“Амплуа” для помніка

№ 32 (952) 07.08.2010 - 13.08.2010 г

На наступны дзень па сканчэнні працы міжнароднай летняй школы “Нясвіжская акадэмія” ў рэдакцыю газеты “Культура” завіталі калегі з дзвюх суседніх краін— галоўны спецыяліст Нацыянальнага цэнтра даследаванняў і дакументацыі гістарычных помнікаў Варшавы Лідзія КЛЮПШ і начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар ЧАРНЯЎСКІ. Нязмушаная гутарка за кавай, удзел у якой узяў і рэдактар аддзела “К” Ілля СВІРЫН, завязалася сама сабою. Яна тычылася не толькі самога адукацыйнага праекта, але таксама і праблем, якія ўзнікаюць у сферы аховы помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны на Беларусі і ў Польшчы. Як выявілася, у цэлым, яны — агульныя.

/i/content/pi/cult/281/4431/Clip_11.jpgМанументальныя ўвасабленні эпохі

Лідзія Клюпш:

- На маю думку, самая галоўная мэта "Нясвіжскай акадэміі" - абмен думкамі і наладжванне кантактаў паміж спецыялістамі з розных краін: Польшчы, Беларусі, Літвы, Малдовы. Такое сумоўе папраўдзе важнае для прафесіяналаў, як і абмен досведам. Да таго ж, слухачы "Нясвіжскай акадэміі" могуць убачыць насвае вочы добрыя прыклады рэстаўрацыіпомнікаў спадчыны ў Польшчы: праграманавучання прадугледжвае і двухтыднёвуювандроўку па нашай краіне. Яшчэ студэнткай я трапіла на такую стажыроўку ў Велікабрытанію, і мушу прызнацца: для мяне гэта быў ці не найвялікшы досвед за ўсёжыццё. Бо ўбачыць на ўласныя вочы кудылепш, чым проста прачытаць або пачуць.

Ілля Свірын:

- Спадарыня Лідзія, а якія помнікібеларускай спадчыны вам давялося ўбачыць на ўласныя вочы?

Лідзія Клюпш:

- Я хацела б адзначыць не толькі Мірскі замак і Нясвіжскую рэзідэнцыю,але і ўзоры архітэктуры сацрэалізму ў Мінску: яны куды цікавейшыя за будынкітой эпохі ў Польшчы і былой ГДР. У Маскве мне бываць не даводзілася, алеспашлюся на меркаванне калег, якія ў гэтым плане аддаюць перавагу Мінску!

Ілля Свірын:

-Не так даўно кракаўская Нова Гутастала модным турыстычным аб'ектам.Спадарыня Лідзія, на вашу думку, ці маюць такі патэнцыял манументальныя ўвасабленні 1940-х - 1960-х гг. у Мінску?

Лідзія Клюпш:

- Наведвальнікі Кракава могуцьпраехацца па Новай Гуце на "Трабанце"або зазірнуць у тыпавую кватэру польскіх рабочых савецкіх часоў. І для турыстаў зтых краін, дзе ніколі не будавалі камунізму, гэта вельмі цікава. Але... Сёння крымінагенная сітуацыя ў раёне Нова Гута ненадта спрыяе яго пераўтварэнню ў турыстычны цэнтр. Не думаю, што традыцыйныя сутычкі футбольных фанатаўмогуць стаць прывабным атракцыёнамдля аматараў архітэктурнай экзотыкі.Мінск - зусім іншая справа. Гэты горад уяўляецца папраўдзе бяспечным і ўтульным для гасцей. Адсюль і яго турыстычны патэнцыял. Таму вельмі важна,каб цэнтр вашай сталіцы захоўваў гэтаесваё пазнавальнае аблічча.

