Ля свяшчэнных сцен і казематаў...

№ 22 (1513) 29.05.2021 - 04.06.2021 г

Брэсцкая крэпасць-герой... Маленькі кавалачак зямлі, які стаў легендарным на ўсе часы. Наймагутная сіла духа, бязмежная мужнасць і любоў да Айчыны абаронцаў Цытадэлі залатымі літарамі ўпісаны ў скрыжалі гісторыі народнай баявой Славы. Сёння гэтую крэпасць ведаюць ва ўсім свеце. У гонар яе герояў напісаны кнігі і шматлікія артыкулы, створаны карціны, скульптуры, графічныя цыклы, адзняты кінафільмы, пастаўлены спектаклі, складзены песні, паэмы і вершы. І кожны, хто прыязджае ў Брэст, лічыць сваім абавязкам наведаць памятнае месца над Бугам і ўбачыць створаны там помнік, які мовай пластыкі, архітэктуры і дакументальных сведчанняў паказвае веліч подзвігу, здзейсненага восемдзясят гадоў таму на гэтай старажытнай зямлі, ля гэтых свяшчэнных сцен і казематаў.

/i/content/pi/cult/852/18104/20.jpgМемарыял паўстаў паўстагоддзя таму, і сёння засталося ўжо не так многа сведкаў яго нараджэння ў няпростых умовах, не кажучы пра тое, што практычна нікога (акрамя аднаго ўдзельніка) з вялікага калектыву аўтараў-стваральнікаў не засталося ў жывых. Ды і імёны іх — хто сёння, акрамя спецыялістаў, можа назваць, не зазіраючы ў энцыклапедыі і даведнікі?

Але павінен сказаць, што работа па праектаванні і будаўніцтве мемарыяла “Брэсцкая крэпасць-герой” ішла на маіх вачах, бо якраз у другой палове 1960-х і пачатку 1970-х я працаваў у апараце Міністэрства культуры БССР у якасці рэдактара мастацка-экспертнай калегіі, потым быў прызначаны інспектарам па ахове помнікаў гісторыі, культуры і архітэктуры. А пасля, у 1970 — 1980-я гады, як мастацтвазнаўца часта ўваходзіў у склад рэспубліканскіх экспертных саветаў па манументальным мастацтве. І так адбылося, што я непасрэдна быў сведкам таго, як праектаваліся і будаваліся вядомыя помнікі і мемарыялы таго перыяду (ад манумента падпольшчыкам Асінторфа, мемарыялаў у Хатыні, Шунеўцы, Ушачах — да Кургана Славы на 21-м кіламетры Маскоўскай шашы, помнікаў Купале ў Мінску, Леніну ў Пінску і Салігорску, Скарыне ў Полацку, Маці-патрыётцы ў Жодзіна).

/i/content/pi/cult/852/18104/21.jpgУ гэтым шэрагу мемарыял “Брэсцкая крэпасць-герой” займае асобнае месца, бо практычна ўся гісторыя яго стварэння праходзіла на маіх вачах. Так, мінула шмат часу з дня адкрыцця гэтага знакавага помніка, і многія моманты гэтай няпростай гісторыі сённяшнім пакаленням ужо невядомы. Таму хачу зараз падзяліцца пра тое, што мне помніцца з тых часоў, і што, хачу верыць, будзе для чытачоў цікава.

“Загад № 1” на шматку паперы...

Праз 15 гадоў пасля гераічнай Брэсцкай эпапеі, па ініцыятыве камандавання Брэсцкага гарнізона, а таксама маршала Сямёна Цімашенкі і Сяргея Смірнова ў пачатку лістапада 1956 года быў адкрыты Музей абароны Брэсцкай крэпасці. У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў БССР ад 29 красавіка 1967 года пачалася падрыхтоўчая работа па ўшанаванні памяці абаронцаў крэпасці ў скульптурных і архітэктурных вобразах.

