“Ні ў чым не рабіцца чужаземкай!”

№ 40 (960) 02.10.2010 - 08.10.2010 г

“У Зембіне мне сказалі: “Як ты вырасла, Надзя!”

/i/content/pi/cult/289/4734/pic_11.jpg

Больш за сорак гадоў таму, працуючы ў Міністэрстве культуры БССР, я пазнаёміўся з французскай мастачкай Надзяй Лежэ. Так атрымалася, што ў складзе дэлегацыі я суправаджаў яе ў паездцы да вёскі Зембін Барысаўскага раёна. Там яе "малая" радзіма, хаця на свет яна з'явілася, уласна кажучы, у іншым месцы - у вёсцы Асецішчы Віцебскай губерні. Але там - да пераезду ў Зембін- яна пражыла з бацькамі толькі некалькі месяцаў. У 1967 годзе я быў побач з Надзеяй Пятроўнай таксама і на сустрэчы з супрацоўнікамі Дзяржаўнага мастацкага музея БССР, за абедзенным сталом дома ў Алены Аладавай; раніцамі прыязджаў па яе ў гасцініцу "Юбілейная", іншым разам сумесна з міністэрскім чыноўнікам, архітэктарам Уладзімірам Марокіным, суправаджаў спадарыню Лежэ і ў азнаямленчых прагулках па Мінску. Чалавек яна была вельмі камунікабельны, гаваркі, прыязны і таму шмат чаго ахвотна распавядала пра сваё жыццё-быццё. Дарэчы, да гэтага знаёмства я нават і не чуў ейнага імя, хаця "брэнд" знакамітага мужа Надзеі Пятроўны, вялікага французскага мастака Фернана Лежэ, які памер у 1955 годзе, быў шырока вядомы ва ўсім свеце. І сам я яшчэ са студэнцтва сёе-тое ведаў пра творчасць гэтага жывапісца... 

Здаецца, гэта была трэцяя паездка Надзеі Пятроўны на сваю радзіму, якую яна пакінула ў 1919-м, у 16-гадовым узросце. Першую яна здзейсніла на аўтамабілі ў 1960 годзе разам са сваім сябрам і памочнікам Жоржам Бак'е і сынамі галоўнага камуніста Францыі Марыса Тарэза - Жанам і Полем.

Пазней яна распавяла, якое радаснае пачуццё авалодала ёю пры перасячэнні савецка-польскай мяжы. "Адкуль гэтае пачуццё? Ад усведамлення, што ты на сваёй зямлі, на зямлі Радзімы? Ёсць у Францыі такая ж зямля. І нават бярозы ёсць. І квітнеюць на ёй і сланечнікі, улюбёныя кветкі Ван Гога, але Ван Гог любіў толькі сланечнікі Праванса. Нічога з гэтым не паробіш. І не зменіш. Гэта як у маленстве: дотык мацярынскай рукі не зблытаеш ні з адной, самай пяшчотнай рукой на свеце. Ні з адной. Людзі паміралі, сціснуўшы ў руцэ жменьку роднай зямлі, якую яны насілі ў ладанках на грудзях. Ды і я жыла, не выпускаючы гэтую зямельку з рук. Мама казала: "Мілы той куток, дзе адрэзаны пупок", і мой "куток", край мой, пачынаўся з памежнага Брэста..."

...Па дарозе ў Зембін яна расказала пра сваю самую першую сустрэчу з роднай вёскай, дзе памерлі яе бацькі, так і не пабачыўшы перад сконам дачку, дзе чакалі яе сёстры Жэня і Рая, браты Уладзімір і Пётр: "Вельмі хвалявалася, як мяне сустрэнуць. Мы дарослыя, мы сталыя, не бачыліся амаль 40 гадоў... І першыя словы сястры Жэні- уяўляеце? - былі: "Як ты вырасла, Надзя!"

