“Будзем шукаць новае ў сябе дома…”

№ 42 (962) 16.10.2010 - 22.10.2010 г

Станіслаў Жукоўскі: “Паклічам на дапамогу пачуццё нацыянальнага гонару…”

 

Сёння гаворка пойдзе пра Станіслава Юльянавіча Жукоўскага, які ўзгадаваны беларускай, рускай і польскай культурамі. Дакладней, - на памежжы гэтых культур. Творы яго захоўваюцца ў многіх галерэях і музеях замежных краін, асабліва шмат іх у Расіі і Польшчы. Але працяглы час яго палотны ў Беларусі адсутнічалі, ды і імя Жукоўскага для нас было практычна невядомым. І толькі ў 1973 годзе ў Дзяржаўным мастацкім музеі высілкамі тагачаснага дырэктара Алены Аладавай адбылася першая вялікая выстаўка жывапісу нашага земляка. Больш за 300 карцін са шматлікіх збораў і музеяў СССР упершыню так поўна і шырока раскрылі нам вобраз чараўніка пэндзля, арыстакрата духу, незалежнага чалавека...

Дарэчы, менавіта намаганнямі А.Аладавай сёння Нацыянальны мастацкі музей Беларусі мае ў сваёй калекцыі каля 40 твораў майстра: гэта больш, чым у Трацякоўцы або ў пецярбургскім Рускім музеі, дзе да Жукоўскага ставяцца з вялікім піетэтам. Праўда, доўгі час мастацтвазнаўцы лічылі яго рускім жывапісцам на той падставе, што ён вучыўся і доўгі час працаваў у Расіі. І толькі Алена Васільеўна і яе паслядоўнікі ўнеслі прынцыповыя карэкцівы: Станіслаў Жукоўскі нарадзіўся ў Беларусі, пражыў тут амаль 20 гадоў, і- галоўнае - менавіта на гэтай зямлі ён арганічна ўвабраў у сябе яе жыватворныя сокі, якія спрыялі яму ва ўсёй далейшай творчасці, незалежна ад таго, дзе майстар працаваў - у Расіі або ў Польшчы...

Мастак нарадзіўся каля вёскі Яндрохавічы Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні ў маёнтку Старая Воля (у 1921 годзе гэты павет адышоў да Польшчы). Жукоўскія пераехалі сюды пасля разгрому паўстання 1863 - 64 гг. За ўдзел у паўстанні двое сыноў дзеда будучага мастака былі сасланы ў Сібір, а малодшы Юльян, хаця і не падзяліў іх лёс, але сваю маёмасць на радзіме продкаў страціў і пазбавіўся ўсіх правоў, звязаных са шляхецтвам. Юльян быў вымушаны стаць арандатарам таго самага маёнтка Старая Воля, які складаўся з вялікага дома з прысядзібнымі пабудовамі ды садам. Сям'я жыла патрыярхальна і адасоблена. Маці Станіслава, Марыя, з дому Вяржбіцкіх, у свой час атрымала бліскучую адукацыю ў Парыжы, і цяпер, знаходзячыся ў выгнанні, цалкам прысвяціла сябе дзецям: Баляславу, Стэфаніі і Станіславу. Яна навучала іх замежным мовам, музыцы і маляванню. Бацька, суровы і маўклівы, заўважаў аднаго Баляслава і на яго ўскладаў усе спадзяванні. Да астатніх ставіўся суха, калі не сказаць варожа. Ён і слухаць не жадаў аб тым, каб малодшы сын стаў мастаком: "Мастак - хіба гэта прафесія для шляхціча?" І караў Стася тым, што часцяком пасылаў яго пасвіць кароў і коней у ваколіцы вёскі. Але пастухоўскія абавязкі, на маю думку, зрабілі хлапчуку добрую паслугу. Вырваўшыся з дому, ён трапляў у абдымкі прыроды, з раніцы да вечара бадзяючыся разам са статкам або табуном па палях, прыглядаючыся да невядомага і таямнічага свету раслін і насякомых, да хараства світанкаў і смутку заходаў, піў расу і крынічную ваду, купаўся ў сонечных промнях і дажджах.