Мала хто ведае, але ўпершыню пра мужнасць абаронцаў крэпасці над Бугам расказаў у артыкуле “Год таму ў Брэсце” 27 чэрвеня 1942 года ў газеце “Красная Звезда” палкоўнік М.Тапчанаў. У прыватнасці, там гаварылася: “Нядаўна нашымі часцямі захоплены выключна цікавы дакумент (баявое данясенне штаба 45-й нямецкай пяхотнай дывізіі  — Б.К.). Гаворка ідзе пра гераічную барацьбу савецкага гарнізона Брэста, які быў падвергнуты раптоўнаму нападу колькасна пераўзыходзячымі сіламі ворага ў першы дзень вайны. Нават фашысты, уражаныя і агаломшаныя веліччу духа байцоў Чырвонай Арміі, вымушаны былі працадзіць праз зубы прызнанне неўміручага подзвігу абаронцаў Брэста. Такая праўда пра ўзяцце немцамі Брэста стала, насуперак іх волі, набыткам галоснасці і напоўніла нашы сэрцы гордасцю за першых бессмяротных герояў Айчыннай вайны!” Так, фактычна з паведамлення ворага, савецкія людзі ўпершыню даведаліся аб падрабязнасцях пра Брэсцкую крэпасць. Дадам, што гэта нямецкая дывізія ў лютым 1942 года была разгромлена пад Арлом і ўвесь яе архіў з “Баявым данясеннем аб узяцці Брэст-Літоўска” трапіў у рукі нашых салдат.

/i/content/pi/cult/852/18104/22.jpgАле, на жаль, шлях да пасляваеннай славы аказаўся доўгім і няпростым. Подзвіг лета 1941-га цярпліва чакаў свайго трыумфу. І — дачакаўся. Першыя артыкулы пра абарону крэпасці, праўда, заснаваныя на чутках, з’явіліся ў канцы 1940-х. У 1951 годзе пры разборцы завалаў казарм ля Брэсцкіх варот, у палявой сумцы невядомага забітага байца былі знойдзены рэшткі Загада №1 ад 24 чэрвеня 1941 года. Гэты напісаны алоўкам на паперы дакумент раскрыў нам імёны камандзіраў тых апошніх абаронцаў цытадэлі. Вось тыя чатыры прозвішчы: капітан Зубачоў, палкавы камісар Фамін, старшы лейтэнант Семяненка і лейтэнант Вінаградаў. У 1956-м был пастаўлены мастацкі фільм “Бессмяротны гарнізон” З.Аграненкі і Э.Ціссэ па сцэнарыі К.Сіманава, які быў уганараваны прэміяй Венецыянскага кінафестывалю. А ў наступным годзе выйшла ў свет дакументальная кніга Сяргея Смірнова “Брэсцкая крэпасць”, якую ў 1964-м пісьменнік адрэдагаваў і дапоўніў новымі фактамі, атрымаўшы за яе Ленінскую прэмію. Можна лічыць, што гэта кніга з’явілася першым сур’ёзным літаратурным помнікам у гонар першых герояў Вялікай Айчыннай.

Рука ўсемагутнага Кібальнікава...

З’яўленню на карце галоўных славутасцяў СССР мемарыяльнага ансамбля “Брэсцкая крэпасць-герой”, на мой погляд, спрыяў удалы збег акалічнасцяў: наданне Дню Перамогі статуса дзяржаўнага свята (з 1965 года 9 Мая стала непрацоўным днём), даследчы энтузіязм Сяргея Смірнова ды дзейсная падтрымка яго намаганняў кіраўніцтвам Брэсцкай вобласці і ўсёй рэспублікі. Рашэнню аб стварэнні на руінах Цыдатэлі мемарыяла папярэднічала, зразумела, прысваенне ёй 8 мая 1965 года ганаровага звання “Брэсцкая крэпасць-герой”.