Ігар Чарняўскі:

- Ёсць такая выдатная кніга Артура Клінава - "Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца". Яе добра было б прачытаць кожнаму з кіраўнікоў і шараговыхслужбоўцаў, хто займаецца рэгуляваннем архітэктурнай дзейнасці ў Мінску. Калі будзе працягвацца перайначванне архітэктуры пасляваеннага перыяду, то з цягам часу сталіца страціць вельмі важную старонку свайго развіцця. Абсурдная сітуацыя: так званая архітэктура неакласіцызму знішчыла забудову горада мяжы ХІХ - ХХ стагоддзяў і нават некалькі помнікаў архітэктуры XVIII стагоддзя. Зараз жа імкненне "зрабіць так, як у Парыжы"(давялося неяк пачуць такую парадаксальную фразу) паступова знішчае неакласіцызм, якога няма ні ў адным еўрапейскімгорадзе і які мог бы стаць надзвычай запатрабаваным турыстычным прадуктам.

Ілля Свірын:

- Не быўшы колькі гадоў у Варшаве, быў вельмі здзіўлены тым зменам,што спазнаў яе цэнтр: грандыёзны помнік эпохі сацрэалізму - Палац навукі і культуры - сёння з усіх бакоў атачаюць хмарачосы...

Лідзія Клюпш:

- Гэтаму пераўтварэнню папярэднічала вялікая дыскусія, датычная лёсу гмаху. Гучалі прапановы зруйнаваць яго да шчэнту - як спадчыну часоў сталінізму. Але, урэшце, перамагла больш узважаная архітэктурная канцэпцыя, паводле якой будынак павінен быў нібыта згубіцца між хмарачосаў. Дарэчы, сёння яна цалкам не рэалізавана. Адна з прычын - неўрэгуляваныя пытанні ўласнасці на зямлю.

Ілля Свірын:

- А якія яшчэ праблемы ў сферы аховы помнікаў тыповыя для сённяшняй Польшчы? Відаць, яны таксама тычацца пытанняў уласнасці...

Лідзія Клюпш:

- Самы распаўсюджаны сюжэт канфліктнай сітуацыі выглядае наступным чынам. Ёсць гістарычны аб'ект, які, аднак, не ўключаны ў рэестр помнікаў спадчыны. Прычым ён не трапіў туды толькі з той прычыны, што спецыялісты, якія меліся яго ўнесці, і без таго абцяжараны шматлікімі клопатамі, ды і сама працэдура патрабуе пэўнага часу і высілкаў.Аб'ект знаходзіцца як бы на перыферыі ўвагі ажно да таго моманту, пакуль яму не пагражае рэальная небяспека.Прыкладам, інвестар купляе будынак толькі дзеля зямлі, на якой ён стаіць, і плануе збудаваць на месцы лядачага дамка... той самы хмарачос. Дачуўшыся пра такія планы, абуджаюцца грамадскія арганізацыі, што займаюцца справай аховы помнікаў. Яны патрабуюць ад афіцыйных улад неадкладнага ўключэння аб'екта ў рэестр. Але... Калі тое здараецца, можа быць ужо запозна. Бо інвестар, які зусім не меў на мэце купляць аб'ект спадчыны, імкнецца як мага хутчэй знішчыць будынак - пакуль яго новы статус яшчэ не набыў сілы. Згадаю нядаўні казус у Варшаве. Дэвелапер набыў старое паравознае дэпо, каб зруйнаваць яго ўшчэнт і збудаваць жылы дом. Дачуўшыся пра гэтыя планы, спецыяліст па ахове спадчыны ўключыў аб'ект у рэестр помнікаў. Яго ўласнік даведаўся пра гэта позна ўвечары, і літаральна праз якую гадзіну будаўнікі пачалі руйнаваць старую камяніцу - каб апярэдзіць афіцыйны дакумент. Але спецыяліст кінуўся напярэймы, і ўжо а 6-й раніцы прасунуў той дакумент праз высокую агароджу. І ўсё ж на палову будынак такі быў разбураны.

Лішак - таксама праблема...

Лідзія Клюпш:

- Яшчэ адна актуальная для нас праблема: на рэстаўрацыю некаторых помнікаў выдаткоўваецца надта шмат сродкаў...

Ілля Свірын:- На Беларусі многія наракаюць на тое, што рэстаўрацыйныя работы доўжацца гадамі, бо і фінансуюцца яны даволі няспешна...

