Перамога над сонцам Льва Юдзіна Ад супрэматызму — да “рэальных фактаў часу”

№ 26 (946) 26.06.2010 - 02.07.2010 г

Сёння ў Віцебску на вуліцы “Праўды” адбудзецца унікальная арт-акцыя — імправізаваная “Вуліца УНОВИСа”. І такая падзея — не выпадковая. У апошнія гады цікавасць да творчасці мастакоў Віцебскай школы, узнікненне якой звязана з імёнамі К.Малевіча і М.Шагала, значна ўзрасла, прынамсі, сярод мастацтвазнаўцаў і гісторыкаў мастацтва. І калі адны майстры ўжо прызнаныя класікамі міжнароднага маштабу (Л.Лісіцкі, У.Стржэмінскі, К.Кабро, В.Ермалаева, М.Суецін), дык творчасць іншых і сёння знаходзіцца ў ценю. Да апошняй катэгорыі можна аднесці і нашага земляка — віцябчаніна Льва Аляксандравіча Юдзіна.

/i/content/pi/cult/273/4251/23-3.jpgЁн нарадзіўся ў горадзе на Дзвіне ў 1903 годзе ў сям'і Аляксандра Гаўрылавіча Юдзіна - агента віцебскага Таварыства солезаводчыкаў. Леў быў стрыечным братам знакамітай Марыі Веніямінаўны Юдзінай - выдатнай піяністкі, педагога, пісьменніцы, рэлігійнага дзеяча. У бліжэйшае кола сяброў гэтай цудоўнай жанчыны ў розныя часы ўваходзілі М.Бахцін і І.Салярцінскі, П.Фларэнскі і К.Пешкава, М.Горкі і Д.Хармс, М.Клюеў і І.Стравінскі, Н.Мандэльштам і С.Пракоф'еў, А.Салжаніцын і У.Дудзінцаў ды многія іншыя "ўладары дум" ХХ стагоддзя.

Яшчэ школьнікам Лёва пачаў наведваць майстэрню Казіміра Малевіча ў Віцебскім вышэйшым мастацкім вучылішчы (з 1920 года - Віцебскія дзяржаўныя вольныя мастацкія майстэрні), потым прадоўжыў вучобу ў свайго настаўніка ў Віцебскім мастацка-практычным інстытуце. У гэты час ён быў членам аб'яднання УНОВИС ("Утвердители нового искусства").

У сувязі з тым, што праз гэтае аб'яднанне прайшлі многія віцебскія авангардысты, скажу пра яго некалькі слоў. Яно пачало фарміравацца ў Віцебску пасля прыезду сюды ў лістападзе 1919 года нястомнага і неўтаймоўнага Малевіча. 17 студзеня 1920-га прайшло пасяджэнне "Групы маладых кубістаў", удзельнікі якой праз два дні прынялі назву "Маладыя паслядоўнікі новага мастацтва" (Молпосновис). 28 студзеня, пасля зліцця "малодшай групы" са "старэйшай", з'явілася назва "Паслядоўнікі новага мастацтва" (Посновис). Але праз пару тыдняў была прынята канчатковая назва - "УНОВИС", што і ўвайшла ў гісторыю сусветнага авангарда. У гэтую групу, узначаленую Малевічам, уваходзілі Л.Лісіцкі, В.Ермалаева, І.Гаўрыс, Н.Каган, М.Кунін, Я.Магарыл, М.Суецін, Л.Хідэкель, І.Чашнік, Н.Фейгельсон, Л.Юдзін, Д.Санікаў, браты М. і А. Векслеры... Большасць з іх можна пабачыць на групавой фатаграфіі 1922 года. Захаваўся і яшчэ адзін унікальны здымак: Л.Юдзін, І.Чашнік, Л.Хідэкель, І.Чэрвінка.

Групы УНОВИСа існавалі таксама ў Маскве, Петраградзе, Адэсе, Арэнбургу, Пярмі, Саратаве і Самары. Філіял, узначалены Уладзіславам Стржэмінскім і Катаржынай Кабро, працаваў у Смаленску, дзе, да слова, прайшла школу юная Надзея Хадасевіч - будучая жонка Фернана Лежэ. Па ініцыятыве УНОВИСа быў таксама ажыццёўлены шэраг спектакляў: "Перамога над сонцам" (пастаноўка і дэкарацыі - В.Ермалаевай), пралог з "Містэрыі-Буф" У.Маякоўскага і яго ж "Вайна і мір".

 У сваёй практыцы мастакі кіраваліся прынцыпамі супрэматызму. Віцебскія "унавісаўцы" з'яўляліся арганізатарамі віцебскага Музея сучаснага мастацтва і так званага Школьнага музея пры Народным мастацкім вучылішчы. Іхнія калекцыі былі складзены, у асноўным, з авангардных твораў педагогаў і вучняў мастацкіх майстэрняў.