Такім чынам, у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў БССР ад 29 красавіка 1967 года пачалася падрыхтоўчая работа па ўшанаванні памяці абаронцаў крэпасці ў мастацкіх вобразах. Праз паўстагоддзя пасля адкрыцця мемарыяла ў 1971-м нам здаецца, што ён іншым і быць не мог. Такім ён стаў для нас зразумелым, блізкім і звыклым. Але, на самой справе, шмат конкурсных праектаў тады нараджалася, прапаноўвалася, абмяркоўвалася, адхілялася. Творчы напал у скульптараў і архітэктараў зашкальваў. Нават некаторыя студэнты тэатральна-мастацкага інстытута, вучні Андрэя Бембеля, у прыватнасці, Анатоль Арцімовіч, Аляксандр Веліксонаў, Барыс Івонцьеў і іншыя, імкнуліся па меры сваіх сіл унесці ўклад у распрацоўку таго ці іншага праекта. А пяцікурснік Анатоль Арцімовіч, напрыклад, атрымаў дыплом і заахвочвальную прэмію за ўдзел у конкурсе, пасля чаго Андрэй Ануфрыевіч запрасіў яго ў сваю творчую групу па праектаванні Брэсцкага мемарыяла. Ведаю, што Арцімовіч паспеў распрацаваць чарцяжы амаль усіх мемарыяльных кропак для фартоў крэпасці, і разам з архітэктарам Юрыем Казаковым вельмі дапамог Бембелю ў канчатковай мадэліроўцы Зоркі — Галоўнага ўвахода крэпасці.

А.Арцімовіч: “Калі ішла работа па ўваходу ў Брэсцкую крэпасць, мне з Юрыем Казаковым удалося пераканаць Бембеля адмовіцца ад рэльефаў на ўнутраных “сколах” зоркі. Гэты варыянт, які мы спраектавалі, тады і пайшоў у рабочыя чарцяжы. Пры гэтым, як ні дзіўна, мяне не ўключылі ў аўтарскую групу”.

Менавіта так: у канчатковы аўтарскі калектыў Арцімовіч не трапіў. Чаму не трапіў? Я і зараз дакладна не ведаю. Можа, з-за нейкага творчага канфлікту з кіраўніком групы — усемагутным маскоўскім скульптарам Кібальнікавым? Для ўсіх стала нечаканасцю, што замест Арцімовіча Аляксандр Паўлавіч настаяў на ўключэнне ў склад калектыву свайго зяця, 37-гадовага скульптара Уладзіміра Бабыля. Ніхто не ведаў пра яго мінулыя заслугі ў мастацтве, апроч таго, што ён у пачатку 1960-х разам з дзесяццю іншымі сааўтарамі дапамагаў Кібальнікаву ў праектаванні помніка Леніну для Масквы. Пяць архітэктараў нават напісалі ліст у ЦК КПБ у падтрымку Арцімовіча, але гэта не дапамагло...

А вось асабіста ў мяне з Кібальнікавым склаліся вельмі даверлівыя адносіны. Мы часта сустракаліся і ў яго велізарнай майстэрні, спецыяльна прыстасаваннай для распрацоўкі Брэсцкага праекта мемарыяла, па вуліцы Апанскага ў Мінску (зараз вуліца Кальварыйская); вялі бяседы за “круглым” сталом у рэстаране “Мінск”, успамінаючы нашу агульную “малую радзіму” на зямлі былой Вобласці Войска Данскога. Ён шмат расказваў мне пра сваё дзяцінства ў вёсцы Арэхава на рацэ Мядзведзіца, пра вучобу ў Саратаўскім мастацкім тэхнікуме, пра сваіх любімых паэтаў Маякоўскага і Ясеніна. Менавіта за шырока вядомы помнік Маякоўскаму на плошчы яго імя (зараз — Трыумфальная) у Маскве ён атрымаў Ленінскую прэмію, і помнікі Ясеніну для той жа Масквы і Разані скульптар таксама зрабіў, толькі пазней. Быў жыццялюбам, вельмі рухавым, з вялікай чорнай барадой, моцнымі рукамі і пранізлівым позіркам. Нагадваў быліннага волата з рускіх народных казак. Менавіта такім яго адлюстравалі скульптары на надмагільным помніку на Навадзевічых могілках і на мемарыяльнай дошцы дома на Кацельніцкай набярэжнай, дзе жыў мастак.

