“ІНЬ” і “ЯНЬ” па адрасе прапіскі “маладых прафесіяналаў”

№ 50 (918) 12.12.2009 - 18.12.2009 г

Кастрычніцкая плошча, 1... Пагадзіцеся, гэта гучыць самавіта! Такі адрас мае не толькі галоўная сацыякультурная ўстанова краіны — Палац Рэспублікі, але і галерэя “Універсітэт культуры”, што месціцца ў яе сценах. За шэсць гадоў існавання ўстановы тут прайшло ўжо болей за 120 выставак. Яшчэ не так даўно “выставіцца”для маладога мастака было досыць праблематычна. І менавіта таму дзяржава парупілася пра стварэнне ў самым сэрцы Мінска “профільнай” галерэі для моладзі. Гэты крок істотна змяніў сітуацыю. Заўсёднікі выставак адкрылі для сябе не адзін дзесятак адметных імёнаў з новага пакалення беларускіх мастакоў. Сярод іх — і сам дырэктар галерэі “Універсітэт культуры” Дзяніс БАРСУКО

 

/i/content/pi/cult/242/3426/13-1.jpg - Творчая моладзь - паняцце, якое патрабуе канкрэтызацыі...

 - Што такое творчая моладзь? Гэтае пытанне і сапраўды паўстае. Навучэнцы мастацкіх школ? Студэнты творчых ВНУ? Безумоўна, так. Менавіта таму ў сценах галерэі праходзяць выстаўкі стыпендыятаў і лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Вельмі важна, што зусім юныя мастакі з самых розных куточкаў краіны атрымліваюць магчымасць творчага дэбюту. Вядома, гэта стымул, каб абраць мастацтва за аснову свайго жыцця.

 - Але ж гэта здараецца далёка не з усімі выпускнікамі школ і нават студэнтамі Акадэміі мастацтва...

 - Сапраўды, жыццёвыя шляхі могуць складвацца па-рознаму. З мноства вучняў застаюцца толькі адзінкі - тыя, хто абірае творчасць як сваё жыццёвае крэда. Гэта людзі, якія маюць добрую акадэмічную школу і не толькі ўмеюць "рабіць мастацтва", але і не ўяўляюць без яго свайго жыцця. Лічу, менавіта іх перадусім і трэба падтрымліваць. Бо менавіта яны - будучыня беларускай культуры.

- Мне вельмі падабаецца тэрмін "маладыя прафесіяналы". Ёміста і лаканічна! Мяркуючы па вашых "фірмовых" праектах (такіх, як "Тэхна-арт" або "Арт-бульба"), менавіта яны і ствараюць касцяк экспанентаў галерэі...

- Наконт слушнасці такога паняцця вы маеце рацыю. Ёсць творцы, якія ўжо маюць за плячыма і адукацыю, і пэўны досвед, але ж мэтрамі іх яшчэ не назавеш. І ім значна цяжэй за сталых мастакоў данесці сваё мастацтва да публікі. Але, мабыць, менавіта яны знаходзяцца на самым цікавым адрэзку свайго творчага шляху. Бо яшчэ не "забранзавелі", іх аўтарская манера не стала свайго кшталту кратамі, праз якія пошуку і эксперыменту ўжо не прабіцца. Тут адчуваецца працэс нараджэння мастака.

 - Вы казаалі пра акадэмічныя традыцыі. Але ж прадстаўнікі старэйшага пакалення часта вінавацяць моладзь у іх парушэнні або ігнараванні..

 - Пачнём з таго, што традыцыі сённяшняй акадэмічнай адукацыі і той, якая была ў 50-ых гадах, - гэта розныя рэчы. Сёння імпрэсіянізм - ужо класіка, а яшчэ колькі часу таму яго ўспрымалі як "варожы павеў". Я меў на ўвазе трохі іншае - добрую акадэмічную падрыхтоўку. Мастакі, якія шмат гадзін працавалі знатурай, якія ўмеюць маляваць не толькі на камп'ютэры, маюць несумненную перавагу перад тымі, хто нават не ўяўляе, што такое кампазіцыя і колеразнаўства. Маладыя прафесіяналы - гэта тыя, хто ідзе ў мастацтве сваёй дарогай, але пры гэтым валодае "тэхнічнымі" навыкамі і эрудыцыяй. Такі багаж ім толькі дапамагае шукаць і здзяйсняць адкрыцці. Бо няма спакусы зноў і зноў вынаходзіць веласіпед. Яна ўзнікае праз банальнае няведанне таго, што хтосьці да цябе гэта ўжо зрабіў. Каб прадухіліць такую саманадзейнасць, і існуе мастацкая адукацыя.

 - Як вы лічыце, ці схільнае гэтае пакаленне да эксперыментаў?

 - Моладзь на тое і моладзь, каб несці гэтаму свету новы "месідж". Увогуле, старшае пакаленне больш рацыяналістычнае і бачыць гэтую мяжу паміж традыцыяй і эксперыментам. Маладыя ж проста шукаюць свой шлях. Сучаснае заходняе мастацтва - толькі адзін са складнікаў, які мае на іх уплыў. Не менш значную ролю адыгрывае і наша этнатрадыцыя. Вельмі часта дзве лініі перасякаюцца, і атрымліваюцца вельмі адметныя творы.

- Ці згодны вы з меркаваннем аб тым, што Беларусь адстае ад сусветнага мастацкага працэсу?

- Сам гэты працэс ужо зусім не такі імклівы, як у часы "класічнага" авангардызму. Трэба прызнаць, што сучаснае мастацтва знаходзіцца ў крызісе. Усе магчымыя эксперыменты ўжо былі зроблены. Супрацьстаянне паміж авангардам і традыцыяй ужо не мае той вастрыні, якая была ў часы Малевіча. Таму спакваля ў свеце ўсталявалася пэўная раўнавага: ёсць fine art, ёсць contemporary art. Традыцыйная ды сучасная плыні мірна суіснуюць паміж сабой. Наколькі я бачу, такая сітуацыя адбіваецца і на пакаленні, пра якое мы вядзём гутарку.

- А што ж рабіць мастаку ў гэтых варунках? Усё ўжо пройдзена, усё ўжо было, але ж нясцерпна хочацца сказаць сваё слова...

- Думаю, трэба зважаць на сваю ўнутраную схільнасць. Калі ў цябе ёсць свой асабісты "месідж", ты будзеш арыентавацца перадусім на яго. Вось вам прыклад - Алена Кіш. Пры жыцці яе талент ніхто не ўспрымаў усур'ёз, але сёння яе работы ўваходзяць у "залаты фонд" нашай культуры. Калі мастак адчувае пакліканне, энергію, "драйв" - ён стварае. Так, зрабіць рэвалюцыю яму, мабыць, не наканавана. Але ж у яго творах ёсцьжывая думка, жывое натхненне, нейкі нестандартны погляд, урэшце. Чыста тэхнічная навізна.

 - Новыя тэхналогіі ў мастацтве выклікаюць у мэтраў насцярожанасць. Многія лічаць іх парушэннем спрадвечных асноваў мастацтва...

- Ведаеце, калісьці нават палатно ўспрымалася як нешта рэвалюцыйнае. Традыцыяналістам было няўцям, як гэта можна выкарыстоўваць такі нетрывалы матэрыял. А тыя ж пейзажы! Сёння яны падаюцца нечым усюдыісным і таму банальным. Мабыць, я хутка павешу на дзвярах галерэі шыльдачку: "Пейзажаў больш не прыносіць!". Але ж у свой час гэта таксама была рэвалюцыя ў мастацтве, бо завядзёнкі маляваць "проста прыроду" ў сярэднявеччы не існавала. Вось і тэхнагеннасць сённяшняга мастацтва праз пэўны час стане чымсьці звыклым, можа, нават абрыдлым. Тое мастацтва, якое было, скажам, у ХІХ стагоддзі, сёння існаваць ужо не можа. Бо навакольнае асяроддзе, ды і сам лад жыцця цяпер зусім іншыя. Лічу, што "ўбудаваны" ў структуры сацыяльнага жыцця. Уяўляеце, каб у наш з вамі час раптам з'явіўся свой Іванаў, які б 20 гадоў маляваў адну карціну!

