Карэкціроўка на карысць “галоўнага капіталу”

№ 6 (978) 05.02.2011 - 11.02.2011 г

Непераадольны бар’ер для “каралеўскіх жырафаў”

/i/content/pi/cult/308/5276/pic_6.jpgЛібералізацыя эканомікі краіны закранула і такую спецыфічную яе сферу, як шоу-бізнес. З 1 студзеня ўступіў у сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 542 "Аб правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў". Па словах начальніка ўпраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Міхаіла Казловіча, асноўная мэта новага Указа - максімальна спрасціць юрыдычныя фармальнасці і, у той самы час, удасканаліць парадак правядзення мерапрыемстваў. Улічыўшы адначасова інтарэсы як арганізатараў, гэтак і аўдыторыі. 

 

Пра істотныя дробязі

Указ стаў інавацыйным нават паводле сваёй назвы - у загалоўках папярэдніх нарматыўных актаў фігуравала паняцце "гастрольна-канцэртная дзейнасць". Цяпер яму на змену прыйшло іншае - "культурна-відовішчныя мерапрыемствы".

- Як паказала сама практыка, з юрыдычнага пункту гледжання, паняцце "гастрольна-канцэртная дзейнасць" досыць няпэўнае, - кажа Міхаіл Казловіч. - І далёка не заўсёды можна дакладна вызначыць яго канкрэтныя межы. Менавіта таму ўзнікла патрэба змены тэрміналогіі.

Паводле вызначэння, культурнамасавым мерапрыемствам з'яўляецца "тэатральная пастаноўка, канцэртная праграма, іншы вынік творчай дзейнасці выканаўцаў і калектываў мастацкай творчасці, разлічаны на публічнае выкананне".

Але практыкаў, вядома, цікавіла перадусім не змена паняццяў ды іншыя юрыдычныя тонкасці. Галоўная інавацыя новага Указа, на якую часцей за ўсё звяртаюць увагу СМІ, - адмена гастрольных пасведчанняў. Хаця не ўсе прамоўтары лічылі існаванне "гастролек" сур'ёзнай перашкодай для сваёй дзейнасці.

- За пяць гадоў нашай працы ніякіх праблемаў з атрыманнем пасведчанняў не ўзнікала, - кажа дырэктар прыватнага канцэртнага агенцтва Аляксандр Багданаў. - Звычайна пытанне вырашалася за нейкія паўгадзіны.

Грашовыя зборы за гастрольныя пасведчанні амаль не ўплывалі на цану білета на канцэрты беларускіх выканаўцаў - для іх дзейнічаў паніжальны каэфіцыент 0,1. У той самы час білеты на выступы замежных гастралёраў станавіліся даражэйшымі прынамсі на некалькі тысяч рублёў. Дробязі, але... непрыемныя.

Народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка ні існавання "гастролек", ні іх адмены асабіста не адчуў:

- У нас ёсць добры дырэктар, які без праблемаў вырашае ўсе юрыдычныя пытанні. Іншая справа - маладыя выканаўцы, у якіх і без "гастролек" багата клопатаў. Вельмі рады, што Указ Кіраўніка дзяржавы спрасціў ім жыццё.

З пачатку года замест атрымання гастрольнага пасведчання арганізатар павінен проста пісьмова ўведаміць упраўленне культуры рэгіёна аб правядзенні імпрэзы не пазней, чым за пяць дзён. І ніякіх грашовых збораў.

Адмену "гастролек" непасрэдна адчулі не толькі прыватныя прамоўтары і асобныя артысты, але і многія дзяржаўныя ўстановы культуры, асабліва ў рэгіёнах.

Падчас абмеркавання заканадаўства ў сферы гастрольнай дзейнасці, якое неаднойчы адбывалася па ініцыятыве Міністэрства культуры краіны, практыкі звярталі ўвагу на адзін прыкры нюанс. Гастрольнае пасведчанне патрабавалася і для правядзення, скажам, канцэрта самадзейных талентаў у сельскім клубе - нароўні з выступамі суперзорак у сталіцы. Бо клуб не мае статуса юрыдычнай асобы, а райаддзел культуры, якому ён падпарадкоўваецца, не быў уключаны ў спіс арганізацый, вызваленых ад неабходнасці атрымання "гастролек". Дакладна тыя самыя праблемы мелі і ўстановы культуры, прыналежныя да прадпрыемстваў або прафсаюзных арганізацый.

Сёння ж яны ўвогуле не маюць ніякага клопату. Паводле новага Указа, калі імпрэзы праводзяцца на ўласнай пляцоўцы, нават паведамляльны прынцып на іх не распаўсюджваецца.

У маштабах краіны ўдасца сэканоміць не адзін кілаграм паперы і не адну гадзіну каштоўнага працоўнага часу. Чаго, уласна, і вымагае абвешчаная Прэзідэнтам Беларусі палітыка дэбюракратызацыі грамадства.