Так, маэстра любіў добра выпіць, незалежна ад часу сутак, — пры гэтым ніколі не губляў галавы, заўсёды трымаў “форму”. Здароўе ў яго было зайздроснае. Што мне яшчэ ў ім падабалася, дык тое, што як мастак і чалавек ён ніколі не паказваў сваю перавагу, хоць быў абласканы вялікімі дзяржаўнымі ўзнагародамі і шырокай вядомасцю ў культурным свеце. І нам не перашкаджала тое, што Кібальнікаў быў старэйшы за мяне на цэлых 28 гадоў.

Праўда, аднойчы пры канчатковым прыёме Дзяржаўнай камісіяй скульптуры “Мужнасць” (яшчэ да фармоўкі) я дазволіў сабе выказаць свае крытычныя заўвагі наконт нейкай нядбайнасці ў выкананні двух з пяці тэматычных барэльефаў на тыльным баку манумента — “Штыкавая атака” і “Подзвіг артылерыстаў”... Мяне падтрымала большасць членаў камісіі, уключаючы намесніка міністра культуры Арсена Ваніцкага, намесніка старшыні Дзяржбуда БССР і тагачаснага кіраўніка Саюза архітэктараў БССР Юрыя Шпіта, архітэктара Сяргея Баткоўскага і скульптара Анатоля Анікейчыка. На папраўкі гэтых заўваг патрабавалася б, можа, некалькі гадзін, не больш. Але як толькі аўтобус з камісіяй знік, Кібальнікаў усе заўвагі праігнараваў і ўзмахам магутнай рукі даў распараджэнне фарматорам тут жа фармаваць усе барэльефы.

Потым мне перадалі, што Аляксандр Паўлавіч вельмі на мяне раззлаваўся. Я, канешне, у душы шкадаваў аб сваім учынку: мабыць, забыў беларускую прымаўку: “дзе сава і сыч, там носа не тыч”. З іншага боку, ведаў, што Кібальнікаў быў чалавекам абсалютна незлапамятным — хутка адыходзіў ад такога роду крыўдаў. І гэта мяне супакоіла.

Зімой 1973 года, будучы ў Маскве, я сустрэў яго на пленуме праўлення Саюза мастакоў СССР на Гогалеўскім бульвары, 10. І ён, да майго задавальнення, цёпла абняў мяне і зацягнуў “на чарачку” на першы паверх, дзе пастаянна працавала любімая ўсімі мастакамі краіны шумная і рознагалосая кафэшка. У выніку нашай вячэры Аляксандр Паўлавіч запрасіў мяне назаўтра ў сваю майстэрню на Верхняй Маслаўцы. Там мы прыемна правялі некалькі гадзін. Пра той выпадак на Брэсцкім мемарыяле ён нават і не ўспомніў. Я таксама прамаўчаў.

Потым у майстэрню зазірнула ягоная вельмі сімпатычная дачка Валянціна Аляксандраўна, філолаг, тагачасны рэдактар кінастудыі імя Горкага, і наша бяседа працягнулася да самага вечара. Перад развітаннем яна запрасіла мяне прыехаць на яе юбілейны — саракавы год нараджэння ў сакавіку таго ж года. Святкаванне яна планавала правесці ў кватэры бацькі ў знакамітым доме № 1/15 на Кацельніцкай набярэжнай. За запрашанне я, канешне, падзякаваў, але вельмі пра сябе здзівіўся: рашыў, што гэта быў проста жэст ветлівасці добра выхаванай жанчыны. І не паехаў. Павіншаваў тэлеграмай. Больш з Аляксандрам Паўлавічам і яго дачкой я не бачыўся...