...Неўзабаве адбылася другая паездка Надзеі Пятроўны ў Зембін. Праўда, толькі на некалькі гадзін, якія яна правяла з землякамі ў калгасе "Зара камунізму". А цяпер вось - трэцяя. Да гэтай сустрэчы яна рыхтавалася як ніколі старанна. Везла ў СССР падарункі: сотні рэпрадукцый з шэдэўраў сусветнага жывапісу, што былі выкананы на найвышэйшым узроўні, дакладна перадавалі на палатне не толькі ўсе нюансы колеру, але і характар мазка і нават асобныя разбуральныя сляды часу - шчыліны-кракелюры, блякласць фарбаў.

Гэтая калекцыя потым пабывала ў складзе перасоўных выставак у многіх гарадах і вёсках Савецкага Саюза, у тым ліку - у Сібіры і Запаляр'і. А частку твораў Надзя Лежэ падарыла Зембінскай школе і Дзяржаўнаму мастацкаму музею, дзе яны захоўваюцца да цяперашняга часу... Мінчане ва ўзросце памятаюць гэтую выстаўку ў сталіцы: некаторыя гледачы дасюль перакананы, што перад імі знаходзіліся арыгіналы твораў...

Памятаю сустрэчу Надзеі Пятроўны ў гэтым музеі з/i/content/pi/cult/289/4734/pic_12.jpg яго дырэктарам Аленай Васільеўнай Аладавай - як аказалася, яе даўняй сяброўкай - і музейнымі супрацоўнікамі. Там яшчэ прысутнічалі тагачасны намеснік міністра культуры Юрый Міхневіч, старшыня Саюза мастакоў Уладзімір Стальмашонак і народны мастак БССР Андрэй Бембель. Гутарка пра жыццё і мастацтва ішла жыва і эмацыйна. І тут, памятаю, Надзея Пятроўна знянацку захацела патэлефанаваць проста... у Парыж. І каму, вы думаеце? Свайму сябру Марку Шагалу!

Усе, хто прысутнічаў тады ў кабінеце Аладавай, збянтэжыліся: у Парыж? самому Шагалу? Не забывайце, шаноўны чытач, што на двары быў 1967 год і званіць проста так з дырэктарскага кабінета ў Парыж ды яшчэ каму - Шагалу, які на сваёй радзіме даўно лічыўся "не нашым", ледзь не ворагам,- нонсэнс! А яна, пабачыўшы наша замяшанне, проста так кажа: "Я абяцала патэлефанаваць Марку з Мінска, яшчэ раз нагадаць, што даўно прыйшоў час наведаць яму сваю радзіму, якую ён пакінуў ва ўзросце Хрыста. Думаю, што пра яго тут яшчэ не забылі. Так?.." "Канешне ж, так," - дружна заківалі мы, адводзячы ў бок нашы позіркі...

Потым Ю.Міхневіч перавёў гутарку на іншыя тэмы, у прыватнасці, падзякаваў мадам Лежэ за дарэнне музею калекцыі ўнікальных рэпрадукцый з карцін вялікіх творцаў і гіпсавых злепкаў з арыгіналаў Луўра, а таксама распавёў, што зараз у Міністэрстве ідуць перамовы з Надзеяй Пятроўнай пра тое, каб упрыгожыць фасад мінскага Палаца спорту манументальнымі мазаікамі па яе эскізах і- па жаданні мастачкі - за яе кошт!

Дарэчы, у другі свой візіт яна хацела падараваць Алене Аладавай ("для патрэбы музея") вельмі дарагую залатую шматпялёсткавую брошку дыяметрам больш за 10 сантыметраў з ініцыяламі "N. L.". Праўда, я пры гэтым не прысутнічаў, але Алена Васільеўна мне потым распавяла, што ад такога каштоўнага падарунка ёй давялося адмовіцца, з прычыны чаго Надзея Пятроўна вельмі засмуцілася.

У час нашых сустрэч з мадам Лежэ мы шмат гутарылі з ёй. Дыктафона тады ў мяне не было, і дапамагаў мне толькі маленькі нататнік, куды я, па магчымасці, запісваў "маналогі" госці. У матэрыяле сённяшнім я выкарыстаў не толькі мае тагачасныя запісы, але і некаторыя фрагменты яе ўспамінаў.

