Попыт — стабільны. Якая прапанова?

№ 3 (922) 16.01.2010 - 22.01.2010 г

Шпацыруючы надвячоркам па Гродне, няўзнак звярнуў увагу на адну з незлічоных старых камяніц — зусім някідкую з выгляду. Ля ўвахода красавалася шыльда: “Гарадскі дом культуры”. Сваім “адкрыццём” я быў, прызнацца, здзіўлены: знешні выгляд установы не надта адпавядае яе пачэснаму статусу. У мястэчку Дом культуры — адзін з самых прыкметных будынкаў. Іншая справа — вялікі горад, насычаны ўсімі прынадамі сучаснай цывілізацыі. Як не згубіцца сярод іх установам культуры? Камандзіроўка ў Гродна, якая прадугледжвала экскурс у будні гарадской культасветработы, была прысвечана пошукам адказу на гэтае пытанне. Зрэшты, па сутнасці, адказ ужо трапна і недвухсэнсоўна сфармуляваў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. Ён заключаецца ў адным слове: “якасць”. Яно мае два вымярэнні: творчае і матэрыяльнае. — Творчы складнік гарадской культуры я без ваганняў магу ацаніць на “выдатна”, — гэта меркаванне начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандра Лойкі. — А вось што да матэрыяльнай базы... Тут аб’ектыўная ацэнка будзе зусім іншай.

 

/i/content/pi/cult/246/3547/10-1.jpgУ "Народным доме" - не прадыхнуць

Гарадскі дом культуры, гэты помнік архітэктурнай эклектыкі, які паўстаў на пачатку ХХ стагоддзя, - сапраўдны ветэран гродзенскай культасветработы. Атрымаўшы пры нараджэнні назву "Народны дом", ён ніколі не здраджваў свайму прызначэнню. Глядзельная зала ад пачатку вылучалася цудоўнай акустыкай. Праўда, мае яна ўсяго 230 месцаў. Напэўна, у гады сваёй "маладосці" Народны дом цалкам задавальняў патрэбы гараджан. Балазе, аўтамабілі тады ў Гродне былі рэдкасцю, і дбаць пра адмысловую паркоўку не мела сэнсу. Ды колькасць жыхароў горада не перавышала 50 тысяч. Сёння ж яна амаль у сем разоў большая. - У наш час гэтая пляцоўка пасуе хіба што для камерных імпрэз, - кажа галоўны спецыяліст упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Людміла Лебедзь. - Але ж ДК і сёння з'яўляецца асноўнай "базай" гродзенскай культуры. Жыццё тут віруе з ранку да вечара, ажно не прадыхнуць! У ДК - каля 30 калектываў, прычым 12 з іх - са званнямі! Ці не штовечар тут ладзяцца канцэрты або спектаклі.У афішы цяжка знайсці "вольную дату": часам у адной зале праходзіць па некалькі мерапрыемстваў на дзень. На адносна свежай тынкоўцы столі глядзельнай залы добра прасочваюцца "падцёкі". Можа, прычына ў тым, што за ўсю сваю гісторыю камяніца ніколі не зведвала капітальнага рамонту - толькі "касметыку"? Але ж зачыніць гэты творчы вулей хаця б на год сёння праблематычна: культурнае жыццё не церпіць перапынкаў. Таму ў гарадскім аддзеле культуры даўно выношваецца ідэя глабальнага вырашэння праблемы. Выйсце - знайсці для ўстановы іншы, больш прыдатны для яе функцый будынак, пакінуўшы за "ветэранам" адно статус камернай залы. Галоўны кандыдат - былы Палац культуры прадпрыемства "Азот". Там цяпер месціцца абласная філармонія. Яе зала, разлічаная на 750 месцаў, стала галоўнай пляцоўкай для правядзення буйных імпрэз, у тым ліку і канцэртаў знакамітасцей. Іншых вялікіх пляцовак у горадзе няма - калі не лічыць Лядовага палаца. Знайсці для філармоніі новае, больш прыдатнае памяшканне - праблема невялікая. Каля трыццаці гадоў таму ў Гродне меўся паўстаць яшчэ адзін Палац культуры - будаўнікоў. Планы адносна гэтай установы былі амбітныя. Сёння ж пра іх нагадвае вялізны недабудаваны гмах на адной з гарадскіх магістралей - праспекце Касманаўтаў. Ад вачэй мінакоў яго марна намагаецца "прыкрыць" будынак кінатэатра "Усход". Уражанні ў наведвальнікаў вечаровых кінасеансаў гэты "недабуд" пакідае і сапраўды самыя змрочныя. Відавочна, што ён стаў месцам бясплатнага начлегу ў цэнтры горада. Але ўпраўленне культуры вобласці выношвае ідэю: давесці гмах да ладу, спалучыць яго тэрміналам з "Космасам" і, такім чынам, стварыць папраўдзе грандыёзны ў плане сваёй поліфункцыянальнасці грамадска-культурны цэнтр. Яго Гродна відавочна не стае. Казаць пра тэрміны рэалізацыі гэтага праекта ніхто пакуль не наважваецца. Відавочна, ён запатрабуе неверагодных інвестыцый. Але, з іншага боку... "Гатэль для бамжоў" зусім не ўпрыгожвае горад, які прэтэндуе на ролю найбуйнейшага турцэнтра краіны.