А пачыналася ўсё так...

Для распрацоўкі праекта Брэсцкага мемарыяла ў выніку праведзеных некалькіх усесаюзных і рэспубліканскіх конкурсаў быў зацтверджаны — па дырэктыве “зверху” — канчатковы аўтарскі калектыў, які ўзначаліў народны мастак СССР, лаўрэат Ленінскай і дзвюх Сталінскіх прэмій скульптар Аляксандр Кібальнікаў. У склад гэтай групы ўвайшлі скульптары Андрэй Бембель і Уладзімір Бабыль, архітэктары Віктар Волчак, Валянцін Занковіч, Юрый Казакоў, Алег Стаховіч, Георгій Сысоеў і Уладзімір Кароль, які незадоўга да таго атрымаў званне народнага архітэктара СССР. Кожнага з іх, акрамя Бабыля, я добра ведаў і часта (з Каралём — радзей) сустракаўся на розных творчых і жыццёвых шляхах-дарогах. А з некаторымі (Казакоў, Волчак, Занковіч, пра Кібальнікава я ўжо казаў) быў у блізкіх стасунках, як гаворыцца, “на дружеской ноге”. Прайшлі гады. І з гэтага творчага калектыву на сённяшні дзень у жывых застаўся толькі адзін, “апошні магіканін” тых часоў, — скульптар і архітэктар, лаўрэат Ленінскай прэміі і Дзяржаўнай прэміі БССР Валянцін Занковіч, для якога лёс Брэсцкага мемарыяла і перспектывы яго далейшага існавання і сёння — на першым плане яго інтарэсу.

Мала хто ведае, але першапачаткова на тэрыторыі крэпасці планавалася зрабіць толькі штык-абеліск і групу байцоў-чырвонаармейцаў. Потым з гэтай групы вырашылі вылучыць фрагмент толькі аднаго салдата і зрабіць яго цэнтральнай скульптурай, прычым — не больш за сем метраў. Але для такога маштабнага мемарыяла гэтага падалося вельмі мала, і тады па патрабаванні Кібальнікава і Бембеля пры падтрымцы ўсіх сааўтараў-архітэктараў памеры помніка павялічылі больш чым у пяць разоў. Гэтую ідэю падтрымаў і першы сакратар ЦК КП Беларусі Пётр Машэраў, які па сутнасці стаў натхніцелем і арганізатарам гэтага скульптурна-архітэктурнага ансамбля. Па яго задумцы, рэалізацыя зацверджанага праекта павінна была адбыцца абавязкова да 30-годдзя з дня пачатку абароны Цытадэлі, а ужо потым па новым праекце працягнуць будаўніцтва мемарыяла другой чаргі.

Помню, што менавіта ў гэты час была прынята сумесная пастанова Міністэрства культуры БССР і Брэсцкага аблвыканкама аб аб’яднанні планавых архітэктурных аб’ектаў і дзеючага Музея абароны Брэсцкай крэпасці ў адзіны мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”. Дарэчы, мне яе давялося рэдагаваць. Такім чынам узнікла перадумова да ўключэння ў план новых элементаў, звязаных з героіка-патрыятычнай тэмай, уключаючы кардынальнае пашырэнне музея. Прычым планавалася, што на тэрыторыі крэпасці будуць усталяваны яшчэ некалькі знакавых скульптурных кампазіцый, прысвечаных канкрэтным абаронцам крэпасці: П.Гаўрылаву, А.Наганаву, І.Зубачову, Я.Фаміну, У.Шаблоўскаму, І.Акімачкіну, іншым героям, а таксама тым драматычным падзеям, якія адбываліся ў розных месцах крэпасці. Але ідэя, звязаная з мастацтвам скульптуры, рэалізавана не была. Аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын, навеяных гарбачоўскай перабудовай і развалам СССР, для гэтага было шмат.

