Пошук вядзе батальён...

№ 19 (1510) 09.05.2021 - 15.05.2021 г

Месца дыслакацыі — зямля Беларусі
Вайна — гэта страшна. Гэта смерць, гэта страты блізкіх і сяброў, гэта татальнае руйнаванне. Вайна — гэта катастрофа. За сваю тысячагадовую летапісную гісторыю беларуская зямля не раз станавілася арэнай узброеных канфліктаў. Часам, пасля варожай навалы, край нагадваў пустку. Бо ні ад гарадоў, ні ад жыхароў не заставалася і следу. Таму першыя асацыяцыі пры слове ваяр, войска — гэта парахавы дым, выбухі, слёзы, магілы… Больш за чвэрць стагоддзя таму ва Узброенных сілах Рэспублікі Беларусь з’явілася ўнікальная воінская часць — 52-гі спецыялізаваны пошукавы батальён. Але на яе ўзбраенні — не аўтамат-кулямёт, а археалагічны рыштунак — рыдлёўка, пэндзаль, металадэтэктар. Мэты гэтага батальёна — самыя высакародныя.

/i/content/pi/cult/849/18042/27.jpgВехі гісторыі

Афіцыйная гісторыя стварэння батальёна прапісана так. “30 лістапада 1994 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 231 “Аб паляпшэнні працы па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў у Рэспубліцы Беларусь”, паводле 2-га пункта якога даручыў: “Міністэрству абароны Рэспублікі Беларусь у месячны тэрмін... за кошт колькасці войскаў сфарміраваць спецыялізаванае воінскае фарміраванне (батальён да 200 чалавек) для правядзення пошукавай працы, звязанай з увекавечаннем памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў, і арганізаваць яго дзейнасць. 16 студзеня 1995 года начальнік Галоўнага штаба Узброенных сіл Рэспублікі Беларусь падпісаў Дырэктыву № 5/03, паводле якой 1 сакавіка 1995 года быў створаны 52-гі асобны спецыялізаваны пошукавы батальён (в/ч 28443)”.

Сухімі словамі дакумента, задачы батальёна акрэслены так:

“...пошук загінулых і зніклых без вестак у гады войнаў ваенных і грамадзянскіх ахвяр войнаў; узаеміны са службовымі асобамі мясцовых органаў улады і ваенных камісарыятаў у раёнах правядзення пошуку; усталяванне зносін са службовымі асобамі архіваў і музеяў, грамадскіх аб’яднанняў і грамадзянамі дзеля выяўлення месцаў няўлічаных ваенных пахаванняў; вызначэнне імёнаў загінулых ваенных і грамадзянскіх ахвяр войнаў.”

За прамінулыя гады дзейнасць батальёна вельмі часта трапляла ў сюжэты навін беларускага тэлебачання. А таксама фактычна не сыходзіць з палос рэгіянальных СМІ. Бо пошук вядзецца па тэрыторыі ўсёй краіны, з ранняй вясны да першых маразоў. Калі ж палявыя працы праводзіць становіцца немагчыма з-за неспрыяльных умоў надвор’я, пошукі перамяшчаюцца ў архівы. Таму, па-сутнасці, гаворка ідзе пра няспынную працу, няспынны пошук гэтага батальёна. Што казаць, здараецца, што выпадкова пры правядзенні будаўнічых работ раптоўна знаходзяць чалавечыя парэшткі ці зброю. Прыкладам, у студзені 2019 года такія працы праводзіліся на месцы былога гета ў Берасці. Дарэчы, пісала ў свой час пра пошуковую дзейнасць батальёна і наша газета (гл. “К” № 25, 2011 год). І не проста пісала. Напачатку лета 2011 года карэспандэнт газеты Кастусь Антановіч прымаў удзел у пошуковых раскопках, якія праводзіліся на месцы баёў у некалькіх кіламетрах ад Фаніпаля, пад Мінскам.

На сённяшні дзень асабовы склад 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёна, якім камандуе падпалкоўнік Аляксандр Трубека, налічвае 80 чалавек. Гэта і тыя, хто патрапіў у войска па прызыву, і тыя, хто, адслужыўшы належны тэрмін, застаўся на кантракце. Падбор кадраў праводзіць непасрэдна камандаванне батальёна, бо будучыя падначаленыя павінны адпавядаць даволі высокім стандартам — інтэлектуальным і фізічным. Пасля прызыву вайскоўцы праходзяць пачатковую і агульнавайсковую падрыхтоўку, вучацца працаваць з металашукальнікамі, атрымліваюць спецыяльнасць сапёра, вывучаюць падрыўную справу, асаблівасці ўладкавання розных мінавыбуховых загарод. Перш чым для навабранцаў распачнецца першы “археалагічны сезон”, усе яны абавязкова мусяць прайсці тактыка-спецыяльныя вучэнні на палігоне. Толькі паказаўшы добрую падрыхтоўку, байцы дапускаюцца да палявых пошукавых работ. Бо, сапраўды, ёсць аб чым хвалявацца. На месцах былых баёў і да гэтага часу хаваюцца небяспечныя “артэфакты” — міны, снарады і бомбы, якія, на вялікі жаль, і сёння прыводзяць да смяротных выпадкаў.

За сваю гісторыю батальён не раз мяняў месца дыслакацыі. Спярша асобныя роты кватэраваліся ў Мінску, Гродна, Віцебску, потым у вёсцы Заслонава Лепельскага раёна Віцебскай вобласці. З нядаўняга часу батальён размешчаны ў вёсцы Бароўка, таго ж самага Лепельскага раёна.

