Канцэпцыя сувязей

№ 8 (980) 19.02.2011 - 25.02.2011 г

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Прэзідэнта Літоўскай Рэспублікі Далю Грыбаўскайтэ і народ гэтай краіны з нацыянальным святам — Днём аднаўлення Літоўскай дзяржавы. Пра гэта карэспандэнту “К” паведамілі ў Прэс-службе беларускага Лідара. “Упэўнены, што шматвяковыя традыцыі добрасуседства Беларусі і Літвы і ў далейшым будуць з’яўляцца трывалым падмуркам для ўмацавання плённых двухбаковых сувязей у палітычнай, эканамічнай і культурнай сферах дзеля працвітання нашых краін”, — гаворыцца ў віншаванні.

 

Пра агульныя гістарычныя карані беларусаў і літоўцаў казаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Літвы ў Рэспубліцы Беларусь Эдмінас Багдонас пад час адкрыцця выстаўкі адной карціны, якая адбылася ў сценах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і была прымеркавана да Дня Незалежнасці Літвы.

Твор класіка літоўскага жывапісу Адомаса Варнаса, які выяўляе сцэну каранацыі Міндоўга, быў напісаны ў эміграцыі. Сёння ён знаходзіцца ў калекцыі Мастацкага музея Літвы. Распавёўшы гісторыю паўстання гэтага твора, яго дырэктар Рамуалдас Будрыс звярнуў увагу на тое, што аўтар вельмі грунтоўна паставіўся да вывучэння гістарычных дэталей, неаднаразова звярнуўшыся па кансультацыі да гісторыкаў.

Музычным лейтматывам свята, на якое былі запрошаны прадстаўнікі акрэдытаванага на Беларусі дыпламатычнага корпуса, стаў канцэрт вядомага далёка за межамі Літвы хору хлопчыкаў і юнакоў "Ажуолюкас", праграма якога ўключала, пераважна, творы літоўскіх кампазітараў.

Пад час імпрэзы абмяркоўваліся планы будучага супрацоўніцтва. Тым больш, мастацкія музеі Беларусі і Літвы - даўнія партнёры. У той дзень адбыліся перамовы іх дырэктараў і быў пралангіраваны дагавор аб супрацоўніцтве. Ён уключае, у тым ліку, і стажыроўкі беларускіх рэстаўратараў у Літве.

 Павіншаваўшы суседні народ са святам, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш чарговы раз падкрэсліў ролю культуры ў паглыбленні міжнародных стасункаў. І сапраўды, светлыя залы Мастацкага музея цудоўна пасавалі правядзенню дыпламатычнага прыёму, ствараючы шляхетную і прыязную атмасферу.