“Опцыі” і “слабыя звёны” рэліктавага млына

№ 4 (976) 22.01.2011 - 28.01.2011 г

Музейны дызель патрабуе і турыстычнага паліва

/i/content/pi/cult/306/5221/pic_21.jpgСайт Заслаўскага гісторыка-культурнага музея-запаведніка можа стаць добрым узорам нават для сталічных устаноў культуры. Інфармацыі там - багата, дызайн для вока прыемны, тры мовы (прычым галоўная - менавіта беларуская!)... Адпаведна, не выходзячы з дому, можна даведацца пра тое, што апрача гарадзішча часоў Рагнеды ды ўнікальнага кальвінскага збору ў Заслаўі ёсць і нямала іншых цікавостак. У прыватнасці - паравы млын, які акурат летась адсвяткаваў сваё стагоддзе. Калі верыць музейшчыкам, ён здатны працаваць і сёння. Больш за тое: гэта ці не адзіны аўтэнтычны млын на Беларусі, які сёння функцыянуе! Аднак, на жаль, убачыць памол зерня на ўласныя вочы турысты пакуль не могуць. Чаму? Пошукі адказу на гэтае пытанне нагадалі мне выправу ў гіпермаркет: прыйшоў, нібыта, па зубную шчотку, а выходзіш з поўнымі клункамі. Бо, як гэта звычайна здараецца, кожная праблема цягне за сабою цэлы воз падобных...

 

Пад пагрозай вымірання

Намеснік дырэктара музея-запаведніка Наталля Стрыбульская распавяла, што на пачатку ХХ стагоддзя паравых млыноў на Беларусі было пад тры сотні. Сёння - фактычна адзін. Ветракі і вадзяныя млыны таксама пад пагрозай поўнага вымірання. Пазбаўленыя ўтылітарнай функцыі, амаль усе гэтыя "рудыменты" мінулай эпохі стаяць занядбаныя і спакваля руйнуюцца.

Пакуль што ў краіне іх шмат, але... Калі сёння не ўнесці млыны ў сімвалічную Чырвоную кнігу, неўзабаве гэты "тыповы" від помнікаў даўніны стане "рэдкім", а потым і "адзінкавым". Варта дадаць, што многія адметныя сваёй архітэктурай млыны (як, напрыклад, у вёсцы Зябкі, што на Глыбоччыне) не адзначаны ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурнай спадчыны, і таму іх ахоўваць, атрымліваецца, ніхто не абавязаны.

Зрэшты, лёс іншых млыноў склаўся больш спрыяльна. Скажам, у ашмянскім была створана стыльная кавярня з адпаведным антуражам. Куды больш пашчасціла пастаўскаму і браслаўскаму млынам: лепшага прыстасавання для гэтых будынкаў за дамы рамёстваў нават і не прыдумаеш. Але заслаўскаму млыну пашанцавала ўсё ж яшчэ болей: ён не толькі трывала стаіць на спрадвечным месцы, але і захаваў свае адпачатныя функцыі!

Пасля таго, як у гарадку паўстаў музей-запаведнік, закінуты млын быў даведзены да ладу і "аброс" аўтэнтычнымі свірнам і кузняй, якія прывезлі з іншых мясцін, а таксама адноўленай паводле старых узораў хатай завозніка (своеасаблівым гатэлем для сялян, што прыехалі на млын). Разам утварыўся неблагі этнаграфічны комплекс, які штогод наведвае каля 30 тысяч чалавек.

Заслаўскі музей-запаведнік быў адным з піянераў анімацыйных праграм. Адна з іх ладзіцца акурат тут ды прадугледжвае, сярод іншага, знаёмства са свірнікам - адмысловай разнавіднасцю дамавога, - ды лёгкі пачастунак у завознай хаце, дзе праходзяць і батлейкавыя спектаклі. А таксама - грунтоўны расповед экскурсавода пра млынавыя тэхналогіі. Але... лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць.

