Адчайны крык, узняты да нябёсаў

№ 18 (1509) 01.05.2021 - 07.05.2021 г

У мінулых нумарах “К” мы расказалі пра створаныя беларускімі скульптарамі і архітэктарамі мемарыялы ля гарадскога пасёлка Ушачы, у вёсках Хатынь, Доры і Чырвоны Бераг, пра помнікі ў Светлагорску і Магілёве, пра мемарыяльныя знакі ў Германіі (на месцы былых фашысцкіх канцлагераў “Равенсбрук” і “Заксенхаўзен”). Усе гэтыя памятныя аб’екты вельмі розныя. Розныя па вобразна-выяўленчай структуры, архітэктурна-пластычнай канцэпцыі і эмацыяльнай напоўненасці. Але ў іх — адзін агульны корань: нацыянальна-гістарычны і маральны. Гэта Памяць. Святая і незабыўная. Памяць пра тыя гераічныя і трагічныя старонкі Другой сусветнай вайны, у якой Беларусь цаной незлічоных ахвяр адстаяла сваю свабоду і незалежнасць. Сёння мы раскажам яшчэ пра адзін мемарыяльны ансамбль - “Праклён фашызму” — на месцы спаленай вёскі Шунеўка Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці. Цяжка сабе ўявіць, але толькі ў адным Докшыцкім краі ў гады нямецкай акупацыі загінула больш за 20 тысяч чалавек, пры гэтым летам 1943 года цалкам спалена 97 вёсак, а тры з іх — Шунеўка, Залатухі і Азарцы — разам з жыхарамі.

/i/content/pi/cult/848/18019/15.jpg…Да пачатку Другой сусветнай вайны Шунеўка была прыгранічнай вёскай і ўваходзіла ў склад даваеннага Бягомльскага раёна Мінскай вобласці. Амаль побач праходзіла дзяржаўная мяжа з Польшчай. Дорога на Бягомль у той час ішла на суседнюю Дабрунь непасрэдна праз Шунеўку, у якой было 28 сядзіб. Жылі мірна, аралі зямлю, вырошчвалі хлеб, агародніну, бульбу, займаліся пчалярствам, гадавалі дзяцей, увосень, пасля паспяховага заканчэння летніх работ, гулялі вяселлі. Вайна ўсё разбурыла. І Шунеўка, як і сотні яе беларускіх “сясцёр”, знікла ў вогненным полымі.

Здаецца, у 60-я гады на гэтым месцы з’явіўся першы сціплы абеліск — камень з крыжам — у памяць пра загінуўшых аднавяскоўцаў, узведзены па ініцыятыве кіраўніцтва мясцовага калгаса “Іскра”. З цягам часу было прынята дзяржаўнае рашэнне на месцы спаленай Шунеўкі збудаваць сапраўдны мемарыял. Ён быў урачыста адкрыты 3 ліпеня 1983 года.

/i/content/pi/cult/848/18019/16.jpg…А сорак гадоў таму з дня адкрыцця, 15 мая 1943 года, жахліва вядомы брыгадэнфюрэр СС і паліцыі Курт фон Готберг, той самы кат, які ў верасні таго ж года заменіць на пасту генеральнага камісара Беларусі — забітага патрыётамі Вільгельма Кубэ, падпісаў загад аб правядзенні супраць партызан карнай аперацыі “Котбус” на тэрыторыі пяці раёнаў Віцебшчыны, уключаючы Бягомльскі і Лагойскі. Непасрэдна тут актыўна дзейнічала партызанская брыгада “Жалязняк” пад кіраўніцтвам камандзіра Івана Ціткова і камісара Сцяпана Манковіча (пазней яны сталі Героямі Савецкага Саюза). Намаганнямі гэтай брыгады была створана Барысаўска-Бягомльская партызанская зона як дзеючы ўчастак партызанскага фронту. Таму немцы не аднойчы спрабавалі моцнымі сіламі ліквідаваць гэтую зону. Але тое ў іх ніякім чынам не атрымлівалася. Асабліва яны азвярэлі, калі ў лютым 1943 года народныя мсціўцы разграмілі ў Докшыцах буйны гарнізон ворага. Тыя партызаны, што тады загінулі ў баі, былі потым пахаваныя ў брацкай магіле ў Докшыцах, на плошчы Героя Савецкага Саюза лётчыка Івана Палявога разам с байцамі 306-й стралковай дывізіі 43-й арміі. У 1961 годзе тут быў пастаўлены помнік — скульптура воіна.

