“Бачыце, хлопчык у светлай кашулі?”

№ 47 (967) 19.11.2010 - 19.11.2010 г

...І адразу з вяселля маладую — яна была медсястрой — забралі ў армію. А Маісеенка, праз Вязьму і Смаленск, дабраўшыся да Ленінграда, 5 ліпеня добраахвотна ўступіў у народнае апалчэнне, хаця як старшакурснік, дыпломнік меў права на браню. Дадам, што ў ліпені— верасні 1941-га ў Ленінградзе было сфарміравана дзесяць дывізій з такіх апалчэнцаў. Пад Кінгісепам полк, у які ўваходзілі студэнты, рабочыя і трамвайшчыкі Васільеўскага вострава, трапіў у акружэнне і быў амаль цалкам разбіты. А тым, хто застаўся ў жывых, удалося вырвацца з акружэння. З баямі і стратамі невялічкімі групамі ішлі праз раён Гатчыны ў бок Ленінграда. Але хутка Маісеенка і некалькі яго таварышаў апынуліся ў засадзе і былі ўзяты ў палон...

/i/content/pi/cult/297/4953/Clip_4.jpg(Заканчэнне. Пачатак у мінулым нумары.)

 ...Перамяшчэнне з лагера ў лагер, дарогі Польшчы і доўгія страшэнныя дні і ночы знаходжання ў канцлагеры Альтэнграбаў пад Магдэбургам... І толькі напрыканцы вайны, у красавіку 1945-га, - вызваленне саюзнікамі. Гады палону, мабыць,- самая трагічная паласа ў жыцці Маісеенкі, і ён не любіў пра яе ўспамінаць. Прынамсі, пра гэта мы з ім амаль што і не гаварылі. А я яму ў душу не лез, ведаючы, што дадзеная "тэма" для ўспамінаў закрыта, асабліва- для чужых. Але я сёе-тое даведаўся з іншых крыніц.

 Пасля рэпатрыяцыі Яўсей Яўсеевіч трапіў у склад 3-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса, якім камандаваў генерал-лейтэнант М.С. Аслікоўскі. Потым, у лістападзе 1945-га, - дэмабілізацыя і вяртанне ў Ленінград, каб у той жа майстэрні А.Асьмёркіна намаляваць і абараніць дыпломную карціну. Яго сустрэлі як чалавека, які цудам вярнуўся з таго свету, бо даўно лічылі загінулым...

Напрыканцы 1946 года Маісеенка ўзяў шлюб з мастачкай Валянцінай Рыбалка - яшчэ даваеннай сяброўкай, якая на ўсё жыццё стала для творцы вернай жонкай, аднадумцам і Музай. Менавіта яна амаль пяць гадоў таму, калі над краінай загрымела навальніца вайны, з канала Грыбаедава праводзіла любімага Яўсея на фронт. Чакала і верыла, што ён вернецца жывым. Праўда, Валянціну Лаўрэнцьеўну я бачыў толькі аднойчы, вясной 1982 года, калі ў дваццаці залах Рускага музея адкрылася першая персанальная выстаўка твораў яе знакамітага мужа....

...Дыплом, прысвечаны подзвігу свайго земляка з Беларусі Льва Даватара, выпускнік абараніў бліскуча і адразу быў прыняты ў члены Саюза мастакоў СССР па рэкамендацыі сваіх педагогаў: акадэмікаў Ісака Бродскага, Аляксандра Асьмёркіна і Васіля Якаўлева. Рэцэнзент, жывапісец-баталіст Міхаіл Авілаў сказаў, што тэма ўзята "...вельмі чуйна, кампазіцыя - цікавая і арыгінальная, умела і артыстычна знойдзены агульны тон". А Асьмёркін дадаў: "Я магу сказаць адно: гэта вельмі таленавіты мастак. Я жадаю яму паспяховага шляху і веру, што сваёй індывідуальнасцю ён унясе новую ноту ў савецкае мастацтва".

 Але не ўсё было так проста. Творчы рух наперад у Маісеенкі быў ненатуральна прыпынены. Да нядаўняга вязня фашысцкага канцлагера адпаведныя органы ставіліся ўсё яшчэ насцярожана і падазрона. І хаця Маісеенка прайшоў усе праверкі МДБ, "таварышы" са знакамітага ленінградскага Дома на Ліцейным не давалі яму магчымасці "высоўвацца" (на той час гэта была звыклая рэч).

