Як рэалізаваць патэнцыял “гандлёвых марак”?

№ 45 (914) 07.11.2009 - 07.11.2009 г

29 кастрычніка рабочы графік членаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь быў незвычайны. Семінар “Аб практыцы прымянення заканадаўства аб ахове гісторыкакультурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”, арганізаваны пры ўдзеле Міністэрства культуры краіны, — далёка не першае выязное мерапрыемства Палаты прадстаўнікоў, прысвечанае гэтай тэматыцы. Але ўпершыню яно прайшло з удзелам не толькі членаў профільнай камісіі, а ўсяго дэпутацкага корпуса.

 

- Мяркую, што ў прысутнасці такой аўдыторыі не трэба доўга казаць пра актуальнасць тэмы семінара, - адзначыў у сваім уступным слове старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка. - Усе мы цудоўна разумеем, што гісторыка-культурная спадчына забяспечвае непарыўную сувязь пакаленняў. Менавіта таму ў Рэспубліцы Беларусь пытанні аховы гісторыка-культурнай спадчыны аднесены да прыярытэтаў дзяржаўнай культурнай палітыкі. Па маршруце семінара - Мір і Нясвіж - праехалі ўжо, мусіць, многія беларусы. Але прысутныя ўсё адно не хавалі свайго прыемнага здзіўлення: за мінулыя год-два тут вельмі шмат што змянілася. Абодва замкі - маляўнічае сведчанне тых станоўчых зрухаў, якія адбываюцца ў сферы аховы спадчыны ў нашых краінах. Зрэшты, апрача шчырага захаплення ўбачаным, часам на адрас рэстаўратараў можна было пачуць і крытычныя водгукі. Калі дэлегацыя рушыла да Мірскага замка, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навуковатэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч звярнуў увагу карэспандэнта "К" на сучасную плітку, па якой ступалі нашы падэшвы. - Думаю, гэтая дэталь можа сапсаваць уражанні ад помніка даўніны,- адзначыў ён. - Лепей бы шлях выбрукавалі грубымі камянямі, як тое і было ў старыя часы. Нязручнасці мы б пацярпелі. Галоўнае - зберагчы дух часу. Менавіта ім нас сюды і прыцягвае, і менавіта для яго захавання дзяржава выдаткоўвае вялізныя сродкі.

Рэстаўрацыя пад навуковай апекай

 Ускосны (але універсальны) адказ на разнастайныя заўвагі адносна працы рэстаўратараў у Міры і Нясвіжы ўтрымліваў даклад міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі, агучаны пад час пленарнага пасяджэння семінара. Дакладчык тэзісна акрэсліў прыярытэты- тыя накірункі ў справе аховы спадчыны, на якія Міністэрства культуры краіны зверне асаблівую ўвагу ў бліжэйшай будучыні. Першым пунктам у гэтым спісе было ўзмацненне навуковага нагляду за правядзеннем рэстаўрацыйных работ. Спосаб рэалізацыі пастаўленай задачы - наладжванне больш шчыльнага супрацоўніцтва з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і павелічэнне ролі навукова-метадычнай рады пры Міністэрстве культуры. Як адзначыў Павел Латушка, менавіта спецыялісты, якія ў яе ўваходзяць, павінны вырашаць пытанні адносна прымянення пад час рэстаўрацыі тых ці іншых будаўнічых матэрыялаў і тэхналогій. Навуковая "апека" аб'екта мусіць пачынацца на стадыі стварэння праектнай дакументацыі і не завяршацца нават па сканчэнні рэстаўрацыйных работ: метадычныя рэкамендацыі спецыялістаў па прыстасаванні і ўтрыманні адрэстаўраванага помніка павінны быць пачуты ўласнікам. Таксама, як адзначыў міністр культуры, неабходна палепшыць ўзаемадзеянне паміж навуковым кіраўніком, заказчыкам і падрадчыкам.

