Прынцып дзеяння — “Не адкладаючы!”

№ 23 (943) 05.06.2010 - 11.06.2010 г

Дзверы, у якія заўсёды можна пастукаць Прысутныя на VI З’ездзе Беларускага прафсаюзу работнікаў культуры, што прайшоў 28 мая ў Мінску, мелі дастаткова магчымасцей, каб пераканацца ў актуальнасці і запатрабаванасці яго дзейнасці. Гутарка тычылася не бюракратычных фармальнасцей, а самых злабадзённых праблем, надзённых, бадай, для кожнага са 108 тысяч членаў прафсаюза, якія працуюць у сферах культуры, фізічнай культуры і спорту, а таксама інфармацыі і паліграфіі. Вырашыць гэтыя праблемы ўласнымі сіламі, на жаль, удаецца далёка не заўсёды. — Самае галоўнае для нашай арганізацыі — быць патрэбнай кожнаму яе ўдзельніку, — гэта была першая фраза гутаркі карэспандэнта “К” з новым старшынёй Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюзу работнікаў культуры Наталлі АЎДЗЕЕВАЙ.

/i/content/pi/cult/268/4128/6-1.jpg- Як член прафсаюзу работнікаў культуры, спяшаюся павіншаваць вас з абраннем на гэтую надзвычай адказную пасаду. Першнаперш хацелася б даведацца пра вашы задумы, прыярытэты і ўвогуле новаўвядзенні, якія вы плануеце.

 - Вядома ж, кардынальнай змены курсу нашай арганізацыі не чакаецца. Галоўная задача - захоўваць і развіваць тое, што мы ўжо маем. Тым болей, даробак майго папярэдніка на гэтай пасадзе Мікалая Шаўцова папраўдзе вельмі важкі. Мая ж задача - прадоўжыць распачатыя ініцыятывы, пры гэтым- няспынна ўдасканальваючы нашу дзейнасць. Зрэшты, ведаючы сваіх калег, магу сказаць: задавальняцца дасягнутым яны ў любым выпадку не дазволілі б. Няспынная прага да новых вяршыняў у іх у крыві. Гэта цікавыя, таленавітыя людзі, якія ўвесь час імкнуцца наперад. Такім памкненнем прасякнута і праграма дзеянняў на бліжэйшыя пяць гадоў, прынятая на З'ездзе. Праца па яе ажыццяўленні ўжо распачалася. "Разгойдвацца" мы патрэбы не маем.

Што да прыярытэтаў... Галоўны з іх - цалкам зразумелы і вытлумачальны. Непакоіць узровень заработнай платы тых, хто працуе ў сферы культуры: у сярэднім, ён пакуль што значна ніжэйшы, чым, напрыклад, у прамысловасці. Такія сацыяльна важныя прафесіі, як бібліятэкары і музейныя работнікі, на жаль, знаходзяцца ў самым нізе "рэйтынгаў" заробку. А згадайма, напрыклад, канцэртмайстраў! Гэта Прафесіяналы з вялікай літары, якія прысвяцілі многія гады ўдасканаленню свайго майстэрства. Хіба іхні заробак сёння адпавядае кваліфікацыі - не кажучы ўжо пра талент?

 Наш прафсаюз ужо звяртаўся з гэтым пытаннем у Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. А ў рэзалюцыі, прынятай намі ў мінулую пятніцу, пазначана: "З'езд выказвае ўпэўненасць у тым, што ўзровень заработнай платы работнікаў галін, аб'яднаных у прафсаюз работнікаў культуры, дасягне прагнозных паказчыкаў, і сярэдні заробак работнікаў галін будзе не ніжэйшы за 500 долараў ЗША". Для дасягнення гэтай мэты будзем прыкладаць усе намаганні.

Яшчэ адно пытанне, якое мяне вельмі хвалюе, - умовы аплаты працы і арганізацыі побыту маладых спецыялістаў. Зразумела, што менавіта гэтыя фактары - галоўная прычына кадравых праблем. Не атрымаўшы ні жылля, ні кампенсацыі за яго адсутнасць- пры сярэднім заробку ўсяго ў 320 тысяч рублёў,- выпускнік, які даўно марыў аб пачатку самастойнай кар'еры, моцна расчароўваецца ў абраным шляху. Такога дапускаць нельга.

