Рызыка ў жорсткім канкурэнтным полі

№ 40 (960) 02.10.2010 - 08.10.2010 г

Прадзюсерскі падыход у інтарэсах кінагледача

/i/content/pi/cult/289/4726/4-1.jpg

 

Ідэя стварэння дзяржаўнага прадзюсерскага цэнтра ў сферы кіно ўпершыню была агучана падчас сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з дзеячамі культуры па пытаннях развіцця айчыннай кінематаграфіі. Міністр культуры краіны Павел Латушка выказаў упэўненасць у тым, што менавіта рацыянальны і ўзважаны прадзюсерскі падыход у перспектыве здолее вырашыць фінансавыя, творчыя і арганізацыйныя праблемы беларускага кінематографа.

Функцыямі цэнтра, а фактычна - Нацыянальнага інстытута кіно, стварэнне якога - у бліжэйшых планах, стануць каардынацыя высілкаў усіх суб'ектаў кінавытворчасці, наладжванне паміж імі партнёрскіх адносінаў, размеркаванне бюджэтных сродкаў, а таксама - пошук новых ідэй і сцэнарыяў.

 На думку выконваючага абавязкі дырэктара Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Андрэя Бычкова, заснаванне Інстытута кіно - заканамерная праява мэтанакіраванай палітыкі па лібералізацыі беларускай эканомікі. Адна з галоўных мэт - стварыць добрыя перадумовы для прыватнай ініцыятывы ў кінавытворчасці. Захаваўшы, пры гэтым, яе дзяржаўную падтрымку.

Адкуль пачатак?

- Нам не трэба вынаходзіць веласіпед, - перакананы Андрэй Бычкоў. - Інстытуты кіно ўжо даўно і плённа функцыянуюць у многіх краінах свету. Мы ўважліва вывучылі і прааналізавалі досвед іх працы - без сумневу, ён можа быць для нас вельмі карысным.

Першынцам у кагорце падобных устаноў стаў Брытанскі інстытут кінамастацтваў, заснаваны пад апекай Яго Вялікасці Георга V яшчэ ў 1933 годзе з мэтай "заахвочвання развіцця мастацтва кіно і тэлебачання на тэрыторыі Злучанага Каралеўства і папулярызацыі іх выкарыстання для фіксацыі сучаснага жыцця і манер". Лагатып інстытута можна сустрэць у цітрах многіх легендарных фільмаў, знятых пры яго фінансавай дапамозе, арганізаваны ім Лонданскі міжнародны кінафестываль мае стабільны прэстыж, а свае нязменныя задачы ўстанова выконвае з дапамогай аднаго з найлепшых кінатэатраў фармату IMAX у брытанскай сталіцы, які знаходзіцца ў яе ўласнасці.

Назва яшчэ аднаго "ветэрана" распачынае ці не кожную стужку Інгмара Бергмана. Шведскі кінаінстытут стабільна аказвае фінансавую падтрымку не толькі кінавытворцам сваёй краіны, але і сумесным праектам з іх удзелам. "Мэтай падтрымкі капрадукцыі з'яўляецца ўмацаванне стасункаў паміж шведскімі кампаніямі і замежнымі прадзюсерамі, а таксама спрыянне росту прафесійнага развіцця і памкненне дапамагчы фільмам перасякаць межы", - пазначана на афіцыйным сайце арганізацыі.

 Арыгінальную крыніцу фінансавання мае Фінскі фонд кіно, размешчаны ў колішнім партовым тэрмінале Хельсінкі. Значная частка сродкаў, якімі ён аперыруе для падтрымкі найбольш значных нацыянальных кінапраектаў, паступаюць на яго рахунак ад дзяржаўнай кампаніі па правядзенні латарэй.

Дарэчы, ідэя стварэння фонду падтрымкі айчыннага кіно агучвалася і падчас згаданай ужо сустрэчы з Кіраўніком беларускай дзяржавы.

