Ільны рэаліста-рамантыка

№ 25 (945) 19.06.2010 - 25.06.2010 г

16 чэрвеня ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне народнага мастака Беларусі, заслужанага дзеяча культуры Польшчы, ганаровага акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Віктара Грамыкі, які стаў лаўрэатам Міжнароднай прэміі імя М.А. Шолахава за 2010 год.

/i/content/pi/cult/271/4189/3-2.jpg

 

Гэтая прэмія ў галіне літаратуры і мастацтва была заснавана ў 1992 годзе Міжнародным таварыствам пісьменніцкіх саюзаў, Саюзам мастакоў Расіі і выдавецтвам "Советский писатель", Маскоўскім дзяржаўным адкрытым педагагічным універсітэтам імя М.Шолахава. Яна прысуджаецца штогод расійскім і замежным пісьменнікам, паэтам, выдатным дзяржаўным і грамадскім дзеячам за стварэнне значных твораў у галіне літаратуры і мастацтва, якія таленавіта адлюстроўваюць гісторыю сваёй краіны і сучаснасць, умацоўваюць духоўны свет і высокую маральнасць, за грамадзянскую пазіцыю ў абарону інтарэсаў свайго народа, яго ідэалаў.

У розныя часы лаўрэатамі прэміі імя М.А. Шолахава сталі такія знакамітыя асобы, як Юрый Бондараў, Расул Гамзатаў, Алег Шасцінскі, Сяргей Міхалкоў, Валянцін Пікуль, браты Сяргей і Аляксей Ткачовы, Міхаіл Савіцкі, Валянцін Сідараў, Пётр Асоўскі і іншыя. Сярод лаўрэатаў - выдатныя палітычныя дзеячы сучаснасці: Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Кубы Фідэль Кастра і Прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес.

Больш за 50 гадоў свайго жыцця мастак, педагог, грамадскі дзеяч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Віктар Аляксандравіч Грамыка прысвяціў станковаму жывапісу, і ў гэтай галіне мастацтва стаў сапраўды "жывым класікам", асабліва - у фігуратыўнай карціне і эпічным пейзажы. Ягоныя палотны "Салдаты", "1941 год. Над Прыпяццю", "Песня аб маім атрадзе", "Жанчынам Вялікай Айчыннай прысвячаецца", "Яблыкі. Ураджай 1941 года", "Ільны беларускія", "Чырвоныя землі Полаччыны", "Край Полацкі- край партызанскі", "Зямля" і іншыя ўвайшлі ў "залаты" фонд не толькі беларускага мастацтва. Яго творы ёсць і ў Трацякоўцы, і ў Музеі Маскоўскага Крамля, і ў фондзе Міжнароднай канфедэрацыі саюзаў мастакоў, і ў музеях Украіны, Казахстана, не кажучы пра айчынныя музеі і галерэі.

Віктар Грамыка ўвайшоў у гісторыю жывапісу перш за ўсё як пясняр гераічнага Подзвігу народа ў гады Вялікай Айчыннай, і гэты Подзвіг ён бліскуча адлюстраваў не толькі ў сімволіка-алегарычных шматфігурных палотнах, але і ў пейзажах-сімфоніях, якія ён вар'іраваў у розных эмацыйных ключах, звязаных з Памяццю пра перажытае ў гады мінулай вайны. Ён - рэаліст-рамантык, што выпрацаваў гераічны, узвышаны лад мыслення, дзе жыццёвая праўда неаддзеленая ад мары, а эпас - ад пранізлівай лірыкі. Сучаснасць гэтая - у іх адкрытасці, у даверы мастака да гледача, ва ўменні зрабіць яго "сведкам" сваіх пачуццяў. У гэтым і заключаецца вялікае прынцыповае значэнне і каштоўнасць усёй творчасці майстра.

Акрамя таго, мастак вядомы як таленавіты літаратар. Ягоная кніга ўспамінаў "Радуга над дорогой" мела вялікі поспех. Цяпер Віктар Аляксандравіч заканчвае трэці том сваіх успамінаў пад назвай "Святло і цені адыходзячага стагоддзя".

У цырымоніі ўзнагароджання В.А. Грамыкі прынялі ўдзел міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, народны мастак СССР і Расіі Пётр Асоўскі (менавіта ён уручыў прэмію і медаль лаўрэату), дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, старшыня Беларускага саюза мастакоў Уладзімір Савіч, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, дэкан мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзімір Уродніч ды іншыя. У сваю чаргу, Віктар Аляксандравіч выказаў удзячнасць за высокую ўзнагароду, адзначыўшы, што яна дае яму новыя маральныя сілы для працягу творчай работы над карцінамі і мемуарамі.

 

 Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"