 Зразумела, што важны напрамак нашай дзейнасці - удасканаленне стасункаў з сацыяльнымі партнёрамі. Літаральна за некалькі гадзін да нашай з вамі сустрэчы я мела грунтоўную дзелавую гутарку з міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Паўлам Латушкам. Мы прыйшлі да поўнага паразумення адносна далейшай рэалізацыі Тарыфнага пагаднення, падпісанага летась паміж прафсаюзам і міністэрствам. У планах таксама - і цэлая праграма сумесных мерапрыемстваў: штогадовыя конкурсы на лепшую арганізацыю аховы працы і па рацыянальным выкарыстанні паліўна-энергетычных рэсурсаў, спартакіяды, турзлёты, адзначэнне прафесійных святаў... А таксама - удзел прафсаюзу ў распаўсюджванні латарэі "Скарбніца". Думаецца, многія нашы члены ахвотна адгукнуцца на заклік дадаць свае "цаглінкі" ў адраджэнне Навагрудскага замка. Веру ў тое, што разам мы здатныя дасягнуць папраўдзе істотных вынікаў, здольных змяніць умовы працы і побыту работнікаў культуры.

 Дарэчы, рэкамендую ўсім работнікам культуры ўважліва азнаёміцца з тым невялікім, але вельмі ёмістым дакументам, які называецца Тарыфным пагадненнем. Магчыма, на яго старонках вас будуць чакаць прыемныя неспадзяванкі: дадатковыя дні адпачынку, персанальныя надбаўкі і гэтак далей.

- Раней скептыкі ўспрымалі прафсаюз як месца, дзе можна атрымаць танную пуцёўку ў піянерлагер або санаторый. Ці актуальная такая функцыя вашай арганізацыі сёння?

- З гэтым пытаннем людзі да нас звяртаюцца не дужа часта: мусіць, не вераць у тое, што мы здатныя ім дапамагчы. І, між іншым, дарэмна. Літаральна днямі, да прыкладу, адпраўляем вялікую групу дзетак у аздараўленчы лагер на Чорнае мора - прычым выключна за кошт прафсаюзу.

Таму, карыстаючыся "трыбунай" газеты, заахвочваю нашых членаў: звяртайцеся - і мы зробім усё магчымае, каб вам дапамагчы. Вядома, перадусім гэта тычыцца тых, каму дапамога найбольш патрэбна, бо нізкі ўзровень даходаў не дазваляе ім забяспечыць сваім дзеткам годны адпачынак.

А калі мы ўжо пачалі гутарку пра функцыі прафсаюзу... Яны і сапраўды істотна змяніліся. Раней шараговаму работніку куды радзей была патрэбна дапамога юрыста. Сёння юрыдычна непісьменны чалавек не здатны абараніць свае законныя правы. У нашых жа шэрагах ёсць высокакваліфікаваныя спецыялісты, якія заўсёды гатовы даць грунтоўную кансультацыю або, скажам, дапамагчы правільна скласці пэўны дакумент. Таму работнікі культуры павінны ведаць, што ёсць дзверы, у якія яны могуць заўсёды пагрукаць. І ім адчыняць.

 - Але многія, напэўна, і сапраўды не вераць у тое, што прафсаюз ім здатны дапамагчы...

 - Вы не маеце рацыі. Ледзь толькі я ўпершыню пераступіла парог гэтага кабінета, мне ўжо давялося разглядаць калектыўны зварот ад імя работнікаў адной установы культуры Мінскай вобласці, дзе склалася канфліктная сітуацыя. Каб паспрыяць яе вырашэнню, я і мае калегі не адкладаючы, літаральна днямі выправімся на месца. У складзе гэтай групы будуць і прадстаўнікі абласнога ўпраўлення культуры, і, вядома, юрысты.

А ведаеце, колькі пісьмовых зваротаў прыйшло на наш адрас за мінулыя пяць гадоў? Больш за шэсць тысяч! І амаль усе яны вырашыліся станоўча. Выніковы даклад Мікалая Шаўцова, агучаны пад час З'езда, утрымлівае мноства канкрэтных прыкладаў: педагогу музычнай школы была вернута кваліфікацыйная катэгорыя, якую беспадстаўна знізіла кіраўніцтва; незаконна звольнены работнік "раёнкі" зноў прыступіў да сваёй працы; выпускнікі, што прыехалі працаваць па размеркаванні, засяліліся ў інтэрнаты...

 Безліч падобных выпадкаў прывёў да заканамернага выніку: аўтарытэт прафсаюза няспынна расце. За апошнія пяць гадоў колькасць яго членаў павялічылася больш чым на 20 тысяч. Хіба гэта не паказчык даверу?