Аднак бацька ўсё ж уладкаваў сына ў Варшаўскую класічную гімназію, а потым з-за кепскай яго паспяховасці перавёў у рэальнае вучылішча Беластока. Аніякага следу ў душы Станіслава і гэтая вучоба не пакінула. Затое ён тут сустрэўся з выхаванцам знакамітага Строганаўскага вучылішча, сваім настаўнікам Сяргеем Мікітавічам Южаніным, і гэтая сустрэча вызначыла ўвесь яго далейшы творчы лёс. Менавіта Южанін параіў свайму юнаму сябру паехаць у Маскву і паступаць у Вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства. Восенню 1892 года Станіслаў становіцца вольным слухачом на мастацкім аддзяленні ў Абрама Архіпава і Мікалая Касаткіна. Праўда, хутка пераходзіць у пейзажную майстэрню да Васіля Паленава, які зрабіў на Жукоўскага вялікі ўплыў. Акрамя таго, тут ён моцна пасябраваў са сваім равеснікам і земляком Вітольдам Бялыніцкім-Бірулем. "Са з'яўленнем у вучылішчы Паленава, - узгадваў Вітольд Каэтанавіч, - мы пачалі разбірацца ў фарбах, шукаць колер: да яго мы гэтага не ведалі. Памятаю, як Жукоўскі казаў мне: "Ты паглядзі: вунь там, дзе папраўляў Васіль Дзмітрыевіч, тон атрымаўся сакавіты. А ў нас - нібыта мукою разведзена". І далей: "Жукоўскі... тонка ўспрыняў ад Паленава яркія спалучэнні фарбаў".

Першы заўважны поспех прыйшоў да мастака ў 1896-м, калі ягоны "Маёнтак" прынялі на XIV перасоўную выстаўку і адразу ж адзначылі ў друку як "вельмі таленавіты твор". А ў наступным годзе Павел Трацякоў набывае для сваёй галерэі цудоўны, карычнева-ліловы, трошкі самотны "Вясновы вечар" Жукоўскага. У 1898-м пейзажны клас узначаліў Ісак Левітан, які таксама вельмі моцна паўплываў на Станіслава. У сваю чаргу, настаўнік уважліва вывучаў эцюды вучня і захапляўся многімі з іх. А праз год Акадэмія мастацтваў з многіх прэтэндэнтаў набывае дзве лепшыя карціны з чарговай перасоўнай выстаўкі: адну - Левітана, другую- Жукоўскага пад назвай "Вясновая вада".

 З таго часу поспех суправаджае мастака паўсюль: ён пастаянна ўдзельнічае ў выстаўках, прадае карціны, атрымлівае дзве прэстыжныя прэміі, два малыя сярэбраныя медалі. Надышоў час пісаць карціну на Вялікі сярэбраны медаль. Эскіз зацвердзілі без заўваг. Наперадзе - два вольныя гады для падрыхтоўкі да выпускных іспытаў. У гэты "вольны" перыяд Жукоўскі пабраўся шлюбам са студэнткай вучылішча Аляксандрай Ігнацьевай. Маладая сям'я пасялілася ў двухпакаёвай мэбляванай кватэры на Вакзальнай плошчы (у савецкі час - Камсамольская), Жукоўскі атрымаў званне някласнага мастака. Усё ішло, як трэба. Але 22 чэрвеня 1900 года памірае Левітан...

Узрушаны смерцю любімага настаўніка, Жукоўскі працяглы час не мог пачаць працаваць. Аднак усё ж узяў сябе ў рукі і праз год за пейзаж "Месяцовая ноч" атрымаў Вялікі сярэбраны медаль і званне класнага мастака. Хутка ён становіцца сябрам Саюза рускіх мастакоў, які адыграў значную ролю ў згуртаванні розных творчых груповак і накірункаў. Штодзённыя заняткі жывапісам не заміналі яму быць заўзятым тэатралам і вандроўнікам па поўдні Расіі. Ён вельмі любіў папаляваць і парыбачыць, не адмаўляўся пагуляць за шклянкай віна з сябрамі ў якім-небудзь "вішнёвым садзе", або шчыра пагутарыць з самім вялікім князем Міхаілам Аляксандравічам у ягоным маёнтку Брасава. Словам, нармальнае жыццё заможнага, шчаслівага і здаровага чалавека. Не дзіва, што ў ягоных пейзажах сталі пераважаць мажорныя колеры. Ён любіць яркае сонца, для яго тыповымі сталі бліскучыя эфэкты сонечных зімовых або восеньскіх дзён. Многія творы 1900-х і 1910-х гадоў, здаецца, выйшлі з левітанаўскага "Сакавіка" з ягонай напоўненасцю святлом, каляровасцю сініх ценяў, бадзёрай свежасцю, свабодным жывапісам.