/i/content/pi/cult/246/3547/10-2.jpg"Прадпрыемства" марыць аб творчасці

У самым сэрцы Гродна - на Савецкай плошчы - высяцца калоны будынка, які на афішах,па старой завядзёнцы, пазначаюць: "Палац культуры тэкстыльшчыкаў". Хаця афіцыйная назва ўстановы змянілася яшчэ ў 2007 годзе - разам з яе перадачай у муніцыпальную ўласнасць. Цяпер яна гучыць такім чынам: "Камунальнае культурна-забаўляльнае унітарнае прадпрыемства "Гродзенскі палац культуры". Увага ў доўгай назве адразу чапляецца за слова "прадпрыемства". Калідоры тут стракацяць шыльдамі розных фірм: арандатараў тут ажно 22. Плошчы ў цэнтры горада заўсёды карыстаюцца добрым попытам. А вось і яшчэ адна лічба: у Гарадскім палацы культуры працуе ўсяго адзін (!) калектыў са званнем "народны" - хор ветэранаў. Але ж не будзем пакідаць гэты факт без каментарыя. Тым больш, тут ён вельмі дарэчы. - Справа ў тым, што наша ўстанова знаходзіцца на поўнай самаакупнасці, бюджэтных сродкаў мы не атрымліваем ні капейкі, - тлумачыць дырэктар палаца Тамара Куртдурдыева. - Таму галоўная задача - зарабляць, каб выжыць. Вось ужо, на шчасце, выкараскаліся з пазыковай ямы. І толькі дзякуючы гэтаму я здолела перавесці кіраўніка хору ветэранаў з паловы стаўкі на поўную. Палац паспяхова зарабляе не толькі здачай сваіх плошчаў у арэнду, але і ўласнымі праектамі: гэта і школа танца, якая карыстаецца надзвычайным поспехам, і дзіцячая цыркавая студыя, і гурток культуры мовы... Знайшла сябе ўстанова і на "дыскатэчным" рынку. Яна прапанавала "мэтавыя" вечары для ўзроставых груп, якіх абмінулі ўвагай шматлікія канкурэнты-прыватнікі: гэта і падлеткі, і тыя, "каму за...". Прынцып "Хочаш жыць - умей варушыцца" даў свой плён. Асартымент прапаноў даволі разнастайны, попыт - стабільны. Але ж у афішы Палаца не сустрэнеш, скажам, назву фэсту з арыгінальнай канцэпцыяй - непрыбытковы, але ўсё ж патрэбны для горада. Для таго, каб траціць свой крэатыўны патэнцыял менавіта на такія імпрэзы, супрацоўнікам установы бракуе і сіл, і магчымасцей. Тым больш, па словах дырэктара, калектыў давялося скараціць да мінімума. - Вядома, мне вельмі хацелася б, каб менавіта творчы аспект у працы Палаца стаў прыярытэтным, - уздыхае Тамара Куртдурдыева. - Прызнаюся шчыра: гэта мая мара! Але ж... У такім выпадку мы проста не выжывем.

