыбыткі ж дзеляцца нават не пароўну... Падаецца, што збалансаваць сітуацыю можа не павелічэнне кошту музейных паслуг або, скажам, увядзенне нейкіх дадатковых адлічэнняў для аператараў (такія прапановы пад час нарады не гучалі, але раней мне даводзілася іх чуць неаднойчы), а выключна развіццё інфраструктуры вакол аб'ектаў паказу. Схема - простая: сродкі паступаюць ад турыста ў муніцыпальны бюджэт, а адтуль, у сваю чаргу, падсілкоўваецца музей.

Ізноў пра інфраструктуру/i/content/pi/cult/315/5504/4-3.jpg

 Намеснік міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Чэслаў Шульга звярнуў увагу на відавочную акалічнасць: перад тым, як турыст наведвае той жа Мірскі замак, ён павінен трапіць у мястэчка Мір.

- І вельмі важна, каб наведвальнікі маглі затрымацца тут як мага даўжэй і патраціць як мага больш грошай, - развіў сваю думку намеснік міністра.

Як сведчаць прыведзеныя ім паралелі з іншымі краінамі, рэзерв такіх магчымасцей на Беларусі папраўдзе вялікі. Відавочны ён пакуль што і ў выпадку ці не самага "турыстызаванага" мястэчка краіны, дзе, уласна, і адбывалася нарада. Пэўныя зрухі тут навідавоку: да прыкладу, з нядаўняга часу турыст можа ўзняць тонус кубачкам добрага эспрэса "з відам на замак". Але апрача "кававай" праблемы, пра якую ў свой час нямала гаварылася і пісалася, засталіся і іншыя - прыкладам, начлег. У леташні турсезон інфраструктура Міра наўрад ці магла задаволіць нават элементарныя патрабаванні незлічоных наведвальнікаў. У першае ж лета па завяршэнні рэстаўрацыі замка яшчэ і не тое будзе!

 Канстатаваўшы, што аб'ёмы ўязнога турызму на Беларусі сёння куды меншыя, чым ва ўсіх суседніх краінах, Галіна Патаева, аднак, прыйшла да высновы аб немінучым росце рынку ў бліжэйшыя гады: яны матывуюцца як транзітным геаграфічным становішчам нашай дзяржавы, так і прагай падарожнікаў адкрываць новыя мясціны.

- І таму варта задацца пытаннем: ці вытрымае такі наплыў інфраструктура краіны? - дадала яна. - І ці гатовы музеі прыняць больш турыстаў, забяспечыўшы іх належным узроўнем паслуг?...

 Толькі адзін працэнт

 Пад час нарады прадстаўнікі тураператараў наракалі на тое, што музеяў на Беларусі замала: маўляў, у Будапешце іх больш за паўсотні, а ў Мінску выбар зусім невялікі. Аднак прамова дырэктара аднаго з найбуйнейшых музеяў краіны - Нацыянальнага гістарычнага - спарадзіла пэўны дысананс такім выказванням.

- Сённяшняя сустрэча засведчыла: рэзерваў для нашага супрацоўніцтва яшчэ вельмі багата, - дыпламатычна пачаў Сяргей Вечар. - На жаль, абсалютная большасць беларускіх музеяў пакуль што знаходзіцца па-за ўвагай турфірм - не толькі ў рэгіёнах, але і ў Мінску. Прывяду сухую статыстыку: летась наш музей наведала каля 150 тысяч чалавек. Кліенты тураператараў склалі меней за 1% ад гэтага ліку! Мы самі праяўлялі ініцыятыву, звярталіся з прапановай аб заключэнні дамоў, але нашы захады плёну не мелі. Турфірмы тлумачаць гэта тым, што наш музей не ўключаны ў іх маршруты. Не буду зараз рэкламаваць сваю ўстанову, але зазначу, што мы можам прапанаваць багата цікавых паслуг. Да прыкладу, неўзабаве плануем адкрыць у дворыку вялікую выстаўку рэтра-тэхнікі - з інтэрактывам і нават салдацкай кашай. Няўжо такі праект не варты ўвагі турыста?

