“Я — беларускі мастак Пётра Сергіевіч”

№ 3 (975) 15.01.2011 - 21.01.2011 г

“Не парвалася мая сувязь з родным кутом…”

/i/content/pi/cult/305/5210/pic_10.jpg

(Заканчэнне. Пачатак у №№ 1 - 2.)

І ўсё ж у чужым, халодным і галодным, Петраградзе Пётра надоўга не затрымаўся. З'ехаў бліжэй да дому, у Вільню, дзе жыў яго старэйшы брат-чыгуначнік. Працуючы некаторы час рабочым у дарожнай канторы, Пётра вечарамі наведваў курсы ў прыватнай Вольнай мастацкай студыі Адама Варнаса, пакуль Вільня не адышла да Польшчы. Што яму заставалася пасля таго, як Варнас выехаў у Коўна і школа была расфарміравана? І ён, не маючы закончанай сярэдняй адукацыі, усё ж рызыкнуў: з папкай малюнкаў і эцюдаў пад пахай пераступіў парог Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя. І - хто б мог падумаць! - без праблем стаў вольным слухачом мастацкага факультэта ў знакамітага дэкана - прафесара Фердынанда Рушчыца. А побач - прафесар Бенедыкт Кубіцкі і Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч, таксама не апошнія настаўнікі. Але найбольшы ўплыў на станаўленне творчай асобы студэнта аказаў, канешне ж, Рушчыц. "І сёння, з перспектывы далёкага часу, мне здаецца, што, каб не Рушчыц, не атрымаў бы я мастацкай адукацыі, не пераадолеў бы тых перашкод, якія ў мяне тады існавалі, каб нармальна вучыцца", - узгадваў Пётра Аляксандравіч. Але маладосць ёсць маладосць: душа патрабавала чагосьці большага, радыкальнага, і рвалася ў Еўропу, дзе нараджалася новае мастацтва...

 Такім чынам, на трэцім годзе навучання Сергіевіч з некалькімі сябрамі-аднадумцамі раптоўна "зняўся з якара" і махнуў у Кракаў, каб папоўніць свае веды ў Акадэміі мастацтваў. Спачатку засвойваў тэхніку малюнка ў прафесара Ю.Панкевіча - вучня самога Яна Матэйкі. Сяктак правучыўся год. І тут прыйшло нейкае невытлумачальнае расчараванне. Летам паехаў на канікулы ў Вільню, але назад ужо дарогі не было. "Не маючы матэрыяльных сродкаў, на другі год у Кракаў не паехаў,- піша Сергіевіч у аўтабіяграфіі. - Застаўся ў Вільні. Вярнуўся на мастацкі факультэт, у якім за год адбыліся некаторыя змены... З 1926-га па 1928-ы вучыўся ў майстэрні прафесара Сляндзінскага". Мастак меў на ўвазе паляка Людаміра Сляндзінскага (не блытаць з вядомым жывапісцам, яго бацькам, - Вацлавам Сляндзінскім), які, мне здаецца, таксама паўплываў на Сергіевіча, асабліва- у выкарыстоўванні мяккай вохрыста-залацістай колерарытмікі. У гэтым сэнсе можна ўзгадаць хаця б знакамітае, вельмі прыцягальнае палатно Людаміра Сляндзінскага пад назвай "Садоўнікі"...

Трэба сказаць, што з сярэдзіны 20-х гадоў Вільня стала цэнтрам грамадскага руху, які імкліва набыў агульнанародны рэвалюцыйна-вызваленчы характар. Як вядома, у 1921 годзе, паводле Рыжскага мірнага дагавора, заходнебеларускія землі з 28 паветамі Віленскага, Навагрудскага, Палескага і Беластоцкага ваяводстваў з насельніцтвам больш за 4,5 мільёна чалавек апынуліся (да верасня 1939-га) у складзе Польшчы. І тады пачалося актыўнае супраціўленне беларусаў супраць жорсткай польскай каланізацыі, за самавызначэнне Заходняй Беларусі. Сёння кожнаму школьніку вядомыя такія гістарычныя падзеі таго часу, як судовы працэс над Сяргеем Прытыцкім, паўстанне рыбакоў на возеры Нарач, грамадска-гуманітарная дзейнасць Браніслава Тарашкевіча, Язэпа Драздовіча, маладых Максіма Танка, Рыгора Шырмы, Міхася Васілька і г. д. Аднак, з пункта гледжання мастацкіх працэсаў, якія адбываліся ў Заходняй Беларусі ў той адрэзак часу, скажу: гэты перыяд і сёння яшчэ не зведаў глыбокага прафесійнага даследавання, таму і некаторыя імёны таленавітых жывапісцаў ды графікаў заставаліся як бы па-за рамкамі беларускага мастацтва ХХ ст. Я маю на ўвазе такіх творцаў з індывідуальным светапоглядам на гісторыю краіны, прыроду і свет, як М.Сяўрук, П.Южык, С.Вішнеўскі, З.Крачкоўскі, Р.Семашкевіч, М.Васілеўскі, Я.Горыд, Ю.Краеўскі.