Заказчык мусіць разумець сваю непасрэдную адказнасць за вынікі рэстаўрацыі, а падрадная будаўнічая арганізацыя - усведамляць, што ёй выпаў гонар працаваць на аб'екце спадчыны. Яшчэ адзін рэсурс павялічэння якасці рэстаўрацыйных работ - больш шчыльнае наладжванне супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі па ахове спадчыны, а таксама з грамадскай назіральнай камісіяй, створанай летась на падставе пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. - 28 кастрычніка ў сценах Міністэрства культуры адбылося яе першае пасяджэнне, - паведаміў Павел Латушка. Як нагадаў у сваім дакладзе старшыня Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах UNESCO Уладзімір Шчасны, Камітэт па ахове культурнай спадчыны ўжо выказваў пэўныя заўвагі адносна ўмоў захавання аб'ектаў у Нясвіжы і Міры. І хаця тлумачэннямі беларускага боку міжнародныя эксперты былі збольшага задаволены, налета плануецца візіт "рэвізораў" - сумеснай місіі UNESCO/ІКАМОС, пад час якога аўтарытэтныя спецыялісты здолеюць азнаёміцца з ходам рэстаўрацыі на ўласныя вочы. - Уяўляецца мэтазгодным скарыстаць знаходжанне экспертаў такога высокага ўзроўню для арганізацыі семінара для нашых рэстаўратараў і музейшчыкаў, - выказаў сваю прапанову Уладзімір Шчасны.

Кадравая праблема, якая таксама неаднаразова закраналася пад час пасяджэння, мае два вымярэнні: "колькаснае" і "якаснае". Як адзначыў Павел Латушка, пасады спецыялістаў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ў апараце аддзелаў культуры на сённяшні дзень уведзены толькі ў асобных раёнах краіны. Што да адмысловай падрыхтоўкі такіх спецыялістаў... На думку Уладзіміра Шчаснага, яе забяспечыць магло б стварэнне пры Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў асобнага сектара або аддзела па ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

 

 "Мы павінны быць рэалістамі..."

 Час, які правёў на трыбуне Павел Латушка, больш як удвая перавысіў адведзены рэгламентам. Ягоны даклад уклаўся роўна ў запланаваныя 15 хвілін. Але прагучала і мноства пытанняў ад дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. У прыватнасці, Уладзімір Андрэйчанка запытаў, ці вядзецца дзейнасць па пошуку нашчадкаў слынных шляхецкіх родаў, якія цяпер жывуць за межамі Беларусі і маглі б зрабіць свой унёсак у аднаўленне "родавых гнёздаў" продкаў. Па словах міністра культуры, такая праца апошнім часам прыкметна актывізавалася. Пленарнае пасяджэнне семінара адбывалася ў Нясвіжы - горадзе, які паступова вяртае сваю былую веліч і ператвараецца ў сапраўдны турцэнтр. Але пад час даклада Паўла Латушкі на экране з'яўляліся фота, зробленыя ў Жалудку і Жамыслаўлі- тых мясцінах, чый несумненны турыстычны патэнцыял яшчэ толькі чакае рэалізацыі.

- Сёння нават гэтыя шыкоўныя палацы не выкарыстоўваюцца і знаходзяцца ў занядбаным стане. І такіх помнікаў на Беларусі налічваюцца дзесяткі, - канстатаваў міністр культуры. Тэму адраджэння (або, прынамсі, выратавання) старых шляхецкіх сядзіб узнімаў бадай кожны з выступоўцаў. Такі акцэнт - заканамерны: дадзеная катэгорыя помнікаў спадчыны - самая праблемная. Дэпутат Пётр Южык нават прапанаваўраспрацаваць адмысловую нацыянальную праграму, закліканую каардынаваць высілкі дзяржавы і грамадства ў гэтым рэчышчы. Такая прапанова - сведчанне маштабнасці праблемы. Поўны кансенсус сярод прысутных быў і адносна спосабаў яе вырашэння. Уласна, спосаб бачыцца толькі адзін: прыцягненне прыватнага капіталу і стварэнне на базе сядзібна-паркавых комплексаў рэнтабельных турыстычных аб'ектаў.

- Мы павінны быць рэалістамі і ўсведамляць, што на працягу некалькіх гадоў дзяржаўных сродкаў не хопіць для рэстаўрацыі ўсіх помнікаў, якія гэтага патрабуюць, - адзначыў міністр культуры. І гэта прытым, што за апошні час у справе аднаўлення аб'ектаў спадчыны зроблены значны крок наперад: памеры дзяржаўных асігнаванняў непараўнальна большыя, чым у савецкія часы. Сёння ні ў кога ўжо няма боязі перадаваць аб'екты спадчыны ў рукі прыватных гаспадароў. Не шакіруюць нават "экстрэмальныя" варыянты: палац за адну базавую велічыню. Але, як неаднаразова падкрэслівалася ў зале пасяджэння, інвестары павінны дбайна выконваць патрабаванні заканадаўства аб правядзенні рэстаўрацыйных работ і прыстасаванні помніка. Зрэшты, куды часцей пад час семінара ўзнімаўся іншы аспект гэтай праблемы. Тая колькасць адміністрацыйных працэдур, праз якія мусіць прайсці інвестар, каб займець ва ўласнасць аб'ект спадчыны, здатная напалохаць нават самых рашучых. - Тыя бюракратычныя перашкоды, што павінен пераадолець патэнцыйны інвестар - гэта вельмі істотная праблема, - падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі Уладзімір Здановіч.

