“Ні ў чым не рабіцца чужаземкай!”

№ 41 (961) 09.10.2010 - 15.10.2010 г

“У Зембіне мне сказалі: “Як ты вырасла, Надзя!”

/i/content/pi/cult/290/4783/pic_30.jpg

(Заканчэнне. Пачатак у № 40.)

...Аднойчы Малевіч абвясціў, што ягоны "квадрат у квадраце" - цяпер "белы на белым": завяршальная кода ў жывапісе. Гэта значыць, жывапіс - мёртвы, надышоў час для іншага. Трэба шукаць характар эпохі ў побытавых рэчах - "новыя формы для новага побыту", - трэба ўкараняць мастацтва ў прамысловасць, у архітэктуру, у кінематограф. "Поўнач мастацтва блізкая, усё скончана з жывапісам і са скульптурай", - голасна, на ўвесь свет, абвясціў вялікі рэфарматар.

Для Надзеі гэта прагучала як пахавальная малітва. Як гэта- без жывапісу? Яна ж ім жыве і хоча жыць надалей! А цяпер, значыць, ні кроку па гэтым шляху?

Надзя Лежэ: "Колькі начэй праплакала ў сваім куце, знішчаная ўшчэнт, разгубленая. Ну куды ж цяпер, куды? Загінула ты, Надзька-казак, бедная Надзя... І пабегла я тады ў бібліятэку, пачала чытаць пра архітэктуру, пра кіно як пра новых, невядомых багоў... І раптам трапіўся на вочы часопіс "Esprit nouveau" з рэпрадукцыямі невядомага мне француза Фернана Лежэ. Гэта было штосьці надзвычайнае. Адшукала французска-рускі слоўнік, нейкім чынам з дапамогай бібліятэкара сяктак разабралася з тэкстам і ўцяміла, што Лежэ моцна пашырае межы жывапісу і верыць: апошні павінен напаўняць усю атмасферу жыцця людзей, і для таго існуюць новыя шляхі. І Лежэ нечакана зрабіўся для мяне нібы выратавальнікам, які супрацьстаяў самому маэстра Малевічу".

Ішоў 1919 год. Надзеі - шаснаццаць. Што рабіць далей? І раптам Надзя даведваецца: яе знаёмыя збіраюцца ў Варшаву. Адразу - думка: трэба ехаць з імі. Праз Варшаву - у Парыж! А там - што будзе, тое будзе: дзе наша не прападала! Атрымаўшы права ехаць у Варшаву, дзяўчына сабрала фарбы, пэндзлі, малюнкі, старыя балетныя пантофлі і, напісаўшы дадому: "Не турбуйцеся, не шукайце, чакайце лістоў. Ваша дачка Надзя", пакінула Смаленск. З вузельчыкам, дзе былі кавалак хлеба, некалькі вараных бульбін і селядзец, яна, неўтаймаваная і дзівакаватая, выправілася за сваёй сіняй птушкай. У чужую краіну, да чужых людзей.

Надзя Лежэ: "Добра, што я хоць трошкі ведала польскую мову. І галоўнае - разам са мной былі мае мары, мая рашучасць, смеласць і... безагляднасць. Нібыта верныя коні, зносілі яны мяне са шляху тугі і маладушнасці!"

У Варшаве Надзя затрымалася надоўга. Працавала нянькай у сям'і аднаго пана, потым уладкавалася ў ціхі манастырскі прытулак для сірот, штось малявала, наведвала музей Захентэ, рыхтавалася да паступлення ў Акадэмію мастацтваў. А тут прыйшло паведамленне: памёр бацька. Узрушэнне было моцнае. Але вытрымала. Уладкавалася ў адну сям'ю майстрыхай па вырабе капелюшоў, гэта значыць мадысткай. І новае рамяство доўга карміла яе - ажно да паступлення ў Варшаўскую акадэмію мастацтваў.

