Хаім Суцін. Па той бок міфаў

№ 4 (976) 22.01.2011 - 28.01.2011 г

Яшчэ гадоў пятнаццаць таму пра яго ў Беларусі мала што было вядома. Ды і ў расійскім мастацтвазнаўстве ягонае імя калі і згадвалася, дык толькі ў шэрагу мастакоў-эмігрантаў так званай Парыжскай школы. Між тым, сучаснікі лічылі яго зоркай першай велічыні. Яго высока цанілі Мадзільяні і Пікаса, Лежэ і Цадкін, Фальк і Маціс, Ліпшыц і Мешчанінаў. Канстанцін Каровін лічыў гэтага мастака самым буйным жывапісцам Францыі нароўні з Манэ, Сезанам і Рэнуарам. Карціны нашага героя сёння ўпрыгожваюць лепшыя нацыянальныя і прыватныя музеі ды галерэі Францыі, ЗША, Японіі, Англіі, Германіі, Ізраіля, Італіі. Аднак на радзіме, у Беларусі, няма ніводнага жывапіснага твора, нават малюнка Хаіма Суціна. Зрэшты, як і ў Эрмітажы, Пушкінскім музеі і Трацякоўцы…

/i/content/pi/cult/306/5228/pic_39.jpgЛёс Суціна нагадвае лёс некаторых вялікіх мастакоў мінулага, якія прыйшлі да нас, у XX альбо XXI стагоддзе, пасля пэўнага перыяду забыцця, пасля "другога нараджэння", як гэта здарылася, напрыклад, з Рублёвым, Эль Грэка. Праўда, Суціна і пры жыцці цанілі і разумелі некаторыя калегі-мастакі ды мецэнаты, але пасля смерці ў 1943 годзе ён быў як бы ссунуты на ўзбочыну сусветнага мастацкага працэсу, саступіўшы месца такім грандам жывапісу, як Пікаса, Шагал, Далі, Лежэ, Кандзінскі, Малевіч. Але пасля вайны цікавасць да творчасці Суціна спачатку ўзмацнілася, потым прыціхла, потым зноў узмацнілася, і ў апошнія два дзесяцігоддзі дасягнула літаральна алімпійскіх вышынь. Напрыклад, у Парыжы, на Манмартры, устанавілі бронзавы помнік Суціну, дзе мастак выяўлены ва ўвесь рост, у нізка насунутым на вочы капялюшыку. Таксама і Беларусь, якая за апошнія амаль два стагоддзі не аспрэчвала "пастаянную прапіску" ў чужых краінах столькіх, прыналежных да нашай Бацькаўшчыны, сваіх вялікіх землякоў, пасля вяртання на радзіму імёнаў Ваньковіча, Шагала, Хруцкага, Рушчыца, Семашкевіча і некаторых іншых выдатных асоб, звярнулася да асэнсавання і гэтага імя ў прасторы нашай выяўленчай культуры. І першым значным крокам па ўвекавечанні памяці мастака былі публікацыі ў 90-х гадах мінулага стагоддзя ў газеце "Культура" і іншых рэспубліканскіх выданнях нарысаў пра жыццё і творчасць Суціна і адкрыццё ў 2007 годзе пад эгідай UNESCO і Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі экспазіцыі "Прастора Хаіма Суціна" ў Доме дзіцячай творчасці ў Смілавічах.

І, наогул кажучы, у апошнія гады Суцін неяк знянацку стаў самым важным, значным, папулярным і каштоўным жывапісцам свету. Яго актыўна выстаўляюць у Еўропе і Амерыцы, шмат музеяў мараць мець у сваіх калекцыях творы Суціна, якія сёння каштуюць вельмі дорага. Так, тры гады таму на аўкцыёне "Сотбіс" яго невялічкі "Партрэт мужчыны ў чырвоным шаліку" быў прададзены за 17,2 мільёна долараў. Вядома, што сярод пакупнікоў суцінскага жывапісу - арабскія шэйхі, сям'я Чапліных, Ізабэла Раселіні, Фрэнсіс Форд Копала, вядомы выдавец Галімар. Думаю, гэтыя публічныя асобы ўсведамляюць яго сапраўдную каштоўнасць.

