Кожны выпадак — індывідуальны…

№ 22 (1513) 29.05.2021 - 04.06.2021 г

Пра незваротна страчаныя каштоўнасці можна са скрухай гаварыць бясконца: гісторыя беларускай зямлі не раз спрыяла таму, каб пусцелі нашы скарбніцы. Ды куды важней, каб сёння тых стратаў не болела. Апрача мытнай службы і праваахоўных органаў, гэтую задачу ў нашай краіне выконваюць — прычым на прэвентыўным узроўні — і спецыялісты ў галіне мастацтва. Пра спецыфіку працы аднаго з самых незвычайных структурных падраздзяленняў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь распавядае загадчык сектара мастацтвазнаўцаў-экспертаў па вывазе культурных каштоўнасцяў з тэрыторыі нашай краіны Алена ЗІГМАНТОВІЧ.

/i/content/pi/cult/852/18090/6.jpg— Да нас прыходзяць людзі, якім патрэбны дазвол для вывазу культурных каштоўнасцяў за мяжу. Калі адчыняюцца дзверы ў кабінет, ніколі не ведаеш, што ты неўзабаве ўбачыш і якія неверагодныя гісторыі пачуеш.

 — І які ваш алгарытм дзеянняў?

 — Найперш мы вызначаем, ці падпадае прадмет пад катэгорыю культурных каштоўнасцяў, перасоўванне якіх абмежаванае. Калі не — заяўнік атрымлівае пісьмовае паведамленне пра гэта і са спакойным сэрцам рушыць у шлях. Калі ж падпадае, мы выдаём дакумент, які дазваляе яе вываз за мяжу — зразумела, праз “чырвоны калідор” і з запаўненнем мытнай дэкларацыі. Як вы бачыце, забароны, па сутнасці, няма — адно пэўныя абмежаванні.

Варта разумець, што некаторыя каштоўнасці могуць быць вывезеныя з тэрыторыі Беларусі толькі часова. Найперш гэта аб’екты, уключаныя ў Дзяржспіс ГКК. Яны пакідаюць краіну толькі ў адмысловых выпадках, строга вызначаных заканадаўствам — напрыклад, для ўдзелу ў выставе або на рэстаўрацыю.

— Ці доўга даводзіцца чакаць заяўніку выдачы патрэбнага дакумента?

— Паводле нарматыву — ад 10 дзён да месяца, але на практыцы ўсё адбываецца значна хутчэй. У большасці выпадкаў, дастаткова дня ці нават усяго пару гадзін. Калі аўтар сам прыносіць свае творы, якія хоча выставіць за мяжой, гэта ніякіх пытанняў у нас не выклікае. Пагатоў, усіх мастакоў мы ўжо ведаем і любім, з многімі тут бачымся рэгулярна. Таму адразу выдаём ім патрэбныя дакументы.

Замаруджванне бывае толькі тады, калі сітуацыя складаная, і нашай кампетэнцыі замала, каб яе вырашыць. Адпаведна, трэба зрабіць адмысловыя запыты — скажам, у музей, дзе працуюць вузкія спецыялісты па тым ці іншым мастацкім перыядзе. Наша праца патрабуе скрупулёзнага падыходу, а ён, у сваю чаргу, вымагае часу. Але адзначу, што такія складаныя выпадкі на агульным фоне — хутчэй выключэнні.

— А наколькі часта заяўнікі атрымліваюць адмову?

— Нячаста, і зазвычай гэта бывае ў тых выпадках, калі дакументы належна не аформленыя або прадстаўленая інфармацыя няпоўная ці недакладная. Трэба разумець, што дзяржава не забараняе вывозіць каштоўнасці за мяжу, але абмяжоўвае іх перамяшчэнне. Прыкладам, многія можна вывозіць толькі часова.