Формула 70 на 30

У цяперашняй беларускай кінаіндустрыі прадзюсерскія функцыі ў той ці іншай ступені размеркаваны паміж Дэпартаментам па кінематаграфіі Міністэрства культуры і Нацыянальнай кінастудыяй "Беларусьфільм". Але вызначыць асобу або інстытуцыю, якая прымае рашэнне і бярэ на сябе адказнасць за канчатковы прадукт, у сённяшняй схеме вытворчасці няпроста. Зрэшты, ва ўмовах, калі стасункі дзяржавы і кінаіндустрыі вызначаліся формулай "бензін наш, ідэі вашы", прадзюсеру папросту не было дзе разгарнуцца.

- У той сітуацыі, калі дзяржава фінансуе кінапраект на ўсе 100%, у вытворцаў няма стымулу шукаць дадатковыя інвестыцыі, - кажа Андрэй Бычкоў. - Але ж гэты час ужо мінае. Неўзабаве дзяржбюджэт будзе пакрываць толькі да 70% выдаткаў на той ці іншы поўнаметражны ігравы фільм.

Астатнія сродкі - гэта інвестыцыі, якія могуць паступаць як ад дзяржаўных кампаній (прыкладам, тэлеканалы), так і ад прыватных- айчынных і замежных. А таксама, хай сабе пакуль і чыста гіпатэтычна, - уласныя грошы кінавытворцаў і нават банкаўскія крэдыты.

- Мы выступаем з прапановай аб ільготным крэдытаванні кінапраектаў,- адзначыў Андрэй Бычкоў.

У кожным разе, такая схема сама сабою актуалізуе ролю прадзюсера. Чалавека, які будзе шукаць зацікаўленых інвестараў і рупіцца пра вяртанне іх грошай. Апошняе, у сваю чаргу, магчыма толькі ў адным выпадку - калі выніковы прадукт будзе якасны і запатрабаваны гледачом.

 Суадноснасць 70 на 30 - невыпадковая. Траціна бюджэту фільма - гэта тая частка, якую рэальна магчыма вярнуць у нашых варунках.

- Як паказвае сусветная практыка, аб'ём дзяржпадтрымкі нацыянальнага кіно адваротна прапарцыйны памеру краіны, - кажа Андрэй Бычкоў. - І гэта зразумела: чым меншая дзяржава, тым меншы яе ўнутраны кінарынак. Вось і на Беларусі ён зусім невялікі. Зрэшты, і ў многіх нашых суседзяў нацыянальнае кіно таксама не акупляецца.

Вядома, гэтыя аб'ектыўныя абставіны магчыма пераадолець. Шлях вельмі просты: выхад на знешнія рынкі, хай сабе і толькі суседніх краін.

- На жаль, у нашым рэгіёне яшчэ не склалася тая няпісаная этыка партнёрскіх адносінаў, якая, урэшце, прывяла б да стварэння агульнага кінарынку,- кажа Андрэй Бычкоў. - Прыкладам, ва Украіне мала ведаюць пра беларускае кіно - як, зрэшты, і наадварот. Хаця менавіта разам мы здолелі б куды больш паспяхова вырашаць адну з галоўных задач еўрапейскай кінаіндустрыі - супрацьстаянне экспансіі з-за акіяна.

Выйсцем з гэтага становішча Андрэй Бычкоў бачыць сумесныя кінапраекты - яны дазваляюць не толькі вырашыць фінансавыя пытанні, але і паглыбіць культурныя сувязі. Тым болей, адпаведны дагавор паміж краінамі СНД аб сумеснай кінавытворчасці ўжо існуе.

- Але яго рэалізацыя на практыцы пакуль досыць сціплая, - кажа в.а дырэктара Дэпартамента па кінематаграфіі. - Гэта можна лёгка патлумачыць: навошта напружвацца і шукаць партнёраў, калі дзяржава і без таго забяспечвае стопрацэнтнае фінансаванне?

