База для супрацоўніцтва ў Год Шапэна

№ 51 (919) 19.12.2009 - 25.12.2009 г

16 — 18 снежня Мінск наведала дэлегацыя Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча на чале з міністрам Богданам Здраеўскім. Візіт адбыўся па запрашэнні Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

 

/i/content/pi/cult/243/3465/2-1.jpgНа прэс-канферэнцыі, якая прайшла ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, абодва бакі выказалі сваё задавальненне вынікамі перамоў. У сваім уступным слове міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка згадваў прозвішчы Касцюшкі і Міцкевіча, Нэмэна і Капусцінскага. Шчыльныя повязі паміж культурамі двух народаў, якія прасочваюцца на ўсім гістарычным шляху, з'яўляюцца добрым грунтам для сучасных ініцыятыў. - Мы гутарылі аб развіцці супрацоўніцтваў галіне культуры на раўнапраўных узаемавыгадных асновах, - распавёў журналістам Павел Латушка. - Паміж нашымі краінамі дзейнічаюць пагадненні аб супрацоўніцтве ў галіне культуры і аховы спадчыны. Гэта добрая база, на якой трэба працягваць будаваць нашы адносіны. Як адзначыў Богдан Здраеўскі, пад час сустрэчы былі акрэслены не толькі стратэгічныя перспектывы, але і планы на самы бліжэйшы час. У прыватнасці, міністры дамовіліся аб каардынацыі мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею Грунвальдскай бітвы, якія пройдуць налета ў абедзвюх краінах. Польская дэлегацыя атрымала прапанову больш шырока прадставіць культуру сваёй краіны на прэстыжных міжнародных фестывалях, якія праходзяць на Беларусі, - такіх, як "Лістапад" і "Славянскі базар у Віцебску".

 На думку міністра культуры Польшчы, асаблівую важнасць маюць непасрэдныя кантакты паміж канкрэтнымі культурнымі інстытуцыямі. І ў гэтым сэнсе візіт таксама абяцае плён. Нямала ўвагі пад час перамоў было нададзена супрацоўніцтву ў галіне кінавытворчасці. Як адзначыў Павел Латушка, казаць пра канкрэтныя праекты пакуль зарана, але інтарэс да гэтай сферы ёсць у абодвух бакоў. - Еўрапейскі вопыт у галіне кінавытворчасці для нас вельмі карысны ў кантэксце той рэформы, якая адбываецца ў кінавытворчасці айчыннай, - адзначыў Павел Латушка. - Мы абмяркоўвалі магчымасць сумесных кінапраектаў пад час сустрэчы з вядомым польскім рэжысёрам Кшыштафам Занусі і працягваем весці з ім перапіску. Важны напрамак супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі - ахова гісторыка-культурнай спадчыны. Для беларускіх рэстаўратараў неацэнную карысць мае досвед, назапашаны польскай школай, якая лічыцца адной з найлепшых у свеце. Па словах Богдана Здраеўскага, польскія спецыялісты гатовы не толькі аказваць кансультацыйную дапамогу, але і браць непасрэдны ўдзел у рэстаўрацыйных работах. Богдан Здраеўскі таксама адзначыў важнасць інтэнсіфікацыі супрацоўніцтва ў сферы мастацкай адукацыі.

 У прыватнасці, разглядалася пытанне аб тым, каб беларускія студэнты маглі атрымліваць адукацыю ў мастацкіх школах Польшчы. Адным з лейтматываў прэсканферэнцыі стаў анонс правядзення на Беларусі Года Шапэна па ініцыятыве Міністэрства культуры краіны. Акцыя будзе ўключаць цэлы шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 200-годдзю з дня нараджэння славутага кампазітара, якія пройдуць на самых розных пляцоўках - ад Белдзяржфілармоніі і да залаў музычных школ у рэгіёнах. А не так даўно Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт прыняў рашэнне аб наданні Школе мастацтваў № 3 г. Мінска імя Федэрыка Шапэна. Узрадаваная такой ініцыятывай, польская дэлегацыя падарыла ёй бюст кампазітара, зроблены ў ХІХ стагоддзі. - Шапэн належыць не толькі польскаму народу, але і сусветнай грамадскасці, - адзначыў Павел Латушка. - З гісторыі вядома, што вялікі кампазітар сябраваў з нашым земляком Напалеонам Ордам, а яго зборнікі карысталіся вялікай папулярнасцю сярод беларускай шляхты. Удзел Беларусі ў гэтай міжнароднай акцыі - сведчанне прыналежнасці айчыннай культуры да агульнаеўрапейскай прасторы.

Фота Юрыя ІВАНОВА