Але жыццё працягвалася. І неўзабаве Надзя пабралася /i/content/pi/cult/290/4783/pic_31.jpgшлюбам са Станіславам, студэнтам з паралельнай майстэрні. Адбылося сціплае вяселле. Аднак штось у маладых не заладзілася. На тое былі свае прычыны: сварлівая свякроўка, якая не давала жыць, і маладушнасць мужа, што цалкам залежаў ад маці. Ды і свёкар быў не цукар, не любіў "гэтую манголку, гэтую бальшавічку". І зноў у мары прыйшлі выратавальны Парыж, Фернан Лежэ. На ўсялякі выпадак чырканула Лежэ ліст: маўляў, я з мужам-мастаком хацела б прыехаць на вучобу ў вашу мастацкую школу, таму што вы як мастак-наватар для мяне адзіны ў сваім родзе кумір, узор для пераймання... І нечакана атрымала адказ: "Прыязджайце!" Як у казцы, дый годзе.

З ліста Надзі да маці: "Я еду... Але не хвалюйцеся, гэтак жа гладка зачасаны мае косы, як вы вучылі мяне ў маленстве, і я ўсё тая ж ваша Надзя. А наперадзе - Парыж! І з'явіцца ў вас там унук або ўнучка. Вы ж нас нарадзілі проста на саломе,прыхваткамі. Што ж рабіць? Знайду і я сваю салому. Горад - велізарны, у ім ёсць усё... Банжур!"

Надзя і Станіслаў пасяліліся ў Лацінскім квартале, на вуліцы Вілет, у доме насупраць бібліятэкі Сэн-Жэнеўеў. Справа - Пантэон, злева, удалечыні, - сабор Парыжскай Божай Маці, а школа жывапісу - "Academie moderne" - знаходзілася на вуліцы Нотр-Дам-дэ-Шан, 86, амаль побач. Яна была ў 1924 годзе заснавана Фернанам Леже і ягонымі памочнікамі жывапісцам-пурыстам ("pur" у перакладзе з французскай мовы- "чысты") Амадэем Азанфанам ды цудоўнымі жанчынамі-мастачкамі "новага авангарда" Мары Ларансэн і Аляксандрай Экстэр з нашага тады Беластока. Абагульненасць і статыка - вось галоўныя элементы лаканізму форм, з якімі адразу ж сутыкнулася Надзя. Яна і Станіслаў у майстэрні Азанфана занялі месцы за мальбертам, агледзелі аголеную мадэль і... так пачаўся новы, "парыжскі" перыяд жыцця беларускі Хадасевіч. Новы і апошні, які расцягнуўся на доўгія дзесяцігоддзі. Парыж "без мовы", Парыж феерычны і чужы, які так і не замяніў ёй родную Беларусь...

Ішлі дні. Але аднойчы Азанфан паказаў Лежэ самастойныя, непраграмныя работы Надзі, і той упершыню з цікавасцю зірнуў на яе: "О-ля-ля, прыходзьце да мяне, мадам Надзін, у майстэрню, у гэтым жа доме: я пакажу вам свае творы..." І яна, не чуючы пад сабой ног, прыйшла, прыбегла, каб - нарэшце! - убачыць жывыя карціны, з пахам яшчэ свежых фарбаў, у якіх так выдатна рэалізаваліся мары мастака пра зліццё машыны і чалавека. Магутнасць і дакладнасць колеру. Смелая незвычайнасць эстэтыкі. Паэтычная фантазія. Ззянне. Рух форм. Штосьці нагадвала малевічаўскіх "Палацёра" і "Жніво". Проста галава кругам ад уражанняў!

Неўзабаве Надзя пайшла ад Азанфана да Лежэ, а праз некаторы час яе творы з'явіліся на вучнёўскай выстаўцы. З ліста Надзеі на радзіму: "Браты мае, Валодзя, Саша, Пеця! Вы дражнілі мяне: "Надзька, даеш Парыж!" - чуеце, браты мае, тут, у Парыжы, у горадзе мастакоў, выстаўлены і мае карціны! Нібыта і радасць у мяне, ды парваная; быццам моль, з'ядае мяне саманезадаволенасць".

/i/content/pi/cult/290/4783/pic_32.jpgНадзея Пятроўна расказала мне з добрай усмешкай, як яна прадала свой першы твор. Вядомая калекцыянерка княгіня Наай пажадала набыць ейную карціну. Надзя падумала: не іначай, як мадам смяецца. Кінула, каб тая адчапілася: пяць тысяч франкаў! А тагачасны сярэдні кошт вучнёўскіх работ быў 50 - 60 франкаў. Надзю выклікалі ў галерэю: "Княгіня купіць карціну, але просіць саступіць тысячу франкаў. Згодны?"