- У "заходнім" разуменні, галерэя - гэта ўстанова камерцыйная, якая і мастаку дазваляе зарабляць са сваёй творчасці, і сябе не крыўдзіць. Але ж "Універсітэт культуры" такіх мэтаў перад сабой не ставіць.

- Я заўважыў такую акалічнасць: тыя мастакі, якія дрэнна прадаюцца, не надта ахвотна адгукаюцца на прапанову паўдзельнічаць у нашай выстаўцы: маўляў, навошта гэта трэба? І наадварот. Калі ўдумацца, заканамернасць тут відавочная. Так, наша галерэя некамерцыйная, і продажам карцін мы не займаемся. Але ж удзел у выстаўцы - гэта найлепшы піар для мастака. Прычым робім мы яго аўтарам зусім бясплатна - бо, ізноў жа, галерэя некамерцыйная... І з гэтай нагоды, я, прызнацца, толькі рады. Бо "рынкавыя" памкненні- гэта свайго кшталту фільтр, праз які ў галерэйную прастору не могуць патрапіць многія творы - эстэтычна адметныя, але камерцыйна неперспектыўныя. Такія абмежаванні нас не тычацца.

- Калі мы ўжо закранулі тэму продажу твораў... Пры нашым развіцці артрынку "малады прафесіянал" не можа быць прафесіяналам у поўным сэнсе слова - значыць, жыць за кошт сваёй творчасці. Вы згодны?

- Сапраўды, зазвычай маладыя мастакі зарабляюць на жыццё зусім не сваімі карцінамі- яны працуюць, скажам, дызайнерамі і займаюцца мастацтвам у вольны час. Але я ведаю і іншы прыклад. Адна знаёмая сямейная пара (абаім няма яшчэ і трыццаці) нядаўна набыла добрую кватэру ў Мінску, зарабіўшы грошы выключна продажам сваіх твораў. Прычым пісаліся яны не на замову, а сапраўды ад душы. Таму не ўсё так безнадзейна, як вам здаецца.

- Ці складана працаваць з маладымі мастакамі?

 - Па-рознаму. Часам зусім юныя творцы, нават яшчэ студэнты, куды больш амбіцыйныя за прызнаных майстроў. Зорная хвароба зусім не залежыць ад статусу.

- Зрэшты, амбіцыі наогул характэрны для творцаў...

- Робячы экспазіцыю, трэба ведаць шмат якія нюансы: ёсць аўтары, чые працы спалучаць разам досыць рызыкоўна. І пры гэтым прытрымлівацца самай важнай задачы - зрабіць якасную выстаўку.

 - А з чаго пачынаецца выстаўка? Я маю на ўвазе не самую ідэю, а менавіта стварэнне экспазіцыі.

- З хаосу. Ёсць пэўная сукупнасць мастацкіх твораў, якія купамі ляжаць на падлозе галерэі. І перад табой стаіць задача: прымусіць іх утварыць гарманічную прастору - са сваёй логікай, я б нават сказаў, сюжэтам. Трэба, каб глядач успрымаў экспазіцыю як нейкае апавяданне, каб на аўдыторыю ўздзейнічалі не толькі асобныя творы, але і іх сукупнасць. Добрая канструкцыя экспазіцыі здатная "ўзмацніць" нават не вельмі ўдалыя працы. Зразумела, можа быць і адваротны эфект. Лічу, фармаванне экспазіцыі - гэта самае цікавае ў працы галерыста.

- А якімі прынцыпамі ён павінен кіравацца?

 - Тут задзейнічана і логіка, і інтуіцыя... Інтуіцыя, мабыць, найперш. Па вялікім рахунку, дзейнічаюць тыя самыя сілы, што і пры напісанні карціны.

- Калі ўдумацца, мастак і галерыст - гэта супрацьлегласці накшталт "інь" і "янь". Як вам удаецца іх спалучаць?

 - Гэты канфлікт і сапраўды адчувальны, прычым чым далей, тым болей. Вядома, для мастака самае галоўнае- яго творчасць. Але праца галерыста мне цікавая таму, што яна дае магчымасць у пэўнай меры ўздзейнічаць на культурную прастору свайго горада, сваёй краіны.

 Фота аўтара