 

Білет як архаізм

Яшчэ адна прыўнесеная новым Указам важная інавацыя тычыцца ўваходных білетаў. Раней яны лічыліся бланкамі строгай справаздачнасці, кожны з якіх трэба было рэгістраваць у падатковай інспекцыі.

- Сёння гэта ўжо архаізм, які супярэчыць сучасным рэаліям, - сцвярджае Міхаіл Казловіч. - Бо многія людзі выбіраюць спосаб набыцця білетаў праз Інтэрнэт, не выходзячы з дому. Гэта і сапраўды вельмі зручна.

Натуральна, што білет, раздрукаваны на хатнім прынтары, штампа падатковай інспекцыі мець не можа. Да нядаўняга часу некаторыя тэатры прапаноўвалі кампрамісны варыянт: купляеш праз Інтэрнэт, а потым мяняеш "віртуальны" дакумент на сапраўдны, які адпавядае ўсім юрыдычным патрабаванням. Але шлях паміж гледачом і артыстам такія нязручнасці, вядома, не спрашчалі. Сёння інтэрнэт-білет займеў належную легітымацыю.

Указ утрымлівае і яшчэ адну прыемную для арганізатараў імпрэзаў дробязь. Яна тычыцца вяртання грошай за білеты, здадзеныя па ініцыятыве гледача - па той прычыне, што "планы змяніліся", або і ўвогуле без усялякай прычыны. Як і раней, здаць іх магчыма, але не пазней, чым за пяць дзён да самой імпрэзы. Аднак цяпер арганізатар канцэрта мае права вяртаць не стопрацэнтны кошт білета, а толькі тры чвэрці.

- Нават сам выраб білетаў прадугледжвае пэўныя выдаткі, не кажучы пра іх распаўсюджванне, - кажа Міхаіл Казловіч. - Дык чаму арганізатары мерапрыемства павінны несці гэтыя страты?

Іншая рэч - калі канцэрт адменены па віне арганізатараў. Зразумела, што ў гэтым выпадку кампенсацыя будзе поўнай. У мінулыя гады часта здаралася так, што навіну пра адмену імпрэзы публіка даведвалася літаральна за колькі хвілін да запланаванага пачатку. А вось адразу вярнуць свае грошы наведвальнікі маглі не заўсёды, і таму ім даводзілася траціць уласны час на візіт у офіс арганізатараў. Новы Указ прадугледзеў гэтую акалічнасць: цяпер арганізатар павінен разлічыцца з гледачамі непасрэдна на месцы. Гэта яшчэ адна прыемная дробязь, але ўжо для спажыўцоў.

Асобны артыкул новага Указа акрэслівае патрабаванні, датычныя як арганізатараў, так і публікі. Ахоўнікі канцэртаў атрымалі нарматыўны акт, на які зручна спаслацца, каб не пусціць у залу чалавека "пад чаркай" - без лішніх сварак і крыўды. У сваю чаргу, арганізатары абавязаны гарантаваць бяспеку гледачоў. Таму практыка "перааншлагаў", калі колькасць прададзеных білетаў перавышае ўмяшчальнасць пляцоўкі, аб'яўлена па-за законам.

Як адзначыў Міхаіл Казловіч, скардзіцца на няроўныя ўмовы з дзяржаўнымі арганізацыямі прыватнікам сёння ніяк не выпадае: заканадаўчыя патрабаванні і варункі працы ва ўсіх абсалютна аднолькавыя.

 

Канкурэнцыя ў інтарэсах спажыўца

Можна прагназаваць, што лібералізацыя заканадаўства ў сферы беларускага шоу-бізнесу немінуча прывядзе за сабою рост канкурэнцыі. У рэгіёнах краіны, дзе ёмістасць рынку невялікая, змаганне за публіку будзе адчувацца асабліва востра. Але Міхаіл Казловіч лічыць, што канцэртнаму жыццю яно пойдзе толькі на карысць. Бо яно стане больш насычаным, разнастайным, актыўным, што станоўча паўплывае ў цэлым на культуру краіны.

Міхаіл Казловіч перакананы, што адносіны паміж дзяржаўнымі і прыватнымі арганізацыямі ў шоу-бізнесе могуць быць не толькі канкурэнтнымі, але і партнёрскімі. Да нядаўняга часу (ці, дакладней, пачатку рамонту) удалым узорам такога супрацоўніцтва быў Купалаўскі тэатр. У вольныя ад спектакляў дні ён пераўтвараўся ў прэстыжную канцэртную пляцоўку, ды і сам раз-пораз выступаў суарганізатарам зусім "няпрофільных" для сябе імпрэзаў.

