У мінулых нумарах “К” мы падрабязна расказалі пра гісторыю стварэння мемарыяла “Брэсцкая крэпасць-герой”. Сёння, напярэдадні 80-гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны, мы раскажам пра тое, як некаторыя беларускія мастакі ў сваіх творах імкнуліся паказаць “вобраз” Брэсцкай цытадэлі ў чэрвеньскія дні 41-га, і што ад яе засталося ў першыя гады пасля Перамогі, калі, уласна кажучы, пра гераічную абарону крэпасці яшчэ мала хто ведаў.
Мікалай Чураба. “Цішыня ў цытадэлі”.
Але некаторыя мастакі раней афіцыйнага прызнання Подзвігу, яшчэ да з’яўлення знакамітай кнігі Сяргея Смірнова, “пацвердзілі” Брэсцкую эпапею на сваіх жывапісных палотнах, эцюдах, шматлікіх малюнках і накідах. І ў гэтых адносінах “першую скрыпку” сыгралі двое мастакоў, якія пасля перамогі засталіся жыць і працаваць у Брэсце. Гэта Мікалай Чураба і Пётр Данэлія. Амаль адначасова з імі непераўзыдзеную ролю ў раскрыцці таго, што адбывалася над Бугам, адыгралі народныя мастакі БССР Яўген Зайцаў і трошкі пазней — Іван Ахрэмчык, а таксама заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Пётр Дурчын.
Мікалай Чураба пакінуў сотні натурных партрэтаў, графічных малюнкаў і ілюстрацый. І шмат жывапісных твораў, прысвечаных Брэсцкай крэпасці ў дні яе гераічнай абароны і пазней, калі яна яшчэ заставалася ў руінах і зарасніках пасляваеннага бэзу. Реканструяваць подзвіг абаронцаў цытадэлі Чураба пачаў раней іншых мастакоў — за некалькі гадоў да таго, як герояў Брэста многія сталі ўвекавечваць у жывапісе, графіцы, плакаце і скульптуры.
Барыс Аракчэеў. “Брэсцкая крэпасць. Параненыя байцы”.
У Брэст ён прыехаў адразу пасля вайны, і разам з Пятром Данэлія прымаў там удзел у стварэнні абласной арганізацыі Саюза мастакоў БССР. Вясной 1947 года першым атрымаў пропуск у крэпасць, пра якую мясцовыя жыхары гаварылі шэптам, бо большасць выжыўшых абаронцаў прайшлі праз нямецкі палон, а пасля некаторыя з іх — і праз савецкія лагеры.
Пазней Мікалай Дзмітрыевіч успамінаў: “Тое, што я пабачыў тады ў разбуранай крэпасці, на мяне зрабіла ўражанне незабыўнае. З таго часу гэтая святая тэма стала лейтматывам майго мастацтва”. На адным са шматлікіх аўтапартрэтаў Чураба нават увасобіў сябе ў вобразе салдата Брэсцкай крэпасці чэрвеня 1941 года. Гэты аўтапартрэт на фоне крэпасных басціёнаў пазней стаў фрагментам да жывапіснага трыпціха пра подзвіг першых абаронцаў савецкай краіны. Хаця мы бачым крэпасць у Чураба і зусім іншай — не ў бліскавіцы ваеннага полымя, а ў ціхай світальнай смузе ці ў заслоне туману. Да яе, гэтай паразрыванай, абпаленай нямецкімі снарадамі, мінамі і агнямётамі цвярдыні над Бугам, мастак вяртаўся з мальбертам усё жыццё. Вось толькі некаторыя назвы яго твораў: “Стаялі насмерць”, “Цаною жыцця”, “У Брэсцкай крэпасці”, “Памяць”, “Памяць народная вечна”, “Байніцы Брэста”, “Каземат Заходняга ўмацавання”, “Ля парога бессмяротнасці”, “Цярэспальскія вароты” , “Смага”, “Інтэр’ер Гарнізоннага клуба”...
Для жывапісца Пятра Данэліі тэма Брэсцкай крэпасці таксама была важнай. Але ён як прыроджаны пейзажыст пісаў галоўным чынам тыя пасляваенныя памятныя месцы разбуранай крэпасці з яе руінамі, казематамі, фортамі, дзе праходзілі жорсткія баі. Чураба і Данэлія — першыя ў мастацтве даследчыкі гэтай старонкі — у дакументальна-гістарычным ракурсе пакінулі важкі след у беларускім выяўленчым летапісе.
Яўген Зайцаў. “Абарона Брэсцкай крэпасці”.
У 1951 годзе з’явілася карціна расійскага мастака Пятра Крываногава “Абаронцы Брэсцкай крэпасці”, якая і зараз практычна ва ўсіх СМІ і электронных носьбітах лічыцца хрэстаматыйным “піянерам” увасаблення гэтага подзвігу ў савецкім жывапісе. Аднак тут я хачу ўнесці некаторыя карэктывы.
