Усенародны фармат як “драматургія” кінафоруму

№ 46 (915) 14.11.2009 - 20.11.2009 г

Вызначэнне каардынат “Лістапада” на сусветнай кінематаграфічнай і кінафестывальнай карце немагчымае без канкрэтызацыі яго фармату. Які ж ён, фармат беларускага кінафестывалю, у чым ягоная адметнасць? Гэтае пытанне карэспандэнт “К” адрасаваў члену аргкамітэта, першаму намесніку міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзіміру РЫЛАТКУ.

 

/i/content/pi/cult/235/3287/2-1.jpg
Прэзідэнт Рэспублікі
Беларусь Аляксандр
Лукашэнка ўручае
спецыяльны прыз
"За захаванне і развіццё
традыцый духоўнасці
ў кінамастацтве"
народнаму артысту
СССР Васілію Ланавому.
2008 г.
 Ад шчырага сэрца вітаю вас з нагоды адкрыцця традыцыйнага Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад", які стаў значнай падзеяй у грамадскім і культурным жыцці нашай краіны, набыў сваю адметнасць і заслужыў шырокую папулярнасць сярод гледачоў. Прыемна адзначаць, што з кожным годам пашыраецца колькасць краін - удзельніц фестывалю і яго жанравая палітра, павышаецца творчы ўзровень прадстаўляемых кінафільмаў. Правядзенне кінафестывалю "Лістапад" напярэдадні 85-годдзя беларускага кіно для кінематаграфістаў нашай краіны з'яўляецца не толькі знамянальнай падзеяй, але і адказным экзаменам, важным творчым стымулам развіцця нацыянальнага кіно. Ад імя культурнай грамадскасці Беларусі жадаю ўдзельнікам фестывалю прафесійнага прызнання гледачоў, незабыўных і радасных сустрэч, творчага натхнення для стварэння новых высокамастацкіх кінематаграфічных твораў.

 Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел ЛАТУШКА

- Не думаю, што фармат "Лістапада" мае жанравыя параметры. У яго вызначэнні галоўнае ўсё ж іншае: тая магістральная лінія, якой фестываль прытрымліваецца ад самага пачатку. Прынцыпы адбору фільмаў для яго праграмы вельмі трывалыя. У іх аснове - не схільныя да рэлятывізму маральна-духоўныя каштоўнасці, гуманізм, выяўленне актуальных для грамадства пачуццяў і праблем. Неаспрэчна, што ўсе фільмы, якія былі паказаны ў рамках "Лістапада" за гады існавання фестывалю, гэтым прынцыпам адпавядаюць. Іх знітоўвае не жанравая або рэгіянальная прыналежнасць, а нешта куды больш істотнае. Услухаемся ў фармулёўкі прызоў, якія ўручаюцца ад імя Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі: "За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве", "За гуманізм і духоўнасць у кіно". Толькі гэтымі словамі і можна было б адказаць на ваша пытанне адносна фармату фестывалю.

/i/content/pi/cult/235/3287/2-2.jpg
 

На цырымоніі адкрыцця аднаго з

мінулых кінафестываляў Лістапад”.

 - У штабе "Лістапада" сёлета адбыліся вялікія змены. У звязку з гэтым, многія задаюць пытанне: ці паўплывала тая акалічнасць на яго канцэпцыю?

- Сапраўды, для новай дырэкцыі "Лістапада" цяперашні фестываль - гэта баявое хрышчэнне. Але людзі там сабраліся дасведчаныя, і працавалі яны грунтоўна ды сістэмна. Таму, спадзяюся, годна пераадолеюць усе тыя цяжкасці, што непазбежна паўстаюць пры арганізацыі такога маштабнага мерапрыемства. Што да канцэпцыі фестывалю... Не думаю, што яна патрабуе кардынальных змен. Бо, паўтаруся, яго традыцыі - гэта не проста фармальныя завядзёнкі. Яны адлюстроўваюць рэчы фундаментальныя. І самае важнае, каб гэтыя традыцыі развіваліся, усё больш уплывалі на грамадскае жыццё.

 - Менавіта дзеля гэтага некалькі гадоў таму фестываль пашырыў свае межы, ахапіўшы літаральна ўсю краіну. Наколькі ўдалым быў такі эксперымент?

- Гэта не столькі эксперымент, колькі адлюстраванне відавочных рэчаў. Ведаеце крылаты выраз: найважнейшым з мастацтваў з'яўляецца кіно? Я б яго трохі перафразаваў: кіно з'яўляецца... ну, можа, не найважнейшым (тут увогуле прыярытэты недарэчныя), але, прынамсі, самым любімым відам мастацтва. Пашырэнне геаграфічных межаў фестывалю- не больш чым заканамерны вынік надзвычайнай папулярнасці кіно. У тым, што такая ініцыятыва была папраўдзе патрэбная, сёння не сумняваецца ніхто. Сапраўды, вельмі важнай рысай у фармаце фестывалю з'яўляецца тое, што яго імпрэзы праходзяць не толькі ў сталічных кінатэатрах, але і ў невялікіх гарадках ды аграгарадках, на прадпрыемствах, у школах. З аднаго боку, "Лістапад" - гэта форум прафесіяналаў, а з іншага - вялікае і папраўдзе народнае свята кіно. Дарэчы, яшчэ адзін аспект фестывалю - гэта майстар-класы вядомых замежных кінематаграфістаў для нашых студэнтаў. Для нас ён набывае ўсё большую важнасць: Беларусь арыентуецца на ўласныя кадры ў галіне кінавытворчасці, і таму іх удасканаленне вельмі патрэбнае.