Асаблівае месца ў дзейнасці батальёна займае супрацоўніцтва з гісторыка-патрыятычнымі клубамі, сярод якіх вылучаецца магілёўскі абласны гістарычна-патрыятычны пошукавы клуб “Віккру” (быў створаны ў 1994 годзе). Маюцца агульныя кропкі судакранання і па міжнароднай лініі. На сталай аснове ў Беларусі з 2002 года працуе прадстаўніцтва Народнага Саюза Германіі па догляду за ваеннымі магіламі. Гэта гуманітарная грамадская ўстанова, заснаваная ў 1919 годзе, займаецца зборам даных аб нямецкіх вайсковых пахаваннях у замежжы, працай па іх захаванню і догляду, арганізуе міжнароднае супрацоўніцтва ў гэтай галіне.

Чытаючы публікацыі пра вынікі дзейнасці батальёна, міжволі падзяляеш іх на некалькі асноўных гістарычных перыядаў.

Франка-расійская вайна 1812 года

24 чэрвеня 1812 года інтэрнацыянальныя войскі французскага імператара Напалеона Банапарта перайшлі Нёман і пачалі свой паход па землях былога ВКЛ. На памяць аб тых часах у беларускай зямлі засталіся незлічоныя магілы ваяроў варагуючых бакоў. Час ад часу, выпадкова, або ў выніку мэтанакіраванага пошуку, такія пахаванні становяцца вядомымі. Так, у 2005 — 2007 гадах, вайскоўцы 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёна знайшлі рэшткі 224 французскіх вайскоўцаў, загінулых блізу вёскі Селішча, Вілейскага раёна. Іх рэшткі перапахавалі на вясковых могілках у вёсцы Студзёнка, на Барысаўшчыне, побач з якой, на месцы бітвы паміж французамі і рускімі ў лістападзе 1812 года, здаўна існуе мемарыяльны комплекс “Брылёўскае поле”.

Першая сусветная вайна. 1914 —1918 гады

Гэта вайна на чатыры гады пераўтварыла тэрыторыю Беларусі ў палігон высвятлення адносінаў паміж самымі буйнымі імперыямі свету. Як вядома, нічога добрага ад гэтага бразгатання зброяй чакаць не даводзілася. Прыфрантавая паласа, якая лязом разрэзала тэрыторыю Беларусі па лініі Пінск — Дзвінск, была выпалена і зруйнавана ўшчэнт. Памяткі пра тую вайну захаваліся і да гэтага часу. Прыкладам, у прыфрантавой вёсцы Залужжа (Ляхавіцкі раён), на беразе Шчары, амаль у кожным двары ёсць бетонны ДАК. А ледзь-ледзь бачныя акопы той вайны, нібы шнары, пераразаюць стратэгічныя ўзвышшы, да якіх пакуль не дабралася земляробчая тэхніка. У гэтай вайне страты ўжо ішлі на многія мільёны. І немалая частка з вайскоўцах абодвух бакоў знайшла апошні спачын у беларускай зямлі. У адрозненне ад нямецкіх пахаванняў, якія няблага захаваліся і даглядаюцца, пахаванні ваяроў расійскай арміі, сярод якіх было нямала беларусаў, або канчаткова зніклі з твару зямлі, або, часам, на іх месцы хавалі ваяроў пазнейшых часоў. Прыкладам, у вёсцы Грушаўка (Ляхавіцкі раён), на месцы сённяшняга мемарыяла савецкім вайскоўцам, у часы Першай сусветнай вайны былі вайсковыя могілкі. Пра гэта сведчаць знойдзеныя мной архіўныя дакументы. Але клопатам батальёна і энтузіястаў розных пошукавых клубаў з мэтай годнага ўшанавання памяці вядзецца архіўны і палявы пошук. І вынікі сціплымі не назавеш. Дарэчы, карыстаючыся нагодай, хочацца звярнуць увагу кіраўніцтва батальёна на вёску Пагарэльцы Нясвіжскага раёна. Там, на могілках, пад сіратлівым старым металічным крыжам, маецца немалое па памерах воінскае пахаванне часоў Першай сусветнай вайны. Па ўсёй верагоднасці расійскае.

Другая сусветная вайна. 1939 — 1945 гады

Але ні ў якое параўнанне з папярэдняй не ідзе наступная вайна, якая стала сапраўднай нашай нацыянальнай трагедыяй. Мала якую сям’ю яна не закранула тым ці іншым чынам. І вайна тая мала нагадвае карцінкі з пэўных сучасных мастацкіх стужак. Колькі на нашай зямлі загінула цывільных асобаў, колькі вайскоўцаў, — думаецца, ніхто ўжо не дасць дакладнага адказу. Ды што казаць, калі нават знаходзячы шматлікія пахаванні савецкіх ваяроў, толькі ў выключных выпадках удаецца ўстанавіць іх імёны. Збольшага ж справаздачы выглядаюць так: “Поисковый батальон увековечил имена 3 166 неизвестных защитников Отечества” “1 914 погибших при защите Отечества и жертв войн. Правда, вернуть из вечного забвения и установить фамилии, имена, сведения о семье, месте рождения и призыва, удалось лишь 55 из них”. За гэтымі лічбамі хаваецца просты адказ — ніхто і ніколі ўжо не даведаецца пра тое, хто былі астатнія асобы. Ніхто так і не скажа, дзе і як загінулі іх бацькі, дзяды, браты, сёстры, дзеці. Але ж людзі шукаюць, чакаюць, спадзяюцца.

Таму хочацца выказаць падзяку людзям, якія чвэрць стагоддзя вяртаюць памяць пра тых, хто не вярнуўся з вайны або стаў бязвіннай ахвярай падзей ліхалецця ХХ стагоддзя. Тым, хто рупліва аднаўляе яе па пясчынках, хто нясе надзею.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар