Слова аб ”…крылах”

№ 40 (960) 02.10.2010 - 08.10.2010 г

Лабараторыя дызайну

/i/content/pi/cult/289/4727/7-1.jpg

 Па добрай традыцыі, "фірмовы" праект галерэі "Універсітэт культуры" "Тэхна-арт", які сёлета праходзіць у межах Рэспубліканскай выстаўкі "Зямля пад белымі крыламі", мае акрэсленую тэматыку. Гэтым разам - "Знак якасці". Своеасаблівы "трыб'ют" ці не самаму пазнавальнаму ўзору савецкага крэатыву неяк нязмушана пераўтварыўся ў калектыўныя рэфлексіі адносна дызайну як такога. Спрабуючы сябе ў новай іпастасі, удзельнікі выстаўкі навыперадкі дэманстравалі вельмі патрэбную для творчага мыслення якасць - парадаксальнасць.

Дызайн - мастацтва ўтылітарнае, і таму фармалістычныя пошукі многія лічаць яго антыподам. Настасся Акуневіч выкарыстала дасягненні поп-арта ў якасці малюнкаў на майкі. Жорстка-мінімалістычнае спалучэнне чорных і белых палос, якое стварае забойчы візуальны эфект, дапаўняюць пазнавальныя выявы сімвалаў Беларусі: трактар, зубр... Майкі можна хоць сёння запускаць у вытворчасць у якасці арыгінальнага нацыянальнага сувеніра- без кічу і лубковасці.

Замест таго, каб напісаць трактат пра філасофскі сэнс дзвюх перакрыжаваных палосак (як, напэўна, зрабілі б у такім выпадку яго папярэднікі), Раман Стрыга змясціў гэты абстрактны знак на скуру рэальнай дзяўчыны і зрабіў яе гламурнае фота. Так спалучыліся яшчэ два полюсы.

Вольга Мешчаракова настойліва аспрэчвае тэзіс адносна таго, што сучаснае мастацтва і этнаграфічна-традыцыйнае - гэта антонімы. Яна ўвасабляе прыкметы сучаснай цывілізацыі з дапамогай традыцыйнай тэхнікі саломкапляцення. Новы твор мастачкі - веласіпеднае кола з крыламі.

- Кола - гэта ўвасабленне дасканаласці, - патлумачыла яна. - А крылы - нашы імкненні да дасканаласці. Рухаючыся па коле, мы нібы апынаемся ў тым самым месцы, але - ужо іншымі, больш дасведчанымі.

Як вядома, сучасныя мастакі працуюць не толькі з разнастайнымі матэрыяламі, але і са свядомасцю аўдыторыі, унурваючыся ў мысленчыя кантэксты і стэрэатыпы ўспрымання. Аляксандр Зазуля стварыў "метафару навыварат" слова "траян", якое ў большасці сучаснікаў асацыіруецца зусім не з антычнасцю. Замест электронных шкоднікаў, якіх мы не толькі памацаць, але нават і ўявіць не можам, - наўмысна прымітыўная драўляная цацка з салдацікамі ў чэраве каня.

 Цэнтральны твор экспазіцыі рана ці позна павінен быў з'явіцца на свет- яго ідэя літаральна лунала ў паветры. Аляксандра Салдатава стварыла партрэт уласнай сям'і ў выглядзе фанерных шчытоў, шчыльна абклееных цэтлікамі з разнастайнымі брэндамі. Ідэя інсталяцыі асаблівых тлумаченняў не патрабуе.

Непадалёк - касцюм з "мамантаўскай" калекцыі Кацярыны Бурак "Па слядах Далі", зроблены з адыходаў металургічнай і ментальнай прамысловасці. Побач з дзікім віскатам бегае на ланцугу фабрычны цацачны сабачка, якога Ганна Сілівончык і Васіль Пяшкун забяспечылі драўлянай будкай і нават косткай. Кампазіцыю ўдала дапаўняе драўляны ноўтбук ад Сяргея Шылы. "Тэхнакратызм", заяўлены некалі ў якасці стрыжнявой ідэі праекта, набывае фантасмагарычна-іранічныя рысы./i/content/pi/cult/289/4727/7-2.jpg

Фатаграфічная частка праекта не імкнецца здзівіць. Сталыя аўтары "Тэхнаарта" прадставілі свае новыя творы, і яны не расчаравалі. Валерый Вядрэнка звярнуўся да класікі, уявіўшы Еўропу не ў выглядзе супермаркета, а як антычны партрэт, на які накладаюцца рэнесансавыя вобразы. Сяргей Ждановіч, чыя любоў да інтэрпрэтацыі разнастайных знакаў даўно вядомая, узяў за аснову сваёй серыі вока, выяўленае на іконцы праграмы "Фоташоп".

Як заўсёды, "Тэхна-арт" стаў нагодай лішні раз засведчыць важнасць куратарскага падыходу. Працуючы з пэўным колам аўтараў, якіх можна лічыць "актывам" галерэі, яе дырэктар Дзяніс Барсукоў актыўна правакаваў іх на эксперыменты. Адсюль і зладжанасць экспазіцыі, і яе насычанасць сюрпрызамі.

Запытаў у яго, ці знойдуць калісьці гэтыя дызайнерскія пошукі практычнае прымяненне - або ім наканавана застацца выключна галерэйным эксперыментам?

- Так, галерэя - гэта своеасаблівая лабараторыя, дзе выпрацоўваюцца новыя ідэі, - лічыць Дзяніс Барсукоў.- Але з цягам часу яны могуць займець і ўжытковую якасць - вядома, у прыстасаваным, адаптаваным выглядзе. Тым болей, сёння многія мастакі зарабляюць на жыццё менавіта дызайнам - і, адпаведна, маюць сякія-такія магчымасці ўвасабляць свае задумы.

 Зрэшты, гэта ўжо правераная тэндэнцыя. Варта згадаць, які штуршок развіццю дызайну далі авангардысты мінулага стагоддзя.