На жаль, мала хто ведае, што сапраўдным адкрывальнікам тэмы ў мастацтве “вялікай формы” ўсё ж быў бліскучы беларускі гістарычны жывапісец Яўген Зайцаў, які на год раней Крываногава намаляваў эпічную “Абарону Брэсцкай крэпасці ў 1941 годзе”. Па сутнасці, палатно Зайцава не толькі апярэдзіла па часе “раскручаную” савецкай прэсай карціну масквіча, але, на мой погляд, і перасягае яе па насычанай пульсацыі драматызму, напружанаму эмацыйнаму рытму і псіхалагічнасці цэнтральных вобразаў кампазіцыі. Дарэчы, зайцаўскае палатно, якое яшчэ дыхала свежай алейнай фарбай, упершыню з поспехам экспанавалася ў маскоўскім Манежы на Усесаюзнай выставе менавіта ў 1950 годзе, дзе яе мог убачыць і сам Пётр Крываногаў...
Па расказах Яўгена Аляксеевіча, ён упершыню пачуў пагалоску пра баі ў Брэсцкай крэпасці ў пачатку 1944-га ў Цэнтральным штабе партызанскага руху ў Маскве. Хутчэй за ўсё, менавіта тады падсвядомасць і пачала дыктаваць мастаку сюжэт. Аднак падбіраўся ён у думках да тэмы доўгімі шляхамі трывожных роздумаў, што бударажачай марзянкай адгукаліся ў сэрцы. Зайцаў два гады вывучаў матэрыялы, звязаныя з абаронай цытадэлі. Абыходзіў усе месцы баёў, агледзеў казематы і праходы, вывучыў памятныя аўтографы-надпісы апошніх абаронцаў, сустракаўся з відавочцамі і мясцовымі мастакамі Мікалаем Чурабам і Пятром Данэлія, для якіх гэтая тэма таксама была неабыякавай. Строгая і неаспрэчная праўда гістарычных “артэфактаў” адбілася ў дзясятках зайцаўскіх эцюдаў з адлюстраваннямі расплаўленых агнём руін крэпасці, якія зараслі травой і кустоўем, занядбаных Холмскіх варот, развалін Белага палаца, напаўразбураных Цярэспальскіх варот.
Карціна Зайцава расказвае, уласна кажучы, не толькі пра канкрэтны эпізод падзеі. Аўтар паказаў у ёй абагульненыя вобразы і характары абаронцаў крэпасці і падкрэсліў гэтым, што кожны савецкі чалавек, уключаючы жанчын і дзяцей, не шкадуючы жыцця, гатовы самаахвярна адстойваць кожны лапік беларускай зямлі.
Пётр Дурчын. “Вернасць сцягу”.
Пры ўсёй строгай акадэмічнасці рашэння, дакладна прапрацаванай атрыбутыцы палатно вельмі яркае. Насычаны, гарачы каларыт у гаме зялёна-вохрыстых і чырвоных рэфлексаў выключна эмацыянальна перадае высокі напал боя ў тыя апошнія спякотныя дні чэрвеня сорак першага...
Нічога дзіўнага ў тым няма, што пачынаючы з юнацкай дыпломнай карціны “Чапаеў” (на жаль, не захавалася), Зайцава заўсёды захаплялі моцныя духам людзі. Успомнім хаця б яго позні трыпціх “Мая рэспубліка ў агні Вялікай Айчыннай” ці ваеннага часу — “Партрэт юнага партызана”. І ў карціне “Абарона Брэсцкай крэпасці” яны, такія людзі, адлюстраваны на першым плане. У няроўнай схватцы гінуць байцы. Іх месца займаюць тыя, хто можа трымаць зброю. У шэрагі абаронцаў станавіліся і жанчыны, і падлеткі. Такая праўда першых дзён вялікай вайны...
Зразумела, пры напісанні гэтага грандыёзнага твору Зайцаву асабліва спатрэбіўся мінулы творчы вопыт, які ён атрымаў у сваіх настаўнікаў па даваеннай Ленінградскай акадэміі мастацтваў — карыфеяў жывапісу Кузьмы Пятрова-Водкіна і Аляксандра Асьмёркіна. За плячыма Яўгена Аляксеевіча ўжо былі шматфігурныя карціны “Уступленне Чырвонай Арміі ў Мінск у 1920 годзе”, “Парад партызан у Мінску ў 1944 годзе”, “Пахаванне героя”, “Стаяць насмерць”. Ну і, бясспрэчна, у рабоце над “Абаронай Брэсцкай крэпасці” дапамагла асабістая нязгасная памяць пра нядаўнія франтавыя шляхі-дарогі, па якіх прайшоў маскіроўшчык, ваенны інжынер 3-га рангу капітан Зайцаў.
Пётр Дурчын. “Вежы Холмскіх варотаў”.