/i/content/pi/cult/246/3547/10-3.jpgВенецыянскі open-air ля "крывой афіцыны"

 Ахоп школьнікаў пачатковай мастацкай адукацыяй у Гродне не дасягае і 6%. Гэта значна меней, чым у цэлым па вобласці (каля 12%), ды і па краіне таксама. У чым прычына? Гэтае пытанне я адрасаваў дырэктару Гродзенскай школы мастацтваў Георгію Шэмету. - Паверце, справа зусім не ў дзецях ды педагогах, - тлумачыць ён. - Хочаце доказ? Калі ласка - вось ён, у мяне за спінай. Бачыце: уся сцяна спрэс завешана дыпломамі прэстыжных конкурсаў, атрыманымі нашымі выхаванцамі. Таму справа ў іншым. У школе мастацтваў сёння - 460 навучэнцаў. І, пры ўсім жаданні, мы не можам узяць болей. Бо дзе яны, у такім выпадку, будуць займацца? Асаблівасці "піару", пра якія распавёў Георгій Георгіевіч, папраўдзе ўражваюць. У іншых мясцінах педагогі ледзь не за рукі цягнуць дзяцей у школу мастацтваў. Тут- адваротная сітуацыя. - Калі ідзе набор, мы стараемся даваць як мага менш рэкламы, - прызнаецца дырэктар. - Бо як я потым буду глядзець у вочы бацькоў, для чыіх дзетак нашых плошчаў не хапіла? Экскурс у нядаўнюю гісторыю ўстановы пацвярджае яго словы. Яшчэ пяць гадоў таму школа магла прыняць толькі 200 вучняў. Потым рашэннем гарадскіх улад ёй быў аддадзены стары будыначак у цэнтры горада, на плошчы Тызенгауза. І адразу пасля пашырэння плошчаў колькасць вучняў узрасла больш чым удвая. Адпаведна, тлумачыць нізкі працэнт ахопу гродзенскай дзятвы "не тымі" прыярытэтамі і сапраўды не выпадае. Побач з будынкам школы на плошчы Тызенгауза - колішні "музычны флігель" палаца вялікага рэфарматара, цудоўны помнік яго эпохі, які ўсе гродзенцы дзесяці апошніх пакаленняў называюць "крывой афіцынай". Ідучы паўз яе на працу, Георгій Шэмет штодзённа згадвае самую вялікую мару свайго жыцця. "Прэтэнзіі" на афіцыну ён прад'яўляе на гістарычна законных падставах. Як мяркуюць некаторыя даследчыкі, менавіта тут у XVIII стагоддзі была створана першая музычная школа горада. - Вось, у 1993 годзе нават ужо праект быў зроблены, - Георгій Шэмет дастае з паліцы ў сваім кабінеце вялізную папку. - У "крывой афіцыне" хапіла б месца для ажыццяўлення ўсіх нашых задум: і для класаў, і для камернай залы, і для майстэрняў па рамонце інтструментаў (што вельмі немалаважна для ўсёй вобласці!), і для Музеямузычнай культуры Гродна... Яшчэ адну задуму дырэктару школы "падказаў" сам Тызенгауз. Замаўляючы архітэктару Джузэпэ Сака праект афіцыны, ён меў ідэю ладзіць на плошчы своеасаблівыя open-air упоравень з венецыянскімі карнаваламі - вядома ж, у "класічным" фармаце. - Уявіце: выкаціць на плошчу адзін з трох нашых цудоўных раяляў, якія, дарэчы, мне ўдалося набыць амаль задарма, з розных закрытых устаноў, пасадзіць за яго кагосьці з нашых лепшых выхаванцаў... - марыць Георгій Шэмет. - Думаю, турысты будуць у захапленні! - Да нас нават мужчыны запісваюцца на курсы шыцця! - дзеліцца дырэктар ГЦНТ Валянціна Цыганец. - Ды вось толькі... Няма як размясціць усіх ахвотных! Гарадскі метадычны цэнтр народнай творчасці месціцца ў самавітым старым асабняку, пабудаваным стагоддзе таму нейкім заможным гарадзенцам. Для патрэб адной сям'і месца тут хапала. А вось для штаба культуры горада... Асабліва калі ўлічыць, што першы паверх камяніцы па-ранейшаму займае школа мастацтваў. Штаб мае толькі два кабінеты - на ўсе выпадкі жыцця. "А вось тут - наша фабрыка!" - дырэктар метадцэнтра Валянціна Цыганец адкрыла дзверы ў трэці пакойчык, плошча якога не перавышае 15 кв. м. У ім віравала праца: локці чатырох майстрых, занятых кройкай, шыццём, вышываннем, ледзь не сутыкаліся паміж сабою. Яны акурат рабілі сваю частку "Покрыву свету". Менавіта пакой-"фабрыка" стаў цэнтрам гэтай міжнароднай акцыі, якая фінішыруе пад час Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Мара дырэктара школы мастацтваў вельмі блізкая да сэрца Валянціны Цыганец. Бо ажыццяўленне дазволіць спраўдзіць і ейную мару: калі школа пераселіцца ў "крывую афіцыну", метадычны цэнтр, нарэшце, здолее "разгарнуцца". - Планаў у нас - процьма! - імпэтна распавядае дырэктар. - Вось тут мы б зрабілі класы для майстроў, тут - маленькую выставачную залу... А ва ўтульным садзе, што атачае будынак, можна рэгулярна ладзіць пленэры і выступленні народных калектываў... Калі планы здзейсняцца, адсутнасць у Гродне Дома рамёстваў не будзе адчувацца гэтак востра.