Лідзія Клюпш:- Не бачу тут прычын для нараканняў. Зрэшты, у Польшчы інвестары і прадстаўнікі муніцыпальных улад не заўсёды разумеюць, што спяшацца ў гэтай справе не выпадае. І калі вялікі аб'ём сродкаў  і патрэба іх засваення ўплываюць на тэмп рэстаўрацыйных работ, гэта можа прывесці да згубных вынікаў.Польшча атрымлівае фінансаванне многіх рэстаўрацыйных праектаў з бюджэту Еўрасаюза. Сярод іх - і пераўтварэнне ў гатэль аднаго з фартоў Кракаўскай крэпасці. Работы выконваліся там вельмі хутка, і іх тэмп не дазволіў парупіцца пра забеспячэнне гідраізаляцыі падлогі. Гэтыя хібы выявіліся ўжо неўзабаве пасля пачатку эксплуатацыі будынка.

Ігар Чарняўскі:

- Пытанне, як мне здаецца, - наат не ў аб'ёме сродкаў. Іх у сферы аховы спадчыны не бывае зашмат. Варта весці гаворку найперш пра захаванне методыкі і паслядоўнасці выканання работ, аб прафесіяналізме выканаўцаў, урэшце, аб адпаведнасці новай функцыі характару помніка. Зразумела, што інвестар мае права чакаць ажыццяўлення ўласных жаданняў за свае сродкі. Але ж калі такі ход падзей вядзе да змены вартасцей гістарычнагабудынка або прылеглай тэрыторыі, то неабходна ўсведамляць: адбываецца страта "дакумента сваёй эпохі". Замест адлюстравання традыцый пэўнага перыяду мы атрымліваем твор сучасны або моцна "падсучаснены".У тым і спецыфіка рэстаўрацыйнай дзейнасці, што спецыяліст павінен не толькі валодаць дастатковым аб'ёмам ведаў пра час стварэння помніка даўніны, надякім яму даводзіцца працаваць, але і навучыцца думаць катэгорыямі таго часу. Пільная неабходнасць набыцця такога досведу кожным з удзельнікаў рэстаўрацыйнага працэсу, а ў больш шырокім сэнсе - аховы спадчыны ў цэлым, хвалюе перш за ўсё.

 

Не разцом, а сякерай

Ілля Свірын:

- У нашай краіне ўсё больш актуальнай становіцца тэндэнцыя адраджэння даўно знішчаных помнікаў спадчыныфактычна "з нуля"...

Лідзія Клюпш:

- Такія памкненні нам вельмі знаёмыя. Сёння польскія інвестары часта імкнуцца наноў адбудаваць знішчаныяяшчэ за дзедам-шведам замкі, але ж спецыялісты ў справе рэстаўрацыі супраціўляюцца такім захадам. Згодна з дактрынай, якую вызначае Венецыянская хартыя, помнікі спадчыны адбудоўваць не належыць, бо гэта - своеасаблівая фальсіфікацыя гісторыі. Нават сама адрознасць сучасных і старажытных матэрыялаў не абы-як даецца ў знакі. Да таго ж, помнікі, ператвораныя ў руіны стагоддзі таму, ужо ўвайшлі ў гісторыю менавіта ў сваім цяперашнім абліччы.

Ігар Чарняўскі:

- Гаворка, відаць, найперш, не пра руіны. Крэўскі, Навагрудскі або Гальшанскі замкі ніхто, зразумела, адбудоўваць не наважыцца. Для гэтага няма ніякіх дакументальных падстаў. У гэтых і да іх падобных выпадках неабходна дбаць пра якасную кансервацыю і ўмовы экспанавання руін, магчыма, прыдаючы ім нейкую атракцыйную функцыю.

Ілля Свірын:

- Як вядома, варшаўскае Староеместа пасля Другой сусветнай вайны было адбудавана фактычна наноў....

Лідзія Клюпш:

- Гэтым палякі хацелі засведчыць усяму свету нязгоду з тым, што наш горад быў зруйнаваны рукамі чужынцаў. Насуперак таму, што Венецыянская хартыя не дапускае надання копіі статусу помніка, у 1980 годзе адбудаванае Старое места трапіла ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны UNESCO - і гэта быў выпадак папраўдзе беспрэцэдэнтны. Аднак варта ўлічыць, што помнікам тут з'яўляецца сама ідэя, а не цяперашняя субстанцыя яе ўвасаблення.