Словы Гамлета "Time is out of joint" (узорна: "Стагоддзе скажонае") - лепшы эпіграф да гратэскавай творчасці Суціна, якая прасякнута адчуваннем непазбежнай катастрафічнасці быцця і не ўпісваецца ў ніякія "-ізмы" ХХ ст., хаця многія мастацтвазнаўцы і спрабавалі "ўціснуць" творцу то ў адзін, то ў другі мастацкі кірунак. Па сутнасці, ён не ўпісваўся ва ўпарадкаваную плынь жыцця, бо быў як бы "рэччу ў сабе", пакутніцкай уразлівай плоццю. Ён мог бы параўнаць сябе з бадлераўскім "бяссільным, нязграбным, смешным" альбатросам, з якога здзекуецца дзеля жарту грубая матрасня. І Суцін, які "лунаў пад навальніцай, ва ўрагане, непакорны лёсу" не мог хадзіць па зямлі "сярод свісту і лаянкі", бо перашкаджалі яму "велізарныя крылы". Вобразна кажучы, ён і быў крылатым вандроўнікам, але меў... звярыную інтуіцыю. Ён, можа, сам таго не ўсведамляючы, падсвядома адчуваў увесь трагізм часу, трагізм жыцця "маленькага чалавека", пакрыўджанага і зняважанага, увесь жах сваёй эпохі. Так жывёлы, птушкі і насякомыя адчуваюць набліжэнне стыхійнага бедства. Таму лёс Суціна, увесь яго душэўны склад, нягледзячы на безумоўнасць позняй славы, у такой жа ступені супярэчлівыя, як ягоны жывапіс, у якім чырванее і палае агнём кожны сантыметр палатна, яскрава выяўляючы разгубленасць і боль усяго нязграбнага, сапсаванага жыцця мастака. Хіба не сведчыць пра гэта хаця б "Аўтапартрэт" 1917 года?

Ну, Пабла Пікаса добра разумеў моц таленту /i/content/pi/cult/306/5228/pic_40.jpgСуціна, калі ў сваёй майстэрні павесіў ягоны трывожны "Парыж уначы". Дарэчы, Пікаса быў з тых нямногіх, хто ішоў 10 жніўня 1943 года за чорным катафалкам з труной Суціна ў бок манпарнаскіх могілак, нягледзячы на страшэнную спёку. Хаця той-сёй з крытыкаў казаў, што Суціна нібы таемна хавалі глыбокай ноччу некалькі чалавек, у тым ліку Пікаса, паэты Макс Жакоб і Жан Както. І што Жакоб адразу пасля пахавання, за агароджай могілак, быў арыштаваны. Таксама няпраўда. Мяне проста бянтэжаць такія вось дзіўныя дэталі. Адкуль яны ўзяты? Жакоб у той час быў далёка ад Парыжа: хаваўся ад немцаў у бенедыкцінскім манастыры Сен-Бенуа-СюрЛуар. Яго ўзялі гестапаўцы толькі ў сакавіку 1944 года і кінулі ў турму Арлеана, а потым - у канцлагер Дранск, дзе ён і памёр. Както таксама адсутнічаў на пахаванні Суціна. А вось Пікаса не спалохаўся расавых законаў фашысцкіх акупацыйных улад і прыйшоў правесці ў апошні шлях свайго сябра маладосці...

...Тады стаяла цішыня, амаль здранцвенне. Трагічны цудадзей, які скінуў з гэтага свету падманлівае покрыва, упершыню, нарэшце, знайшоў спакой у бездані небыцця. Спакой пасля запозненай аперацыі з прычыны абвостранай язвавай хваробы, якая перайшла ў перытаніт... А амаль побач размяшчаліся магілы Гі дэ Мапасана (які пайшоў з жыцця ў год нараджэння Суціна), таго самага "альбатроса", "праклятага паэта" Шарля Бадлера, скульптара Эміля Бурдэля, кампазітара Каміля Сен-Санса. Праз 24 гады тут з'явілася і магіла сябра і земляка Суціна - выдатнага мастака ХХ ст. Осіпа Цадкіна...