/i/content/pi/cult/246/3547/10-5.jpgАсаблівыя ўмовы для асаблівых людзей

 Гарадская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Гродна не так даўно папоўнілася новым філіялам: летась на яе баланс была пераведзена бібліятэка для інвалідаў па зроку - адна з дзвюх у вобласці. Яна знаходзіцца на тэрыторыі прадпрыемства БелТІЗ "Фільтр". Перад дзвярыма бібліятэкі давялося аддыхацца. Пад'ём па лесвіцы на чацвёрты паверх адчувальны нават для маладога здаровага чалавека - не кажучы ўжо пра тых, для каго гэтая ўстанова, уласна, і прызначана. - На ўсялякі выпадак заўсёды трымаю тут нашатырны спірт, - распавяла бібліятэкарРаіса Ланеўская - Бо сярод нашых чытачоў нямала пенсіянераў... Таму рашэнне гарадскога аддзела культуры перанесці бібліятэку ў іншае, куды больш прасторнае памяшканне, - на першым паверсе таго самага будынка - цалкам заканамернае. Належныя санкцыі былі атрыманы, праектна-каштарысная дакументацыя зроблена. Пацікавіўся ў галоўнага спецыяліста ўпраўлення культуры Іны Машканцавай адносна тэрміну завяршэння рамонту. - Мы спадзяваліся скончыць усе работы ўжо да канца 2009 года, -распавяла яна. - Але, на жаль, тэмпы рамонту не такія, як нам хацелася б. Паскорыць працэс не дазваляе брак фінансавання. Установа па-ранейшаму месціцца ў цесным пакойчыку, дзе стойку бібліятэкара аддзяляе ад сцяны ўсяго пару метраў. Пытанні адносна гуртковай работы адпалі самі сабою. Замест гэтага пацікавіўся, якія кнігі часцей за ўсё запытваюць чытачы. - Густы нашых карыстальнікаў нічым не адрозніваюцца ад патрабаванняў звычайных чытачоў, - адказала Раіса Ланеўская. - Людзі запытваюць папулярную сучасную літаратуру - тых самых аўтараў, якія лепш за ўсё прадаюцца ў кнігарнях. Задаволіць гэтыя запыты бібліятэка можа не заўсёды. Па словах бібліятэкара, фонды сёлета папаўняліся толькі двойчы. Агулам паступіла каля 150 адзінак. Пераважна гэта касеты, выпушчаныя на мінскім прадпрыемстве "Гукатэкс". Якасць такіх даўно састарэлых носьбітаў пакідае жадаць лепшага. Асартымент - таксама. Яшчэ не так даўно магчымасці задаволіць густы карыстальнікаў гэтай спецыфічнай бібліятэкі, бадай, не было. Сёння ж яна ляжыць на паверхні. Такая з'ява, як аўдыёкніга, ні для кога ўжо не ў навіну. Ёсць яны і ў фондах бібліятэкі - праўда, усяго каля паўсотні. На рынку асартымент аўдыёкніг перавышае некалькі тысяч. Вядома, набыць і асвоіць прыладу для слухання аўдыёкніг будзе пад сілу не ўсім карыстальнікам бібліятэкі: многія з іх ужо ў сталым веку. І таму наяўнасць сваёй камп'ютэрнай "чытальні" (ці, дакладней, "слухальні") для гэтай установы - справа жыццёва неабходная. Але... Пакуль што карыстальнікі бібліятэкі пра падобную тэхніку толькі мараць. На 15 устаноў бібліятэчнай сістэмы Гродна прыпадае ўсяго 25 камп'ютэраў, 15 з іх - у цэнтральнайбібліятэцы. Але, як адзначыла Іна Машканцава, працэс камп'ютэрызацыі ідзе няўхільна. Не абміне ён і бібліятэку для інвалідаў па зроку. Па яе словах, казаць пра тое, што бібліятэкі Гродна пакідаюць без увагі тых, каго лёс абдзяліў здароўем, ніяк не выпадае. Летась для дзяцей-інвалідаў была створана адмысловая праграма: "Мы - асаблівыя дзеці". - На маю думку, бібліятэкі Гродна сваю функцыю выконваюць годна, - выказала меркаванне галоўны спецыяліст упраўлення культуры аблвыканкама. - Яны вельмі паспяхова працуюць з пажылымі людзьмі, з дзіцячай аўдыторыяй, з нацыянальнымі суполкамі. Але ж будзем шчырымі: матэрыяльна-тэхнічная база пакідае жадаць лепшага. Неабходны рамонты, патрэбна сучасная камп'ютэрная тэхніка. Як мінімум, 7 адзінак...