Ілля Свірын:

- Але на Беларусі гэтая з'ява таксама мае выразны сімвалічны падтэкст. Цэрквы, ратушы, іншыя гістарычныя будынкі аднаўляюцца прыблізна з той самай мэтай, з якой іх у свой час руйнавалі: зафіксаваць пэўныя карэктывы ў сістэме грамадскіх каштоўнасцей...

Ігар Чарняўскі:

- У 2000 годзе ў Рызе спецыялісты аховы спадчыны Балтыі, Беларусі і Украіны правялі дыскусію адносна гістарычных рэканструкцый і прыйшлі да высновы аб магчымасці аднаўлення так званых помнікаў нацыянальнага гонару, калі для гэтага ёсць дастатковая колькасць дакументальных крыніц, падмацаваных натурнымі даследаваннямі, іканаграфіяй.

Лідзія Клюпш:

- Так, але гэтую з'яву варта ахарактарызаваць як - рэнавацыя, а не рэстаўрацыя, і тут ёсць прынцыповая розніца. Дарэчы, згадаю ў звязку з закранутай вамі тэмай і яшчэ адну праблему, з якой нярэдка даводзіцца сутыкацца ў Польшчы і якая часта губіць добрыя задумы, - недапрацоўку дэталей. Такіх, як элементы дэкору або аблямоўка вокнаў. Часта архітэктары, вобразна кажучы, працуюць не разцом, а сякерай. І ўражанне незваротна псуецца.

 

Прымяненне знайсці рэальна

Ілля Свірын:

- Бадай, найважнейшая праблема аховы спадчыны на Беларусі - пошук новай функцыі для тых помнікаў, якія, з аб'ектыўных прычын, ужо не могуць выконваць сваё першапачатковае прызначэнне.

Лідзія Клюпш:

- Чаму ж толькі на Беларусі? Думаю, гэта найважнейшая праблема аховы спадчыны ва ўсім свеце. Асабліва - вызначэнне новай функцыі для помніка архітэктуры, якая адпавядала б яго адпачатнаму характару і элементарным фізічным магчымасцям. Бо часам само новае "амплуа" будынка правакуе ўласніка помніка на скажэнне яго аблічча. Скажам, гаспадар папулярнага гатэля ў колішнім палацы пачынае рабіць да яго прыбудовы, каб павялічыць колькасць месцаў. Непадалёк ад Варшавы ёсць былая расійская крэпасць ХІХ стагоддзя Модлін. Гэта вялізны аб'ект, незапатрабаваны цягам ужо амаль 10 гадоў. Знайсці для яго новае прызначэнне не атрымалася і па сёння, хаця спроб было нямала. Прыкладам, Майкл Джэксан планаваў зрабіць там пэўны аналаг Дыснейлэнда, і, праўдапа-добна, нават прыязджаў у тую крэпасць, каб яе агледзець. Але любы такі праект патрабуе фантастычных сродкаў. У выніку аб'ект спадчыны пакрысе разбураецца.

Ілля Свірын:

- Тое самае тычыцца і многіх фартыфікацыйных пабудоў на Беларусі...

Лідзія Клюпш:

- Думаю, знайсці прымяненне для такіх пабудоў усё ж рэальна. Прыкладам, у Чэхіі яны сталі папулярнымі турыстычнымі аб'ектамі, хаця ніколі не бралі ўдзелу ў баях. Іншая справа - кашары даўжынёю ў тры кіламетры. Заахвоціць інвестара да капіталаўкладанняў у такі аб'ект не надта лёгка.

