Мультыплекс для Культурнай сталіцы2010

№ 51 (971) 18.12.2010 - 24.12.2010 г

Выхад з “Бермудскага трохкутніка”: мадэрнізацыя — аж да 3D-паказаў

 

 Пад час сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з дзеячамі культуры па пытаннях развіцця кінематаграфіі Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на развіццё пракату ў рэгіёнах і паставіў перад мясцовымі ўладамі задачу ў бліжэйшы час давесці да ладу і мадэрнізаваць усе айчынныя кінатэатры.

Неўзабаве пасля гэтай сустрэчы на даху Полацкага кінавідэацэнтра "Радзіма" пачалі шчыраваць рабочыя. І супрацоўнікі ўстановы, і яе наведвальнікі іх з'яўлення даўно ўжо чакалі. Доўгі час перад Цэнтрам паўставала гамлетаўскае пытанне "Быць або не быць?". Цяпер ён ужо не балансуе на гэтай небяспечнай мяжы. І - пачынае рух наперад. Сённяшні дзень, 18 снежня, дакладна ўвойдзе ў гісторыю полацкага кінавідэапракату: адбудзецца першы паказ у фармаце 3D, які практычна супаў са святкаваннем Дня беларускага кіно. Мерапрыемства, без сумневу, трапляе ў канву акцыі "Культурная сталіца Беларусі", што ставіць сабе за мэту зраўнаваць жыхароў сталіцы і рэгіёнаў у правах і магчымасцях далучыцца да сучасных культурных здабыткаў.

Няздзейснены мультыплекс

 На сённяшні дзень "Радзіма" канкурэнтаў не мае: кінатэатр у амаль стотысячным горадзе толькі адзін. Яго будынак паўстаў яшчэ напрыканцы саракавых, адпавядаючы адметнаму стылю сваёй эпохі. Праз некалькі дзесяцігоддзяў ён ужо не мог напоўніцу задавальняць усе патрэбы палачан у "найважнейшым з мастацтваў" - хаця б таму, што саміх палачан значна паболела. Таму ў 1980-я ўзнікла задума ператварыць "Радзіму" ў сапраўдны мультыплекс - вядома, савецкага ўзору. Будынак быў рэканструяваны, яго плошча значна павялічылася, а колькасць кіназалаў узрасла да трох.

 Але... Ці то з прычыны памылкі праекціроўшчыкаў, ці то праз нядбайнасць будаўнікоў гэты прыгожы праект не быў паспяховым. Неўзабаве адна са сцен пачала даваць усадку, і ў выніку добрую палову вялізнага будынка прызналі аварыйнай ды закрылі для наведвальнікаў.

Зайшоўшы ў адну з залаў няздзейсненага мультыплексу, пачуў мернае цурчэнне вады з даху наўпрост на падлогу. Зрэшты, гэтае сумнае відовішча запусцення не асабліва кантрастуе з інтэр'ерамі іншых памяшканняў кінатэатра, бо стан другой паловы можна ахарактарызаваць як амаль аварыйны. Прыкладам, столь "дзейнай" залы таксама сям-там ашчэрылася "чорнымі дзірамі". Па ўсім відаць, што доўгія гады ўстанова не атрымлівала грашовых "уліванняў" нават на бягучыя рамонты.

 Два гады таму, калі кінатэатр быў перададзены з абласной уласнасці ў гарадскую, ягоны стан быў яшчэ горшы, чым цяпер. Такім чынам, з пункта гледжання эканамічнай мэтазгоднасці (якая "пазбаўляе слова" эмоцыі і кіруецца адно розумам), лепей за ўсё было як мага хутчэй пазбавіцца ад гэтага "кепскага актыву", па/i/content/pi/cult/301/5104/4-1.jpgдобнага на бяздонны Бермудскі трохкутнік. Тады б замест кінатэтра на "бойкім месцы" ў самым цэнтры горада сёння ўжо раскашаваў бы, скажам, прыватны супермаркет. Тым болей, патэнцыйныя інвестары праяўлялі цікавасць...

Але ў такім выпадку ў гісторыі кінапракату ў Полацку можна было б паставіць тлустую кропку.