Пасля смерці Сталіна творчае становішча мастака кардынальна змяняецца. Яго выбіраюць у кіруючыя органы Ленінградскага аддзялення Саюза мастакоў СССР; ён шмат працуе, выстаўляецца, кожны год прыязджае да маці і сястры ва Уваравічы, дзе збірае натурны матэрыял для сваёй першай рамантычнай жывапіснай балады "Першая Конная"... У майстэрні на Сувораўскай я бачыў шматлікія старыя натурныя зарысоўкі для гэтай карціны: беларускія сяляне, коні, складаная конская аснастка, пейзажныя матывы. Дарэчы, я бачыў у ягонай майстэрні нават сапраўднае сядло і старую шашку, якія мастак знайшоў недзе на Гомельшчыне і якія ён паспяхова выкарыстоўваў і ў іншых, больш позніх, героіка-рамантычных палотнах: "Таварышы", "Двое", "Вястуны", "Камісар", "Нас вадзіла маладосць...", "Чарэшня"...

Можна лічыць, што з канца 1950-х гадоў лёс па-сапраўднаму павярнуўся тварам да мастака і накіраваў яго да вяршыні мастакоўскага Алімпа. Маісеенка ўжо вядзе ў Акадэміі мастацтваў педагагічную працу, атрымаўшы і сваю першую майстэрню: на Васільеўскім востраве, у доме на 14-й лініі, насупраць інтэрната Горнага інстытута. Тут, а потым - і ў майстэрні на Сувораўскім праспекце, і нарадзіўся той самы жывапісец, якога мы ведаем і сёння і ад якога пайшла тая звонкая рамантычная ўзнёсласць, што стала характэрнай для многіх савецкіх мастакоў "суровага стылю", у тым ліку беларускіх. Мне здаецца, наш Міхаіл Савіцкі, ствараючы "Лічбы на сэрцы", не мог не ведаць і маісеенкаўскія "лічбы на сэрцы", якія Яўсей Яўсеевіч адлюстраваў у серыі сваіх антыфашысцкіх карцін- "Гэтага забыць нельга" (пачатак 1960-х) пра канцлагеры, пра звярыную сутнасць фашызму: "Праверка (Апель)", "За што?", "Не забудзем!", "Барак", "З намі Бог", "Пяюць", "Ён перамог", "Свабода"...

Але мяне зараз асабліва цікавяць тыя творы Маісеенкі, якія непасрэдна звязаны з яго радзімай - Беларуссю. Пытанне не залішняе, бо гэтую духоўную повязь мастака са сваёй Айчынай савецкае мастацтвазнаўства нібыта і не заўважае. І нават наадварот. Такія праграмныя рэчы, як "Зямля", "З дзяцінства", "Ля калодзежа", "Хлапчукі", "На рацэ", "Сын", "Стары" і іншыя, названы сказам пра рускую вёску, дзе "ў цэнтры ўвагі - старая руская вёска, паказаная як зыходны, каранёвы пачатак нашага жыцця". Між тым, напрыклад, адна з самых значных карцін мастака- "Зямля" - цалкам выбудавана на матэрыяле зарысовак і эцюдаў, зробленых ва Уваравічах, пра што казаў і сам аўтар: "Я вырас у беларускай вёсцы. З дзяцінства ведаю працу сяляніна. Мае родныя і сябры працуюць у калгасе. Зямля... Я ведаю, як яна пахне ўвесну, як халодзіць ногі свежаўзараная зямля. Я з глыбокай павагай стаўлюся да працы сяляніна, працы глыбока творчай, якая дае і захапленне, і непрыемнасці... Зямля патрабуе шмат клопату і вялікай працы. Яна не трывае сезоннікаў. Зямлі патрэбны людзі адданыя, і яна іх абдорвае шчодрымі ўраджаямі. І вось пра іх, пра людзей, якія аддаюць свае сілы і клопат, я і хацеў паведаміць..."

