Гламур у стылістыцы Рэнесанса…

№ 52 (920) 26.12.2009 - 01.01.2010 г

Беларусь — Італія Італьянскі мастак Эмануэле Вентані вырашыў пашырыць наш кругагляд. 11 снежня ў прасторных холах Дома Масквы адкрылася выстаўка “Імгненні вечнасці”. Творы італьянца з’яўляюцца жывапіснымі версіямі фотаздымкаў беларускі Алены Адамчык. Іх адзіная тэма — адпрыродная прыгажосць нашых суайчынніц.

 

/i/content/pi/cult/244/3501/15-4.jpgУ Італіі многія лічаць беларускіх дзяўчат ці не найпрыгажэйшымі ў свеце. Эмануэле Вентані меў магчымасць у гэтым пераканацца на ўласныя вочы: за апошнія гады ён двойчы пабываў у Мінску - з нагоды ўдзелу ў выстаўках галерэі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Але ж у стварэнні партрэтнай серыі беларускіх прыгажунь Вентані усё адно не абышоўся без пасярэдніка. Больш за тое, мастака натхнілі не самі прыгажуні, а іх фота, зробленыя Аленай Адамчык. Мастак прапанаваў фатографу сумесны праект. Першая яго частка - уласна фатаграфічная- адбывалася на Беларусі. Пад час кастынгу, праведзенага Нацыянальнай школай прыгажосці, былі адабраны пяць мадэлей. Потым іх чакалі напружаныя творчыя будні працягласцю ў некалькі месяцаў. - Мы жылі, як птушкі: мерзлі на шашы, ляцелі скрозь завею на Нарач, збіралі чаротавы пух на балоце, харчаваліся ў невялічкай прыдарожнай пякарні, лазалі па дрэвах, сядзелі на плоце... - не без прыемнасці згадвае "рабочыя моманты" Алена Адамчык.

Зробленыя такім гераічным чынам здымкі Вентані ўзяў з сабою на радзіму. Ён зачыніўся ў сваёй майстэрні ў горадзе Перуджа і на працягу лічаных месяцаў стварыў каля 30 твораў папраўдзе манументальных памераў (гл. фота). Іх тэхніка даволі адметная: мастак працуе не з палатном, а з дрэвам, выкарыстоўваючы методыку, блізкую для яго папярэднікаў часоў Рэнесанса. Вынікі праекта сёння можа ўбачыць кожны ахвотны мінчанін, а неўзабаве такая магчымасць з'явіцца і ў наведвальнікаў гомельскага палаца ПаскевічаўРумянцавых. Італьянскі мастак у рамках дадзенай серыі дэманструе статычнасць сваёй манеры. Перасоўваючыся ад карціны да карціны, глядач не бачыць ніякага прыкметнага воку развіцця думкі аўтара. Пра фотаздымкі ж гэтага не скажаш. Алена Адамчык заўсёды знаходзіцца ў творчым пошуку - пошуку новага ракурсу, кантэксту, сюжэта.

 Яна спрабуе трапіць у іншае, нязвыклае вымярэнне - гламуру, парушыць стэрэатыпы жанру. Часам яе эстэцкія экзерсісы падаюцца вычварнымі, злёгку эпатажнымі. А часам ты проста цешышся разам з аўтаркай удаламу кадру. Не дзіва, што вернісаж быў вельмі падобны да свецкага рауту - балазе шыкоўныя, амаль палацавыя, інтэр'u1077 еры Дома Масквы ідэальна спрыялі такой атмасферы. Вольную ад VIPперсон і журналістаў прастору аздаблялі дзяўчаты мадэльнай знешнасці. Фонам гучала прыемная вуху класічная музыка. Якасныя ўзоры гламуру - гэта імгненні, не толькі зафіксаваныя, але, зазвычай, адумысна створаныя. А вось што да вечнасці...