Развіццё міжнародных кантактаў- адна з найважнейшых задач будучага Нацыянальнага інстытута кіно. Яна мае два аспекты: прасоўванне беларускіх фільмаў на замежныя рынкі (колькі год таму айчынныя рэжысёры скардзіліся, што ім даводзіцца адпраўляць свае творы на фестывалі за ўласныя грошы) і наладжванне сумеснай кінавытворчасці.

- Звярніце ўвагу на цітры фільмаў, якія здымаюцца ў ЕС, - кажа Андрэй Бычкоў. - Зазвычай там пазначаны 3-4 краіны. І для нас таксама важна шукаць узаемную выгаду. Тады знікне і небяспека адтоку творчых кадраў: навошта кудысьці ехаць, калі ўмовы кінавытворчасці стануць паўсюль аднолькавыя?

 Разважаючы адносна заваявання рынкавых нішаў, нельга абмінуць увагай і пытанне адносна выпуску айчыннай кінапрадукцыі на DVD, якое ўжо неаднаразова гучала на старонках "К". Дык калі ж у "дыскарнях" з'явяцца адмысловыя паліцы з беларускім кіно?

 - Не бачу тут увогуле ніякай праблемы, - гэтым разам Андрэй Бычкоў быў лаканічны. І сапраўды, пэўныя зрухі навідавоку ўжо сёння.

Як падкрэсліў в.а. дырэктара Дэпартамента, шукаць інвестараў давядзецца толькі вытворцам ігравога кіно. Механізм фінансавання тых стужак, чыя акупляльнасць праблематычная ўжо праз іх жанравую прыналежнасць- скажам, дакументальных фільмаў або дэбютных кароткаметражак, - застанецца без зменаў.

- Гэта адпавядае міжнароднай практыцы, - адзначыў Андрэй Бычкоў.- Прыкладам, палітыка ў галіне дзяржпадтрымкі кінаіндустрыі ў Германіі скіравана на дапамогу тым стужкам, якія маюць апрыёры слабыя пазіцыі на рынку.

І яшчэ адзін немалаважны нюанс. Бюджэтную падтрымку будуць мець толькі сацыяльна значныя кінатворы. Адпаведна, апрача глядацкай запатрабаванасці айчыннае кіно пакідае за сабой і іншую шкалу ацэнак.

- Зразумела, што Нацыянальны інстытут кіно ахвотна разгледзіць любыя прадзюсерскія заяўкі, - кажа Андрэй Бычкоў. - Але гэта не значыць, што кожная з іх атрымае дзяржаўнае фінансаванне. Мы павінны вызначыцца з прыярытэтамі. А вось на камерцыйнай аснове можна ажыццяўляць любыя праекты - вядома, апрача тых, якія супярэчаць заканадаўчым і этычным нормам.

 Адной з функцый Інстытута кіно акурат і з'яўляецца вызначэнне гэтых прыярытэтаў - тых праектаў, на чыю падтрымку мэтазгодна выдаткоўваць бюджэтныя сродкі. Дзеля гэтага будзе створаны адмысловы савет, куды ўвойдуць аўтарытэтныя эксперты.

- Цяпер у нас модна ўшчуваць "чыноўнікаў ад кіно", - кажа Андрэй Бычкоў. - І калі чыясьці задума не праходзіць, амбітны творца схільны тлумачыць гэта зайздрасцю і інтрыгамі. Новая схема стане абсалютна празрыстай, а рашэнні будуць прымацца калегіяльна.

Жорстка, але аб'ектыўна

 Яшчэ не так даўно прадзюсер успрымаўся ў творчых колах бы казачны персанаж, здатны вокамгненна вырашыць усе праблемы, а потым яшчэ і "азалаціць". Але тыя рэжысёры, каму давялося пашчыраваць хаця б на кінаніве суседняй Расіі, ужо пазбавіліся падобных ілюзій. І зразумелі, што ад уласцівых іх прафесіі амбіцый нярэдка даводзіцца адмаўляцца.