Але гэты прыклад - хутчэй выключэнне. Зірнуўшы на афішы Мінска, можна заўважыць, што месцам правядзення імпрэзаў зазвычай з'яўляюцца клубы і дыскатэкі. Прычым гэта тычыцца і тых канцэртаў, якія куды прыемней слухаць, седзячы ў мяккім крэсле, чым тоўпячыся на танцполе. Тэатры і Дамы культуры, дзе такія крэслы стацыянарна ўсталяваны, на афішах фігуруюць досыць рэдка. -

Некаторыя дырэктары дзяржаўных канцэртных пляцовак пабойваюцца "маладзёжных" імпрэзаў ды спрабуюць уключыць у цану арэнды кошт яшчэ нікім не паламаных крэслаў,- жартуе Аляксандр Багданаў.- Хаця нярэдка нам удаецца знаходзіць поўнае паразуменне - і, дарэчы, без ніякай шкоды для мэблі. Аднак "цана пытання" ўсё адно досыць вялікая. Я пастаянна арганізоўваю канцэрты беларускіх артыстаў у Расіі ды іншых краінах, і нідзе за мяжой мне не даводзілася сутыкацца з практыкай пагадзіннай аплаты за залу. А ў нас яна ёсць, прычым плаціць даводзіцца нават за той час, які ідзе на мантаж апаратуры. Выніковыя сумы атрымліваюцца празмерна вялікімі, і менавіта гэта прымушае нас часцей звяртацца ў клубы.

Зразумела, што шляхі дзяржаўнапрыватнага супрацоўніцтва не вычэрпваюцца адно банальнай здачай плошчы ў арэнду. Варыянтаў можа быць процьма. Непераадольных юрыдычных бар'ераў для пошуку ўзаемнага інтарэсу сёння не існуе. Ёсць затое шэраг прыкрых дробязей. Іх урэгуляванне - у інтарэсах і прамоўтараў, і артыстаў, і публікі, і, вядома, саміх канцэртных пляцовак, чыя запатрабаванасць сёння ў многіх выпадках далёкая ад стопрацэнтнай.

 

Публіку падмануць цяжка

Не так даўно прыватныя прамоўтары скардзіліся на "зарэгламентаванасць" беларускага заканадаўства ў канцэртнай сферы. Абмяркоўваючы новы Указ, некаторыя з іх выказваюць зусім іншае: маўляў, заканадаўства стала ажно занадта ліберальным! На думку Аляксандра Багданава, ліквідацыя юрыдычных бар'ераў развяжа рукі разнастайным прайдзісветам. А выкліканы імі недавер публікі рыкашэтам ударыць і па сумленных арганізатарах.

Тыповыя спосабы махлярства ў сферы відовішчаў апісаны яшчэ класікамі- згадайма хаця б эпізод з "Прыгодаў Гекльберы Фіна", дзе жулікі сабралі аншлаг на "захапляльную" трагедыю "Каралеўскі жыраф", але замест шэкспіраўскіх жарсцяў няўмела выдурваліся на сцэне. Пра тое, што падобнае магчыма не толькі ў глыбінцы Арканзаса, сведчыць нядаўні выпадак у адным з абласных цэнтраў Беларусі: гастрольны цырк "парадаваў" дзятву не заяўленымі ў афішы экзатычнымі жывёламі, а самотным нецвярозым клоўнам.

Зрэшты, Марк Твен сфармуляваў і сапраўдны "закон жанру": здзек з публікі магчымы... максімум двойчы. Бо ўжо ў трэці раз прайдзісветаў закідаюць памідорамі. Гэтае правіла дзейнічае жалезна. І менавіта таму многія прамоўтары праводзяць канцэрты нават сабе ў страту, каб толькі не рызыкаваць сваім галоўным капіталам - даверам публікі. Бо сапраўдныя дывідэнды прыносіць адно стабільная праца на рынку і, адпаведна, бездакорная рэпутацыя. А "каралеўскія жырафы" асуджаны на хуткае выміранне. Тым болей, махлярства, як і кожнае іншае злачынства, прадугледжвае пакаранне адпаведна з Крымінальным кодэксам.

Анатоль Ярмоленка выказаў іншую перасцярогу - спрашчэнне шляху артыста да гледача можа прывесці на сцэну натоўп бяздарнасцяў. Але працягваючы развагі, кіраўнік легендарных "Сяброў" тут жа сабе запярэчыў. Ён як мала хто іншы ведае беларускую публіку і таму можа з упэўненасцю сцвярджаць: падмануць яе вельмі цяжка. Таму яна сама разбярэцца, за каго "галасаваць рублём" .

Без сумневу, шоу-рынак здатны да пэўнай самарэгуляцыі. Ды і захады па спрашчэнні юрыдычных працэдур у канцэртнай дзейнасці зусім не ставяць перад сабой мэту пакінуць складаныя працэсы ў гэтай сферы на волю ўсім вятрам. Мэта Указа - менавіта ліквідацыя "непрыемных дробязей".