Менавіта там жа, ва Уваравічах, Маісеенка/i/content/pi/cult/297/4953/Clip_5.jpg знайшоў тэмы для іншых сваіх вялікіх і маленькіх палотнаў: "Прамова", "Дворык", "Памяць", "Жнівень", "Стары", "У калгас", "Хлопчык пад дрэвам", "Ля хлева", "Ярок", "Запрэжаны конь", "Белы дзень. Хлопчыкі", "Восеньскі пейзаж". Высокага артыстызму дасягае мастак у карціне "З дзяцінства". Паэтычны стан сцэны начлегу, суадносін вясковых хлопцаў, пачуццё іх поўнага яднання з прыродай і жывёламі ён перадае, апускаючы многія другарадныя падрабязнасці і дэталі. Некалькімі рухамі пэндзля акрэслены дваровы сабака, які пазірае на гледача з прыхільнасцю і даверам. З віртуозным майстэрствам намаляваны коні. "Коні- надзіва разумны "народ", - казаў мастак. - У дзяцінстве я часта скакаў з іх на лугах. Конь заўсёды спыняецца, апускае галаву, чакае, пакуль, трымаючыся за грыву, узлазіць на яго хлапчанё... А якія ў коней вочы!" Карціна намалявана з цудоўнай імправізацыйнай свабодай і свежасцю непасрэднага ўражання. Жывапіс яе - лёгкі, паветраны. Памайстэрску перададзены псіхалогія дзяцей і лірызм пейзажу.

Здаецца, што для мастака свет нібы назаўсёды застаўся ў трывожным узросце надзей і абвостранай ранімасці. Хлапчукоў, якія яшчэ ўчора пасвілі коней, ён бачыць і ў вобразах вершнікаў, што адпачываюць пасля бою: так салодка расцягнуцца на зямлі, адчуваючы яе пяшчотны дотык, плыць разам з ёю да нябёсаў... Гэта - матыў цудоўнай карціны "Чарэшня", адной з маіх любімых, робіцца галоўным і ў творы "Цішыня". Тэма маленства і тэма роднай зямлі нібыта перакрыжоўваюцца. Шчаслівае летуценне... Зліццё з прыродай...

...У 1967 годзе я ўпершыню пабачыў на выстаўцы ў маскоўскім Манежы знакамітую карціну Маісеенкі "Маці, сёстры". Памятаю, як тады на абмеркаванні экспазіцыі хтосьці з акадэмікаў жорстка крытыкаваў аўтара за "скажэнне жыццёвай праўды і агрубленне вобразаў рускіх жанчын". Але на мяне, як і на маіх таварышаў - У.Стэльмашонка і А.Сурскага, якія прысутнічалі на абмеркаванні выстаўкі, - палатно зрабіла моцнае ўражанне тым, што тут быў непасрэдны зварот да драматычных чалавечых пачуццяў праз багацце і своеасаблівасць выяўленчай мовы, праз сімвалы і метафары, мастацкія асацыяцыі і перабольшванне. Потым я дазнаўся ад самога Маісеенкі: задума дадзенага твора нарадзілася яшчэ летам 1941-га ва Уваравічах, калі ў час братавага вяселля пачуў па гучнагаварыцелі вестку пра пачатак вайны... У тыя дні і потым, калі салдатам-апалчэнцам адступаў са сваім палком праз вёскі, мастак бачыў многія сцэны развітання, бачыў, казаў ён, гора народнае. Доўгія гады не давалі яму спакою твары жанчын, якія заставаліся ў апусцелых вёсках: "У маю душу гэта запала болем, і трэба было данесці гэтае пачуццё. Над карцінай працаваў доўга: шукаў пластычны ход, які паставіў бы гэтых жанчын да гледача блізка, каб глядач мог зазірнуць у іх вочы. Каб ён таксама раптам адчуў сябе ў гэтай вёсцы, на весніцы, дзе наўкол - варонкі ад снарадаў, пакінутыя акопы, а на пыльнай зямлі- свежыя сляды грузавіка, які толькі што з'ехаў невядома куды... Канешне, тэма трагічная, але праз смутак і горыч я імкнуўся сказаць пра Подзвіг нашых жанчын. Сказаць мовай свайго жывапісу".

Увесь эцюдны матэрыял Маісеенка збіраў ва Уваравічах. Яму пазіравалі і тыя, хто ў чэрвені сорак першага праводзіў на фронт мужоў і братоў, перажыў гады фашысцкай акупацыі, змагаўся ў партызанскіх атрадах, выратоўваў у лясах дзяцей і параненых. Практычна ўсе вобразы беларусак зроблены з натуры: старая згорбленая жанчына ў цэнтры карціны - гэта маці мастака Матрона Сяргееўна; жанчына з клункам у руце, яе высокая суседка, дзяўчынка-падлетак, сівая сялянка з паднятай рукой - усе яны жыхаркі Уваравічаў. Жанчыны - босыя. "Мяне папракалі ў тым, што я іх "разуў", - казаў мастак. - Але я гэта зрабіў таму, што ў беларускай вёсцы так прынята хадзіць. Босыя, яны як бы карэннямі ўрастаюць у гэтую зямлю". На мой погляд, у карціне - паэтыка новага тыпу. Падкрэслены пазабытавы, пазажанравы характар палатна, і гэта моцна перадае пачуццё працягласці манументальнага дзейства, звязанага з праявамі глыбокай чалавечай трагедыі.