Ігар Чарняўскі:

- Апрача "Лініі Сталіна", у Беларусі, падобна, выспельвае сапраўды грандыёзны і надзвычай важны ў сферы захавання спадчыны праект,- назавём яго ўмоўна адаптацыяй Брэсцкай крэпасці да сучаснага жыцця. І тут асабліва важна знайсці баланс у спалучэнні розначасовых Бярэсцяў: раннесярэднявечнага, познесярэднявечнага, перыяду Новага часу з фартыфікацыяй ХІХ стагоддзя, перыядам ХХ стагоддзя. Работа вельмі складаная, патрабуе ўдзелу многіх спецыялістаў, выканання значнага аб'ёму даследаванняў, аналітыкі, выпрацоўкі варыянтаў канцэпцыі, іх аналізу. У гэтай сітуацыі, з чаго і пачыналася гаворка, нельга прыспешваць працэс асэнсавання шматлікіх гістарычных напластаванняў, пошуку прыдатных форм адаптацыі шматпланавага помніка археалогіі, архітэктуры, гісторыі да патрэб сучаснага выкарыстання.

Ілля Свірын:

- У нас патэнцыйныя інвестары пакуль што трохі насцярожана ставяцца нават да нашмат больш перспектыўных за трохкіламетровыя кашары помнікаў спадчыны. Іх палохае нават не адказнасць, а, перадусім, вялікія фінансавыя затраты, якіх патрабуе і набыццё будынкаў, і іх рэстаўрацыя. Цікава, як у Польшчы вырашаецца падобная праблема?

Лідзія Клюпш:

- Паводле нашага заканадаўства,інвестар плаціць за помнік спадчыны толькі палову ад яго рэальнай цаны. Бо зразумела, што якасная рэстаўрацыя і годнае захоўванне запатрабуюць нямала выдаткаў. Зрэшты, тут ёсць і адваротны бок медаля. Многія купляюць помнікі менавіта дзеля гэтай зніжкі- не маючы ніякіх намераў траціць зэканомленыя грошы на рэстаўрацыю. І чакаюць, пакуль старая камяніца змарнее сама сабою, каб потым знесці яе руіны і выкарыстаць участак зямлі для новага будаўніцтва. Або "знаходзяць падыход" да спецыялістаў у сферы аховы спадчыны, каб тыя далі заключэнне, што помнік уратаваць немагчыма, - яго можна хіба разабраць, пакінуўшы толькі фасад.

Ілля Свірын:

-Наколькі я ведаю, такая з'ява, вядомая пад назвай "бруселізацыя", характэрная для ўсёй Еўропы. Але ж панацэяй ад падобных працэсаў павінны быць механізмы заканадаўчага ўрэгулявання...

Лідзія Клюпш:

- У Польшчы ёсць прэцэдэнты, калі ўласнік, які не выканаў абавязкаў па рэстаўрацыі помніка спадчыны, быў пазбаўлены гэтай сваёй маёмасці рашэннем суда. Калі ж рамонтныя работы прыводзяць да знішчэння помніка (хай сабе толькі частковага), гэта таксама караецца па законе. Адзінае што - польскія суды пакуль непадрыхтаваны да такога кшталту спраў, і таму прычыненая грамадству шкода часам ацэньваецца як не вельмі істотная.Ніхто яшчэ ў Польшчы не трапіў у турму зазнішчэнне помнікаў спадчыны. Увогуле, наша сістэма аховы спадчыны мае істотныя хібы. Галоўная з іх заключаецца ў тым, што спецыялісты, якія за яе адказваюць, падпарадкоўваюцца муніцыпальным уладам - ваяводствам. Лічу такі стан рэчаў памылковым: інтарэсы мясцовых улад не заўсёды ў поўнай меры адпавядаюць справе аховы помнікаў.

Ілля Свірын:

- На Беларусі адна з дыскусійных тэм - ці можа помнік спадчыны стаць прыватным жытлом?

Ігар Чарняўскі:

-Я не сказаў бы, што тэма прыватызацыі помнікаў даўніны мае хаця б крыху дыскусійны характар. Беларускім заканадаўствам устаноўлена, што гісторыка-культурныя каштоўнасці могуць знаходзіцца ў любой форме ўласнасці, у тым ліку і ва ўласнасці замежных суб'ектаў. Дзяржава, наадварот, зацікаўлена ў перадачы большай колькасці помнікаў архітэктуры прыватным асобам. Зразумела ж, выкананне патрабаванняў заканадаўства нават не абмяркоўваецца.

