Першы радок у біяграфіі мастака

№ 47 (915) 21.11.2009 - 27.11.2009 г

3 13 лістапада ў галерэі “Універсітэт культуры” адбылося адкрыццё Рэспубліканскай выстаўкі работ лаўрэатаў, дыпламантаў і стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

/i/content/pi/cult/236/3321/2-2.jpgДля фонду гэтае мерапрыемства - традыцыйнае: выстаўка ўжо адзінаццатая па ліку. Але амаль для кожнага з больш як 40 яе ўдзельнікаў яна - першая: першая магчымасць выставіць свае работы ў сценах Палаца Рэспублікі, першы радок у "паслужным спісе" біяграфіі мастака, першае прызнанне таленту з боку прафесіяналаў. Пра важнасць дэбюту для маладых творцаў пад час адкрыцця выстаўкі казала старшыня Савета фонду, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Ніна Мазай: менавіта ён дазваляе мастаку паверыць ва ўласныя сілы. Гэтую аксіёму падмацоўвае статыстыка: прыкладна 90% з 1700 маладых людзей, якіх падтрымліваў фонд за ўсю гісторыю свайго існавання, звязалі ўласнае жыццё з мастацтвам. Узрост удзельнікаў выстаўкі - ад 10 да 24 гадоў.

/i/content/pi/cult/236/3321/2-3.jpgНастолькі ж розніліся і прадстаўленыя на ёй творы. Хтосьці яшчэ толькі "спрабуе пэндзаль", адлюстроўваючы мілыя сэрцу краявіды пад апекай настаўніка школы мастацтваў, а хтосьці - як, напрыклад, студэнткі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Ганна Конанава і Алеся Скорабагатая - ужо займелі ўласную творчую манеру, арыгінальную і пазнавальную, і таму не баяцца эксперыментаваць. Але нават у экзерсісах зусім юных пачаткоўцаў Савет фонду здолеў разгледзець зярняткі таленту. У залах галерэі прадстаўлены самыя розныя віды мастацтва: жывапіс, графіка, скульптура, кераміка, саломкапляценне, мастацкая фатаграфія... А таксама - дызайн. Студэнты Акадэміі мастацтваў Яўген Курдун і Алесь Фаменка з уласцівай для маладога пакалення смеласцю прапанавалі новыя для нашай краіны віды транспарту: рачны і прыгарадны трамваі. Уражвае і геаграфія ўдзельнікаў выстаўкі: не толькі Мінск і абласныя цэнтры, але таксама і Крычаў, Горкі, Слаўгарад, Ліда, Орша... Як адзначыў у сваім прывітальным слове на адкрыцці выстаўкі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, вельмі важна, што Савет фонду знаходзіць і падтрымлівае таленавітых творцаў з усіх куткоў краіны, бо ў гэтым падыходзе - праява дзяржаўнай культурнай палітыкі.

  На здымках: Павел Латушка і Ніна Мазай адкрываюць вернісаж; першыя наведвальнікі выстаўкі. Фота Юрыя ІВАНОВА