...Нечакана 17 мая 1943-га фашысты пачалі рашучае генеральнае наступленне на дыслакацыю партызанскіх атрадаў, у тым ліку ў раёне Шунеўкі, Нябышына і Шнітак. Баі з карнікамі ішлі цэлы тыдзень, пасля чаго лясным байцам усё ж прыйшлося адысці ў балота каля возера Палік: толькі там можна было выратавацца. Аднак і адсюль невялічкімі манеўранымі групамі народныя мсціўцы па начах заходзілі ў тыл ворага і наносілі яму значную шкоду.

/i/content/pi/cult/848/18019/17.jpgЗ данясення брыгады “Жалязняк”: “20 мая 1943 года. На мінах 3-га атрада ў вёсцы Шунеўка ўзарвалася аўтамашына праціўніка з жывой сілай. Знішчана і паранена 7 чалавек”. На першы погляд, нічога асаблівага. Закладзеныя міны — звычайная справа. Аднак менавіта гэта стала падставай для варварскага знішчэння мірных вяскоўцаў з Шунеўкі. Прынамсі так казалі ўсе сведкі з бліжэйшых вёсак, якіх потым распытвалі. Так, у гэтым выпадку пасля няўдалай акцыі “па ліквідацыі лясных бандытаў” фашысты прымянілі ўпадабаны метад калектыўнай адказнасці і пераклалі ўсю віну на жыхароў вёсак Шунеўка і Дабрунь. Партызан яны не знайшлі, і, як апошнія нелюдзі, вымесцілі ўсю сваю злобу на безабаронных жанчынах, дзецях і старых. Гэта адбылося на світанку 22 мая 1943 года ў 700-ты дзень Вялікай Айчыннай вайны. Дзень, які стаў для шунеўцаў апошнім у іх зямным жыцці. Успомнілася: роўна два месяцы да таго, 22 сакавіка 1943-га, падобная трагедыя адбылася ў Хатыні...

Калі фашысты пакінулі вёску, з лесу вярнуліся людзі. У Шунеўцы нічога жывога не ацалела: у згарэлай пуні — толькі попел і челавечыя абпаленыя косткі. Ну а тое, што засталося ў разбураным гранатамі калодзежы — словамі не апісаць: скінутыя дзіцячыя цельцы... Астанкі вяскоўцаў акуратна сабралі і на посцілках панеслі на мясцовыя могілкі каля старой дарогі на Дабрунь. Там у агульнай магіле ўсіх і пахавалі...

А што тычыцца вёскі Азарцы Докшыцкага раёна, дык трагічны лёс Шунеўкі яе спасціг 12 жніўня таго ж года. Фашысцкія каты загубілі тут 27 жыхароў, чатырох з іх кінулі жывымі ў агонь, а вёску спалілі. Падставай для карнікаў паслужыла знойдзеная міна, зарытая партызанамі на дарозе непадалёку ад вёскі. У канцы 70-х на месцы забойства людзей усталяваны помнік — скульптурная кампазіцыя: маці, якая моцна прыціскае да сябе хлопчыка.

…Вось ужо шмат гадоў я праязджаю праз Шунеўку па дарозе з Мінска ў Браслаў і — калі вяртаюся назад. Амаль заўсёды спыняюся ля мемарыяла. Калі няма наведвальнікаў-турыстаў, а ты адзін, у душы ўзнікае нейкае трывожнае пачуццё пранізлівай горычы ад незаменных людскіх страт. За што, за якія грахі і чаму такое зверства магло здарыцца ў наш, здавалася б, ужо цывілізаваны і звышкультурны ХХ век? У маёй галаве і зараз адказу на гэтае пытанне няма...

/i/content/pi/cult/848/18019/18.jpgЧасам мяне тут сустракае звонкая цішыня ў зялёным росквіце мая; часам, таксама ў цішыні, — летні цёплы дожджык, а па восені, — журботна-барвовае кляновае і бярозавае лісце, якое афарбавала ўсю пляцоўку перад уваходам на тэрыторыю мемарыяла. І гэтая барва — нібы полымя таго жахлівага ранку. І такое адчуванне, нібыта на ўсёй зямлі наступіла хвіліна маўчання, асабліва калі гэтую цішыню кожныя 10 хвілін парушаюць удары званоў, нагадваючы нам праз інфармацыйны тэкст на бетоннай браме пра тое, як на досвітку 22 мая 1943-га фашысцкія вырадкі акружылі вёску Шунеўка, пазганялі яе жыхароў у пуню і жывымі іх спалілі.