Потым надышлі цяжкія часіны. Цяжарнасць, нараджэнне Ванды, пастаянныя сваркі з мужам, паралельна з вучобай - праца прыслугай у нейкім пансіянаце; на мастацтва амаль што не заставалася сіл. І- адчуванне сябе чужой у гэтым горадзе, да якой нікому няма справы. Карацей кажучы, з мужам давялося развітацца. Неўзабаве справы пайшлі лепей. Настолькі, што да Надзі прыйшла фантастычная думка: выдаваць... свой часопіс пра сучаснае мастацтва на дзвюх мовах - французскай і польскай. Вокладку першага нумара зрабіў сам Фернан Лежэ. Праўда, выйшлі толькі тры нумары часопіса: па словах Надзі, "стала тужліва і цесна ў ім". Урэшце, у той час яна ўжо стала выкладчыцайасістэнткай у школе жывапісу мэтра Фернана Лежэ. Хто ж калісьці мог уявіць сабе дзе-небудзь у Зембіне, Бялёве або Смаленску, што такі пакручасты, неверагодны лёс выпадзе на долю нашай землячкі? Пытанне, як кажуць, рытарычнае, але вельмі прывабнае для пісьменнікаў або кінарэжысёраў прыгодніцкага жанру.

А неўзабаве пачалася Другая сусветная вайна. Акадэмія закрылася. Францыя акупавана. Лежэ, залічаны немцамі ў "чорны спіс", з'ехаў у ЗША. Клікаў з сабою і Надзю, але тая не наважылася. Засталася ў Парыжы. Чаму? На гэтае пытанне мая суразмоўца тады дакладна не адказала. Толькі заўважыла, што ў акупацыі ніякіх карцін не малявала, а пайшла ў падполле: камуністкай яна зрабілася яшчэ да вайны. І так - усе чатыры гады, пакуль Францыя была пад пятой фашызму. Надзея Хадасевіч мела ў падполлі мянушку Жаржэта Пэно К № 31. Трымала сувязь з партызанамі, здабывала ім харчаванне і вопратку, распаўсюджвала ўлёткі...

Адразу пасля вайны Надзея Пятроўна наладзіла буйны аўкцыён, для ўдзелу ў якім прыцягнула Пікаса, Брака, Маціса. Сабрала 150 карцін, што прынеслі тры мільёны франкаў. Іх падзялілі паміж сабой Таварыства Чырвонага Крыжа і Саюз савецкіх патрыётаў: усе сродкі былі прызначаны савецкім ваеннапалонным. Пасля аўкцыёну, пад час адной з сустрэч у майстэрні Надзеі, Пабла Пікаса, паглядзеўшы яе работы, сказаў: "Я бачу, вы настойліва імкнецеся трапіць на ўласны шлях. І не блукаеце навобмацак. Вы прыцягваеце гледача зразумелай выявай, а адначасова прымушаеце яго ўспрымаць незвычайную выяўленчую форму. Ну што ж, правільна, Надзін!"

Неўзабаве пасля вяртання Фернана Лежэ з ЗША памерла ягоная жонка Жана Лаі, з якой мастак быў разам з 1919 года. І ён застаўся зусім самотны - неўладкаваны, разгублены, разбіты. Не, не зусім самотны. Як вы здагадаліся, побач заставалася, канешне ж, Надзя. Часта забаўляла яго ігрой на балалайцы. І спевамі беларускіх песень. Памятаеце балалайку ў нацюрморце з самаварам у Лежэ? Гэта тая самая... 21 лютага 1952 года Фернан Лежэ і Надзея Хадасевіч зарэгістравалі свой шлюб у мэрыі Манружа і сціпла адсвяткавалі гэтую падзею ў мясцовым рэстаране.

Маладыя пасяліліся ў квартале Гро-Тыёль у Жыф-сюр-Івет пад Парыжам у невялікім дамку з садам і зрабілі там рамонт. Абсталявалі дзве майстэрні: адну - для Фернана, на другім паверсе, другую - для Надзеі, на першым. Як казала Надзея Пятроўна, "проста паводле беларускай прымаўкі: "Тры калы ўбіты, бараной пакрыты - і то хата". Безумоўна, дом той не падобны ні да нармандскай фермы ў гарадку Аржантан, дзе прайшлі дзіцячыя гады Фернана, ні да тых беларускіх хат, дзе калісьці жыла Надзя, але ёй вельмі хацелася дамагчыся гэтага падабенства, і яна пасадзіла пад акном сланечнік.

