Еўрапейскі “трэнд” — для старых муроў

№ 47 (915) 21.11.2009 - 27.11.2009 г

19 лістапада ў Мінскай вобласці адбылося выязное пасяджэнне сумеснай калегіі Міністэрства культуры і Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь “Аб эфектыўным выкарыстанні аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны ў сферы турызму”. Галоўная тэма, якая абмяркоўвалася падчас пасяджэння, — як даць помнікам гісторыка-культурнай спадчыны новае жыццё праз ператварэнне іх у турыстычныя аб’екты. Пра тое, што такі падыход цалкам адпавядае еўрапейскай канцэпцыі захавання гісторыка-культурнай спадчыны, засведчыла нядаўняя Канферэнцыя міністраў культуры, якая прайшла ў Любляне. Упершыню ўдзел у ёй узяла і беларуская дэлегацыя, а ўзначаліў яе — намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш.

 

/i/content/pi/cult/236/3322/6-2.jpgАгульная спадчына, агульныя праблемы...

Праблематыка канферэнцыі была лакалізавана толькі адным рэгіёнам - Паўднёва-Усходняй Еўропай. Але ж форум, удзел у якім узялі дэлегацыі 34 краін, меў назву "Рэабілітацыя нашай агульнай спадчыны". Як адзначыў Віктар Кураш, для міжнароднай супольнасці такі падыход характэрны: нацыянальная спадчына сёння разглядаецца як неад'емная частка агульнаеўрапейскай. Менавіта таму Савет Еўропы падтрымлівае праекты па аднаўленні помнікаў архітэктуры нават у тых краінах, якія не ўваходзяць у Еўрапейскі Саюз. - Трэба адразу адзначыць, што гутарка ідзе толькі пра частковае фінансаванне рэстаўрацыйных праектаў, - падкрэсліў Віктар Кураш. - Астатняя частка сродкаў на гэтыя мэты павінна быць знойдзена ўнутры краіны - як з дзяржбюджэту, так і праз прыцягненне прыватнай ініцыятывы. Еўрапейская камісія па рэабілітацыі архітэктурнай і археалагічнай спадчыны ў краінах Балканскага і Чарнаморскага рэгіёнаў прадугледжвае аднаўленне 143 помнікаў. На гэтую мэту Савет Еўропы плануе выдаткаваць каля 6,5 мільярдаў еўра. Пакуль жа работы вядуцца на 25 помніках, абраных як найпрыярытэтныя. Удзельнікі канферэнцыі маглі азнаёміцца з дасягнутымі за апошнія гады вынікамі ў справе іх рэстаўрацыі. І - пераканацца ў тым, што, нягледзячы на сумную спецыфіку Балканскага рэгіёна (многія аб'екты спадчыны тут былі пашкоджаны ў ходзе баявых дзеянняў або этнаканфесійных канфліктаў апошніх дзесяцігоддзяў), шмат якія праблемы маюць інтэрнацыянальны характар. Якое прымяненне можна знайсці для старажытнай мячэці ў маленькім балгарскім гарадку, дзе мусульман сёння амаль няма? А як быць, напрыклад, са Столінскай або Быхаўскай сінагогамі? Адказ на гэтыя пытанні не пададуцца нам нечаканымі. - Паводле еўрапейскага досведу, 70 працэнтаў такіх помнікаў становяцца ўстановамі культуры, - кажа Віктар Кураш. - Гэта можа быць не абавязкова музей, але таксама канцэртная зала або навучальная ўстанова. Асабліва вітаюцца ўстановы арыгінальнага тыпу, здатныя пазнаёміць з культурнай спецыфікай менавіта таго рэгіёна, дзе яны знаходзяцца: скажам, Музей мёду, выстаўка мясцовых народных інструментаў або нейкі адпаведнік нашым дамам рамёстваў.