З таго дня, мабыць, і сталі паступова нараджацца першыя легенды і міфы пра вялікага дзівака са Смілавічаў. І што атрымлівалася? У шматлікіх еўрапейскіх артыкулах, альбомах, мастацтвазнаўчых даследаваннях, энцыклапедыях пачалі сустракацца, напрыклад, такія перлы: Суцін- "выхадзец з літоўскай вёскі Смілавічы паблізу Мінска"; "нарадзіўся ў Вільнюсе"; "памёр ад пухліны, якая з'ела ягоны мозг"... Пішуць аб "літоўска-яўрэйскім" або "расійска-яўрэйскім паходжанні" творцы - і ні слова пра тое, што яго радзіма ўсё ж- этнічная тэрыторыя Беларусі. Так, сапраўды, яна ў момант з'яўлення на свет мастака была ўжо сто гадоў пад Расійскай імперыяй. Этнічная Беларусь бадай ніколі не называлася біёграфамі Марка Шагала, Аскара Мешчанінава і Осіпа Цадкіна, Аляксандры Экстэр, Марка Роткі, Жака Ліпшыца, Льва Бакста і Іллі Гінцбурга, іншых выбітных выхадцаў з нашай зямлі...

А вось яшчэ адна тыповая збітая фраза, якая стала хадзячай у суцінскай біяграфіі: "...Нарадзіўся ў глухім, Богам забытым мястэчку Смілавічы". А адзін з "суціназнаўцаў" нават дадаў, што вокны дома Суціных у Смілавічах выходзілі проста... на Заходнюю Дзвіну! Якая Дзвіна? Там працякае Волма! А што да "глухога мястэчка", дык скажу для будучых біёграфаў мастака, асабліва- для замежных, наступнае. Смілавічы, што знаходзяцца за 32 кіламетры ад Мінска, пры шашы Мінск- Магілёў, вядомыя з канца аж XVI ст. як ліцвінская (не літоўская!) вёска Мінскага павета. У розныя часы ёй валодалі Бакштанскія, Сапегі, Завішы, Агінскія, Манюшкі. З 1795 года Смілавічы былі цэнтрам воласці Ігуменскага павета. У год нараджэння Хаіма Суціна - гэта значыць, студзень 1893 года - тут размяшчаліся больш за 500 двароў і жыло каля 3500 жыхароў, працавалі два земскія народныя вучылішчы, дзве царкоўна-прыхадскія школы, мячэць, пяць яўрэйскіх малітоўных дамоў, царква, касцёл Святога Вінцэнта і кляштар місіянераў, які можна пабачыць на малюнку Напалеона Орды 1870 года. Было таксама некалькі крамаў, гарбарняў, дзве карчмы і іншыя выгоды. А яшчэ суконная фабрыка - прататып сённяшняй знакамітай валюшна-лямцавай фабрыкі, дзе робяць валёнкі, вельмі запатрабаваныя турыстамі.

Яшчэ падкрэслю, што на вачах маленькага Хаіма ў Смілавічах ішло будаўніцтва новага двухпавярховага рэпрэзентатыўнага будынка Манюшкаў побач са старым палацам, у якім увасобілася праца трох знакамітых пакаленняў Манюшкаў і Ваньковічаў. Тут калісьці былі бальная зала з каштоўнымі люстрамі і більярднай, шмат карцін, сярод іх зіхацела палатно Валенція Ваньковіча "Адам Міцкевіч на гары Аю-Даг", аматарскі тэатр, якому маглі пазайздросціць і акцёры-прафесіяналы, а таксама шмат старажытных рукапісаў і архіваў ВКЛ. Я ўжо не кажу пра цудоўны парк з экзатычнымі дрэвамі і ліпавымі алеямі, якія цягнуліся на сотні метраў, аж да ракі Волмы. Кажуць, што ад той алеі і сёння захаваліся некаторыя дрэвы: чорная сасна, піхта аднакаляровая, лістоўніца Кемпфера, клён серабрысты і белая шаўкоўніца.