— Крытэрыі культурнай каштоўнасці — тэма для доўгай дыскусіі, бо меркаванні ва ўсіх будуць рознымі. Аднак для вас адказ мае прыкладное значэнне. Пагатоў, у Дзяржспіс ГКК унесена не так і шмат рухомых матэрыяльных аб’ектаў…

— Паняцце культурнай каштоўнасці досыць выразна сфармулявана ў нашым Кодэксе аб культуры: гэта створаны рукамі чалавека аб’ект, які мае эстэтычную або гістарычную вартасць. Трохі іншая справа — перамяшчэнне праз мяжу. Тут вызначальны дакумент — адпаведнае рашэнне Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі, дзе крытэрыі вызначаныя падрабязна. Асноўны з іх — узрост. Творы выяўленчага мастацтва патрабуюць дазволу, калі яны старэйшыя за 50 гадоў, а для друкаваных выданняў, нумізматыкі, каштоўных папер гэтая мяжа — сто гадоў. Прадметы флерыстыкі — жэтоны, значкі, медалі — 50 гадоў. Праўда, тут ёсць яшчэ адзін тонкі момант, пра які варта памятаць: нацыянальнае заканадаўства вываз дзяржаўных узнагарод наогул забараняе, нават калі ім меней за паўстагоддзя. Свае ўласныя ўзнагароды — зразумела, выключэнне.

— Ці трапляюць пад абмежаванне, скажам, дзіцячыя малюнкі?

— Не.

— А калі гэта дзіцячыя малюнкі Шагала — раптам іх выявяць?

— У такім выпадку мы можам падыходзіць чыста з фармальнага пункту гледжання. Ім жа яўна болей за 50 гадоў, ці не так? Але ж мы ўлічваем і каштоўнасць такіх твораў з пункту гледжання асобы, якой яны належалі. А вось малюнак нейкага маладога генія пад абмежаванні падпадаць пакуль не будзе. Трэба, каб творы “адстаяліся”.

Але ёсць тут іншая праблема: познія творы таго ж Шагала 50-гадовую мяжу яшчэ не перасягнулі — не кажучы ўжо пра карціны многіх беларускіх класікаў. Болей за тое — бадай у кожнага мастака ёсць рэчы папраўдзе знакавыя, праграмныя для таго ці іншага перыяду, а ёсць прахадныя. Гэта я вяду да таго, што ўніверсальнага алгарытму ў экспертнай ацэнцы культурных каштоўнасцяў няма ды быць не можа. Кожны выпадак — індывідуальны.

— Пытанне, якое будзе цікавае многім чытачам “К”. Ці трэба звяртацца па дазвол на вываз сцэнічных касцюмаў, якія выкарыстоўваюць нашы калектывы падчас гастроляў?

— Тут варта разумець прынцыповае адрозненне. Адна справа — музейныя калекцыі, якія ўключаюць прадметы адзення. А зусім іншая — касцюм як, уласна, адзенне, якое нехта на сябе апранае. Для яго абмежаванні наступаюць толькі ў стогадовым веку. А паколькі ніводзін сцэнічны строй чыста фізічна такі тэрмін не вытрымае — асабліва калі ансамбль гастралюе актыўна — ваша пытанне вырашаецца само па сабе.

Дарэчы, асобная катэгорыя нашых наведвальнікаў — музыканты са сваімі інструментамі. Аднак усе яны — за выключэннем самых каштоўных струнна-смычковых — па сутнасці, не маюць абмежаванняў у перасоўванні. Таму музыканты хутка атрымліваюць адпаведны дакумент — і смела едуць скараць свет сваёй творчасцю.

— Ці часта здараюцца выпадкі, калі замежны калекцыянер набывае ў нас нейкі рарытэт, але потым не можа яго вывезці дадому?

— Ведаеце, амаль ніколі. Прычына простая: папраўдзе каштоўныя рэчы рэдка калі набываюцца спантанна, мімаходзь, праз вясновы настрой. Перад тым, як зрабіць сур’ёзную пакупку, калекцыянер зазвычай дбайна вывучае ўсе нюансы, у тым ліку і юрыдычныя. Звяртаецца і да нас, каб атрымаць параду. І таму казусныя сітуацыі, калі чалавек атрымаў каштоўнасць у сваю ўласнасць, але не можа ёй распараджацца так, як хоча, нам удаецца перадухіліць.

