Бенгальскі тыгр — ні пры чым!

№ 52 (920) 26.12.2009 - 01.01.2010 г

Беларусь — Індыя Паласатыя істоты розных памераў і функцыянальнага прызначэння літаральна запаланілі перадсвяточныя паліцы крамаў. У нашай краіне многія вераць у тое, што наступны год будзе Годам Бенгальскага тыгра.

 

/i/content/pi/cult/244/3499/15-1.jpgЖывы прататып свечак і плюшавых цацак найчасцей сустракаецца на тэрыторыі Індыі. Але пра тое, што гэты грозны драпежнік мае нейкае дачыненне да наступнага года, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Індыі ў Рэспубліцы Беларусь Рамеш ЧАНДЭР даведаўся... ад карэспандэнта "К". І вельмі здзівіўся. Запэўніўшы, што і ў самой Бенгаліі ніхто не ведае пра асаблівую ролю тамтэйшых тыграў.

 - Наколькі мне вядома, традыцыйнае свята Новага года ў розных штатах Індыі прыпадае на розныя даты: гэта залежыць ад мясцовых традыцый. А ці папулярны ў вашай краіне "еўрапейскі" Новы год?

- Натуральна! У нас гэта - усеагульнае свята, і мала хто абыходзіць яго ўвагай. Як і ў Еўропе, святочны перыяд пачынаецца ад каталіцкага Ражджаства.

- Але ж у Індыі, дзе большасць насельніцтва вызнае індуізм, гэтае свята пазбаўлена сваіх рэлігійных і культурных каранёў...

- Сапраўды, хрысціян у нашай краіне адносна няшмат. Аднак Каляды мы ўсё адно адзначаем. У нас свята не мае таго рэлігійнага падмурка, які характэрны для хрысціянскіх краін, - для індыйцаў гэта проста радасны фэст.

- Дарэчы, паводле хрысціянскай традыцыі, Новы год таксама мае духоўнае значэнне. Ці ўласцівы такі падыход для індусаў?

- Сапраўды, свята мае два аспекты, і кожны акцэнтуе ўвагу на тым, які для яго бліжэйшы. Для кагосьці гэта перадусім забавы: танцы, ежа, феерверкі... Але многія ў Новы год абавязкова наведваюць храм, каб памаліцца за сябе, за сваю сям'ю і краіну, бо духоўны складнік свята і сапраўды вельмі важны. Зрэшты, большасць цудоўна спалучае і першае, і другое. І для ўсіх гэта перадусім радасны фэст, які не абыходзіцца без яшчэ аднаго аспекта - гастранамічнага.

/i/content/pi/cult/244/3499/15-3.jpg - У нас часам жартуюць, што навагодні стол нельга ўявіць без салата "Аліўе". Ці ёсць нейкая "абавязковая" страва ў Індыі?

- Думаю, не. Кожны гатуе тое, што яму падабаецца, а асартымент рэцэптаў у індыйскай кухні, як вы ведеце, досыць шырокі. Зразумела, што гэта будуць толькі самыя лепшыя стравы, святочныя. І, у адрозненне ад навагодняга стала ў Еўропе, у Індыі пераважаюць слодычы. Мяснога, дарэчы, зусім няшмат, як і ўвогуле таго, што звычайна называюць "цяжкай" ежай. Што да алкагольных напояў... Яны могуць прысутнічаць на навагоднім стале, але ніколі не будуць займаць яго асноўную плошчу. Шмат якія слаі нашага полікультурнага грамадства ўвогуле прынцыпова адмаўляюцца ад спіртнога.

- Ці ёсць у Індыі нейкія спецыфічныя навагоднія завядзёнкі?

- Індыя - краіна вельмі разнастайная ў плане сваіх культурных традыцый. Безумоўна, яны накладаюць свой адбітак і на гэтае свята, як, зрэшты, і светапогляд людзей, характар іх заняткаў. Скажам, у бізнесменаў свае завядзёнкі: яны змяняюць справаздачныя кнігі, каб пачаць Новы год з новага аркуша. Многія ў святочную ноч згадваюць падзеі мінулага года, аналізуюць, што было здзейснена, а што- не, будуюць планы і загадваюць жаданні. Не думаю, што здзіўлю вас такой нашай завядзёнкай, як перадсвяточны шопінг. Ці не так?

- А якія падарункі найбольш распаўсюджаны?

 - Ёсць традыцыя дарыць у Новы год слодычы і садавіну. Але, зразумела, гэта не догма. Увогуле, мне даводзілася працаваць на дыпламатычных пасадах у самых розных краінах: Швецыі, Японіі, Чэхіі, Шатландыі... І мушу зазначыць, што Новы год там сустракаюць прыкладна аднолькава: вуліцы вялікіх гарадоў поўныя людзей, паўсюль тлум, феерверкі... Вам гэта, мабыць, знаёма.

 - Так, сапраўды! Але няўжо святкаванне Новага года ў Мінску і, скажам, у Калкаце настолькі падобнае?

- Рэч у тым, што мне яшчэ не даводзілася адзначаць гэтае свята на Беларусі: я працую ў вашай краіне зусім нядаўна. Хаця праз колькі дзён ужо здолею параўнаць. Цудоўна, што ёсць свята, якое аб'ядноўвае ўсіх, якое ва ўсім свеце мае аднолькавы радасны сэнс. Карыстаючыся нагодай, хацеў бы пажадаць усяго найлепшага маім беларускім сябрам і наогул усім жыхарам вашай цудоўнай краіны. За кароткі час, праведзены тут, я паспеў скласці аб іх самыя лепшыя ўражанні: гэта вельмі адкрытыя, дружалюбныя людзі. Хай Новы год прынясе болей радасці і дабрабыту ў ваша жыццё!