...Разам з аўтарамі гэтага помніка — народным мастаком БССР, скульптарам Анатолем Анікейчыкам і архітэктарамі Юрыем Градавым і Леанідам Левіным я ўпершыню пабываў тут прыкладна за два тыдні да адкрыцця мемарыяла. Быў месяц чэрвень 1983 года. Паліла сонца. Якраз завяршалася ўстаноўка цэнтральнага манумента — пяціметровай фігуры Жанчыны-маці ў праёме стылізаваных варот вышынёй каля 12 метраў. Яе рукі высока ўзняты ў праклёне фашысцім катам, якія дашчэнту вынішчылі мірную жывую вёсачку. Цяжка паверыць, але калі я ўбачыў гэтую бронзавую Жанчыну, літаральна наяве пачуў яе роспачны, адчайны крык, накіраванны да нябёсаў! Так, было такое дзіўнае адчуванне… Хаця я раней бачыў метровую мадэль гэтай фігуры ў гліне ў майстэрні Анікейчыка, але тады яна на мяне не зрабіла такога грандыёзнага ўражання...

/i/content/pi/cult/848/18019/19.jpgНа абламаным канцы гарызантальнай перакладзіны варот прымацаваны тры званы, прывезеныя са спаленых цэркваў. Два з іх звоняць, трэці расколаты — сімвал таго, што кожны трэці жыхар Докшыцкага раёна загінуў у час вайны. На перакладзіне, побач са званамі, высечаны верш Рыгора Барадуліна: “Як маці, заклінаю і малю — // Наступных пакаленняў дзеці, // Сейце // Бяссмерця зерне ў вечную раллю! // Праклён вайне, // Што сее смерць на свеце!”

Непадалёк ад цэнтральнага манумента — бетонны зруб сімвалічнага калодзежа, у які каты жывымі кідалі маленькіх дзяцей і ўзрывалі гранатамі. Настаўніца Ніна Рудкоўская, якая спрабавала іх выратаваць, зазнала тую ж долю: яе скінулі ў той жа калодзеж. На зрубе — бронзавая скульптура прабітага асколкам і абпаленага паветранага змея — алегорыя зніклай мары. На змеі накрэслены імёны дзетак: Ананіч Люся — 3 гадка, Ананіч Валодзя — 2 гадка, Кірвель Міша — 2 гадка, Кірвель Ліда — 4 гадка, Руткоўскі Пеця — 5 годзікаў, Руткоўская Аіда — 7 годзікаў, Васількевіч Саша — 6 годзікаў, Васількевіч Віця — 5 годзікаў… А ўсяго 15 дзяцей. Па краях калодзежа — пахмурныя камні-валуны, прывезеныя з докшыцкіх палёў.

/i/content/pi/cult/848/18019/20.jpgНа месцы былых сялянскіх хат размешчаны 22 мемарыяльных знака-падмурка. Над фундаментам кожнай хаты завісае ганак з белага бетону з трыма прыступкамі, над якім ўстаноўлены бронзавы факел з імем былога гаспадара. Балюча становіцца, калі думаеш, што больш ніколі ганак не зарыпіць пад нагамі жывым драўляным скрыпам і па ім не падымуцца ў свой прыстанак дамачадцы. І ніколі і ніхто не пачуе ў двары звонкі, залівісты смех шунеўскай дзятвы. З 66-ці жыхароў, якія засталіся вясной 1943 года ў Шунеўцы, толькі тры выпадкова ацалелі: Канстанцін Ананіч, яго 7-гадовая дачка Соня і маленькі пляменнік Валодзя. Маладых хлопцаў-аднавяскоўцаў у час трагедыі дома не было: яшчэ раней яны пад кіраўніцтвам старшыні Вітуніцкага сельскага савета Пятра Руткоўскага ішлі ў лес, дзе ўліліся ў атрады партызанскай брыгады “Жалязняк”.