 На жаль, каментарыяў тураператараў да слоў Сяргея Вечара цягам нарады так і не прагучала.

У чырвоны дзень календара

Спецыфіка музеяў - як, зрэшты, і многіх іншых устаноў культуры, - заключаецца ў тым, што найбольшая эфектыўнасць іх працы прыпадае на той час, калі большасць людзей адпачывае. Таму пытанне карэкціроўкі графіка працы музейных устаноў пад час пасяджэння ўзнімалася ўжо не ўпершыню. Балазе і "інфармацыйная нагода" з'явілася.

- Сёння раніцай атрымаў ліст па электроннай пошце, дзе выказваецца скарга адносна графіка працы беларускіх музеяў пад час нядаўніх "доўгіх выхадных", - распавёў Тадэвуш Стружэцкі. - Многія машыны з расійскімі нумарамі прыязджалі да дзвярэй музеяў, а тыя былі зачынены на замок... Лічу, што пытанне выпрацоўкі гнуткага графіка мы павінны разглядаць ужо цяпер, перад пачаткам летняга турсезону...

Дырэктар турфірмы Галіна Патаева са свайго ўласнага досведу можа патлумачыць прычыны "несупадзення графікаў". Адна са спецыялізацый яе аператара - арганізацыя тураў па Беларусі для расійскіх турыстаў. Найбольшы наплыў з-за ўсходняй мяжы назіраецца акурат пад час "доўгіх уік-эндаў" - калі дома сядзець сумна, а далёка з'ездзіць не паспееш.

- Пад час нядаўніх сакавіцкіх святаў наша фірма прыняла каля 800 расійскіх турыстаў, - распавяла Галіна Патаева. - Натуральна, што скласці для іх добрую праграму немагчыма без наведвання музеяў. А большасць з іх па панядзелках і святочных днях не працуе...

На думку дырэктара турфірмы, гэтую акалічнасць можна прадугледзець загадзя: зірнуўшы на каляндар, дзе адзначаны дзяржаўныя святы Расійскай Федэрацыі. Сёлета "доўгіх уік-эндаў" у суседзяў - шэсць, і адпаведныя карэкціроўкі графіка працы музеяў наўрад ці будуць празмерна складанымі.

Зрэшты, дырэктары музейных устаноў ледзь не ў адзін голас адзначылі ў час нарады, што яны не толькі гатовы чула рэагаваць на любыя заяўкі з боку турфірм, а робяць так ужо даўно. Але, у той самы час, музеям патрэбны пэўныя гарантыі таго, што "пазаўрочны" час працы будзе не марны. Пагатоў, ён патрабуе фінансавых затрат - скажам, на прэміраванне супрацоўнікаў.

Яшчэ адзін бар'ер паміж музеем і турыстам - цана білетаў. У некаторых установах яна да смешнага маленькая, а ў некаторых ужо ледзь не дасягнула заходнееўрапейскага ўзроўню.

- Прывяду адзін прыклад. Сярод расіян вельмі папулярным застаецца тур "Брэст - Белавежская Пушча", - кажа Галіна Патаева. - Каб доўгі пераезд з Мінска не быў цяжкім для турыстаў, мы ўключылі ў праграму наведанне Мірскага замка, і гэта надзвычай разнастаіць яе. Таму мы прасілі разгледзець наступны варыянт: магчымасць доступу турыста на тэрыторыю замка за невялікую плату. У праграму гэтага тура мы ніяк не можам уключыць агляд экспазіцыі: не паспяваем па часе...

 Стандартны білет у Мірскі замак без экскурсійнага абслугоўвання сёння каштуе 23 тысячы рублёў. Туды ўключаны агляд усіх музейных экспазіцый - праграма не на адну гадзіну. Адмысловых опцый для тых, хто хацеў бы проста завітаць ва ўнутраны дворык і паехаць далей, пакуль што не прадугледжана. Хаця гэты аб'ект уваходзіць у многія комплексныя маршруты: яго выгаднае размяшчэнне ля буйной магістралі таму спрыяе.