Таму мясцовыя ўлады вырашылі кіравацца ўсё ж не надзённай рацыянальнасцю, а бачаннем перспектыў. Тым болей, гаворка вялася пра ўстанову, якую з задавальненнем наведвалі ці не ўсе пакаленні сённяшніх палачан.

Улоў паэта-іхтыёлага

Роля "антыкрызіснага менеджара" - ці, іншымі словамі, крэсла дырэктара кінатэатра - была прапанавана вядомаму полацкаму паэту з дыпломам па спецыяльнасці "іхтыёлаг" Феакцісту Фядотаву. Нічыёй зайздрасці гэтае прызначэнне не выклікала.

Што такое Бермудскі трохкутнік, дырэктар кінатэатра ведаў не па чутках: у свой час сам там неаднойчы плаваў, прычым цалкам бяспечна для ўласнага здароўя. Болей за 20 гадоў свайго жыцця ён правёў у далёкіх, а часам і экзатычных, краях, а гісторыі з ягонага жыцця могуць стаць сюжэтам для прыгодніцкіх фільмаў. Але... Вабіла на радзіму.

Былы марак і іхтыёлаг цяжкасцей не збаяўся ды ўзяў "карабель" з "прабоінамі" ў даху пад сваё кіраванне. Каб хаця б трохі палепшыць яго становішча, адразу былі запушчаны новыя праекты.

 Да нядаўняга часу камерная відэазала ў "Радзіме" пуставала. Узяўшы ў арэнду абсталяванне, удалося зрабіць там невялічкі лічбавы кінатэатр. Попыт на гэтую паслугу быў такі, што неўзабаве замест арандаванай тэхнікі былі набыты ўласны праектар і акустыка мадэлі 5.1. Яно і не дзіва: стужкавая копія таго або іншага блокбастэра даходзіць да Полацка далёка не ў дзень яго сусветнай прэм'еры, а вось паказваць тыя самыя фільмы ў лічбавым фармаце (прычым, падкрэслім/i/content/pi/cult/301/5104/4-2.jpg, абсалютна легальна!) удаецца куды аператыўней. А нядаўна для гэтай залы было арандавана і 3D-абсталяванне. Побач з ёю ўжо падрыхтавана памяшканне і для атракцыёна з пяццю вымярэннямі.

А вось раскруціць танцавальныя вечары ў актуальнай узроставай нішы "Для тых, каму за..." аказалася нашмат складаней.

 - Людзі праходзілі міма, чулі музыку, але бачылі, што ў зале пуста, і таму... рушылі далей сваім шляхам,- згадвае дырэктар кінатэатра. - Мы вырашылі запрасіць туды сваіх сяброў, каб стварыць там патрэбную атмасферу. Ды і мне самому, прызнацца, даводзілася "запальваць" на танцполе...

Сёння тыя вечары ўжо не патрабуюць "раяля ў кустах", стаўшы для кінатэатра адной з крыніц стабільнага прыбытку. Разам з іншымі такімі струменьчыкамі (скажам, пракатам дыскаў або нават уласнай студыяй гуказапісу) яны забяспечваюць установе някепскія фінансавыя вынікі.

Паводле прагнозаў, сёлета кінатэатр выканае план платных паслуг на 170% у параўнанні з мінулым годам. Яго рэнтабельнасць дасягнула амаль 90%, і гэта прытым, што нямала грошай даводзіцца траціць на ацяпленне той аварыйнай часткі будынка, якая прастойвае, не прыносячы ніякіх даходаў.

 "Мы маглі б зарабляць значна больш..."

 Акурат напярэдадні паездкі ў Полацк паспрачаўся з прыяцелем аб будучыні кінатэатраў. Ён выстаўляў песімістычныя аргументы (мора дармовага пірацкага кантэнту плюс таннасць абсталявання для "home video"), я быў яго апанентам (ва ўсялякім выпадку, хлопцу трэба будзе кудысьці запрасіць сваю дзяўчыну). Але... Усё гэта толькі тэорыі. Арбітрамі ў падобнай спрэчцы могуць быць адно пракатчыкі-практыкі.

Як паведаміў Феакціст Фядотаў, сёлета ў кінатэатры "Радзіма" было прададзена амаль 60 тысяч білетаў. Гэтая лічба кажа сама за сябе.

