І для справы карысць, і сабе ў асалоду

№ 18 (938) 01.05.2010 - 07.05.2010 г

Што аб’ядноўвае людзей? Погляды, інтарэсы, перакананні… Але таксама — і супольная праца на карысць агульнай мэты. Пра гэтую ўласцівасць старадаўняй традыцыі талакі чарговы раз засведчыў Рэспубліканскі суботнік, які адбыўся 24 красавіка. Кожны беларус атрымаў магчымасць уласнаручна спрычыніцца да актуальных агульнаграмадскіх пачынаў. У іх ліку, без сумневу, — і рэстаўрацыя Мірскага замка.

 

/i/content/pi/cult/260/3945/3-3.jpg/i/content/pi/cult/260/3945/3-2.jpgРазам з супрацоўнікамі цэнтральнага апарата Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь свой унёсак у аднаўленне гэтага іміджавага аб'екта нашай краіны зрабілі і карэспандэнты "К".

 - Добрай традыцыяй стала тое, што ў дзень суботніка мы працуем на тых аб'ектах, якія маюць агульнанацыянальнае або нават сусветнае значэнне і неўзабаве павінны быць уведзены ў эксплуатацыю, - адзначыў карэспандэнту "К" намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш. - Такія суботнікі праводзіліся ў будынках Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Вялікага тэатра оперы і балета, сёлета - у Мірскім замку. З надвор'ем у суботні дзень не пашчасціла: шэрае неба кожную хвіліну пагражала істотна "адкарэкціраваць" планы па добраўпарадкаванні прылеглай да замка тэрыторыі.

 - Не хвалюйцеся, на выпадак дажджу мы распрацавалі запасны план, - распавёў карэспандэнту "К" начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Рымашэўскі. - Балазе хапае працы і "пад дахам". Але ўводзіць запасны план у дзеянне патрэбы не ўзнікла. Удзельнікаў суботніка падзялілі на некалькі груп. Карэспандэнты "К" займаліся ачысткай тэрыторыі ля самага ўвахода замка, дзе неўзабаве запланаваны пасадкі. Групе, у якую трапіў Віктар Кураш, дасталася больш складаная справа: сцяжка бетоннай падлогі.

 - Для мяне гэта магчымасць хаця б трохі наблізіць тэрмін здачы аб'екта, - напаўжартам адзначыў намеснік міністра, на секунду адклаўшы ўбок рыдлёўку. Як запэўніў карэспандэнта "К" Віктар Кураш, работы па рэстаўрацыі і прыстасаванні Мірскага замка будуць завершаны ўжо сёлета: - Аб'ект павінен быць здадзены ў эксплуатацыю ў снежні, і ход будаўнічых работ дазваляе ўпэўнена сцвярджаць, што ніякіх затрымак тут не будзе, - распавёў намеснік міністра.

- І генеральны падрадчык, і субпадрадныя арганізацыі выдатна спраўляюцца з пастаўленымі ім задачамі. Начальнік кантрольна-рэвізійнага аддзела Міністэрства культуры Аляксандр Кізім недарэмна ўзяў на суботнік сваіх трох дзяцей: Сцяпана, Расціслава і Машу. Лепшай магчымасці пазнаёміць маладых людзей з помнікам беларускай архітэктуры і не прыдумаеш: турыстычныя агенцтвы яе не прапануюць. Тым больш, супрацоўнікі музейнага комплексу аддзячылі ўдзельнікам талакі правядзеннем цікавай экскурсіі. Суботнік стаў цудоўным карпаратыўным мерапрыемствам. Праца на свежым паветры ў антуражы старадаўніх муроў зрабілася крыніцай добрага настрою. - Такая суботняя талака - гэта і будаўнікам добрая падтрымка, і нам самім асалода, - адзначыў Віктар Кураш.

Юрый ІВАНОЎ (фота), нашы спецыяльныя карэспандэнты

На здымках: супрацоўнікі цэнтральнага апарата Міністэрства культуры пад час Рэспубліканскага суботніка ў Мірскім замку.