...Вось такая яна, спапялёная і ўжо не адроджаная Шунеўка, яшчэ адна родная сястра Хатыні, якая назаўжды засталася ў нашай гістарычнай памяці. Можна ўспомніць і іншых яе “сясцёр па няшчасці”: гэта спаленыя дашчэнту беларускія вёскі Дальва, Усакіна, Драмлёва, Літавец, Боркі, Ала і яшчэ сотні такіх жа ахвяр. Падобны лёс здарыўся і ў нашых расійскіх суседзяў і сяброў — спаленыя вёскі Хацунь — Бранскай, Красуха — Пскоўскай вобласці, Вялікае Зарэчча пад Ленінградам, Ксты ў Пенаўскім раёне Цвярской вобласці, больш за 70 вёсак на Смаленшчыне і нават гарадок Арадур-Сюр-Глан у далёкай Францыі. Такое яно, Сусветнае зло…

Памылкай было б думаць, нібы ўсё гэта — мінулае. Не, на самой справе — гэта цяперашняе, сучаснае. Бо менавіта зараз мы жывем, па-сутнасці, па ўсім свеце ў эпоху ўзброенных малых і вялікіх канфліктаў, так што прырода зла, выгадаваная мінулымі войнамі, на жаль, не знікла. І зноў жа — для сучаснага пакалення маладых людзей, магчыма, гэта толькі словы. А на справе... Я, напрыклад, не магу растлумачыць, навошта нейкія юнакі ў кастрычніку 2012 года аблілі белай фарбай помнік спаленай вёсцы Азарцы пад Докшыцамі, пра якую я успамінаў вышэй? Няўжо іх ніхто не вучыў у школе, што помнікі, манументы, мемарыяльныя ансамблі і проста сціплыя абеліскі — тая самая жывая гісторыя, без ведання якой — мы манкурты?

Яе, гісторыю, неабходна ведаць. Як і надзвычайныя, яркія кадры ваеннай кінохронікі тых гадоў. Як чорна-белыя фотаздымкі франтавых і партызанскіх карэспандэнтаў, якія змаглі таленавіта-праўдзіва паказаць, што такое на вайне ёсць Дабро і Зло, Любоў і Нянавісць, Жыццё і Смерць, Геройства і Здрадніцтва… Так, мемарыял — гэта рэха болю ў вечным камні і вечнай бронзе, але самае галоўнае, каб мы ў гэтай “вечнасці” беражліва і клапатліва захоўвалі памяць пра тое, за што нашы дзяды і бацькі аддавалі сваё жыццё. І тады не будзе тых трагедый, пра якія мы гаворым сёння.

Тое, што здарылася з беларускім народам у гады Вялікай Айчыннай, гэта, безумоўна, адна з самых трагічных і разам з тым гераічных старонак у біяграфіі нашай краіны. Так, генацыд — ірацыянальная бездань, расчыненая пасярод такой, здавалася б, рацыянальнай еўрапейскай цывілізацыі. І, успамінаючы сотні беларускіх “хатыней” і “шуневак”, мы і сёння задаем пытанне: “Як усё гэта магло здарыцца?” Мне здаецца, што пераканаўчы адказ мы не атрымалі ні на Нюрнбергскім судовым працэсе, ні пасля — у працэсе будаўніцтва пасляваеннага свету на планеце.

Але я ўпэўнены, што стварэнне помнікаў на Беларусі ў дадзеным кантэксце — працэс вельмі сімвалічны і важны. Народ, які забывае мінулае, не мае будучыні. Гэтая, здавалася б, “хадзячая фраза” — ніколі не старэе. Таму помнік з’яўляецца важным сімвалам: мы, сучаснікі, павінны рабіць усё, каб не дапусціць нават мізэрнага намёку на магчымае паўтарэнне. Жыццё імклівае ў сваім цячэнні. Ужо вырасла не адно пакаленне беларусаў, для якіх мінулая вайна — толькі адзін з раздзелаў нейкай кнігі ці падручніка па гісторыі Айчыны. Але вельмі хацелася, каб наша моладзь “сэрцам і думамі” змагла прасякнуцца тым, як і чаму наша краіна змагла выстаяць у страшэнныя гады Другой сусветнай вайны.

...Памяць. Яна, як птушка, кружыць над намі, прарываецца ў свядомасць галасамі блізкіх і родных людзей. 76 гадоў нас аддзяляюць ад пераможнай вясны, калі закончылася крывавая бітва і палі штандары нацыстаў, якія прэтэндавалі на сваю арыйскую выключнасць, што на справе абярнулася для чалавецтва карычневым молахам, паглынуўшым мільёны людзей. Будзем помніць...

Барыс КРЭПАК

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"