У гэтым шэрагу - і Пётра Сергіевіч. Менавіта ў гэты час распачынаецца яго актыўная творчая дзейнасць, хаця жыццё маладога чалавека было вельмі складаным: не было дзе жыць, не было пастаяннай прапіскі ў Вільні... Праўда, з дапамогай блізкага сябра - мастака Вітаўтаса Кайрукшціса - творца знайшоў памяшканне для майстэрні і "падпольнага" начлегу ў закінутым пустым магазіне на вуліцы Якуба Ясінскага. У гэтай "пуні", якая была пяць метраў у вышыню і мела вялізныя вокны-вітрыны, малады мастак правёў цэлых пяць гадоў, абвесіўшы сцены эцюдамі, партрэтамі, малюнкамі. Летам ён з'язджаў у родную вёску, да маці, але зімой у памяшканні, якое кепска ацяплялася, прыходзілася вельмі цяжка. "Гэта былі для мяне пераломныя гады. Вялікае жаданне вучыцца, здабыць мастацкую адукацыю, а з другога боку- беднасць, матэрыяльныя перашкоды,- успамінаў мастак. - Маладыя парывы і прагнасць ведаў бралі верх. Шмат хто з таварышаў пайшоў з другога, трэцяга курса ўніверсітэта. Адзін стаў фатографам, другі - шафёрам, трэці засеў у канторы... І я мог бы быць пісарам, як мой малодшы брат, але мусіў бы развітацца з маёй марай стаць мастаком". І яшчэ яго словы: "Колькі прамарнавана добрых маладых дзён у пошуках працы! Вольнасць, якая ж ты мне дарагая! Колькі зведаў дзеля цябе я цяжару ў холадзе і голадзе, ішоў напралом, шукаючы сваёй дарогі..." Шчымлівая споведзь!

У 1932 годзе Сергіевічу нарэшце пашанцавала: ён прапісаўся ў Вільні, і тут жа ўступіў у "Віленскае таварыства незалежных мастакоў", тым самым атрымаўшы магчымасць выстаўляцца. А паказваць гледачу ўжо было што: галоўным чынам, гэта творы, прысвечаныя ўражанням дзяцінства, пейзажы, партрэты. Не магу не прывесці адзін фрагмент з яго ўспамінаў, які, на маю думку, датычыцца ўсяго мастацтва Сергіевіча - і ранняга, і позняга: "Добра сталася, што не парвалася мая сувязь з родным кутом. Родныя краявіды і людзі асабліва мне блізкія. Вёска наша, размешчаная на беразе Богінскага возера, так "накарміла" мае дзіцячыя вочы, што і цяпер да возера маю вялікую цягу... Вельмі любіў маляваць нашых суседзяў, мужчын і дзяўчат. Суседзі глядзелі на мяне з жалем, кажучы: от, не маючы сваёй зямлі, забаўляецца рысаваннем... Не верылі, што, малюючы, можна зарабіць кавалак хлеба. Сваякі не раілі маляваць. Цётка ўсё казала: "Каб ты навучыўся якому рамяству, тады мне зрабіў бы нешта патрэбнае". І толькі маці казала: "Трымайся, сын, ужо аднаго..."