Дасюль памятаю яе валявы, з ярка выражанымі скуламі твар, зацягнутыя ў пучок гладкія валасы, чорны касцюм, шырокі мяккі шалік цераз плячо, французскую элегантную сумачку і туфлі на вельмі высокіх абцасах. А яшчэ ў яе мелася цудоўнае, здаецца, сабалёвае футра, на якое літаральна ўсе звярталі ўвагу. Іван Міско, які тады працаваў музейным мастаком-рэстаўратарам, іншы раз насіў футэрка за мадам Лежэ.

Такім чынам... Са старых маіх запісаў:

/i/content/pi/cult/289/4734/pic_13.jpg- Надзея Пятроўна, як вам, дзяўчынцы з беднай сялянскай сям'і, з забытай Богам правінцыі, удалося трапіць у Парыж?

- О, гэта доўгая гісторыя! Сапраўды, наша вялікая сям'я - у мяне было дзевяць сясцёр і братоў - жыла вельмі бедна. Тата гандляваў гарэлкай у казённай крамцы за пяць рублёў заробку, мама - хатняя гаспадыня, выхоўвала дзяцей. Але, колькі сябе памятаю, я заўсёды малявала. Больш нічога не прываблівала, нават дзіцячыя забавы. Але не думайце, што я была такая сціплая дзяўчынка - на вёсцы мяне клікалі "Надзька-казак". З маленства была прывучана да працы. Ведаеце, іду па лесе, вочы - у зямлю, шукаю грыбы або збіраю суніцы, капаю бульбу - сонца б'е ў галаву, а ў думках у мяне толькі адно: хачу быць мастачкай, хачу - і ўсё тут! Напэўна, лёс...

- І што было потым?

- Потым пачалася вайна, і нашу сям'ю занесла ў рускае мястэчка Бялёў, што ў Тульскай губерні. А там працавала мастацкая студыя Цімафея Ільіча Катуркіна, колішняга выхаванца Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў. Ён прыехаў сюды на адзін год, але застаўся на цэлых шэсць, кіраваў мясцовым пралеткультам. Дык вось, нейкі час я і займалася ў гэтай студыі ў групе з 22 чалавек. Дарэчы, адначасова наведвала і балетную студыю, дзе навучылася цудоўна танцаваць і нават змайстравала сабе са старых абрэзкаў туфлі для танцаў. Аднойчы ў студыі я выпадкова натрапіла на нейкі часопіс, які немаведама адкуль апынуўся тут. У часопісе быў надрукаваны артыкул пра французскі жывапіс і пра Парыж - цэнтр вялікіх мастакоў. Вось тады, мабыць, гэтае дзіўнае і прыцягальнае слова "Парыж" запала ў маю душу"...

Так, Парыж з таго часу не даваў Надзеі спакою. Гэта было нейкае дзіўнае насланнё. Што гэта? Мроя? Міраж? Хвароба? А бацькі настойвалі: кінь маляванне, лепей мы цябе ўладкуем у канцылярыю справаводкай. Чалавекам, маўляў, станеш. І Надзя, каб не засмучаць бацьку і маці, пайшла туды. Цэлымі днямі пісала нейкія сухія справаздачы, а на маленечкіх аркушыках, што ляжалі побач, малявала, але "па дарозе выкідвала іх, і яны ляцелі па паветры, нібыта песні".

 

Неўзабаве Надзея даведалася, што ў Смаленску адкрыліся Вышэйшыя дзяржаўныя мастацкія майстэрні. І тут ужо ёй стала не да канцылярыі. Кінула ўсё і ўпотай ад бацькоў дабралася да Смаленска. А ёй было ўсяго... 15 гадоў! Адшукала гэтую ўстанову, а там - "калі ласка, здавайце іспыт". Спачатку разгубілася, але што паробіш? Гэта было, як казала Надзея Пятроўна, "першае сур'ёзнае выпрабаванне ў маім жыцці". А жыла яна на вакзале, у закінутым вагоне. Галадала, але падбадзёрвала сябе песняй, пачутай ў Бялёве: "Не шуми ты, лес-дубрава, над моею головой..."