Рэанімацыя "агменю культуры"

 З часам да старых праблем гродзенскай культасветработы дадаюцца новыя. Горад няспынна расце. Ахапіць культурным абслугоўваннем новыя мікрараёны, аддаленыя ад цэнтра, - задача не з простых. - Новабудоўлі паўстаюць на месцы вёсак, - кажа Іна Машканцава. - Сельскія бібліятэкі там былі скарочаны, а гарадскія - пакуль не з'явіліся. Музычных школ у горадзе ўсяго дзве (плюс школа мастацтваў). Дабірацца да іх з ускраін для дзяцей надта далёка. І таму, па словах Вольгі Мацко, - школы самі "ідуць" на ўскраіны: адкрываюць філіялы на базе агульнаадукацыйных школ у мікрараёнах. Летась у межы горада ўвайшоў і пасёлак Фабрычны. Разам з тым, Гродзенскі гараддзел культуры атрымаў і новы праблемны аб'ект: Цэнтр культуры і адпачынку. Без сумневу, былы яго ўласнік - птушкафабрыка - перадаваў гэтую ўстанову культуры з лёгкім сэрцам. Падрапаныя сцены, састарэлая падлога, адсутнасць сцэнічнага аздаблення і прыстойнай апаратуры - гэта яшчэ толькі палова бяды. Галоўная праблема ў тым, што ўстанова патрабуе ўмацавання апорных канструкцый і пліт перакрыццяў даху. Сёння яе стан - аварыйны. Правядзенне мерапрыемстваў з гучнай музыкай там было забаронена. Установа сёння працуе выключна ў "вулічным" фармаце. План платных паслуг летась склаў усяго мільён рублёў. Ды і той не было як выконваць! Здавалася б, гэты "агмень культуры", дзе працуюць тры калектывы, бадай ужо згаснуў. Але больш як месяц таму ў будынку распачаўся рамонт апорных канструкцый. Незадоўга да гэтага пасаду дырэктара заняў Андрэй Галенка. Задаў яму пытанне: ці не баяўся ён ускласці на свае плечы такую "гіблую справу"? - Чаму справа - гіблая? - не пагадзіўся суразмоўца. - Так, сітуацыя вельмі складаная, і на хуткі поспех разлічваць не выпадае. Але ж працы я не баюся. Магу сам і электрычнасцю заняцца, і сантэхнікай... Кепска толькі тое, што шмат часу вымагае афармленне дакументаў. Каб зарэгістраваць касавы апарат, давялося папабегаць. Дырэктар верыць у тое, што касавы апарат у хуткім часе спатрэбіцца. Ён ужо мае "антыкрызісны план" для сваёй установы: - Зразумела, што вокамгненна пераадолець доўгі заняпад і зрабіць гэты цэнтр паўнавартаснай установай культуры не атрымаецца. Пачынаць будзем з дыскатэкі, бо менавіта яна дазваляе атрымаць "хуткія" грошы. А тое, што зарабілі, ізноў укладзём у справу. Спадзяюся, і рамонт тут нармальны з часам правядзём, і з апаратурай ды "адзеннем" сцэны нам дапамогуць. У тым, што людзі сюды пойдуць, Андрэй Галенка нават не сумняваецца. Тым больш, ад Фабрычнага да цэнтра Гродна - шлях няблізкі: на грамадскім транспарце ён займае каля гадзіны. - Мяне літаральна на кожным кроку спыняюць людзі і пытаюцца: ну калі ўжо ДК нарэшце запрацуе? Іх цікавіць не толькі дыскатэка, але і дзіцячыя гурткі, і бібліятэка... Людзі хочуць танцаваць блізка ад дома. ...