Мастацкая — у цэнтры ўвагі

№ 42 (910) 17.10.2009 - 23.10.2009 г

У Кішынёве прайшоў IV Форум творчай і навуковай інтэлігенцыі дзяржаў — удзельніц СНД. Прадстаўнічае мерапрыемства сабрала больш за 400 вядомых палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, навукоўцаў, людзей культуры і мастацтва.

У сваім прывітальным слове да ўдзельнікаў форуму Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка адзначыў важнасць непасрэдных кантактаў паміж прадстаўнікамі інтэлігенцыі розных краін СНД. "З'яўляючыся важным складнікам міждзяржаўных зносін, гэтыя сувязі неабходныя для захавання і памнажэння агульнай культурнай спадчыны, плённай навуковай творчасці, сумеснага пошуку рашэнняў надзённых пытанняў інтэграцыі і сусветных праблем", - гаворыцца ў Пасланні Кіраўніка дзяржавы. 2009 год на прасторы Садружнасці быў аб'яўлены Годам моладзі, і таму заканамерна, што на сёлетнім форуме асаблівая ўвага была нададзена менавіта маладзёжнай праблематыцы. Адна з трох дыскусій, якія прайшлі ў рамках мерапрыемства, прысвячалася мастацкай адукацыі ў краінахСНД. Сярод яе вядучых быў кіраўнік беларускай дэлегацыі на форуме, прарэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна. - Сёння ў свеце назіраюцца тэндэнцыі па спрашчэнні і універсалізацыі мастацкай адукацыі, - адзначыў ён карэспандэнту "К". - І яны не могуць не насцярожваць прафесіяналаў у гэтай сферы. Пад час дыскусіі чарговы раз пераканаўся ў тым, што цікавасць да напрацаванага намі досведу ў суседніх краінах - вельмі вялікая. Усё больш інтэлектуалаў разумее, што мастацкая адукацыя не можа развівацца па тых самых прынцыпах, як і тэхнічная, што "запозненая" спецыялізацыя студэнтаў прыносіць згубныя вынікі. Па словах Міхаіла Баразны, форум дае яго ўдзельнікам унікальную магчымасць наладзіць самы шырокі спектр асабістых кантактаў, якія ў будучыні абяцаюць прынесці нямала карысці ў іх прафесійнай дзейнасці.