Між тым, Леў Юдзін як сапраўдны прыхільнік творчай ідэалогіі Малевіча вельмі крытычна і, магчыма, трохі прадузята ацэньваў гэтыя калекцыі, знаходзячы ў тым падтрымку ў свайго любімага настаўніка. У сваіх дзённікавых запісах за 1921 - 1922 гады ён піша: "Выцягнулі ўсе музейныя рэчы і перагледзелі. Нясцерпна слаба; проста, прыкра глядзець. Вельмі няшмат якія адносяцца да мастацтва. Фальк вылучаецца выгадна, некаторыя - паадбіралі для развескі. З гэтай нагоды трошкі гутарыў з К.С. (Малевічам. - Б.К.) вечарам. Ён заўважыў, са сваім звычайным нежаданнем выхваляцца, але з задавальненнем, што гэтыя рэчы будуць падаць ніжэй і ніжэй: анучы. Клюн жа, наадварот... робіцца лепей і лепей... К.С. сказаў: "О, так, канешне. Куды лепш!" Поркаўся з рэчамі з прыемным пачуццём. Якія ні ёсць - усё ж новыя. Жывыя. У гэтым, мяркую, і ёсць разгадка таго пытання, якое мяне займае апошні час: "Што каштоўней: старое, значнае, або новае, пустое, слабое? Фальк або Клюн?"

Выстаўкі УНОВИСа адбыліся ў Віцебску ў 1921 і 1922 гадах, а таксама ў клубе імя Сезана пры маскоўскім ВХУТЕМАСе.

 14 - 20 мая 1922-га прайшла апошняя выстаўка твораў членаў гэтага аб'яднання, і на гэтым гісторыя віцебскага авангарда скончылася. Хутка амаль усе мастакі-наватары пакінулі Віцебск. Леў Юдзін разам з К.Малевічам, В.Ермалаевай, М.Суеціным, І.Чашнікам і Г.Насковым пераехаў у Петраград. Трошкі правучыўся ва ВХУТЕИНе, а потым, у 1923 годзе, стаў супрацоўнікам ГИНХУКа (Дзяржаўны інстытут мастацкай культуры), які да 1926-га ўзначальваў Малевіч. З'яўляючыся асістэнтам апошняга, Юдзін дапамагаў яму практычна ва ўсіх пачынаннях: у роспісе фарфору, стварэнні архітэктурных і гіпсавых мадэлей, навуковых даследаваннях і г. д. Некаторы час у фармальна-тэарэтычным аддзеле інстытута кіраваў "лабараторыяй формы", вывучаючы заканамернасці традыцыйнага кубізму і яго сувязі з аб'ёмна-жывапіснымі эксперыментамі Уладзіміра Татліна. Напрыканцы 20-х - на пачатку 30-х гадоў Леў Аляксандравіч уваходзіў разам з В.Ермалаевай, У.Стэрлігавым, К.Ражджэсцвенскім і М.Казанскім у "Групу жывапісна-пластычнага рэалізму". Пасля 1934-га ў сувязі з арыштам Ермалаевай і Стэрлігава група распалася. Аднак свайго першага настаўніка - Малевіча - Юдзін паважаў самааддана, хаця аўтар "Чорнаг/i/content/pi/cult/273/4251/23-2.jpgа квадрата" і неаднойчы спрабаваў, праўда, без асаблівага поспеху, пераадолець стыхійнае імкненне свайго вучня да натуры, да "візуальнай рэальнасці". І падставы ў Малевіча на тое былі: яшчэ ў Віцебску Юдзін быў заўзятым паслядоўнікам супрэматызму, а тут, напрыканцы 1920-х, пачаў сумнявацца ў ісціне гэтага напрамку. Дарэчы, у Краснадарскім краявым музеі імя Ф.А. Каваленкі захоўваецца яго цудоўная карціна віцебскага перыяду "Кубізм" (1920 г.), дзе мастак цікава і "смачна" скарыстаў аб'ёмныя калажы з розных матэрыялаў.

 Напрыканцы 1920-х творчая сувязь Юдзіна з настаўнікам перапынілася. Да гэтага часу рускае авангарднае мастацтва, бы "любовная лодка", разбілася аб побыт - аб жыццё грамадства, увагнанага ў бяздонне той ідэалогіі, што парадзіла нецярпімасць да эстэтычных утопій і адвагі наватараў новага мастацтва.

