Дыхтоўнае “Жалеза” без баласту

№ 47 (915) 21.11.2009 - 27.11.2009 г

Тэма сёлетняга фестывалю “ Тэхна-Арт — фірмовага праекта” галерэі “Універсітэт культуры” — была лаканічнай і шматзначнай: “Жалеза”. “Як рудакоп прыкладае намаганні, здабываючы з-пад зямлі жалезную руду, пераплаўляючы бясформенную масу ў вольны ад дамешкаў метал, гэтак і тэхнамастак, працуючы з навакольным светам, ператварае эмоцыі, уражанні, настроі ў чысты вобраз тэхнамастацтва” — пазначыў у куратарскай эксплікацыі дырэктар галерэі Дзяніс Барсукоў.

/i/content/pi/cult/236/3332/9-3.jpgАтрымаўся дыхтоўны і бадай камерны праект, амаль пазбаўлены звыклага для зборных выставак "баласту". "Агульным займеннікам", дзякуючы якому розныя работы склаліся ў цэласную экспазіцыю, стала схільнасць аўтараў да кантэкстуальнай гульні і памкненне спалучыць неспалучальнае. Напрыклад, - ліст іржавага жалеза і пампезную залатую рамку. Твор Настассі Салдатавай падаўся не столькі чарговым парафразам знакамітага "рэдзі-мэйду" Марселя Дзюшана, колькі густоўным і самадастатковым узорам выкарыстання мовы сучаснага мастацтва, у невалоданні якой часта папракаюць айчынных аўтараў і, як сведчыць "ТэхнаАрт", папракаюць часцяком незаслужана.
Газавыя трубы ў выкананні Уладзіміра Цэслера выглядаюць не ржавымі і брыдкімі, а каляровымі і... прыемнымі на дотык. Праца мэтра ідэальна спалучалася з "эканамічным" кіпяцільнікам Вольгі Мешчараковай, выкананым у традыцыйнай тэхніцы саломкапляцення. Алесь Суровы засведчыў, што з дапамогай банальных сельскагаспадарчых прылад можна стварыць эстэцкую "мадэрновую" скульптуру.

/i/content/pi/cult/236/3332/9-5.jpgТандэм фатографаў Андрэя Шчукіна і Дзяніса Нядзельскага прапанаваў чарговы варыянт аўтарскай трансфармацыі эстэтыкі гламура - прычым не шляхам рэдукцыі яе "кітчавага" складніку, але дзякуючы яго творчаму выкарыстанню. Сяргей Шыла, які зазвычай схільны да іроніі, гэтым разам праявіў сябе як тонкі лірык. Ён дэманструе дзівоснае ўменне выкарыстоўваць саму фактуру матэрыялу для стварэння пераканаўчага вобраза, а таксама здольнасць дасягаць гэтай мэты мінімальнымі выяўленчымі сродкамі. Чыстае палатно, да якога прымацавана палова ржавай пілы, плюс подпіс: "Адзінота"... І глядач не адчувае сябе падманутым. Як і інтравертныя фота Сяргея Ждановіча, гэты твор уражвае не тэхнікай выканання, а менавіта аўтарскім мысленнем у спалучэнні з густоўнасцю. Удзельнікі гэтай выстаўкі не толькі засведчылі якасць іх творчай практыкі, але і прадэманстравалі ўласныя інтэрпрэтацыі актуальных для сучаснага мастацтва канцэптаў. Прычым з нацыянальным беларускім каларытам - не пафасным, але вельмі адметным.