І ён - трымаўся. У вялікае мастацтва ўваходзіў паступова, без усялякіх там зігзагаў-улукаткаў, строга прытрымліваючыся рэалістычнага напрамку. Аднак рана знайшоў у сваім жывапісе той асаблівы нацыянальны нерв, тыя рысы "беларускасці", якія будуць характэрныя для пэндзля лепшых мастакоў Заходняй Беларусі. Першую сваю персанальную выстаўку Сергіевіч зрабіў у канцы 1935 года. Рэцэнзент так пісаў у часопісе "Шлях моладзі" пра гэтую экспазіцыю: "Пётра Сергіевіч ёсць жывапісец цалкам беларускі. Любым яго матывам ёсць праца селяніна на полі, вясковыя флірты, народныя гульні - словам, усё сялянскае жыццё. Нямала ўвагі мастак прысвячае і нашай мінуўшчыне. Тут мы бачым сцэну паўстанцаў 1863 года на чале з Каліноўскім і другую карціну - "Выправа на вайну ваяроў пад кіраўніцтвам князя Усяслава"..."

Можна ўзгадаць і іншыя гістарычныя палотны Сергіевіча 1930-х гадоў, прысвечаныя, скажам, Францішку Скарыну, або "сацыяльныя" - кшталту карціны "Дэманстрацыя беспрацоўных у Каўнасе ў 1925 годзе". Але ўсё ж сёння гэтыя творы ўспрымаюцца выключна як жывапісныя ілюстрацыі "на тэму". Аднак для таго часу, калі прачыналася самасвядомасць беларусаў, і такія карціны мелі свой сэнс. Тым часам Сергіевіч браўся і за тое, што ўжо само, так бы мовіць, ішло ў рукі,- за стварэнне натурных партрэтаў блізкіх яму людзей: і алеем, і алоўкам, і сангінам, і вугалем. Максім Танк, які тады наведаў майстэрню свайго сябра, сказаў: "Пётра Сергіевіч - своеасаблівы, з ярка выражаным нацыянальным характарам, мастак... Бачу на сцяне некалькі новых партрэтаў яго браслаўскіх землякоў, на тварах якіх выразна выпісана іх класавая прыналежнасць, а ў вачах - мужыцкая ўпартасць, упэўненасць у сваіх сілах і вера ў лепшую будучыню". Такіх партрэтаў і ў 30-я гады, і пасля Вялікай Айчыннай вайны мастак напісаў вельмі шмат: дзеячы культуры (у тым ліку Максім Танк, Міхась Машара, Міхась Забейда-Суміцкі, Францішак Багушэвіч, ксёндз Станіслаў Глякоўскі, мастакі Ванда Гір'яд і Рафал Яхімовіч), студэнты, рабочыя, настаўніцы, весляры, лесарубы, земляробы, калгаснікі, шмат партрэтаў любімай жонкі Стасі Кадзевічанкі (Сергіевіч), літоўскіх і польскіх сяброў...

Пасля партрэта жанр лірычнага пейзажа - /i/content/pi/cult/305/5210/pic_11.jpgдругая страсць мастака, якая яго не пакідала да апошніх гадоў жыцця. І самае цікавае ў тым, што большасць лепшых элегічных і пранізлівых пейзажаў ён напісаў на малой радзіме - Браслаўшчыне ("Забытая званіца", "Вячэрняя балада", "Вясенняя казка", "Восеньская парыва", "Вясенняя сяўба"). Дарэчы, так здарылася, што многія даваенныя творы Сергіевіча аказаліся ў прыватных калекцыях замежжа, некаторыя - згарэлі ў пажарах вайны.

У 2003 годзе ў Польшчы быў выдадзены на чатырох мовах - беларускай, польскай, літоўскай, англійскай - поўнакаляровы каталог "Пётр Сергіевіч. 1900 - 1984. З прыватных калекцый у Польшчы", куды ўвайшло больш за сто твораў мастака, якія рознымі шляхамі аказаліся ў гэтай краіне. ...Калі пачалася вайна, мастак з Вільні перабраўся на радзіму. Вось што пісаў ён у аўтабіяграфіі: "Замерла культурнае жыццё з прыходам нямецкіх фашыстаў у Вільню. Не маючы чаго есці, выехаў у родную вёску і там маляваў сялян. Плацілі жытам, хто чым мог. Маляваў і для сябе, падбіраючы тыпаж... Перажыў на вёсцы вялікую трагедыю народную..." А потым, узгадваў далей мастак, сюды прыйшлі фашысты. Забілі многіх мірных жыхароў, ацалелых вывезлі на работы ў Германію, а вёскі ўсе спалілі... Партызанскі атрад, дзе змагаўся малодшы брат мастака Фёдар (у 1943 годзе Пётра напісаў яго партрэт), быў разбіты. Ратуючыся ад немінучай смерці, Сергіевіч зноў перабраўся ў Вільню, дзе быў сёй-той з былых ягоных сяброў.