Толькі праз 40 гадоў, у 2011-м, тут, насупраць Тэрэспальскіх варот, дзе пад камандаваннем начальніка 9-й пагранзаставы лейтэнанта Андрэя Кіжаватава стаялі насмерць пагранічнікі, з’явілася скульптурная група аўтарства Валянціна Занковіча “Героям граніцы, жанчынам і дзецям, якія мужнасцю сваёй крочылі ў бессмяротнасць”. Па вялікім рахунку, ідэя гэтага твора — вынік сумеснай работы скульптара і пагранічнікаў. Так, спачатку Занковіч прапаноўваў увекавечыць толькі воінаў, але пагранічнікі папрасілі ўключыць яшчэ і сем’і герояў, бо пры абароне крэпасці жанчыны і дзеці таксама пераносілі ўсе фізічныя і душэўныя пакуты, нягоды і бедствы. Дадам, што гэты помнік атрымаўся па-сапраўднаму народным: ён быў створаны на ахвяраванні пагранічнікаў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, мецэнатаў, прадстаўнікоў органаў пагранічных служб Расіі, Украіны і Казахстана. Па словах намесніка Дзяржпагранкамітэта Беларусі палкоўніка Васіля Гарбаценкі, кошт помніка склаў больш за 300 тысяч долараў.

Візуалізацыя аптымістычнай трагедыі...

Але гэта я дазволіў сабе забегчы наперад. Вяртаюся “на старт” маіх успамінаў. З самага пачатку працы над праектам мемарыяла для аўтараў было зразумела: менавіта крэпасць і тое, што ад яе засталося, павінны стаць асновай скульптурна-архітэктурнага ансамбля ў якасці нямых сведкаў бессмяротнага подзвігу. Гэтай задуме было падпарадкавана ўсё ў рабоце калектыву: і вывучэнне фондаў музея абароны крэпасці, і спецыяльных ваенных дакументаў, і сустрэчы з яшчэ жывымі абаронцамі цытадэлі і з пісьменнікам Сяргеем Смірновым, і грунтоўнае даследаванне саміх казематаў і валоў крэпасці, і выкарастанне новых тэхналогій для стварэння архітэктурна-пластычных элементаў мемарыяла.

Канешне, і ўнутры калектыву было нямала творчых канфліктаў, асабліва паміж Кібальнікавым і Бембелем, якія закраналі, у асноўным, скульптурнай часткі — кампазіцый “Мужнасць” і “Смага”. Ды і наконт Галоўнага ўвахода ў крэпасць было зламана шмат дзідаў. Усе гэтыя канфлікты, зразумела, былі вядомы там, “наверсе”, але Машэраў умела іх згладжваў, асабіста наведваючы і часовую спецыялізаваную майстэрню Кібальнікава (насупраць Кальварыйскіх могілак), і майстэрню Бембеля на Беламорскай, 42. Выязджаючы ў Брэст, некалькі разоў назіраў за ходам будаўніцтва помніка.

Аднойчы, здаецца, вясной 1968 года, калі праца над праектам ішла ў поўным разгары, я рызыкнуў выказаць свайму начальніку — міністру культуры Міхаілу Аляксандравічу Мінковічу крамольную думку: мо ці не лепш было б захаваць, закансерваваць руіны, казематы, валы, ірвы, рэшткі былых збудаванняў, выкарыстаўшы для гэтай мэты ўсе дасягненні сучаснай навукі і тэхнікі, улічваючы, што цяжка параненая гераічная крэпасць як гістарычная рэліквія ўжо сама па сабе з’яўляецца ўнікальным помнікам чалавечай мужнасці. І навошта тут грандыёзныя рукатворныя скульптуры і іншыя архітэктурна-пластычныя аб’екты? Дастаткова — і аднаго адпаведнага музея. Але ў адказ — толькі ўсмешка; маўляў, занадта малады, каб так недарэчна, непрадбачліва разважаць. І выразна дадаў, каб я, штатны супрацоўнік Міністэрства культуры, не забываўся на тое, што існуе адпаведная гістарычная дзяржаўная пастанова...