Большасць даследчыкаў творчасці Суціна піша, што мастак ніколі не згадваў сваю малую радзіму і сваё дзяцінства. І зноў не так. Узгадваў, і неаднойчы, асабліва - у размовах з блізкімі сябрамі ды сяброўкамі, адной з якіх была Марыя Вараб'ёва-Стэбельская - знакамітая Марэўна, аўтарка цікавых мемуараў "Маё жыццё з мастакамі "Вулля". Вось фрагмент з гэтай кнігі: "Ведаеш, Марэўна,- сказаў мне Суцін у час нашай апошняй сустрэчы ў Парыжы, - мне і сёння па-ранейшаму тужліва думаць аб тым, як маці адмаўляла сабе ва ўсім дзеля мяне. Пракарміць адзінаццаць дзяцей! Нават больш - дванаццаць: мой бацька быў як дзіця. Заўсёды галодны. Ён часам адбіраў у мяне крыхі ежы проста з талеркі. Як маці было бачыць усё гэта? І яна, няшчасная, аддавала мне апошняе. Я ўпэўнены, што яна памерла ад ліхіх прыгод!.." І яшчэ: "Суцін любіў расказваць пра дзяцінства і юнацтва, пра працу і свае надзеі, пра мастакоў і іншых людзей. Я адчувала ў ім адзіноцтва аблуднай душы..."

 Мне думаецца, дзіцячыя перажыванні, вечныя абразы (у сям'і Хаіма называлі слімаком, паразітам, дармаедам, які малюе чорт ведае што, замест таго, каб вучыцца кравецтву) пакінулі ў Суціна незагойную рану на ўсё жыццё, што, магчыма, і адбілася на "псіхалогіі" яго нязвычнага жывапісу, дзе рэалістычныя і фантастычныя вобразы часцяком даведзены да моцнага гратэску.

У 1907-м 14-гадовы Хаім апынуўся ў Мінску, дзе, можна сказаць, выпадкова стаў наведваць (разам з Міхаілам Кікоіным- паводле розных крыніц - юнаком ці то з Гомеля, ці то з Рэчыцы, будучым "прынцам французскага жывапісу") прыватную Рысавальную школу мастака Янкеля (Якава) Кругера, якая тады знаходзілася па вуліцы Петрапаўлаўскай, у доме Ф.К. Венгржэцкага (цяпер - вугал праспекта Незалежнасці і вуліцы Энгельса па няцотным баку). "Калі я вучыўся ў школе, у Мінску,- расказвае Суцін Марэўне, - нас, канешне, прымушалі маляваць, і настаўнікі лаялі мяне за тое, што я маляваў не як усе. Запэўніваю цябе (г. зн., Марэўну. - Б.К.), я мог, але не так, як ім хацелася, і не так, як гэта рабілі іншыя. А калі трэба было нарысаваць вугалем якоганебудзь Апалона, Венеру або Мінерву,- якую я атрымліваў асалоду! Я рысаваў для іх багоў! Яны ўсе былі падобны да старых са Смілавічаў!"...

 У 1910 годзе пры матэрыяльнай падтрымцы аднаго добрага чалавека абодва яны - Суцін і Кікоін- выправіліся ў Вільню і паступілі ў Рысавальную школу вядомага настаўніка і мастака Івана Трутнева, дзе праз пару дзён пазнаёміліся з Паўлам (Пінхусам) Крэменем, родам з мястэчка Жалудок Віленскай губерні (цяпер - Гродзенская вобласць). Падкрэслю, што ўсе тры, ураджэнцы Беларусі, праз які-небудзь дзясятак гадоў зробяцца свяціламі найноўшага французскага жывапісу ХХ стагоддзя...

(Працяг будзе.)

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"