Ля драўлянага будынка млына- польскі дызель, выраблены ў 30-я гады. Ягоны сабрат калісьці стаяў унутры, пакуль не саступіў месца электраматору. Як распавядаюць мясцовыя жыхары, у нестабільныя гады перабудовы ў 1980х млын пэўны час нават працаваў па прызначэнні! Хутчэй за ўсё, спецыялісты маглі б хутка запусціць яго і сёння.

Але, на думку намесніка дырэктара ўстановы, рабіць гэта пакуль што зарана, бо папярэдне належыць вырашыць куды больш злабадзённыя праблемы.

 Адна з іх - бягучы рамонт. Драўляны будынак патрабуе яго рэгулярна. Сёлета адно бервяно падгніла, налета іх будзе ўжо тры... І такія бярвенні сямтам праглядаюцца. Ліквідацыя "слабых звёнаў" адбываецца куды павольней, чым з'яўленне новых.

Прычына - нястача грошай. Але бракуе не толькі іх. За млыном - аднапавярховая прыбудова, дах якой можна добра разгледзець з зямлі. Уражанні ад яго можна акрэсліць ёмістым словам "халтура": роўна падагнаць адну дошчачку да іншай "майстрам" было відавочна не пад сілу.

Няўжо гэта самі будаўнікі гэтак схібілі стагоддзе таму? Ды не. Як патлумачылі супрацоўнікі музея, тую страху мінулым летам перакрывалі наноў! І сапраўды: калі прыгледзецца, відаць, што дошчачкі яшчэ зусім свежыя. Але некаторыя ўжо "паплылі"...

Знайсці добрых падрадчыкаў, якія спецыялізаваліся б менавіта на рэстаўрацыі драўлянага дойлідства, сёння не так і лёгка. Хаця попыт на іх працу - пастаянны. І асабліва гэта тычыцца тураб'ектаў. Намеснік дырэктара музея прыгадала неаспрэчную ісціну: папулярнасць помніка спадчыны наўпрост не спрыяе яго захаванню.

- Па сутнасці, ужо сёння млын не вытрымлівае наплыву турыстаў,- кажа Наталля Стрыбульская. - Усё ж гэты аб'ект ад пачатку не быў разлічаны на сотні наведвальнікаў штодзень.

Як знайсці аптымальнае выйсце з такой сітуацыі? Галоўны спецыяліст Нацыянальнага цэнтра даследаванняў і дакументацыі гістарычных помнікаў Варшавы Лідзія Клюпш, якая рэгулярна выкладае ў "Нясвіжскай акадэміі", параіла карэспандэнту "К" добры рэцэпт - дыферэнцаваную цанавую палітыку. Прынцып просты, банальны і дзейсны: хочаш дадатковых "опцый" - плаці больш!

Як варыянт, можна ўявіць наступную схему. Аддаўшы "базавыя" дзве тысячы, турыст пачуе аповед пра млын на першым яго ярусе. Большасць гэтым і задаволіцца. А тым, хто не пашкадуе куды большай сумы, пакажуць не толькі ўсе тры паверхі, але і сам механізм у дзеянні. Ахвотныя здолеюць нават паспытаць сябе ў ролі млынара і з галавы да ног перапэцкацца мукою. А потым будзе пачастунак гарачым хлебцам мясцовай вытворчасці.

Паводле даўняй задумы, у склад этнаграфічнага комплексу павінна была ўвайсці і пякарня. Тут прасочваецца непахісная логіка і "вытворчы ланцуг". Ды, на жаль, ідэя пакуль не ўрэчаіснена.

Дырэкцыя музея сёння думае пра іншае: адгарадзіць тэрыторыю комплексу добрым тынам - стылізаваным пад даўніну, але, у той самы час, досыць трывалым, каб засцерагчы комплекс ад пранікнення аматараў "імправізаваных пікнікоў", якія рэгулярна пакідаюць па сабе гурбы смецця. Сам паркан каштуе няшмат, а вось ПКД абыдзецца значна даражэй.