- Над яе вырашэннем на заканадаўчым узроўні нам, дэпутатам, трэба сур'ёзна працаваць. Паводле майго пераканання, працэдура атрымання патрэбных дазволаў павінна быць максімальна спрошчана. Зацікавіўшы інвестараў, мы здолеем забіць адразу двух зайцоў: адрадзіць многія помнікі даўніны і паспрыяць развіццю турыстычнай інфраструктуры, павялічыўшы тым самым даходную частку бюджэту краіны. Пад час пасяджэння прагучалі і канкрэтныя прапановы адносна таго, як зрабіць аб'екты спадчыны больш прывабнымі для капіталаўкладанняў. Як адзначыў у сваім дакладзе Павел Латушка, мэтазгоднымуяўляецца разгледзець пытанне аб прымяненні льготы на выплату падатку на дабаўленую вартасць пры выкананні рэстаўрацыйных работ. Уладзімір Андрэйчанка ў сваім заключным слове закрануў адзін з самых злабадзённых аспектаў праблемы - права ўласнасці на зямлю, на якой знаходзіцца аб'ект спадчыны. - Мы павінны паставіць бізнес у самыя спрыяльныя ўмовы, - заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў пад час сустрэчы з журналістамі.

Помнік даўніны як "гандлёвая марка"

Адно з самых нечаканых пытанняў ад дэпутацкага корпуса атрымаў дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў: ці ёсць у Мірскім замку прывіды? Пытанню спадарожнічала тлумачэнне: бясплотныя духі здатныя прыносіць зусім не эфемерныя прыбыткі.

- Мы ўсе цудоўна разумеем духоўную значнасць аб'ектаў спадчыны, іх ролю для грамадства, але да нядаўняга часу не надавалі належнай увагі эканамічнаму аспекту,- адзначыў Уладзімір Здановіч. - Помнік даўніны- гэта унікальная "гандлёвая марка". Лічу, айчынныя прадпрымальнікі шмат страцяць, калі гэтага не ўсвядомяць. Зразумела, што дэпутаты не маглі абысці ўвагай і праблему турыстычнай інфраструктуры. Менавіта яна не дазваляе аб'ектам спадчыны напоўніцу рэалізаваць свой эканамічны патэнцыял.

- Чаму замежныя падарожнікі выкарыстоўваюць Беларусь пераважна як транзітную краіну? - падзяліўся сваімі думкамі Уладзімір Здановіч. - Напэўна, адзін з адказаў на гэтае пытанне - недастатковае развіццё айчыннага гісторыка-культурнага турызму. Нясвіж здатны здзівіць сваімі помнікамі архітэктуры каго заўгодна. Любы замежнік з ахвотай прыехаў бы сюды і застаўся на некалькі дзён - калі б яму было дзе пераначаваць. Але пакуль што з гатэлем у Нясвіжы - праблема... Як адзначыў Уладзімір Андрэйчанка, стварэнне аб'ектаў турінфраструктуры - справа, якой павінны займацца перадусім прыватнікі. У сваю чаргу, справа заканадаўцаў - стварыць для іх спрыяльныя ўмовы. Старшыня Палаты прадстаўнікоў упэўнены, што лібералізацыя эканамічнага клімату ў краіне стане самым значным фактарам вырашэння гэтай праблемы.

* * *

- З пачутых намі паведамленняў можна зрабіць выснову, што сур'u1105 ёзных нараканняў на заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны ў практыкаў няма, - адзначыў у сваім заключным слове Уладзімір Андрэйчанка. - Але, пагадзіцеся, сацыяльна-эканамічныя працэсы, якія адбываюцца ў краіне, не могуць не аказваць уплыву на рашэнне задач у гэтай галіне. Ход семінара засведчыў не толькі шчырую цікавасць прадстаўнікоў дэпутацкага корпуса да яго тэматыкі, але і наяўнасць у іх грунтоўнай, рэалістычнай пазіцыі адносна найбольш праблемных яе аспектаў. Апошняе дазваляе чакаць ад заканадаўцаў важнага ўнёску ў іх вырашэнне. А ў тым, што гэты ўнёсак можа істотна змяніць статус-кво, сумнявацца не выпадае