 - Полацк - гэта горад старажытны, але і малады - у тым сэнсе, што моладзі ў нас вельмі шмат: тут і ўніверсітэт, і іншыя навучальныя ўстановы, - каменціруе дырэктар кінатэатра. - І не так багата мясцін, куды моладзь можа пайсці пасля заняткаў. Таму і нашы перспектывы, лічу, яшчэ далёка не вычарпаны...

 Яшчэ будучы хлапчуком, Феакціст Фёдаравіч здолеў займець пэўны досвед у арганізацыі кінапракату: ён дапамагаў ладзіць сеансы ў сваёй роднай вёсцы на Глыбоччыне. Тады, у 1960-я, яны праходзілі непасрэдна ў сялянскіх хатах - клубы на той час былі нават не ў кожнай вялікай вёсцы. Да вузкаплёначнага праектара "Украіна" дапасоўваўся генератар: электрыфікацыя глыбінку яшчэ не закранула. А транспартавалася гэтае абсталяванне з вёскі ў вёску на звычайных калёсах: конскія сілы ў правінцыі былі выключна ў "натуральным увасабленні".

 Па гістарычных мерках, з той пары не так і шмат прайшло часу, але ж... наколькі змяніліся нашы варункі жыцця! І, адпаведна, - патрабаванні.

 - Сёння кінатэатр павінен стаць шматфункцыянальным грамадска-культурным цэнтрам, здатным прапанаваць спажыўцу самы шырокі спектр паслуг,- лічыць Феакціст Фядотаў. - Каб перад сеансам можна было і кубак кавы выпіць, і нават наведаць цырульню...

Цырульня ў кінатэатры ўжо працуе - на плошчах, арандаваных прыватнікам. А ў перспектыве плануецца і яшчэ адзін, пакуль досыць нязвыклы, аб'ект інфраструктуры.

- Тая катэгорыя спажыўцоў, якую пакуль мы не можам ахапіць,- гэта маладыя бацькі, - кажа дырэктар кінатэатра. - Пакінуць з кімсьці малое дзіця, каб разам схадзіць у кіно, удаецца ім не заўсёды. Дык чаму б не зрабіць у кінатэатры дзіцячы пакой, дзе малеча пад час сеанса магла б пагуляцца з метадыстам?

 Зрэшты, перафразуючы класіка, варта нагадаць, што найважнейшым у кінатэатры павінна быць уласна кіно. Сёння "Радзіма" наўрад ці можа прапанаваць наведвальнікам ідэальныя ўмовы для яго прагляду: мулкія цыратавыя крэслы ў вялікай зале не замяняліся ўжо не адно дзесяцігоддзе, ды і тэмпература там не самая камфортная...

Уласнаручна заробленыя сродкі кінатэатр укладае ў вырашэнне ўласных праблем. Прыкладам, сёлета перад пачаткам "мокрага сезона" ўжо былі праведзены сякія-такія работы на даху. Але зразумела, што мадэрнізавацца выключна сваімі сіламі ў яго не атрымаецца.

 - Я заўсёды казаў: мы маглі б зарабляць і значна больш, чым цяпер, але для гэтага перш-наперш патрэбны пэўныя ўкладанні, - лічыць Феакціст Фядотаў. - Прычым сродкаў спатрэбіцца не так і шмат, а ў перспектыве іх цалкам рэальна вярнуць...

Дзякуючы ўвазе да пракатаў з боку Кіраўніка дзяржавы і інвестыцыям з абласнога бюджэту, дырэктар кінатэатра неўзабаве плануе значна скараціць той прыкры разрыў паміж рэальнасцю і ідэалам. Першыя 600 мільёнаў рублёў, патрэбныя для гэтага, ужо асвойваюцца на даху будынка. Мадэрнізацыя аднымі новымі крэсламі не абмяжуецца. Ужо ў бліжэйшым часе Феакціст Фядотаў спадзяецца рэалізаваць свой звышамбітны праект: "перавод у 3D" самай вялікай залы кінатэатра, разлічанай амаль на паўтысячы месцаў. Калі яго ніхто не паспее апярэдзіць, гэта будзе першая 3Dкіназала такога памеру ў краіне.

Дырэктар кінатэатра ні на каліва не сумняваецца ў тым, што гэтая ініцыятыва будзе не толькі запатрабаванай, але і рэнтабельнай.