 

У трох залах не заблукаеш... /i/content/pi/cult/306/5221/pic_22.jpg

Дырэктар музея-запаведніка Мікалай Паграноўскі не надта любіць распавядаць аб праблемах сваёй установы. Куды болей ахвотна ён дзеліцца планамі на будучыню. Прыкладам, ёсць жаданне адкрыць новыя філіялы: мастацкую галерэю, музей керамікі... Таму ўстанова ўжо каторы год дабіваецца пашырэння плошчаў, намагаючыся перадачы на свой баланс некалькіх будынкаў у цэнтры горада. На думку Мікалая Паграноўскага, яны прынясуць куды большы плён грамадству менавіта ў складзе музея-запаведніка.

Па шчырасці, жаданне "пашырацца" падалося мне не больш чым здаровымі амбіцымі. Бо на паверку музей-запаведнік і без таго ўяўляецца даволі вялікім: ён мае ажно чатыры складнікі-філіялы. Але... Калі пазнаёміцца з яго працай не толькі праз Інтэрнэт, можна лёгка прыйсці да высновы, што заваёва новых плошчаў- гэта не амбіцыі, а рэальная патрэба.

Цэнтральны аб'ект музея - выставачны комплекс у двухпавярхоўцы на галоўнай плошчы. Там наведвальніку прапануецца ўсяго тры невялікія залы. У адной дэманструюцца шыкоўныя габелены, у другой - унікальная калекцыя народных музычных інструментаў, сабраная у свой час Уладзімірам Бярберавым, а ў трэцяй...

- Гэтая зала была разлічана адмыслова для твораў Алены Кіш, аднак мы вымушаны выкарыстоўваць яе для зменных выставак, - кажа Наталля Стрыбульская. - Бо іншай магчымасці рэалізоўваць свае шматлікія праекты ў нас папросту няма...

Без сумневу, маляванкі самабытнай мастачкі, амаль уся выяўленая спадчына якой знаходзіцца менавіта ў калекцыі заслаўскага музея, маглі б экспанавацца і стацыянарна. Балазе попыт на такі эксклюзіўны "прадукт" - нязменны. Як, зрэшты, і на творы Язэпа Драздовіча, якіх у фондах установы ажно 30. А ўсяго ў сховішчах - больш за 16 тысяч артэфактаў!

- Пасля таго, як мы адкрылі новы філіял - Дзіцячы музей міфалогіі і лесу,- колькасць наведвальнікаў адразу ўзрасла працэнтаў на 30,- кажа Мікалай Паграноўскі. І гэта сур'ёзны аргумент.

Але сёння ў музейных плошчах не адлюстравана нават гісторыя самога Заслаўя- ад "жарсцяў па Рагнедзе" і да ціхмянага жыцця мястэчка часоў Расійскай імперыі. Дарэчы, апошні перыяд можна было б "музеефікаваць" і ў натуральным асяроддзі: у цэнтры гарадка захавалася некалькі тыповых хацін канца ХІХ стагоддзя. У якасці жытла яны ўжо маральна састарэлі, і таму ім даўно пара ператварацца ў адметнасці.

 

/i/content/pi/cult/306/5221/pic_23.jpgМары пра замак у драўлянай хаце

З перыядам ранняга Сярэднявечча, вядома, куды складаней. Але дух летапіснай даўніны турыст можа адчуць на адкрытых усім вятрам валах гарадзішча "Замэчак", што паўстала ажно ў Х стагоддзі. Ужо болей за 15 гадоў таму чакае свайго часу праект яго музеефікацыі. Ён вельмі асцярожны: ніякіх бутафорскіх "навабудаў"!

- "Замэчак" - унікальны нават у сусветных маштабах помнік археалогіі, і таму ён цалкам самадастатковы,- пераканана Наталля Стрыбульская.