Варта адзначыць, што ў замежных "аналагах" Мірскага замка цанавая палітыка больш гнуткая. Прыкладам, на тэрыторыю польскага Вавеля можна трапіць увогуле задарма, а вось наведанне кожнага з ягоных музеяў абыдзецца ў добрую капейчыну. Напэўна, і ў нашым выпадку важна не "адсякаць" тых турыстаў, якія сёння прыехалі "проста паглядзець", але заўтра могуць абраць Мірскі замак у якасці ўжо не транзітнага пункта, але асноўнай мэты вандроўкі.

Фірмовыя сувеніры замест шырспажыву

 З нядаўняга часу ў папулярных сярод турыстаў мінскіх кавярнях можна заўважыць стэнды з міні-карткамі, якія рэкламуюць беларускія музеі. Гэта відавочнае сведчанне паступовага вырашэння адной з найважнейшых праблем - браку рэкламнай інфармацыі. Чэслаў Шульга прапанаваў яшчэ адзін спосаб сумесных дзеянняў у гэтым напрамку: Міністэрства спорту і турызму заявіла аб гатоўнасці ўзяць на сябе палову выдаткаў на выданне буклетаў або іншыя прома-акцыі музеяў.

Спакваля вырашаецца і іншая злабадзённая праблема - адсутнасць аўдыягідаў. Удзельнікі нарады здолелі праслухаць экскурсію па частцы экспазіцыі Мірскага замка на любой з чатырох моў. А ў Міжнародны дзень музеяў новая паслуга з'явіцца і ў былым палацы Румянцавых і Паскевічаў. У Дзяржаўнай праграме "Культура Беларусі" забеспячэнню гэтымі тэхнічнымі навінкамі нададзена асаблівая ўвага.

Наведаўшы цікавы і адметны музей, многія турысты гатовы ахвотна набыць арыгінальны напамінак - буклет, паштоўку або сувенір. Як адзначыў Тадэуш Стружэцкі, на Беларусі рынак гэтага адмысловага "мерчандайзінгу" сёння пакідае жадаць лепшага. Хаця яго развіццё адпавядае інтарэсам не толькі турыстаў, але, уласна, і саміх музейных устаноў, ствараючы для іх стабільную крыніцу пазабюджэтных паступленняў.

Цяжка не пагадзіцца з тым, што за апошнія гады прагрэс у гэтай сферы - відавочны. Адшукаць латок з сувенірамі сёння можна ля многіх папулярных тураб'ектаў - у тым ліку і ў глыбінцы. Але іх асартымент... Пад час нарады ён неаднаразова станавіўся аб'ектам крытыкі нават з боку тых, каму, здавалася б, няма да гэтага ніякай меркантыльнай справы - прадстаўнікоў турфірм. Паводле іх аднадушнага меркавання, замежныя госці гатовы забяспечыць попыт фірмовым сувенірам таго або іншага музея ці арыгінальным вырабам беларускіх майстроў, а не фабрычнай прадукцыі з таўром "Мade in China"./i/content/pi/cult/315/5504/4-2.jpg

Некалькі разоў пад час нарады прагучала адно і тое ж пытанне: няўжо ля такога аб'екта, як Мірскі замак, нельга было пабудаваць густоўныя сувенірныя лаўкі замест тандэтных палатак?

 Паколькі аўтастаянка, вакол якой канцэнтруецца большасць аб'ектаў "прызамкавай" інфраструктуры, тэрыторыі музейнага комплексу не належыць, гэтае пытанне было адрасавана менавіта мясцовым уладам. І яно не засталося без адказу. Намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Руслан Абрамчык паведаміў, што аўкцыён на права пабудаваць павільёны быў праведзены яшчэ ў 2008 годзе, але... канчатковых вынікаў ён не даў: прадпрымальнікі не выканалі свае абавязкі. Таму гэтыя лапікі зямлі, якія могуць стаць для добрага гаспадара сапраўднай "залатой жылай", ізноў будуць выстаўлены на аўкцыён.