Надвячоркам пасёлак Фабрычны выглядае цёмна ды непрывабна. Яму відавочна не хапае свайго "агменю". * * * Ёсць свая мара і ў Людмілы Лебедзь: дапоўніць "базавы" асартымент ўстаноў культуры Гродна месцам з арыгінальнай назвай і канцэпцыяй, аналагаў якому не знойдзеш не толькі ў краіне, але і сярод суседзяў. Яго назва - Палац танца. Канцэпцыя мае глыбокія карані ў мінуўшчыне Гродзеншчыны і падмацоўваецца поспехамі нашых сучаснікаў. Думаецца, любы брэндмейкер пагадзіўся б з тым, што танцавальны штрышок цалкам пасаваў бы "партрэту" горада. Але ад мар даводзіцца пераходзіць да рэаліяў. А яны, на жаль, насычаны праблемамі. Начальнік абласнога ўпраўлення культуры Аляксандр Лойка з гэтым пагадзіўся. - Так склалася, што ў цэнтры вобласці ўмовы нават горшыя, чым на сяле, - рэзюмаваў ён. Пытанне, каго трэба вінаваціць у гэтай сітуацыі, я прапанаваў бы пакінуць без адказу. Бо сённяшні статускво склаўся не сёння і не ўчора. Каб знайсці вытокі праблем, трэба ўзняць цэлы пласт сучаснай гісторыі Гродна - таўшчынёй, прынамсі, у некалькі дзесяцігоддзяў. Але хай гэтым займаюцца ўласна гісторыкі. Для тых, у чыёй кампетэнцыі - сучаснасць і будучыня, куды актуальней іншае: знайсці магчымасць кардынальна выправіць сітуацыю. Гэтыя захады робяцца ўжо цяпер. Як паведаміў Аляксандр Лойка, напрыканцы 2009 года пытанне аб матэрыяльным стане ўстаноў культуры Гродна грунтоўна абмяркоўвалася на пасяджэнні аблавыканкама. У выніку ўпраўленне культуры атрымала заданне падрыхтаваць перспектыўную праграму па выпраўленні ўсіх даўніх хібаў. З начальнікам аддзела культуры гарвыканкама Генадзем Жалезняком сустрэцца мне не давялося: у дзень камандзіроўкі ён быў на бальнічным. Але ж яго пазіцыю адносна матэрыяльнай базы выразна адлюстроўвае даведка, падрыхтаваная да пасяджэння аблвыканкама. Яна змяшчае не толькі пералік творчых дасягненняў культуры горада, але і шчырую канстатацыю праблем. Ды, што яшчэ важней, - канкрэтныя прапановы па іх вырашэнні. Гэта - самая вялікая частка дакумента: яна ўтрымлівае 15 пунктаў. Сярод іх - і капітальныя рамонты будынка ГДК і культурна-дасугавага цэнтра ў Фабрычным, а таксама памяшканняў бібліятэк, і перавод на бюджэтнае фінансаванне Гродзенскага палаца культуры, і пашырэнне плошчаў выставачнай залы, і адкрыццё філіялаў школ мастацтваў у мікрараёнах "Фолюш" і "Вішнявец", і набыццё камп'ютэрнай тэхнікі для бібліятэк... - Ведаючы энергічнасць і дзелавітасць нашага губернатара Уладзіміра Саўчанкі, я магу быць упэўнены: усе асноўныя праблемы ў сферы культуры з часам будуць кардынальна вырашаны, - кажа Аляксандр Лойка. Можа, гэты спадзеў і падаўся б галаслоўным аптымізмам, калі б не сама дынаміка сітуацыі. Яшчэ некалькі гадоў таму праблемных аб'ектаў культуры ў Гродне было болей. Сёння і Абласны драматычны тэатр, і Дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі - гэта ўстановы, узорныя нават паводле самых высокіх еўрапейскіх стандартаў! Скіроўваючыся ў Гродна, атрымаў карысную параду: заначаваць не ў гатэлі, а... у інтэрнаце Гродзенскага музычнага каледжа. Бо, маўляў, умовы там - лепшыя. І гэта сапраўды так! Блокі, у якія ўваходзяць два двухмясцовыя нумары і ўласны санвузел, гарачая вада, асобныя памяшканні для заняткаў... Яшчэ не так даўно пра такія выгоды навучэнцы каледжа маглі адно марыць. Ініцыятарам усіх гэтых пераўтварэнняў стаў менавіта гродзенскі губернатар. У лексіконе Уладзіміра Саўчанкі слова "якасць" - на самым пачэсным месцы.