 На іспыце педагог Уладзіслаў Стржэмінскі (пра яго я распавядаў у "Культуры" № 29-30 за 2010 г.) паставіў перад ёй мадэль. Ну што ж: мадэль - значыць мадэль. Намалявала. Нават сама гэтага не чакала. Прынялі. Стала студэнткай. А потым з Віцебска прыехаў Казімір Малевіч, арганізатар і натхняльнік легендарнага УНОВИСа - "сцвярджальнікаў новага мастацтва". А Стржэмінскі разам з жонкай Кацярынай Кабро ў гэты час узначаліў смаленскі філіял УНОВИСа.

Са старых запісаў:

- Як пазнаёміліся з Малевічам?

- Раней я не ведала нават пра яго існаванне. Аднойчы сядзела ў класе, рыхтавалася да заняткаў. Уваходзіць чалавек і чамусьці адразу - да мяне. Я выціснула фарбы на палітру, а ён - гэта быў Казімір Севярынавіч - саскроб мастыхінам маю фарбу. "Кіньце, - кажа, - гэтую вашую ружовую, блакітную, у вас ёсць вохра, чырвоная, чорная, белая... І не патрэбныя нікому "карцінкі" і духмяныя ружы. Гэта ўсё мярцвячына... Я вам адкрыю новыя шляхі!" Ну, думаю, мы закліканы ісці новымі шляхамі! Мы, будучыя мастакі, пачыналі адчуваць сваю каштоўнасць.

- І ў чым для вас тады была сутнасць вучэння Малевіча?

- Калі казаць проста, дык, на яго думку, трэба знайсці ўзаемасувязі паміж двума прадметамі ў прасторы - Зямлёй і Месяцам: паміж імі можа быць збудаваны новы, супрэматычны спадарожнік, абсталяваны ўсімі патрэбнымі элементамі. Ён іх спалучыць і стане рухацца па арбіце, утвараючы свой новы шлях. Я ясна выказваю сваю думку? (Я сцвярджальна кіўнуў. - Б.К.) Рух па прамой лініі да якойнебудзь планеты не можа быць пераможаны інакш, чым праз кальцавы рух прамежкавых супрэматычных спадарожнікаў. Гэта значыць, рух нябесных свяціл уплываў на фарматворчасць, завоблачныя высі ігралі на палотнах...

- І як вы ўсё гэта ўбіралі ў сябе?

 - Менавіта мне нябесны купал быў бліжэйшы за звод тэарэтычных і філасофскіх пабудоваў Малевіча. Наслухаўшыся ягоных размоў, я часта блукала па смаленскіх вуліцах, не бачачы дарогі, закінуўшы галаву і скіраваўшы вочы ўгару, нібыта магчыма было ўвачавідкі пабачыць у далёкай казачнай прасторы імклівыя конусы і прастакутнікі будучыні... Такім чынам Надзя Хадасевіч ішла проста ад малочнага вядра да жывапіснай фарматворчасці, ад зямлі-карміцелькі да неба, да космасу. І малявала... "Рух геаметрычных форм у прасторы", "Палёт геаметрычных фігур", "Рух на Месяцы", "Прэс-пап'е". Але галоўнай апорай для Надзеі былі не тэарэтычныя сентэнцыі аўтара "Чорнага квадрата"- на яе падсвядома ўздзейнічала тое, што атачала з дзяцінства: вышытыя ручнікі, узорнае пляценне, паласатыя дыванкі, спалучэнне чыстых колераў і ліній народнага мастацтва. Менавіта падобныя элементы яна спрабавала скарыстаць у сваіх абстрактных кампазіцыях. І Надзю хвалілі. Ішлі ёй насустрач. Даведаўшыся, што яна туліцца на вакзале, Стржэмінскі перасяліў яе ў майстэрні, дзе ў адным з пакояў фіранкай ёй аддзялілі кут. Надзя Лежэ: "... Сапраўднае чалавечае жытло! Калі Малевіч затрымліваўся ў Смаленску і спазняўся на віцебскі цягнік, ён начаваў у маім куце, спаў на маім ложку, а мяне Стржэмінскі і Кабро ўкладвалі ў сваім пакоі на падлозе..."

(Заканчэнне будзе.)  

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"