 - Сённяшні спажывец ахвотней заплаціць дзесяць тысяч рублёў за якасную паслугу, чым тры тысячы за звычайны фільм, - кажа ён.

 І сапраўды, "бюджэтныя" паказы сёння кожны ахвотны можа арганізаваць проста ў сябе дома: балазе DVDплэеры і пірацкія дыскі з серыі "10 у адным" даступныя нават студэнтам. А вось калі той самы студэнт запросіць у кіно дзяўчыну, ён наўрад ці паставіць у аснову фактар цаны.

Зрэшты, "звычайныя" фільмы можна будзе ўбачыць у другой зале, разлічанай на 300 месцаў (сёння яна - у аварыйным стане). Павелічэнне цэн на білеты там не плануецца.

- Галоўнае, каб у чалавека быў выбар, - лічыць Феакціст Фядотаў.- Маючы тры залы, цалкам магчыма задаволіць усе густы...

У гэтую суботу ў кінатэатры запланавана ажно два мерапрыемствы. Апрача адкрыцця 3D-залы, гэта яшчэ і імпрэза, прысвечаная Дню беларускага кіно. Не зважаючы на ўсе планы платных паслуг, уваход на яе будзе вольны: з той простай прычыны, што само беларускае кіно як з'ява яшчэ патрабуе раскруткі.

- Калі ў нас ідуць беларускія фільмы, мы стараемся даваць як мага больш рэкламы, - кажа Феакціст Фядотаў. - Але пакуль што пра фантастычны попыт казаць не выпадае. Таму папулярызацыя айчыннага кіно - вельмі важная задача...

У плане новых твораў манументальнага мастацтва Полацк сёлета сапраўды здзіўляе. Бюст Юрыя Тарыча, які ў маі з'явіўся каля кінатэатра, не прыцягвае столькі ўвагі, як, скажам, помнік Героям Айчыннай вайны 1812 года, таксама адкрыты ў рамках акцыі "Культурная сталіца Беларусі". Але... І гледачы, і нават турыстычныя групы ля яго спыняюцца. Гэта цудоўная нагода згадаць гісторыю айчыннага кінематографа.

І сапраўды, універсальнасць кінатэатра як культурнага цэнтра павінна прадугледжваць не толькі розныя розныя віды камерцыйна паспяховых атракцыёнаў ды паслуг, але таксама і асветніцкія ініцыятывы.

 ■ ■ ■

 Кінатэатраў, чый стан сёння такі ж праблемны, як і полацкай "Радзімы", у беларускіх рэгіёнах дастаткова. Дзверы некаторых з іх ужо наглуха зачыненыя, але большасць працягвае ўпарта змагацца за выжыванне... Зразумела, што набыць другое жыццё, ператварыўшыся ў сучасныя грамадска-культурныя цэнтры, яны сваімі сіламі ніколі не здолелі б.

Гэтыя кінатэатры пералічаны ў праекце Дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" на бліжэйшую пяцігодку. Спіс займае некалькі дзесяткаў старонак. Побач з назвамі- канкрэтныя лічбы бюджэтнага фінансавання. Такога маштабага "ўлівання" ў гэтую галіну, мабыць, ніколі яшчэ не было ва ўсёй гісторыі айчыннага кінапракату.

 Распачатая Кіраўніком дзяржавы ініцыятыва - "выратавальны круг" для пракату ў рэгіёнах, якое дазволіць яму выбрацца з Бермудскага трохкутніка ўласных праблем. Але дзяржфінансаванне - гэта толькі адзін з фактараў поспеху. Другі - энтузіязм і крэатыўнасць саміх работнікаў праката. А трэці - грамадскі попыт на іх паслугі і грамадскае іх значэнне.

Як і ў тыя часы, калі кіно круцілі пры святле лучыны, так і ў эпоху мультыплексаў грамадскае значэнне кінапаказаў застаецца бадай нязменным: не толькі, уласна, "дэманстраваць прадукт", але і ствараць магчымасць для зносін між людзьмі. І ніякія звышпрасунутыя тэхналогіі "home video" яе не заменяць.

наш спецыяльны карэспандэнт

 Мінск - Полацк - Мінск