У 1907-м 32-гадовы майстар "во внимание известности на художественном поприще" атрымлівае званне акадэміка і адкрывае сваю школу жывапісу ў Казіцкім завулку, якая праіснавала да 1917 года. Між іншым, як я высветліў, тут адным з ягоных вучняў быў Уладзімір Маякоўскі. У 1910-я Жукоўскі шмат вандруе па краінах Еўропы, а потым, пасля вяртання, шчыльна "асвойвае" Цвярскую губерню, піша сінія азёры і лясы Паддуб'я, дзе калісьці бываў Левітан, малюе жывапісныя наваколлі вёскі Астраўкі на беразе возера і г. д. Галоўнае месца ў творчасці мастака пачынаюць займаць маёнткавыя пейзажы і інтэр'еры. Гэтыя "жанры" ён з надзвычайным жывапісным майстэрствам распрацоўвае цягам усяго дарэвалюцыйнага перыяду. Менавіта ў "інтэр'ерных вобразах" Станіслаў Жукоўскі стаў у першай чвэрці ХХ стагоддзя майстрам, непераўзыдзеным і да сённяшняга дня.

Надоўга "забыты" папярэднікамі Жукоўскага інтэр'ер сядзіб на пачатку ХХ ст., менавіта дзякуючы нашаму земляку, становіцца у адзін шэраг з фігуратыўнай карцінай і партрэтам. Мабыць, цікавасць да падобнай "тэмы" выспела не выпадкова. Агульны рэтраспектыўны характар тагачаснага мастацтва, імкненне многіх дзеячаў культуры знайсці станоўчыя ідэалы па-за "трагічнай карцінай рускай рэчаіснасці" - усё гэта адбілася на вялікай цікавасці мастакоў і літаратараў да адыходзячага жыцця дваранскіх гнёздаў і іх гаспадароў. Мінулае здавалася ідэальным і было ахутана нейкім рамантычным арэолам. І такія сядзібы Жукоўскі піша ў розныя поры года, знаходзячы дзівосную прыгажосць у парках з густымі цёмнымі алеямі векавых дрэў, у старых маёнтках з калонамі, у пакоях з мэбляй чырвонага дрэва і партрэтамі гаспадароў у пазалочаных рамах: "Восень у сядзібе", "Старая сядзіба", "Сядзіба. Водбліскі вячэрняга світання", "Паэзія старога дваранскага гнязда", "Інтэр'ер з настуркамі", "Былое"... Зрэшты, пра "інтэр'еры" мастака можна напісаць цэлую кнігу.

Дарэвалюцыйныя гады- апагей афіцыйнага прызнання Жукоўскага. Яго вернісажы адбываліся з музыкай і кветкамі, карціны імгненна раскупляліся. Менавіта ў гэты перыяд ён меў права сказаць: "Наспеў час кінуць ездзіць за модамі ў Парыж, трэба скінуць з сябе векавую залежнасць, пара ўжо мець сваё аблічча. Паклічам жа на дапамогу пачуццё нацыянальнага гонару, самапрызнання, самапавагі і палюбім глыбей сваю невычэрпную хараством Радзіму!.. Будзем шукаць новае ў сябе дома, і прагрэс мастацтва я бачу перадусім у арыгінальнасці і самастойнасці, а не ў капіраванні чужога, таму што арыгінал заўсёды будзе лепшы за копію". Я мяркую, што гэтыя словы і сёння не страцілі сваёй каштоўнасці і актуальнасці...