Карацей кажучы, на практыцы адбылося нешта кампраміснае. З архітэктурна-мастацкага погляду мемарыял усё ж не проста ўпісаўся ў панараму крэпасці, але і спалучыўся ў нейкае цэлае з гэтымі ўнікальнымі матэрыяльнымі сведчаннямі грознага лета 41-га, і ў той жа час стаў натуральным кампазіцыйным цэнтрам усяго горада Брэста. Ансамбль ахапіў тэрыторыю, якая прымыкала да ракі Мухавец, ад перакрыжавання вуліц Маскоўскай (цяпер праспект Машэрава) і Івана Зубачова (капітана Чырвонай Арміі, мужнага абаронцы крэпасці ў раёне Холмскіх варот) да Усходняга вала, паўночна-ўсходнюю частку Кобрынскага ўмацавання і Цытадэль.

Мне падабаецца, што аўтары вырашылі ўвесь комплекс як Помнік з вялікай літары, што сцвярджае подзвіг у імя жыцця. Гэта значыць, раскрылі трагедыю і ўвекавечылі аптымістычнае ў ёй — акцэнтавалі не гібель герояў, а іх жыццё, іх бессмяротнасць, іх барацьбу і веру ў перамогу. Аптымістычная трагедыя — людзі аддавалі жыццё, сцвярджаючы жыццё! Нават тыя цяжка параненыя байцы, хто апынуўся ў палоне — у фашысцкіх канцлагерах (ад маёра Петра Гаўрылава і капітана Івана Зубачова да старшага лейтэнанта Акіма Чорнага, лейтэнанта Анатоля Вінаградава і медсястры Праскоўі Ткачовай), вялі сябе звышгодна.

Гэты жыццесцвярджальны пачатак абумовіў ідэйна-мастацкі лад ансамбля, разлічанага на паслядоўнае ўспрыманне яго ў прасторы і часе. Тое дало аўтарам магчымасць скіроўваць эмоцыі гледачоў паводле класічных законаў драматургіі. Першае непасрэднае ўражанне наведвальніка мемарыяла паступова ўзмацняецца па меры набліжэння да знакавага ідэйна-мастацкага цэнтра, да кульмінацыі. Менавіта тут знаходзіцца ядро ансамбля — так званы манумент “Мужнасць”, Кібальнікаў называў яго проста — “Салдат”.

А завязкай усёй прасторавай кампазіцыі тэрыторыі мемарыяла з’яўляецца Галоўны ўваход, на мой погляд, лепшая частка ўсяго комплексу. Ён уяўляе з сябе маналітны бетонны блок, урэзаны ў вал крэпасці, з прасечанай у ім чырвонаармейскай пяціканцовай зоркай — сімвалам нязломнай магутнасці Чырвонай Арміі. Унутраная прастора ўвахода — бясконцы рытм шматразова перакрыжаваных аб’ёмаў і плоскасцей, што сыходзяцца ўверсе. Утвараюцца своеасаблівыя прапілеі, якія вядуць унутр крэпасці.

Моцны эмацыянальны эфект узнікае ад дэкаратыўна-мастацкай шматколернай падсветкі праз сістэму пражэктараў і свяцільнікаў. У гэтую ж прастору арганічна ўключаны руіны казематаў Усходняга вала. Тут, справа на сцяне, — адлітыя ў бронзе тэксты Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР на рускай і беларускай мовах аб прысваенні Брэсцкай крэпасці ганаровага звання “Крэпасць-герой”. Суровы матэрыял увахода — літы бетон, такі самы бетон, з якога ў цяжкія дні вайны адлівалі абарончыя збудаванні пад Масквой і Ленінградам, Сталінградам і Севастопалем, Смаленскам і Тулай, Ржэвам і Варонежам...

Барыс Крэпак

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"