Прапусціўшы трагедыю праз сэрцы

№ 19 (1510) 09.05.2021 - 15.05.2021 г

5 мая ў рамках акцыі “Хатынь вачыма студэнтаў” у Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце адбылася прэзентацыя праектаў рэканструкцыі і канцэпцый развіцця мемарыяльнага комплексу “Хатынь”.

/i/content/pi/cult/849/18045/33.jpgЯк распавёў дэкан архітэктурнага факультэта БНТУ, доктар архітэктуры Армен Сардараў, на пачатку года адміністрацыя мемарыяльнага комплексу звярнулася ва ўніверсітэт з просьбай дапамагчы з распрацоўкай праектаў рэканструкцыі ды стварэння музея і канцэпцый развіцця мемарыяла, што выклікана ростам цікаўнасці да гэтага месца ў турыстаў як з Беларусі, так і з-за межаў нашай краіны, а таксама неабходнасцю пашырэння функцый ужо існуючых аб’ектаў комплексу.

Так у плане курсавых і дыпломных работ з’явілася тэма Хатыні. Такі падыход, калі неабходна знайсці вырашэнне канкрэтнай прыкладной задачы, якая запатрабаваная і можа быць рэалізаваная на практыцы, вельмі пасуе для навучання будучых архітэктараў. Студэнты з энтузіязмам успрынялі гэты заклік — прычым не толькі мясцовыя, але і будучыя архітэктары з Таджыкістана, якія навучаюцца ў Мінску.

/i/content/pi/cult/849/18045/32.jpgПрадстаўленыя рашэнні можна ўмоўна падзяліць на дзве лініі. Першую складаюць праекты рэканструкцыі аднапавярховага адміністратыўнага будынка, дзе існуе неабходнасць стварэння паўнавартаснага музея Хатыні, а другую — канцэпцыі развіцця музейнага комплексу, якія прадугледжваюць далейшае ландшафтнае ўдасканаленне ўсёй яго тэрыторыі. Агулам былі прадстаўленыя шаснаццаць праектаў рэканструкцыі адміністратыўнага будынка і пяць варыянтаў канцэпцыі развіцця ўсяго мемарыяла.

Над праектамі працавалі больш за дваццаць студэнтаў кафедры архітэктуры. У аснову праектаў былі закладзеныя ідэі стварэння музея, прысвечанага ахвярам генацыду. Між іншага, тут можна сустрэць рэалізацыю ідэі стварэння экспазіцыі, якая перадусім звярталася б да маладой аўдыторыі, паказвала жыццё дзіцяці ў вёсцы да і пасля з’яўлення акупантаў. Акрамя выставачнай прасторы, праекты прадугледжваюць узнікненне лекцыйнай залы, кнігарні і іншых інфраструктурных памяшканняў.

Паводле вынікаў прэзентацыі паміж кіраўніцтвам Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і адміністрацыяй мемарыяльнага комплексу “Хатынь” было падпісанае пагадненне аб супрацоўніцтве. Таксама былі вынесеныя падзякі за ўнёсак у патрыятычнае выхаванне моладзі: ад Мінскага абласнога выканаўчага камітэта — Беларускаму нацыянальнаму тэхнічнаму ўніверсітэту, і ад Міністэрства адукацыі — дырэктару мемарыяльнага комплексу “Хатынь” Артуру Зельскаму.