У 1943 годзе ён быў адкліканы з фронту ў Маскву ў распараджэнне Цэнтральнага штаба партызанскага руху, дзе пазнаёміўся з Мінаем Шмыровым і камісарам брыгады Заслонава Людвігам Сяліцкім. Сяброўства з імі прыўнесла ў творчы багаж жывапісца зусім новыя тэмы і задумкі. Менавіта адтуль — і карціна “Незабыўнае” (пра трагічны лёс сям’і бацькі Міная), і эпічны сказ пра Заслонава і яго баявых сяброў. Подобныя знакавыя ўзаемаадносіны з легендарнымі асобамі, па ўспамінах Зайцава, заўсёды давалі яму каштоўны матэрыял, які пышным колерам “прарастаў” у яго пасляванным мастацтве. І калі мастак у 1944-м вярнуўся ў разбураны Мінск, ён не шукаў сваю магістральную тэму. Яна моцна пераплялася з яго асабістым франтавым лёсам. Таму і Брэсцкая крэпасць стала для яго асабістым лёсам.
Далёка не многія сучасныя творцы спрабуюць сябе ў цяжкай працы стварэння эпахальнай гістарычнай карціны. Але гэты магутны, можна сказаць, галоўны жанр, у якім працаваў Зайцаў, застаецца на ўсе часы. Таму і сёння запатрабаваны людзьмі. Такім чынам, зайцаўская карціна “Абарона Брэсцкай крэпасці” і заняла дастойнае месца ў залатым летапісе айчыннай выяўленчай культуры.
Праз сем гадоў калега і сябра Зайцава — Іван Ахрэмчык напісаў карціну “Абаронцы Брэсцкай крэпасці”, у якой стварыў вобраз непахісных герояў у цёмных казематах цытадэлі. У адрозненне ад эпічнага зайцаўскага палатна кампазіцыя Ахрэмчыка больш камерная і не прэтэндуе на ўсёабдымнае абагульненне. Персанажаў нямнога, але яны, адлюстраваныя ў поўны рост, неймаверна рашучыя і гатовы на ўсё дзеля абароны Радзімы. На пярэднім плане — жанчыны бінтуюць раненага салдата — тэма трагедыі вайны, яе ахвяраў і цяжкіх выпрабаванняў. Кампазіцыя пабудавана таксама па класічных акадэмічных правілах гістарычнага жанру. Героі паказаны ў актыўным руху, што стварае арганічнае адчуванне дачынення гледача да таго, што адбываецца ў гэтыя драматычныя моманты ў адным з казематаў цытадэлі.
Галоўным штуршком да стварэння гэтага палатна для Івана Восіпавіча паслужыла першая рэдакцыя кнігі Сяргея Смірнова “Брэсцкая крэпасць”, якая выйшла ў свет у 1956 годзе. Пад моцным уражаннем ад прачытанага жывапісец перш за ўсё пабачыўся ў Маскве з аўтарам кнігі, доўга з ім бяседаваў. Пісьменнік настойліва рэкамендаваў мастаку абавязкова пабываць у Брэсце. І Ахрэмчык не толькі некалькі разоў з’ездзіў у Крэпасць, але і сустрэўся з некаторымі непасрэднымі ўдзельнікамі падзей гарачага лета 41-га, у тым ліку з Пятром Гаўрылавым і Самвелам Матэвасянам.
І толькі потым прыняўся за кампазіцыю. Але перад тым як падрыхтаваць мальберт, палітру, пэндзлі і фарбы і загрунтаваць белае палатно, Ахрэмчык назапасіў каля сотні эцюдаў і натурных малюнкаў на месцы баявой славы герояў Брэста. Некаторыя я бачыў у майстэрні майстра. Сярод іх былі проста надзвычайныя. На жаль, некаторыя з гэтага шэрагу, напрыклад, жанчына са смяротна параненым чырвонаармейцам, фрагменты абпаленай муроўкі, загінулы салдат ля байніцы, так і не трапілі ў канчатковы вынік. Аднак многія эцюды не менш каштоўныя, чым сам шэдэўр. Частка такіх твораў знаходзяцца ў сям’і Ахрэмчыка, частка — у Нацыянальным мастацкім музеі.
Падкрэслю, што да апошніх дзён жыцця мастака на яго мальберце ў майстэрні стаяла незавершаная карціна, прысвечаная жанчынам Брэсцкай крэпасці, тым жанчынам, хто ў першыя дні аблогі фашыстамі цытадэлі нароўні з мужчынамі мужна трымалі абарону.
...Сёння над Брэстам — звонкая цішыня. Але яна не дае спакою нам, нашчадкам тых, хто перажыў трагедыю далёкіх дзён. Не ўсё яшчэ “расшыфравана” архівістамі і гісторыкамі ў “біяграфіі” гераічнай зямлі... І сапраўды, як у той песні — “калі б камні маглі гаварыць...”