З тых часоў, мабыць, адзін з нямногіх твораў - палатно "А ты, сіраціна, жыві...". Гісторыя яго стварэння сапраўды дзіўная. Карціна была задумана пад простай назвай: "На працу". Хлопчык, бедны беззямельнік, адзін-адзінюткі, ідзе па камяністай дарозе з торбай за плячыма і кійком у руце шукаць сваю папарацькветку. Родны кут застаўся далёка ззаду. Ідзе ўдалечыню, дзе зелянеюць палі, дзе яго чакае, як ён марыць, шчасце, любоў і праца... Хутка гэтую карціну, яшчэ ў майстэрні, пабачыў паэт Валянцін Таўлай. Доўга глядзеў на яе, а потым сказаў аўтару, што яна паводле настрою ідэальна адпавядае раннім творам Купалы. Задумаўся мастак, яшчэ раз перачытаў вершы паэта пра сіроцкі лёс землякоў, пра бязвыхаднасць "долі сірочай", што не спазнала "сонечнай ласкі дзявочай", і пагадзіўся з меркаваннем Таўлая. І калі ў Мінску ў 1944 годзе адкрыўся Купалаўскі музей, творца падарыў установе гэтую карціну. А першы дырэктар музея Уладзіслава Францаўна Луцэвіч выкарыстала работу як ілюстрацыю да верша Я.Купалы канца 1913 года "А ты, сіраціна, жыві..."...

Адразу ж пасля Перамогі Сергіевіч уладкаваўся на працу ў Беларускі гісторыка-этнаграфічны музей, які змяшчаўся ў вузкіх сценах вільнюскага Базыльянскага манастыра. "Як уваходзіш, бывала,- успамінаў мастак, - павее сівой мінуўшчынай і нечым блізкім, дарагім... На шчасце, пад час вайны музей ацалеў". Што далей здарылася з установай, я распавядаў у першай частцы артыкула.

У 50-я - 60-я гады мастак піша не толькі партрэты, у асноўным пагрудныя, ды лірычныя пейзажы, але і вяртаецца да гістарычных тэм, якія яго хвалявалі яшчэ да вайны. З-пад пэндзля выходзяць такія фігуратыўныя кампазіцыі, як "Кастусь Каліноўскі і Валерый Урублеўскі на аглядзе паўстанцаў", "Арышт Паўлюка Багрыма" і "Ф.Скарына ў рабочым кабінеце", але ў іх, на маю думку, бракуе моцнай эмацыянальнай жывапіснай свежасці і навізны. Больш удалы ў гэтым сэнсе, мне здаецца, кампазіцыйны "Партрэт Максіма Танка", які ён напісаў у пачатку 1960-х. Дарэчы, Сергіевіч быў і адораным жывапісцамманументалістам, аўтарам ікон і роспісаў храмаў у Жодзішках, Солах, Смаргоні, дзе два гады таму ў краязнаўчым музеі адбылася выстаўка сакральнага жывапісу Сергіевіча з трох дзясяткаў эскізаў манументальных роспісаў 30-х гадоў. Самі размалёўкі захаваліся часткова. Ведаю, што іх вясной 2008-га даследавалі мастакі пад кіраўніцтвам доктара філалагічных навук Арсена Ліса. Экспазіцыю ў Смаргоні я не бачыў, але некалькі твораў потым было прадстаўлена на выстаўцы "ARS incognita" ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР.

Кажуць, што да апошніх дзён жыцця, негледзячы на цяжкую хваробу, Пётра Аляксандравіч не выпускаў з рук пэндзля... Калісьці ён напісаў карціну пад назвай "Апошняя хвіліна", дзе адлюстраваў развітанне сям'і з паміраючым. Калі на пачатку лістапада 1984 года мне паведамілі, што ў Вільнюсе, у тым самым доме № 30 на Антокалі, памёр мастак, я адразу ж узгадаў гэтае палатно, якое бачыў на рэпрадукцыі. А пахаваны наш выдатны зямляк на Антокальскіх вайсковых могілках...

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"