У той самы час, варта заўважыць, што сувенірныя крамы вакол Мірскага замка - гэта аб'ект, які мае не толькі камерцыйны аспект, але і іміджавы. І яго таксама трэба ўлічваць - як пры праектаванні саміх пабудоў, якім, неаспрэчна, павінен быць уласцівы пэўны стыль, так і пры напаўненні іх таварамі. Замежныя турысты рушаць у Мір перадусім дзеля таго, каб адкрыць для сябе беларускую культуру, і важна, каб знаёмства з ёю было шматгранным і без "праколаў".

Шматлікія "гарады майстроў", якія сталі неад'емным пунктам многіх святаў, сведчаць за тое, што айчынныя ўмельцы могуць забяспечыць арыгінальнымі, "аўтарскімі" сувенірамі, не раўнуючы, усю Еўропу. І, у той самы час, замежныя госці, якія не хочуць задавальняцца кітчавым шырспажывам, змушаны доўга шукаць яму альтэнатыву, бо не ведаюць, куды звярнуцца па арыгінальныя вырабы. Можа, стацыянарны "горад (ну, ці хай сабе проста "мястэчка") майстроў" ля Мірскага замка здатны вырашыць праблему, кампактна прадставіўшы ў адным месцы вырабы і ганчароў з Гарадной, і дрыбінскіх шапавалаў, і славутых кавалёў, і бездзежскія фартушкі?..

Натуральна, праблема ўзаемадзеяння розных уласнікаў мае ўніверсальны характар. Многія размешчаныя ў рэгіёнах музеі маюць рэспубліканскае або абласное падпарадкаванне, а вось іх ваколіцы застаюцца ў кампетэнцыі раённых улад.

 - Яны мусяць разумець, што такія музеі - гэта не "іншародныя аб'екты" на іх тэрыторыі, але сапраўдныя "візітоўкі" тых раёнаў і гарадоў, дзе яны знаходзяцца, - падкрэсліў Тадэуш Стружэцкі. - А значыць, мясцовыя ўлады павінны аказваць ім паўсядзённую дапамогу... Безумоўна, такое супрацоўніцтва можа быць узаемавыгадным. І справа нават не толькі ў магчымасці атрымання сродкаў за кошт інфраструктуры. Супрацоўніцтва можа мець безліч розных аспектаў.

Знаёмства ўдзельнікаў нарады з экспазіцыямі Мірскага замка завяршыў міні-канцэрт карэліцкага вакальнага калектыву ў шыкоўным антуражы партрэтнай залы. Дзякуючы Мірскаму замку гэты ды іншыя рэгіянальныя ансамблі могуць разлічваць і на цудоўную пляцоўку для выступленяў, і на прыток новай публікі - прычым нярэдка з разраду VIP. А турысты, у сваю чаргу, атрымаюць адметны пункт у праграме экскурсіі.

Па словах Руслана Абрамчыка, падобных задум ужо багата, і неўзабаве прыспее час іх увасаблення. Актыўны і зацікаўлены ўдзел у пасяджэнні прадстаўніка Карэліцкага райвыканкама сведчыў аб тым, што мясцовыя ўлады не лічаць Мірскі замак "іншародным аб'ектам". Хочацца верыць, што ўсе непаразуменні будуць пераадолены і ў іншых выпадках.

Анімацыя - гэта ажыўленне

 Яшчэ не так даўно першыя прыклады музейнага інтэрактыву падаваліся сапраўднымі дзівосамі, а паўсюдная трасфармацыя традыцыйных экскурсій у адметныя праграмы з элементамі шоу выглядала хіба што далёкасяжнай перспектывай. Але ўвага Міністэрства культуры краіны да ўкаранення музейных інавацый вельмі хутка змяніла статус-кво. Як адзначыў Тадэуш Стружэцкі, пераважная большасць рэспубліканскіх або абласных музеяў ужо сёння мае свае, прывабныя для турыстаў, "разыначкі". І пералік крэатыўных праектаў сапраўды ўражвае. Чаго вартыя хаця б лыжны і веласіпедны маршруты па мясцінах Якуба Коласа!

"Заканадаўцамі мод" у гэтым рэчышчы застаюцца Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, а таксама Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, але ж іншыя ўстановы таксама актыўна апрабіруюць новыя формы працы. Літаратурныя музеі, якім раней быў уласцівы даволі кансерватыўны імідж, - таксама не выключэнне. Непасрэдна пад час нарады супрацоўнікі музея Янкі Купалы прадэманстравалі фрагменты адной са сваіх інтэрактыўных праграм - "Вячоркі ў Вязынцы", завабіўшы ў гульні і шаноўных удзельнікаў пасяджэння.

