Светабудова паводле “ціхага”

№ 11 (983) 12.03.2011 - 18.03.2011 г

“Natur morte” — не мёртвая натура!

/i/content/pi/cult/313/5458/7-1.jpg

Нацюрморт... "Natur morte" - "мёртвая натура"... Так здаўна называюць адзін з жанраў станковага жывапісу (ды і графікі). Можа, для "малых галандцаў" ды іхніх калег з іншых краін гэты тэрмін і справядлівы. Немцы дадзены жанр вызначалі як "ціхае жыццё", што бліжэй да ісціны. Але ў ХХ ст. назва "нацюрморт" стала, па сутнасці, своеасаблівым анахранізмам, бо ён як такі смела перайшоў свае межы, стаўшы сапраўднай карцінай, часам з вялікім філасофска-эстэтычным сэнсам (узгадаем "Нацюрморт. Пра Вялікую Айчынную" М.Данцыга і ягоны ж "Рэквіем" або некаторыя "нацюрмортныя" палотны Л.Шчамялёва ці Г.Вашчанкі).

 Так, нацюрморты бываюць розныя. Адны - сагрэтыя сардэчным захапленнем мастака, пачуццёва-адчувальнай матэрыяльнасцю навакольнага свету; другія - дарункамі зямлі: кветкамі і фруктамі; трэція - рэчамі побыту, якія штодзённа абкружаюць чалавека і прыцягваюць аўтара бясконцай разнастайнасцю адценняў, фактур, паверхняў, форм, у якіх як бы мільгае нябачнае жыццё, што адушаўляе ўвесь прадметны, рэчыўны свет.

Усе гэтыя кірункі ў жанры "natur morte" ўласцівыя і беларускаму мастацтву, аб чым сведчыць цудоўная/i/content/pi/cult/313/5458/7-4.jpg выстаўка, якая сёння працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі. У яго фондах налічваецца звыш 200 палотнаў ХХ стагоддзя, у асноўным другой яго паловы, хаця ў экспазіцыі ёсць і творы 30-х гадоў - А.Астаповіча, У.Ясінскага, М.Тарасікава, Ф.Дарашэвіча. 50-я гады - пачатак росквіту гэтага "ціхага" жанру, яркімі прадстаўнікамі якога з'яўляюцца В.Жоўтак, Я.Раздзялоўская, М.Воранаў, А.Гугель, С.Лі, І.Ахрэмчык, А.Шаўчэнка, Г.Бржазоўскі. А потым прыйшло новае пакаленне, і нацюрморт увабраў у сябе яркі эстэтычна-інтэлектуальны сэнс, дзе значная роля адводзілася сімвалу, алегорыі, метафары, дзе ўласна "інтэр'ерны" і "экстэр'ерны" нацюрморт ператвараецца ў карціну з увядзеннем элементаў пейзажа, партрэта і нават людзей (палотны Б.Аракчэева, А.Малішэўскага, В.Цвіркі, М.Апіёка і іншых).

Я ўжо не кажу пра тое, што "рэчыўны атрыбут" адыгрывае вельмі важную ролю ў любой фігуратыўнай карціне з мноствам фігур, бо "прадмет" ва ўсёй разнастайнасці яго значэнняў патрэбен жывапісцу як важны аспект той рэчаіснасці, якую ён эстэтычна пазнае.

 /i/content/pi/cult/313/5458/7-3.jpgКанешне, цягам апошніх дзесяцігоддзяў змяняліся не толькі метады ды спосабы жывапіснага рашэння беларускага нацюрморта, але і набываўся мастацкі вопыт: у працэсе станаўлення развіваўся больш складаны погляд на свет. Не адзін прадмет як такі, але розныя яго ўласцівасці станавіліся аб'ектам творчага пераўвасаблення, і праз раскрыццё зноў зразуметых якасцей рэчаў выяўлялі сваё, сучаснае стаўленне да рэ/i/content/pi/cult/313/5458/7-2.jpgчаіснасці, пераацэнкі каштоўнасцей, меры разумення рэальнага жыцця. Інакш кажучы, такое простае на першы погляд мастацтва нацюрморта з'яўляецца, у той жа час, вельмі складаным і тонкім, і за яго вонкавымі формамі трэба бачыць больш глыбокі ўнутраны сэнс. Зразумела, калі такія нацюрморты - не проста "штудыі" пастановачнага, вучэбнага характару або "хобі", адпачынак ад цяжкай "карціннай" работы, а твор, у які мастак уклаў сваё ўласнае ўяўленне пра светабудову, пра Сусвет, як гэта, напрыклад, у А.Кішчанкі або А.Кузняцова, чые творы нагадваюць цікавыя эксперыменты, здзейсненыя "на прыродзе".

А яшчэ трэба адзначыць, што ў выяўленчай палітры нацюрморт з'яўляецца лепшым "сродкам" для наватарскіх жывапісна-пластычных пошукаў і знаходак. Дзе, як не ў нацюрморце, можна так паэксперыментаваць з колерам, гармоніяй адценняў, гучнай фактурай, архітэктонікай кампазіцыйнага ладу? І, азіраючыся на мінулае, можна смела сказаць, што беларускія мастакі зрабілі шмат у галіне жывапіснага пазнання свету. Але шлях яшчэ не скончаны. Наперадзе - шмат новых адкрыццяў, і тое, што сёння мы пабачылі ў экспазіцыі, далёка не вычэрпвае ўсіх магчымасцей жыццярадаснага і гуманістычнага мастацтва нацюрморта.

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"