Мірскі замак: работа над памылкамі

№ 37 (905) 12.09.2009 - 18.09.2009 г


/i/content/pi/cult/226/3001/4-1.jpg
 /i/content/pi/cult/226/3001/4-2.jpg

Падковы па бетоне не цокаюць?

Пасяджэнню Рады папярэднічала своеасаблівая экскурсія па замку. Зайшоўшы ва ўнутраны дворык, члены Рады не пабачылі шкляны "казырок", уволю "абсмактаны" нядобразычліўцамі. Па словах дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Уладзіміра Пракапцова, навес знялі літаральна за дзень-два да вызначанай даты пасяджэння. Бетонная ж лесвіца насупраць яго засталася. Вядома, нікуды не падзелася і агароджа, што атачае замкавы комплекс. Рабочыя працягвалі выкладаць плітку на прылеглай тэрыторыі. Усё гэта выклікала ў прысутных, мякка кажучы, супярэчлівую рэакцыю. Архітэктар Дзмітрый Бубноўскі з'яўляецца навуковым кіраўніком рэстаўрацыі замка з 1986 года, адначасова ён і галоўны архітэктар на гэтым аб'екце. Цяжка не пагадзіцца са старшынёй Рады, намеснікам міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Грыдзюшкам: унёсак - важкі і несумненны. Аднак пад час пасяджэння Бубноўскі пачуў нямала крытыкі з боку прафесіяналаў. Сярод іх - галоўны архітэктар Мінска Віктар Нікіцін і доктар архітэктуры Армен Сардараў. Што ж не падабаецца прафесіяналам у Мірскім замку? Пагутарыўшы на гэты конт з Арменам Сардаравым, высветліў: літаральна тое ж самае, што і многім шараговым турыстам. - Агароджа сюды абсалютна не пасуе, - распавёў архітэктар карэспандэнту "К". - Пра ружовы колер ніш я сваё меркаванне выказваў ужо неаднойчы. Вядома, што ў даўніну зазвычай выкарыстоўваліся светлашэрыя фарбы, і цэгле яны пасавалі куды больш. А вось звярніце ўвагу на гэтую сцяжынку, што вядзе да замка: яна зроблена з сенажных блокаў і таксама не да месца. Але вянчае "хіт-парад недарэчнасцей", вядома, прыбіральня, якая літаральна "сустракае" турыстаў, забяспечваючы ім адпаведныя першыя ўражанні. Чаму яна пагэтуль не перанесена ў куды больш прыдатнае месца - скажам, на стаянку, што наўзбоч ад замка? Здавалася б, гутарка вядзецца адно пра дробныя дэталі: "казырок", плітка, колер фарбы... Але ў сукупнасці яны могуць змяніць уражанне ад аб'екта. - Прыязджаючы сюды, чалавек павінен нібы акунуцца ў той час, калі быў створаны помнік, - працягвае свае развагі Армен Сардараў, - пачуць у сваім уяўленні тупат коней і грукат даспехаў. Навадзел нівеліруе гэты эфект пранікнення ў сярэднявечча. І таму мы павінны змяніць сам падыход да помніка, узняць эстэтычны ўзровень рэстаўрацыі.