Тут я хачу зрабіць невялічкае адступленне, звязанае з асэнсаваннем гэтага "пераходнага" ў выяўленчай творчасці часу. Да сярэдзіны 20-х гадоў мастацтва не ведала пануючага кірунку: канкрэтныя пошукі былі стракатыя, квяцістыя, кантрастныя, супярэчлівыя. Цьмяныя надзеі і прадчуванне "залатога веку" чалавецтва, народжаныя рэвалюцыяй, станавіліся анахранізмам. Прамая рэальнасць, непасрэдныя абставіны часу, яго падзеі, тыпы, справы заваёўвалі галоўнае месца ў мастацкай прасторы. Дзейнасць ультралевых плыняў, яшчэ нядаўна вельмі актыўных, блякнула і ўрэшце згасла. Вострыя эксперыменты бліскучых авангардыстаў К.Малевіча, В.Кандзінскага, Л.Лісіцкага, М.Клюна, У.Татліна, П.Мітурыча, М.Мацюшына, А.Родчанкі, А.Экстэр, В.Сцяпанавай, В.Разанавай, У.Стржэмінскага, А.Дрэвіна, Н.Удальцовай, братоў У. і Г. Стэнбергаў і да іх падобных адыходзілі ў мінулае. Галоўнымі прынцыпамі сацыялістычнага мастацтва станавіліся "рэвалюцыйная сучаснасць і якаснасць у выбары сюжэтаў", "імкненне да абсалютнага майстэрства ў галіне прадметнага станковага жывапісу, малюнка і скульптуры", "імкненне да закончанай карціны" - пастулаты, якія ваяўніча процістаялі практычна ўсім канцэпцыям "левага" мастацтва з яго адмаўленнем прадметнасці, станкавізму, сюжэта і наогул апавядальных элементаў у выяўленчых кампазіцыях.

Леў Юдзін, як і многія яго аднадумцы, уліліся ў гэты накірунак "рэальных фактаў часу", калі яшчэ не чыстага "сацрэалізму", дык блізкі да яго. Па сваёй натуры Юдзін, у адрозненне ад настаўнікаў, быў не такі рацыяналістычны, як вялікія стваральнікі мастацкіх утопій. Ён заўсёды заставаўся шчырым і крыху наіўным летуценнікам, невычэрпна вынаходлівым у сваіх маляўнічых уяўленнях, што патрабавалі ўсё ж канкрэтнасці і яснасці, асабліва- у афармленні дзіцячых кніжак. Для Юдзіна новае жыццё здавалася доб/i/content/pi/cult/273/4251/23-1.jpgрым і ветлым, прасякнутым свежымі фарбамі і асабістай творчай энергіяй, якая, на яго погляд, магла аб'яднаць усё, што было і ёсць у свеце, перакроіць і перарабіць яго па чарцяжах і мадэлях вольнай рамантычнай фантазіі. І тут вопыт Малевіча станавіўся для Юдзіна як бы пройдзенай стадыяй калісьці ўдалага эксперыменту, які ў новых умовах аказаўся непатрэбным, больш за тое - варожым. І не дзіва, што тыя, з каго яшчэ не выйшаў "дух" эксперыментатарства і "левізны", у 1930-я гады былі знішчаны малохам сталінскіх рэпрэсій. Сярод іх - такія яркія асобы, як В.Ермалаева, Р.Семашкевіч, А.Дрэвін, І.Гаўрыс. М.Мацюшыну і К.Малевічу "пашанцавала": першы сканаў ад раку ў 1934-м, другі - памёр праз год, так бы мовіць, "да таго, як...". Некаторыя былыя аднадумцы Юдзіна прайшлі праз лагеры, але выжылі (у іх ліку - У.Стэрлігаў і Б.Шапашнікаў).

Гэтая горкая чаша абмінула, на шчасце, Льва Юдзіна і некаторых яго калег па рускім авангардзе: М.Суеціна, Л.Хідэкеля, Г.Наскова, І.Клюна, братоў Векслераў, С.Адліванкіна, К.Зданевіча, А.Маргунова, С.Сенькіна, В.Пестэль. Усе яны, акрамя нястрымнага ў сваіх поглядах П.Філонава, у 30-я гады ўліліся ў дзяржаўны "сацрэалізм": хтосьці- вельмі арганічна, хтосьці- праз сілу, іншыя наогул пакінулі мастацтва і перайшлі на выкладчыцкую дзейнасць (напрыклад, Д.Загоскін, ураджэнец г. Суража Віцебскай губерні, або В.Юсціцкі з Вільні). Некаторыя ж, яшчэ задоўга да пачатку "вялікага тэрору", паспелі эмігрыраваць. У іх ліку - А.Мільчын, будучы сябра М.Шагала і Х.Суціна; былы мінчанін У.Стржэмінскі, заснавальнік польскага "унізму" (пра яго яшчэ мяркую напісаць), а таксама А.Экстэр, ураджэнка Беластока, і яшчэ - "бацька пралетарскага футурызму" Д.Бурлюк, без якога, магчыма, У.Маякоўскі не адбыўся б як паэт. Не буду больш прыводзіць такога роду прыкладаў: іх шмат. Але вось што цікава: як адбылося, што наш герой ацалеў і не зведаў смаку гулагаўскай баланды, не кажучы пра тое, што не трапіў на падмаскоўны Бутаўскі палігон, дзе было знішчана каля сотні адных толькі мастакоў? На гэты конт у мяне ёсць наступная версія...

 (Заканчэнне будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"