Падобныя інтэрактыўныя праграмы спрыяюць вырашэнню і яшчэ адной праблемы, таксама агучанай пад час нарады: прыцягненне ўвагі турыстаў да філіялаў літаратурных музеяў, размешчаных даволі далёка ад Мінска. Проста, на экскурсію ў тую ж Вязынку не кожны паедзе, а вось на цікавую імпрэзу - іншая справа.

Прадстаўнікі турбізнесу да гэтых захадаў паставіліся з цікавасцю, аднак звярнулі ўвагу на іх інфармацыйнае забеспячэнне: аператары павінны загадзя ведаць пра запланаваныя імпрэзы, каб паспець сарыентавацца. Напэўна, добрым спосабам наладзіць супрацоўніцтва павінна стаць доўгатэрміновае планаванне ўсіх музейных "вячорак" і своечасовае ўключэнне іх у каляндар турыстычных падзей, які штогадова выдае Нацыянальнае агенцтва па турызме.

Як адзначыў дырэктар турфірмы Аляксандр Варыкіш, арыгінальныя анімацыйныя праграмы - гэта самы дзейсны і самы танны спосаб пераўтварэння "невядомага" ў шырокіх колах музея або помніка спадчыны ў запатрабаваны тураб'ект. Канкрэтны прыклад - Музей-сядзіба Францішка Багушэвіча ў Кушлянах. Раней гэтая адметная ўстанова не магла пахваліцца вялікай колькасцю наведвальнікаў са сталіцы, але пасля таго, як музей стаў месцам дзеяння арыгінальнай анімацыйнай праграмы, аўтобусы туды пайшлі адзін за адным.

 Аляксандр Варыкіш прадэманстраваў прысутным фрагмент адной са сваіх праграм. Ён можа быць сапраўдным узорам жанру: дынамічная дзея, просты сюжэт без намёку на шэкспіраўскія жарсці, стрэлы, звон мячэй... і, разам з тым, шмат цікавых ведаў з беларускай гісторыі, якія перадаюцца зусім не ў фармаце энцыклапедычнага даведніка. На жаль, гэтае спалучэнне атракцыйнасці і пазнаваўчасці ўласцівае далёка не ўсім анімацыйным праграмам, якія даводзілася бачыць у айчынных музеях. Нярэдка яны больш нагадваюць аматарскі спектакль, чым шоу, "заточанае" спецыяльна пад турыста. Хаця такі адмысловы жанр фармулюе свае законы.

 Безумоўна, падобныя своеасаблівыя "практыкумы" - важныя складнікі нарад, прысвечаных турызму. Яны спрыяюць абмену досведам і аналізу даробку іншых. У такой новай для музейнай дзейнасці сферы, як турыстычная анімацыя, сёння гэта папраўдзе неабходна.

 * * *

Тры з лішкам гадзіны нарады, насычаныя дзелавымі прапановамі, прамінулі, аднак размовы ўдзельнікаў працягваліся - ужо ў кулуарах. Дырэктары музеяў і турфірм абменьваліся візітоўкамі, з ходу нараджаліся новыя задумы... Усё гэта сведчыла пра тое, што мерапрыемства было сапраўды патрэбным, і ў перспектыве яно абяцае добры плён.

 - На маю думку, такія нарады павінны праводзіцца рэгулярна, прынамсі, раз на год, - адзначыў дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пракапцоў. - Яны могуць тычыцца і больш канкрэтнай тэматыкі або нават пэўнай музейнай установы. Але відавочна: сустракацца трэба часцей.

...Тыя самыя "гандлёвыя кропкі" на розны капыл, якія абыякавымі вачыма праводзілі ўдзельнікаў нарады з аўтастаянкі ля замка, лішні раз нагадвалі пра тое, што праблемных тэм у музейнай і турыстычнай сферах яшчэ дастаткова...

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Мір - Мінск