...Час ідзе. Ён адкідвае тэмы мастацкай творчасці, што яшчэ не так даўно здаваліся непарушнымі, знаходзіць іншыя, новыя. Практычна адышла ў нябыт і так званая гісторыка-рэвалюцыйная тэматыка. Сёння супрацьстаянне "чырвоных" і "белых" бачыцца зусім па-іншаму, чым тры дзесяццігоддзі таму. Аднак у Маісеенкі гэтая балючая тэма і дасюль, на мой погляд, застаецца ў сферы высокага мастацтва, а не ў плоскасці ідэалагічных догмаў. Напэўна, невыпадкова ні ў адной з карцін мастака, прысвечаных Грамадзянскай вайне, мы не бачым вобразаў "ворага", бо канцэпцыя канфлікту "сваіх" і "чужых" яго ніколі не хвалявала. І гэта я хачу падкрэсліць асобна. Так, ён быў чалавекам свайго часу. Але думка пра тое, што ў нябачным атаме хаваецца велізарная выбуховая сіла, што ў маленечкай клетцы знаходзіцца памяць тысячагоддзяў і праграма будучыні, уражвала і глыбока хвалявала яго. За дыялектыкай адвечнага і часовага мастак бачыў дыялектыку стасункаў народа і асобы, роднай зямлі і лёсу чалавечага...

Незадоўга да смерці Яўсей Яўсеевіч, разважаючы пра тое, як шмат значыць для чалавека навакольнае асяроддзе, сказаў, што дасюль памятае і "бразганне аброці, і вядро, і пухнатыя губы каня..." Ці не ў тым вялікі чалавечы сэнс ягонага яркага, чыстага і шчырага жывапісу? "Гора таму, хто мяркуе, што можа абысціся без радзімы; падвоенае гора - таму, хто сапраўды абыходзіцца без яе". У гэтых словах - увесь Маісеенка.

 Але і сёння для мяне застаецца загадкай, чаму ў свой час Алена Васільеўна Аладава, калі была магчымасць, не набыла ніводнай карціны гэтага мастака для Дзяржаўнага мастацкага музея БССР? Магчыма, на тое былі нейкія суб'ектыўныя прычыны? Не ведаю. На гэтую тэму я з Аладавай не гаварыў, хаця вядома, як трапятліва яна ставілася да твораў іншых нашых выдатных суайчыннікаў, скажам, Бялыніцкага-Бірулі, Пэна, Жукоўскага, Хруцкага, Гараўскага, якія, дзякуючы ей, сёння прадстаўлены даволі поўна не толькі ў сталічным Нацыянальным мастацкім музеі. Адзіны эцюд Маісеенкі, зроблены ім у 1946 годзе, быў падораны Беларусі яго вучнем - Алегам Марушкіным у 2000-м, пасля правядзення Першага Міжнароднага славянскага пленэру імя Я.Я. Маісеенкі на яго радзіме. Менавіта тады кіраўніцтва Буда-Кашалёўскага раёна прыняло рашэнне аб стварэнні музеягалерэі мастака на базе аднаго з рэканструяваных будынкаў горада Буда-Кашалёва па вуліцы Камсамольскай, 4. Аўтарам праекта стаў архітэктар Сяргей Маісеенка- пляменнік Яўсея Яўсеевіча. З таго часу ў рэгіёне было праведзена некалькі міжнародных пленэраў, у выніку чаго фонд галерэі папоўніўся многімі творамі ўдзельнікаў гэтых творчых акцый. У 2007 годзе музей-галерэя атрымаў новую афіцыйную назву "Карцінная галерэя Я.Я. Маісеенкі" пад апекай аддзела культуры Буда-Кашалёўскага райвыканкама. І сёння гэты значны культурны аазіс Гомельшчыны працуе паспяхова. Вось толькі, на вялікі жаль, не хапае рукачынных твораў славутага мастака...

 

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"