Можа, не ўсе ведаюць, але я ўжо маю досвед працы ў прафсаюзе работнікаў культуры: у маёй біяграфіі ёсць і пасада старшыні Магілёўскага абласнога камітэта прафсаюзу работнікаў культуры. І вярнуўшыся ў гэтую сферу праз дзесяць гадоў, з прыемнасцю адзначаю: аўтарытэт нашай арганізацыі прыкметна ўзрос.

- Складваецца ўражанне, што прафсаюз, як і страхавое агенцтва, патрэбны чалавеку толькі ў бядзе...

- Чаму толькі ў бядзе? Хто перш за ўсіх згадвае пра нашы асабістыя радасці: скажам, нараджэнне дзіцяці або юбілей? Дырэктар можа на гэта і забыцца: у яго хапае іншых клопатаў. А вось прафсаюзны лідэр абавязкова ўзгадае- і паведаміць усяму калектыву.

 - Непасрэдны вынік дзейнасці прафсаюзу залежыць ад кадраў, якія працуюць на месцах. Гэтае пытанне абмяркоўвалася і пад час мінулага З'езда. Напэўна, сёння не так і лёгка знайсці рупліўцаў, якія гатовы працаваць выключна на энтузіязме...

 - І менавіта таму мы лічым мэтазгодным, каб прафсаюзныя лідэры вялікіх арганізацый працавалі на прафесійнай аснове. Вырашаць мноства складаных пытанняў у вольны ад асноўнай працы час, пагадзіцеся, вельмі няпроста. А вось што да браку энтузіязму... Тут я з вамі зноў не пагаджуся. Бо ведаю і вельмі высока цаню сваіх калег: ім не адмовіш у руплівасці і прыродных лідэрскіх якасцях. А таксама - у прафесійных: тут я маю на ўвазе перадусім юрыстаў і інспектараў па працоўным заканадаўстве.

Прафсаюзных актывістаў часта папікаюць у кар'ерызме. І сапраўды: многія з гэтых людзей вартыя не толькі знаходзіцца ў кадравым рэзерве, але і займаць кіраўнічыя пасады - балазе яны паспелі назапасіць і юрыдычную абазнанасць, і ўменне працаваць з людзьмі. А вось што да "выскачак", якія дбаюць пра ўласны інтарэс... Яны ў ліку прафсаюзных лідэраў не затрымліваюцца: пасады тут - выбарныя, і чалавек, што не ўкладае ў сваю справу ўсёй душы, наступным разам будзе проста адрынуты калектывам. Прафсаюзныя актывісты - гэта асаблівыя людзі, "невыпадковыя".

- І пад час абласных ды рэспубліканскіх калегій, і проста ў прыватных гутарках работнікі культуры пастаянна ўзнімаюць тэму ўдасканалення заканадаўства. Безумоўна, вы з'яўляецеся адным з найаўтарытэтнейшых спецыялістаў у гэтай сферы: за восем гадоў вашай працы намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь было прынята нямала важных нарматыўных актаў. Якую ролю ў працэсе іх распрацоўкі мае адыгрываць прафсаюз?

 - Вы закранулі сапраўды вельмі актуальную праблему, якая патрабуе ўзважанага вырашэння. Безумоўна, прафсаюз не мае заканадаўчых паўнамоцтваў, але яго абавязак - быць экспертам, удзельнічаць у распрацоўцы нарматыўных актаў, рабіць прапановы па ўдасканаленні яшчэ на той стадыі, калі змяненні ў праект уносіць значна лягчэй, чым пасля таго, як ён набудзе сілу.

 За тыя лічаныя дні, што я займаю цяперашнюю пасаду, мне ўжо давялося мець дзелавыя размовы са старшынёй Пастаяннай камісіі Уладзімірам Здановічам, супрацоўнікамі сакратарыята Палаты прадстаўнікоў. Яны гатовы далучыць нас да справы. Тым болей, сёлета пэўныя дапаўненні і змяненні будуць унесены ў архіважныя для нас Законы аб музеях і кінематаграфіі, творчых саюзах... Спадзяюся, што прафсаюз унясе сваю лепту ў агульную працу па іх удасканаленні.

 Засяродзіўшы ўвагу на тэме заканадаўства, нельга абмінуць увагай і папраўдзе этапны крок у развіцці прафсаюзнага руху, які адбыўся зусім нядаўна. 6 мая Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 240 "Аб ажыццяўленні грамадскага кантролю прафесійнымі саюзамі". Я пераканана, што дакумент істотна паўплывае на нашу дзейнасць. Для нас гэта - "зялёнае святло". І- прызнанне важнасці грамадскай ролі прафсаюзаў на самым высокім узроўні.

Фота Пятра ОВАДА