Лідзія Клюпш:

- Як ні дзіўна, досвед паказвае, што ў прыватных руках помнік спадчыны захоўваецца нават лепей, чым у тым выпадку, калі ён выконвае грамадскую функцыю. Натуральна, гутарка вядзецца пра перадачу яго канкрэтнай сям'і, а не пераўтварэнне, скажам, у інтэрнат для работнікаў аграпрамысловага сектара.

Ілля Свірын:

- Аднак тут узнікае пытанне: ці не стане гэты помнік нацыянальнай спадчыны закрыты... для нацыі?

Лідзія Клюпш:

- У Польшчы, каб наведаць некаторыя такія аб'екты, дастаткова толькі папярэдне патэлефанаваць гаспадарам - яны не маюць намеру рабіць іх закрытымі. Бывае, муніцыпальныя ўлады аплачваюць уласнікам частку выдаткаў на рэстаўрацыю помніка з той умовай, што па яе сканчэнні гаспадары адкрыюць дзверы для ўсіх ахвотных. Можа, не цягам усяго года, а толькі ў пэўныя вызначаныя дні.

Ігар Чарняўскі:

- Паводле беларускага заканадаўства, уласнік абавязаны на пэўны час прадастаўляць магчымасць наведвання культурных каштоўнасцей...

Ілля Свірын:

- Часам самай атракцыйнай матывацыяй наведаць будынак можа быць менавіта побыт яго гаспадароў. Як, напрыклад, у заціснутай між палескіх балот вёсцы Кудрычы. Па "водар аўтэнтыкі" турысты едуць туды ці не з усяго свету. А некаторыя мясцовыя жыхары змяняюць свае чаротавыя стрэхі на шыферныя: маўляў, каб не было сорамна...

Лідзія Клюпш:

- У Кудрычах мне бываць не даводзілася, але ж цудоўна разумею, пра што ідзе гутарка. Бо захаваць такія асяродкі традыцыйнай культуры ў Польшчы таксама вельмі складана. Прыкладам, гэта тычыцца тых паселішчаў, што месцяцца на тэрыторыі Бебжанскага нацыянальнага парку - дарэчы, зусім непадалёк ад беларускай мяжы. Быў час, калі іх жыхары таксама саромеліся сваіх драўляных хацін. Цяпер там існуе болей за 60 аграсядзіб, прычым вытрыманых менавіта ў "мясцовым" ключы, - хіба толькі з сучасным санвузлом. Што змяніла сітуацыю? У Бебжанскі парк заўсёды прыязджае багата замежных назіральнікаў за птушкамі: у Заходняй Еўропе гэта - папулярнае хобі. І хтосьці з турыстаў зладзіў для войтаў тамтэйшых вёсак своеасаблівую стажыроўку ў Галандыі. Гэта быў сапраўдны пераварот у свядомасці мясцовых жыхароў: людзі пераканаліся,што свету яны могуць быць цікавымі толькі праз сваю аўтэнтычную культуру. Таму варта яшчэ раз падкрэсліць: галоўная гарантыя зберажэння гістарычнай спадчыны - змена грамадскай свядомасці.

Ігар Чарняўскі:

- Апошняе выказванне спадарыні Лідзіі- надзвычай важнае: менавіта адпаведная змена грамадскай свядомасці ёсць гарантыя забеспячэння належнай аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Усведамленне, што толькі аўтэнтычны твор можа быць цікавым для сучаснікаў і будучых пакаленняў, што ў помніку архітэктуры, горадабудаўніцтва важнае не толькі знешняе аблічча, але і матэрыяльная сутнасць (гэта значыць- захаванне традыцый выкарыстання будаўнічых матэрыялаў і тэхнікі будаўніцтва), што ў рэстаўрацыі неабходна кіравацца зусім не імкненнем "зрабіць прыгожа" або "лепш, чым было", што помнік даўніны неаддзельны ад свайго асяроддзя, павінна станавіцца вызначальным упадыходах да захавання культурнаганабытку.