/i/content/pi/cult/235/3287/2-4.jpg - "Лістапад", ужо па традыцыі, становіцца добрай інфармацыйнай нагодай, каб пагаварыць пра развіццё айчыннага кінематографа...

- Маеце рацыю: фестываль важны для беларускай культуры яшчэ і таму, што дзякуючы яму мы можам ацаніць уласныя дасягненні ў галіне кінавытворчасці - прычым ацаніць іх па гамбургскім, сусветным рахунку. Прагледзеўшы сёлетнюю конкурсную праграму, вы заўважыце, што беларускія стужкі фігуруюць там амаль ва ўсіх намінацыях. На маю думку, у рамках "Лістапада" айчынны кінематограф будзе прадстаўлены папраўдзе годна - хаця, вядома, канчатковы вердыкт павінна вынесці журы, у тым ліку і глядацкае. Думаецца, і шаноўныя госці фестывалю, якія наведваюць яго ўжо не ўпершыню, адзначаць, што беларускі кінематограф эвалюцыяніруе, асвойвае новыя тэхналогіі. Напэўна, яго сапраўдны творчы ўсплёск яшчэ наперадзе, але прагрэс відавочны ўжо сёння. Дарэчы, нельга не адзначыць і тое, што спецыяльны прыз "За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве", заснаваны Кіраўніком нашай дзяржавы, сёлета будзе ўручаны беларускаму артысту Генадзю Гарбуку. Гэта акцёр, чый унёсак у развіццё беларускага і савецкага кінематографа пераацаніць вельмі цяжка. Дзякуючы яму экраннае жыццё атрымала мноства яскравых экранных вобразаў.

 - Ёсць і яшчэ адзін аспект кінафоруму, часта схаваны ад вачэй публікі. Фестываль - гэта не толькі свята, але і своеасаблівы кірмаш, дзе ў кулуарах кінатэатраў адбываюцца бізнес-перамовы. Ці характэрны ён для "Лістапада"?

 - Сёлета мы можам сцвярджаць гэта з вялікай упэўненасцю. Упершыню ў рамках фестывалю адбудзецца сустрэча прадзюсераў з розных краін, пройдуць перамовы аб сумеснай кінавытворчасці, якія, спадзяюся, з часам прынясуць канкрэтныя вынікі. Увогуле, важна адзначыць, што цікавасць да "Лістапада" з боку замежных кінавытворцаў і прадзюсераў несупынна расце. Адпаведна, фестываль не буксуе на месцы - з года ў год рух наперад відавочны. Як вы памятаеце, напачатку гэта быў фестываль кіно краін СНД. Цяпер "Лістапад" у поўнай меры апраўдвае свой міжнародны статус. "Драматургія" форуму становіцца ўсё больш насычанай і разнастайнай. І пакрысе "Лістапад" набліжаецца да ўзроўню фестываляў класа "А".

 - Ці стаіць перад беларускім фестывалем стратэгічная задача атрымання гэтага пачэснага статуса?

- Думаю, яго набыццё не павінна быць самамэтай. Не трэба забывацца на тое, што ён прадугледжвае досыць вузкія рамкі- своеасаблівыя правілы гульні, якія для нас прымальныя далёка не заўсёды. Прыкладам, зазвычай праграму такіх фестываляў складаюць толькі тыя фільмы, што дэманструюцца ўпершыню. Адпаведна, па-за праграмай застаюцца шмат якія вартыя ўвагі набыткі сучаснага кіно. З пункта гледжання звычайнага гледача, гэтае патрабаванне - абсалютна ірацыянальнае: чалавек проста хоча прыйсці ў кінатэатр і паглядзець карціну, якую раней яму бачыць не даводзілася, хай сабе яна ўжо і дэманстравалася дзесьці ў Каннах. Але ў тым і справа, што фестывалі класа "А" на шараговага гледача і не разлічаны - яны прызначаны перадусім для саміх кінематаграфістаў, для вузкага кола "сваёй публікі". Нас такі падыход не задавальняе. Дык ці варта губляць гэты ўсенародны фармат "Лістапада" дзеля аднаго толькі статуса?

 - Калі мы ўжо пачалі казаць пра дынаміку развіцця... У якім напрамку фестываль будзе рухацца далей?

- Напрамак зразумелы. Сапраўдны, а не ўяўны, прэстыж любому кінафестывалю надаюць суперфільмы і суперзоркі. Думаю, калі б заўтра Сафі Ларэн прайшлася па праспекце Незалежнасці, гэтая падзея стала б сапраўды запамінальнай для нашага горада. Адпаведна, нам яшчэ ёсць куды імкнуцца.

Фота Юрыя ІВАНОВА