Спадарожнікі "турыстычнага магніта"

Ці можа Беларусь разлічваць на дапамогу міжнароднай супольнасці ў справе адраджэння помнікаў, зруйнаваных пад час шматлікіх гістарычных катаклізмаў - у тым ліку і Другой сусветнай вайны? Па словах Віктара Кураша, магчымасць атрымаць такую дапамогу - ёсць, і адпаведныя захады, каб яе атрымаць, з боку Міністэрства культуры неўзабаве будуць зроблены. Але пры гэтым важна ўлічваць тыя патрабаванні, якія Савет Еўропы прад'яўляе ў дачыненні да праектаў рэстаўрацыі. Самае галоўнае з іх заключаецца ў тым, каб аднаўленне помніка прадугледжвала канкрэтныя вынікі ў сацыянальна-эканамічным развіцці таго ці іншага рэгіёна. Дасягнуць гэтага можна перадусім праз развіццё турыстычнай інфраструктуры. - Красамоўны прыклад - Люблянскі замак, - распавядае Віктар Кураш. - Там кожны метр прыстасаваны для задавальнення патрэбы турыста патраціць свае грошы. Мноства кавярняў, сувенірных лавак... Дарэчы, мяне трохі здзівіла, што пры рэстаўрацыі замка былі выкарыстаны сучасныя матэрыялы. Дзверы там шкляныя, свяцільнікі зроблены ў стылі хай-тэк, а на цэнтральнай плошчы - новая плітка. І ўсе гэтыя інавацыі арганічна дапасоўваюцца да старых муроў. Як адзначыў намеснік міністра культуры, інфраструктура, створаная вакол прыцягальнагадля турыста аб'екта, можа ўключаць не толькі звычайныя праявы сферы абслугоўвання, але і іншыя навінкі, своеасаблівыя спадарожнікі галоўнага: - Добра, калі вялікі замак "абрастае" маленькімі музейчыкамі з арыгінальнай канцэпцыяй. У эпоху глабалізацыі культурная разнастайнасць становіцца ўсё больш важнай. Турысту цікавыя менавіта тыя адметнасці, якія адлюстроўваюць унікальныя мясцовыя традыцыі. Скажам, у Румыніі сёння актыўна распрацоўваюцца маршруты, прысвечаныя культуры вінаробства.

Зверыць гадзіннік і вучыцца на памылках

 Удзел у буйным міжнародным форуме дазволіў айчынным спецыялістам, што называецца, "зверыць гадзіннік" у справе аховы спадчыны з сусветнымі тэндэнцыямі. - Пад час свайго выступлення на канферэнцыі я пазнаёміў прысутных з дзяржаўнай палітыкай нашай краіны ў гэтай галіне, у тым ліку і з нацыянальным заканадаўствам, - кажа Віктар Кураш. - Як станоўчы досвед многія калегі адзначылі тое, што Дзяржаўны спіс аб'ектаў спадчыны, які змяшчае падрабязнае апісанне кожнага з іх, нядаўна быў выдадзены ў нас асобнай кнігай, даступнай для самага шырокага кола спецыялістаў. Увогуле, удзел у канферэнцыі засведчыў, што мы ідзём правільным шляхам. Гэта тычыцца як заканадаўчага базіса, так і методык выканання рэстаўрацыйных работ. Важным этапам дзелавой паездкі сталі таксама перамовы з міністрам культуры Славеніі. - У наступным годзе мы плануем правесці Дні культуры ў Венгрыі, і цалкам дарэчы было б завітаць і ў суседнюю Славенію. Між тым, у гэтай краіне сама форма арганізацыі Дзён культуры прынятая трохі іншая: там за гэтае мерапрыемства зазвычай адказвае канкрэтная ўстанова, а не Міністэрства культуры. Што да міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы аховы помнікаў... Па словах Віктара Кураша, удзел нашай краіны ў ім становіцца ўсё больш інтэнсіўным. Паездка ў Любляну стала яшчэ адным таму сведчаннем - зусім не адзінкавым. - У самым хуткім часе павінны прайсці перамовы з літоўскімі экспертамі, - распавёў намеснік міністра культуры. - Магчыма, мэтазгодна прапанаваць ім праект сумеснага аднаўлення помнікаў нашай агульнай гістарычнай спадчыны. Але найперш нас цікавяць менавіта метадычныя рэкамендацыі, напрацаваны калегамі практычны досвед. Ён асабліва актуальны, напрыклад, у такой няпростай справе, як музеефікацыя Нясвіжскага замка. У нас падобных прэцэдэнтаў пакуль няма, і таму дбайны, крытычны аналіз замежнага досведу - як станоўчага, гэтак і адмоўнага кшталту,- дазволіць нам унікнуць прыкрых памылак.

Падрабязней пра сумесную калегію Міністэрства культуры і Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь - у бліжэйшых нумарах "К".