 Дыялектыка рэстаўрацыі

Зрэшты, казаць пра нематываванасць "непапулярных" архітэктурных рашэнняў у Мірскім замку не выпадае: Дзмітрый Бубноўскі можа аргументавана патлумачыць кожны свой крок. У XVI стагоддзі ніякія сцяжынкі з пліткі да замка, вядома, не вялі. Наадварот, у інтарэсах яго гаспадароў было зрабіць падыходы як мага менш даступнымі, прымусіўшы коней варожага войска гразнуць у балоце. Ад пачатку замак быў фартыфікацыйным збудаваннем, а зусім не папулярным тураб'ектам. Але сёння да яго імкнуцца тысячы наведвальнікаў - у тым ліку і на высокіх абцасах. Калі ўзяць пад увагу гэты відавочны аспект, меркаванне навуковага кіраўніка аб'екта адносна таго, што на дарозе да замка павінна быць цвёрдае пакрыццё, ужо не выглядае суцэльнай недарэчнасцю. Што да выкарыстання сучасных матэрыялаў... Як нагадаў прысутным начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі, сусветная практыка ў галіне рэстаўрацыі часам гэта нават заахвочвае. Маюцца на ўвазе тыя выпадкі, калі ў аб'ект уносіцца новы элемент, звязаны з яго новым функцыянальным выкарыстаннем. Наадварот, "імітаваць даўніну" сярод рэстаўратараў лічыцца, мякка кажучы, маветонам. Гэта тычыцца і бадай самай спрэчнай часткі комплексу - палаца, дзе мае размясціцца міжнародны культурна-адукацыйны цэнтр. Яго інтэр'еры і мэбліроўка - за выключэннем хіба скляпенняў - нават і не прыпадабняюцца да колішніх. На паверку гэта выглядае недарэчнасцю, але... Ці маюць рацыю прыхільнікі супрацьлеглай пазіцыі, якія настойваюць на максімальным аднаўленні інтэр'ераў замка, хаця б нават па прынцыпе аналогіі? Зрэшты, інтэр'еры колішніх пакояў Святаполк-Мірскіх да сёння не захаваліся. Таму аднаўленне "па максімуме" яшчэ і з гэтай прычыны выглядае складаным. Супастаўляючы падыходы, разумееш усю складанасць рэстаўрацыі як працэсу дыялектычнага: з аднаго боку, трэба нібы закансервавацьчас стварэння помніка, а з іншага - улічваць, што час усё ж змяніўся. Замак павінен быць непрыступным, а тураб'ект - агульнадаступным. Але ўсё гэта не адмяняе відавочнай ісціны: любы навадзел павінен выглядаць эстэтычна. І ні ў якім разе не адцягваць увагу ад асноўнай перліны комплексу. Як адзначыў пад час пасяджэння Рады старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч, сёння Мірскі замак нібы губляецца ў аблямоўцы свайго добраўпарадкавання. З гэтай характарыстыкай пагадзіліся многія з прысутных. Падчас пасяджэння Рады выявілася і яшчэ адна акалічнасць ходу рэстаўрацыі: адносіны паміж заказчыкам аб'екта - Нацыянальным мастацкім музеем - і яго навуковым кіраўніком далёкія ад ідэальных. Абодва бакі скардзіліся на адсутнасць паразумення і каардынацыі дзеянняў. І кожны абвінавачваў у гэтым выключна супрацьлеглы бок. Рада адмовілася ад ролі "трацейскага суддзі": пытанне, хто ў дадзенай сітуацыі правы, а хто вінаваты, нават не разглядалася. Замест гэтага абодва бакі атрымалі выразнае і адназначнае патрабаванне: пераадолець усе непаразуменні і працаваць у звязцы. Безумоўна, архітэктурныя вырашэнні тых або іншыя памяшканняў павінны ўвязвацца з іх далейшым выкарыстаннем - і, адпаведна, канцэпцыяй музеефікацыі. У гэтым таксама праяўляецца дыялектыка рэстаўрацыі.

Ліпа з бярозай "не сябруе"

 Праблемнай вобласцю з'яўляецца не толькі сам замак, але і прылеглы да яго парк плошчай у 27 гектараў, які атрымаў статус помніка прыроды рэспубліканскага значэння. І праблемы, якія яго тычацца, маюць, прынамсі, два вымярэнні. Начальнік запаведнага аддзела Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віталь Каранчук пад час пасяджэння казаў пра неабходнасць устаноўкі інфармацыйных знакаў, якія знаёмілі б наведвальнікаў з рэжымам аховы парку. - Калі б гэта было зроблена, мы сёння не мелі б тых фактаў парушэння рэжыму аховы і выкарыстання тэрыторыі парку. Пакуль гэтыя ўказальнікі не ўстаноўлены, парушальніка нават нельга прыцягнуць да адказнасці: у судзе ён лёгка здолее давесці, што пра асаблівы статус парку яму нічога не вядома.

 Рэзюмуе міністр

 - Бачу, што праблема - ёсць, - з гэтых слоў пачалося рэзюміруючае выступленне міністра культуры Паўла Латушкі. На яго думку, сёння трэба не шукаць вінаватых, але выпрацоўваць канструктыўныя рашэнні, датычныя выпраўлення ўжо зробленых памылак і далейшага ходу рэстаўрацыі. Міністр падтрымаў прапанову, якую агучыў ці не кожны з прысутных: даручыць навуковае кіраванне рэстаўрацыяй Мірскага замка адмысловай рабочай групе, куды маглі б увайсці спецыялісты розных профіляў. - Павінен канстатаваць, што адбылася сітуацыя аднаасобнага падыходу да вырашэння пытанняў, звязаных з рэканструкцыяй Мірскага замка, і гэта з'яўляецца непрымальным, асабліва для аб'ектаў такога маштабу, - адзначыў Павел Латушка. - Чакаю канкрэтных прапаноў, як узмацніць навуковае кіраванне гэтым аб'ектам. Другая прапанова - узмацненне кантролю над гэтымі работамі з боку Навукова-метадычнай рады. Апошняе яе пасяджэнне, датычнае Мірскага замка, адбылося болей за два гады таму. Цяпер іх плануецца праводзіць не радзей, чым раз у некалькі месяцаў. Таксама, згодна з нарматывамі UNESCO, павінна быць створана Камісія па кіраванні гісторыка-культурнай каштоўнасцю. - Хацеў бы асабліва падкрэсліць: катастрофы ніякай няма, - гэтымі словамі міністр завяршыў сваю прамову. - Ёсць пэўныя хібы, якія патрабуюць выпраўлення. І мы іх ліквідуем, калі нам удасца наладзіць методыку кіравання работамі на гэтым аб'екце і дасягнуць належнай каардынацыі высілкаў заказчыка, навуковага кіраўніка і падрадчыка. Аднаўленне Мірскага замка - самы маштабны рэстаўрацыйны праект у гісторыі Беларусі. Таму і зразумела, што без памылак было не абысціся. Але на памылках вучацца.

Мінск - Мір - Мінск

Фота аўтара і Юрыя ІВАНОВА