— У “дакавідныя” часы гродзенскія мастакі скардзіліся: у нас бязвіз, у горад на дзень-другі завітвае шмат замежных турыстаў — і, адпаведна, пакупнікоў… Але калі яны чуюць, што для вывазу твора трэба ехаць па дазвол у Мінск, жаданне знікае.

— На жаль, не толькі гродзенскія мастакі сутыкаліся з такімі праблемамі. Яны ўзнікаюць падчас кожнай прадстаўнічай культурнай падзеі, на якую прыязджае шмат замежных гасцей — скажам, фестываляў “Славянскі базар у Віцебску” і “Александрыя збірае сяброў”. Турысты ахвотна гатовы купіць творы мастацтваў або вырабы нашых цудоўных майстроў, але ж патрэба ехаць праз палову Беларусі ў Мінск і сапраўды адбівае ў многіх жаданне. А на сёння дазвол на вываз упаўнаважаныя даваць толькі мы.

Таму дзеля зручнасці карыстальнікаў мы выступілі з прапановай падзяліцца сваім функцыяналам з абласнымі цэнтрамі. Многім заяўнікам будзе куды бліжэй звярнуцца туды — або ва ўпраўленне культуры, або ў адмысловыя ўпаўнаважаныя арганізацыі.

Зразумела, цэнтралізацыя зручная з пункту гледжання кантролю: да нас сцякаецца інфармацыя з усёй краіны. Але, лічу, у дадзеным выпадку варта пайсці насустрач карыстальнікам і забяспечыць ім большы камфорт у ажыццяўленні сваіх правоў. Хаця прадумваючы канкрэтныя механізмы рэалізацыі гэтай прапановы, мы, вядома, улічваем не толькі камфорт, але і дзяржаўную справу абароны культурных каштоўнасцяў.

— Вы казалі пра дазвол на часовы вываз каштоўнасцяў за мяжу. А ці кантралюецца потым іх вяртанне?

— Узмацніць такі кантроль — яшчэ адна заканадаўчая інавацыя, якую мы прапануем. Лічым патрэбным увесці дадатковую працэдуру, якая ўжо зарэкамендавала сябе ў Расіі. Там заяўнік па вяртанні з замежжа павінен паведаміць пра гэта органу, які выдаў дазвол на вываз каштоўнасці: глядзіце, я ўсё прывёз назад, стан артэфакта не змяніўся. Канешне, гэта не чыпы, якія дазваляюць адсочваць перамяшчэнне каштоўнасці ў рэальным часе, але таксама дзейсны механізм. Па аналогіі з закрыццём мытных працэдур.

— Сёння многія адміністратыўныя працэдуры пераводзяцца ў рэжым анлайн. Ці магчыма гэта ў вашым выпадку?

— Баюся, што не. Ацэньваць культурную каштоўнасць таго ці іншага прадмета дыстанцыйна, па фота, не надта дарэчна. Для таго, каб прыняць рашэнне, спецыяліст павінен бачыць гэты артэфакт на свае вочы, мець магчымасць задаць пытанні пры асабістай гутарцы, даведацца пра гісторыю прадмета, і ўжо на падставе атрыманых звестак прымаць рашэнні. Таму гэта акурат той выпадак, калі прысутнасць заяўніка абавязковая, іначай працэдура рызыкуе пераўтварыцца ў чыстую фармальнасць.

Наша праца — гэта не канвейер па выдачы дакументаў. Заяўнік прыходзіць да нас са сваім унікальным прадметам, які мае ўласную гісторыю. З кожным гутарым, і вельмі часта ў размовах усплываюць цікавыя падрабязнасці. Сёння прыносяць стары нямецкі гармонік, заўтра — жывапісны твор 2019 года. І кожны з такіх прадметаў па-свойму “чапляе”. Адпаведна, руціны ў нас няма: праца надзвычай цікавая. Можна наўпрост дакрануцца да самых розных цікавостак — літаральна рукамі памацаць… У музеі такога не дазволяць.