Я яе запытаў, чаму менавіта гэтая расліна, у Ван Гога ж таксама сланечнік, на што яна адказала так: "У Ван Гога - свой. Вангогаўскі, асабісты сланечнік, французскі. А да свайго сланечніка ў Жыфсюр-Івет я ставілася асабліва, не так, як да астатніх раслін: з ім было звязана нешта сваё, кроўнае, што існавала разам са мной калісьці на беларускай зямлі. І, як у дзяцінстве, я чакала ад яго падарунка. Насенне можна пасадзіць потым у зямлю, і з'явіцца шмат жоўтай весялосці пад маім акном..."

А аднойчы Фернан, працуючы ў садзе, выпадкова зрэзаў сланечнік. Божа, што было! Надзя кінулася ў слёзы: "Mon tournesol... Мой сланечнік..." Збянтэжаны, Лежэ разгубіўся: ён ніколі не бачыў, каб яна плакала! "Ну што ж мне рабіць? - схапіўся за галаву маэстра. - Хочаш, я намалюю табе пяцьдзесят такіх сланечнкаў?.." І- намаляваў! Праўда, дваццаць. Цудоўных, каляровых...

Сямейнае шчасце працягвалася нядоўга: трошкі больш за тры гады. 2 жніўня 1955-га з Лежэ здарыўся інфаркт міякарда. Вярнуўшыся дадому са сваёй парыжскай майстэрні, ён ад болю ў сэрцы не здолеў падняцца ў свой пакой і лёг у маленькім пакоі на першым паверсе. Надзя ўдзень і ўначы ахоўвала мужа і спала ў калідоры на падлозе. Праз 15 дзён вялікі мастак памёр. У майстэрні на мальберце з няскончанай карціны прарывалася весялосць. Гэта былі кветкі ў вазе...

І на надмагільнай пліце свайго настаўніка і мужа Надзя таксама адлюстравала сакавітыя кветкі. Кветкі без тугі і тлену... А яшчэ яна разам са сваім старым сябрам, дырэктарам Акадэміі Лежэ Жоржам Бак'е адкрыла ў горадзе Б'ю, што ў Прыморскіх Альпах, музей выдатнага мастака. Тут - ягоная бессмяротнасць. Неба, кіпарысы, высокія травы... Праз дзесяць гадоў Надзя Лежэ падарыла гэты музей французскаму народу. А ў 1970 годзе на радзіме Фэрнана Лежэ, у Нармандыі, таксама заснавала музей імя свайго мужа.

Яна марыла: "Упрыгожыць бы зямлю маленькімі музеямі. Як вогнішчамі. Ну чаму толькі музыка і танцы распаўсюдзіліся так шырока? Усе спяваюць, усе танчаць, а жывапіс глядзець не ўмеюць. Як жа быць мастаку? Для каго працаваць?" Мудрыя, вельмі сучасныя і своечасовыя словы...

Што да творчасці самой Надзеі Пятроўны, дык яна да апошніх дзён свайго жыцця - 8 мая 1983 года - паспяхова працавала ў галіне і манументальнага, і станковага мастацтва без усякіх рэзкіх паваротаў. Галоўныя тэмы яе твораў - жыццё, праца, сонца, людзі, якіх яна любіла і паважала. Сярод яе мазаічных партрэтаў - вобразы М.Шагала, П.Пікаса, Ю.Гагарына, У.Леніна, Ж.Дзюкло, М.Торэза, герояў Другой сусветнай вайны і дзеячаў культуры. Вядомыя і яе жывапсныя палотны- "Пачатак руху (Узлёт №1)", "Нацюрморт с вазай", "Зоя", "Калгасніцы", "Таджыкскія музыкі".

А праект Надзі Лежэ наконт мазаікі на фасадзе Палаца спорту ў Мінску так і застаўся нерэалізаваным. Ніхто з тагачасных "адказных за культуру" рэспублікі не адважыўся прыняць прапанову "чужаземкі", хаця Надзея Пятроўна была не толькі шчырай беларускай, патрыёткай, але і членам Французскай кампартыі, кавалерам ордэна Ганаровага легіёна (Францыя) і ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга (СССР)...

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"