Гісторыя з працягам у сучаснасці

№ 44 (913) 31.10.2009 - 06.11.2009 г

1 лістапада ў Палацы Румянцавых і Паскевічаў Дзяржаўнай гісторыкакультурнай установы “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль” Пасольства Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь на чале з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Амерыка Дыясам Нуньесам паднясе каштоўны падарунак Палацава-паркаваму ансамблю: бронзавы бюст грамадскага і палітычнага дзеяча Венесуэлы, удзельніка вайны за незалежнасць брытанскіх калоній у Паўночнай Амерыцы, аднаго з арганізатараў Першай Венесуэльскай Рэспублікі (1811— 1812 гг.) Себасцьяна Францыска дэ Міранда-і-Радрыгеса (1750— 1816 гг.).

У 1786 г. ён наведваў Расію, дзе пражыў амаль год. Быў добра знаёмы з Кацярынай ІІ, Р.А. Пацёмкіным і А.А. Безбародкай, сябраваў з фельдмаршалам П.А. Румянцавым-Задунайскім - уладальнікам Гомельскай сядзібы. Францыска дэ Міранда назваў Пятра Аляксандравіча сваім настаўнікам у ваеннай справе, а іх сустрэчы падрабязна апісаў у дзённіку "Калумбея" (дарэчы, гэтую літаратурную працу і сёння вывучаюць у венесуэльскіх школах). Міранда быў таксама знаёмы з сынам фельдмаршала - графам Мікалаем Румянцавым. Так, у 1787 г., у час вандроўкі па Еўропе, ён спецыяльна наведаў Франкфурт-на-Майне для сустрэчы з Мікалаем Пятровічам, які тады быў расійскім паслом у германскіх дзяржавах. Падарунак бюста вялікага венесуэльца Гомелю - гэта даніна гісторыі, што знаходзіць працяг і ў сучаснасці, у тых сяброўскіх адносінах, якія склаліся паміж нашымі краінамі. Твор будзе знаходзіцца ў "Румянцаўскай зале" пастаяннай экспазіцыі .

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"