Што было далей? Кастрычніцкая рэвалюцыя і новае жыццё, зусім не падобнае да мінулага. Апалітычны па натуры, Жукоўскі, тым не менш, спачатку шчыра падтрымлівае савецкую ўладу і як мастак ды адміністратар сумленна стараецца рабіць усё для яе культурнага ўзмацнення. Аднак тонкая душа ўсяго гэтага доўга не вытрымала; мастак, як, скажам, Аляксандр Блок і Канстанцін Каровін, не мог перарабіць сябе ў адпаведнасці з новымі "рэвалюцыйнымі ідэаламі". І, нібыта ратуючыся ад націску бальшавісцкіх лозунгаў і дэкрэтаў, ён пераязджае ў вёску Паддуб'е, а адтуль - у Вятку. Наіўны, ён хацеў захаваць сябе, сваё мастацтва ў тым, што асабліва любіў - у лірычным пейзажы, забыўшыся, што такі пейзаж ужо не быў патрэбны рэвалюцыі, не кажучы пра "буржуазна-шляхецкія" маёнткі, пісаць якія можа толькі вар'ят або вораг новай улады. А калі ўсё ж Галоўпалітасвет, беручы пад увагу ранейшыя заслугі мастака, наладзіў яго невялічкую персанальную выстаўку, на аўтара абрынулася такая жорсткая, несправядлівая крытыка, што самы час быў лезці ў пятлю. Дакладней, гэта была не крытыка, а знішчэнне Жукоўскага як Мастака, чыё імя надоўга знікла пасля гэтага з савецкіх выставачных залаў. "Сэрца поўніцца сумам і тугою, бо прыйшлі нейкія людзі без душы і пачуцця..." - пісаў мастак незадоўга да сваёй эміграцыі.

 У Польшчы Станіслаў Юльянавіч апынуўся ў 1923 годзе. Там яго прынялі на ўра не толькі як найбуйнейшага жывапісца дарэвалюцыйнай Расіі, але і як эмігранта, а значыцца - антысаветчыка. І выстаўкі ў розных польскіх гарадах, і шматлікія ўзнагароды, і хвалебная прэса, і матэрыяльны дастатак- спачатку ўсё гэта было. А колькі твораў жывапісца набылі тады Варшаўскі і Кракаўскі музеі, шматлікія збіральнікі! Але самае дзіўнае, што Жукоўскі, нягледзячы ні на што, страшэнна сумуе па той краіне, якую не так даўно пакінуў! Ён нават захоўвае савецкае грамадзянства, магчыма, тайна спадзеючыся вярнуцца, і вядзе перапіску с сябрамі, якія засталіся ў Расіі. І тут (гэта ўжо 1930-я гады) польская крытыка, спачатку паволі, потым зусім адкрыта, пачынае адзначаць: творчасць Жукоўскага, бач ты, "не мае аніякіх сувязей з накірункам польскага мастацтва", ён - левітанавец, а што Левітан для Польшчы? І ягоныя творы ўжо не экспануюцца і не купляюцца, бо выстаўкі ў той час ужо складаліся, як піша Жукоўскі, "цалкам з мадэрнісцкага шаблону, з надакучыўшых дзівацтваў французскага мадэрна", і "...маё становішча зрабілася небяспечным" (з лістоў С.Жукоўскага).

Безумоўна, змяняць жыццё, звычкі, прыхільнасці ў 50 гадоў цяжка. І мастак па-ранейшаму цалкам сыходзіць ва ўлюбёны пейзаж, тым болей, што гэты пейзаж - з ягонай Радзімы, з ягонага бацькоўскага краю. Ён натхнёна піша Палессе, розныя краявіды Нёмана і Вілейкі, застылыя рэкі, месяцовыя беларускія ночы, Белавежскую пушчу. Словам, настальгія... А тут пачалася Другая сусветная вайна, і што сталася з Польшчай- вядома. Родны для Жукоўскага край увайшоў у склад Савецкай Беларусі, а мастак застаўся ў акупаванай фашыстамі Варшаве. Я не ведаю, чым займаўся стары жывапісец у гэтыя страшныя гады: ніякіх дакументаў на гэты конт не захавалася. Мы б увогуле нічога не ведалі пра смерць мастака, калі б не жыхарка Варшавы - пані Ванда Чарнец-Жалінска, якая назвала месца яго пахавання: брацкая магіла ў горадзе Прушкаве, што за 20 кіламетраў ад Варшавы. Менавіта тут Станіслаў Юльянавіч знайшоў свой апошні прытулак, падзяліўшы лёс многіх жыхароў польскай сталіцы, выгнаных з яе немцамі пасля варшаўскага паўстання. У жніўні 1944-га ён загінуў у тамтэйшым канцлагеры. Яму споўніўся тады 71 год...

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"