- Прадзюсер скіраваны не на рэалізацыю ўласных амбіцый, а менавіта на вынік,- кажа Андрэй Бычкоў. - Перадусім яго цікавіць, як успрыме фільм мэтавая аўдыторыя. Пазіцыя ж многіх айчынных рэжысёраў - "я хачу здымаць тое, што хачу". Маўляў, дайце нам волю, і мы самі ведаем, што і як рабіць. Але тады ў мяне паўстае пытанне: слухай, калі ты геній, дык чаму ж на твае фільмы гледачоў сілком не загоніш? Можа, трэба "памяняць народ", як іранічна прапаноўваў у падобным выпадку Бертольд Брэхт? За мяжою перад тым, як стужка трапіць у пракат, яе паказваюць фокус-групе. І калі глядач камедыі не падае з крэсла ад смеху або меладрама не выціскае слязінку, прадзюсер прымушае рэжысёра перарабляць фільм- крыўдуй не крыўдуй. Гэты падыход можа падацца жорсткім, але ён аб'ектыўны.

Незалежныя прадзюсеры мараць пра той дзень, калі яны здолеюць канкурыраваць з Нацыянальнай кінастудыяй за права атрымання дзяржаўных заказаў - і, адпаведна, субсідый.

- Гэта нармальная практыка, - лічыць Андрэй Бычкоў. - І з часам яна будзе ўкараняцца.

 Але ці не пагражае такі падыход гіганту айчыннай кінавытворчасці? Ці мае ён шанцы выйграць тэндар, апынуўшыся ў жорсткім канкурэнтным полі? Тым болей, невялікія кампаніі здолеюць прапанаваць за свае паслугі меншыя цэны.

- Тут можна прывесці такі прыклад. Натуральна, што цэны на паслугі аўтапарка і прыватнага "вазніцы" будуць адрознівацца, - кажа Андрэй Бычкоў. - Бо ў апошняга значна меней затрат. Прыкладам, яму не трэба трымаць інжынера па тэхніцы бяспекі ды і іншых спецыялістаў, якія, насамрэч, зусім не лішнія.

Аднак, на думку суразмоўцы "К", няроўных канкурэнтных умоў удасца пазбегнуць. Па-першае, неўзабаве кінастудыя будзе забяспечана самым сучасным абсталяваннем, а па-другое... дзякуючы фінансавым прэферэнцыям для кінавытворчых арганізацый, механізм якіх цяпер распрацоўв а е ц ц а , з'явіцца і магчымасць знізіць цану выніковага прадукту.

***

Памятаеце класікаў: эра нямога кіно ўжо скончылася, эра гукавога - яшчэ не пачалася, і ў выніку- "творчы прастой". Ці не апынецца ў такой самай сітуацыі і айчынны кінематограф падчас "пераходнага перыяду" ад дзяржфінансавання да прадзюсерскай ініцыятывы?

- Нічога страшнага не адбудзецца, - упэўнены Андрэй Бычкоў. - Змены будуць мець эвалюцыйны характар. Тым болей, планы на бліжэйшыя гады ўжо збольшага сфарміраваныя, і новыя карціны - у тым ліку, дарэчы, і сумесныя праекты - "запусцяцца" паводле графіка. А паступовае ўкараненне прадзюсерскага падыходу ў айчыннай кінавытворчасці прымусіць і творцаў і вытворцаў ставіцца да сваёй працы больш адказна. Трэба памятаць, што кінавытворчасць - гэта рызыка не толькі творчая, але і фінансавая.

 І сапраўды, прадзюсерам даводзіцца трымаць іспыт, перш-наперш, не перад мастацкімі саветамі і нават не перад дзяржаўнай інстанцыяй, а непасрэдна перад гледачом. А ён, як вядома, галасуе рублём.