Для каго?

№ 17 (937) 24.04.2010 - 30.04.2010 г

На Рэспубліканскай выстаўцы “Пейзаж-2010” прадстаўлена амаль уся краіна мастацкая — ад Мінска да “самых до окраин”: тут і нашы сучасныя “класікі”, і моладзь, і “чыстыя” пейзажысты, і тыя “карціншчыкі”, для каго пейзаж — больш хобі, чым галоўны жанр. На першы погляд, у экспазіцыі ёсць усё: і лірыка, і эпіка, і эцюд, і “панарама” (праўда, вельмі слаба паказаны урбаністычны і калісьці папулярны індустрыяльны пейзаж). А, дарэчы, што ёсць пейзаж?

 

/i/content/pi/cult/259/3927/12-1.jpgПытанне простае, як двойчы два, але гэта не зусім так. Тэрмін "pаysage" (пейзаж) пайшоў ад зрашчэння двух французскіх слоў: "pays" ("краіна") і "usage" ("звычай, вобраз жыцця"). Не ведаю, наколькі гэта правільна ў гісторыка-лінгвістычным сэнсе, але сутнасць у наяўнасці, калі мастак стварае не проста "выгляды", а нейкія сінтэтычныя адлюстраванні бацькоўскага краю, штодзённага быцця на прасторах роднай зямлі і наогул планеты. Называць такія карціны пейзажам, можа, не зусім дакладна, але ўсе іншыя жанравыя тэрміны падыходзяць тут яшчэ менш. Дык што ж я ўбачыў на выстаўцы ў Палацы мастацтва? Я не ставіў за мэту аналізаваць канкрэтныя творы - выкажу толькі агульнае, вельмі суб'ектыўнае ўражанне. Па-першае, у сённяшнім пейзажным жывапісе знікае "пейзаж настрою" - з яго жывой эмацыянальнасцю непасрэднай перадачы рэальнага аблічча прыроды, з яго пленэрнымі пошукамі. Ну, гэта зразумела: сёння мала хто піша з натуры і выязджае "на эцюды".

/i/content/pi/cult/259/3927/12-2.jpgПейзаж становіцца больш "сачыненнем" у майстэрні "па памяці" і радзей- па нейкіх выпадковых эцюдах. Удакладню: на выстаўцы шмат пейзажаў, якія выкананы граматна, але ім уласцівы, так бы мовіць, літаратурна-апісальны характар, сталыя, "зацёртыя" ад пастаяннага выкарыстання кампазіцыйныя прыёмы распрацоўкі прасторы і рытмаў, а лірычны пачатак часам аддае саладжавасцю, вонкавай прыгажосцю, якая імкнецца да традыцыйнага жывапіснага рашэння, альбо да наіўнай колернасці палотнаў, дзе сапраўдным жывапісам і не пахне. Гэта не кепска і не добра - гэта проста канстатацыя з'явы, бо, скажам, у танальным жывапісе можна ствараць шэдэўры, маючы талент і Божую іскру. І на выстаўцы ёсць, канешне, непераборлівыя, сціплыя "куточкі роднай прыроды", але такія млявыя ў сваім лірызме, што не падымаюцца над узроўнем салоннай прадукцыі. Ёсць і моцна выбудаваныя "буйнакаліберныя" кампазіцыі - але надта ж халодныя па эмацыйным пачуцці. Дарэчы, належаць яны і пэндзлям вядомых мастакоў. Але справа не ў імені. Мяне цікавіць іншае: куды сёння ідзе наш пейзаж?

 Ці адкрывае выстаўка якіясьці новыя перспектывы ў развіцці гэтага жанру? І, наогул, ці можна прадбачыць далейшы шлях нашага нацыянальнага пейзажа? На маю думку, гэта шлях актыўнай трансфармацыі натуры, актыўнай яе падпарадкаванасці выпакутаванай задуме, ідэі, шлях своеасаблівай інтэнсіфікацыі рэалістычнага метаду, шлях пошукаў новых, магчыма, больш экспрэсіўных мастацкіх сродкаў, зжатых, лаканічных вобразаў. Найбольш яркі прыклад гэтага шэрагу, на мой погляд, - афарбаваны ў манументальна-сімвалічныя тоны жывапіс Мікалая Бушчыка, дзе рэальны свет паўстае як бы прайшоўшым праз ачышчальны агонь творчай фантазіі мастака: у гэтым агні знікла ўсё выпадковае і застаецца толькі тое, што найбольш ярка, найбольш пераканаўча - з пункта гледжання аўтара- выяўляе эмацыйную сутнасць часу. Зразумела, я кажу пра "наватарства" ў пейзажы як пра ўзаемадзеянне рэальнага і ўмоўнага, якое, не адрываючы пейзаж ад "натурнай" асновы, надае яму незвычайную вобразную выразнасць. Вось тут я і ўспомніў Каровіна, што пад уражаннем знаёмства з Урубелем разважае: "Ноч. Вялікія веткі. Цішыня. Месяц у стаўку круглы, не калыхнецца. Вада страшная, таемная. Вось ён вадзяніка намалюе, а я- не. Так, ён мастак, а я- не". Гэта значыць, Каровін падкрэсліў галоўную рысу ўрубелеўскага таленту: уменне ўбачыць натуру ў глыбокім ператварэнні, тое, чаго не хапае нам сёння...

/i/content/pi/cult/259/3927/12-3.jpgТрэба памятаць, што пейзаж - гэта не толькі стан душы, не толькі нюансы колеру і святла, не толькі "капіраванне" прыроды: пейзаж перш за ўсё акумулюе, прынамсі, павінен акумуляваць ідэі часу. Канешне, не проста знайсці новую мастацкую форму, адэкватную сучаснай эпосе, пабачыць навакольны свет у яго самых грунтоўных, істотных катэгорыях, якія, магчыма, толькі і будуць патрэбны чалавеку ХХІ стагоддзя, напоўненага сусветнымі падзеямі, вялікімі навуковымі адкрыццямі, трагедыямі, катастрофамі і... спадзяваннямі, марамі аб тым, што ўсё будзе добра...

* * *

 І яшчэ адну важную праблему (у які раз!) я адзначыў на выстаўцы. У суботу, 17-га, я прабыў на ёй роўна тры гадзіны: з 11.30 да 14.30. І за гэты час сярод наведвальнікаў Палаца мастацтва ўбачыў толькі пяць чалавек: трох знаёмых мастакоў, мастацтвазнаўцу і аднаго невядомага гледача, які, па яго словах, трапіў сюды выпадкова. І зноў, зноў паўстае пытанне (не ведаю, каму яго адрасаваць): для каго робім такія выстаўкі? Чаму на пейзажнай выстаўцы "Нармандыя ў жывапісе" ў Нацыянальным мастацкім музеі - процьма народу, а тут... Цікава было б атрымаць на гэты конт меркаванні тых, хто арганізоўвае, праводзіць такія "агляды" выяўленчага мастацтва. І - даведацца пра галоўнае, як я сказаў вышэй: для каго яны?

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"