 З такой пазіцыяй цяжка не пагадзіцца. Але калі распрацоўваўся праект, мультымедыйныя тэхналогіі былі толькі ў зародкавай стадыі. Сёння яны маглі б запоўніць брак выразных ды пераканаўчых сведчанняў уражальнай даўніны горада. Але, ізноў жа, - усе "віртуаліі" патрабуюць рэальнай плошчы. І рэальных сродкаў на ўвасабленне.

Мікалай Паграноўскі дзеліцца і сваёй далёкасяжнай марай: гэта аднаўленне заслаўскага замка на валах другога гарадзішча, дзе сёння самотна высіцца былы кальвінскі збор. Ужо нават і эскізны малюнак ёсць. А таксама - планы па музеефікацыі. Выглядае шыкоўна, гучыць пераканаўча...

Крэатыўныя ідэі, якіх у супрацоўнікаў музея - вялікае мноства, мы абмяркоўвалі ў дырэкцыі ўстановы, што месціцца... у звычайнай драўлянай хаціне.

Перапыніўшы творчыя дыскусіі, запытаў, ці ёсць у музеі-запаведніку ўласны транспарт (у дужках варта адзначыць, што адлегласць паміж яго будынкамі часам вымяраецца ў кіламетрах). Як выявілася, дапатопны "Кубанец" мог бы паспяхова папоўніць музейныя фонды. А вось ездзіць на ім ДАІ забараняе...

Заслаўскі музей-запаведнік - ці не самая маштабная ўстанова такога профілю ў краіне, якая мае толькі раённы статус падпарадкавання. Натуральна, гэтая сумнеўная "адметнасць" даецца ў знакі. Бо многія праблемы на ўзроўні раёна не вырашыць - пры ўсім жаданні зацікаўленых бакоў.

Зрэшты, статус - гэта юрыдычная фармальнасць. Бо насамрэч музей-запаведнік працуе не толькі на Мінскі раён, а фактычна на ўсю краіну. Пра гэта сведчыць хаця б лік наведвальнікаў - прыкладна 35 тысяч штогод. Але ён можа быць і яшчэ большым. Адкуль такое безапеляцыйнае сцвярджэнне? Аргументы тут - навідавоку.

У выхадны дзень жыхары двухмільённага Мінска маюць натуральную патрэбу хаця б ненадоўга вырвацца са звыклага асяроддзя. Адзін з найпрасцейшых варыянтаў яе задавальнення - менавіта вандроўка ў Заслаўе. Маршрутка з мінскага вакзала ідзе туды нейкую палову гадзіны - нават менш, чым у некаторыя мікрараёны сталіцы. Палова гадзіны - і ты ўжо сапраўдны турыст! Праграмы хопіць на дзень.

Многія замежнікі, з якімі даводзілася сустракацца ў Мінску, скардзіліся на нястачу часу, каб убачыць і беларускую "глыбінку". Каб наведаць Заслаўе, дастаткова нават трохгадзіннай "форткі" ў праграме навуковай канферэнцыі.

Зрабіўшы восем гадоў таму грунтоўны аналіз турыстычнага развіцця Заслаўя, карэспандэнт "Культуры" прыйшоў да несуцяшальных высноў. На шчасце, з таго часу многае змянілася. Папіць кавы ды пад'есці ў гарадку сёння ўжо не праблема. Дый і сам ён стаў куды больш дагледжаны.

Праграма, якую можа прапанаваць турысту Заслаўе, і цяпер уражвае сваёй арыгінальнасцю ды разнапланавасцю. Яна ўключае не толькі старадаўнія помнікі археалогіі ды архітэктуры, але і музеефікаваны дот лініі Сталіна, той жа Музей міфалогіі і лесу... І, вядома, унікальны млын, які добра ўпісваецца ў палітру адметнасцей. Але, без сумневу, турыстычны патэнцыял старажытнага гарадка яшчэ далёка не вычарпаны. Канчатковае пераўтварэнне гэтага сціплага "прыдатка" да сталіцы ў сапраўдны турцэнтр вымагае нямала высілкаў.